Новае жыцьцё ў Хрысьце



А вось Сын Божы, Ісус Хрыстос, цьвердзіць, што Ён прыйшоў дзеля таго, каб даць нам людзям «жыцьцё з здабыткам», гэта значыць – карыснае, вартаснае ды мэтанакіраванае жыцьцё. Хоць мы сустракаем усякага роду перажываньні і цяжкасьці ў зямным жыцьці, Хрыстос можа даць нам глыбокую радасьць. Але гэта стаецца рэчаіснасьцю толькі тады, калі мы добраахвотна веруем у Хрыста, трымаем Яго за свайго асабістага Збавіцеля і Госпада ды ідзём усьлед за Ім. Аб гэтым мы і гаворым у дадзенай кнізе. Жаданьне аўтара ў тым, каб кожны чытач знайшоў у ёй карысныя тлумачэньні, якія дапамогуць яму перш за ўсё спазнаць Ісуса Хрыста, а потым і ўзрастаць духоўна ў Ім.
Шчырую падзяку аўтар выказвае доктару Яну Пятроўскаму і спадарыні Валянціне Пашкевіч за тое, што яны пераглядзелі тэкст першага выданьня дадзенай кнігі.

Асабліва глыбокую падзяку аўтар выказвае Міколу Гайдуку за ягонае стараннае і надта карыснае рэдагаваньне тэксту першага выданьня. Таксама вялікі дзякуй выказваецца спадару Эрнсту Сабілу за тое, што ён рупліва паклапаціўся аб патрэбных дзеях з супрацоўнікамі друкарні, каб паспрыяць гэтаму другому выданьню кнігі «Новае жыцьцё ў Хрысьце». Аўтар таксама шчыра дзякуе А. Дылюку, С. Шаміёнку, І. Хомічу і Л. Горцавай за прачытаньне і рэдагаваньне тэксту другога выданьня. 

 

РАЗЬДЗЕЛ ПЕРШЫ:

ЯК СТАЦЦА ХРЫСЬЦІЯНІНАМ ПАВОДЛЕ ДАБРАВЕСЬЦЯ

 
Што трэба зрабіць, каб стацца хрысьціянінам або хрысьціянкай паводле Дабравесьця (Эвангельля ці Новага Запавету)? Гэта надта важнае пытаньне. Чаму? Таму, што адказ вызначае тваё цяперашняе жыцьцё на зямлі і будучае замагільнае існаваньне. Дабравесьце вучыць, што пасьля сьмерці кожны чалавек працягвае сьвядома існаваць і той, хто стаўся хрысьціянінам у зямным жыцьці ды жыў паводле вучэньня Сьвятога Пісаньня, атрымае шчасьлівае вечнае жыцьцё ў небе ў Божай прысутнасьці. Так вучыў Ісус Хрыстос, Сын Божы, як мы заўважаем у Ягоных словах, запісаных ў Новым Запавеце.
Аб мэце Свайго прышэсьця на зямлю Ісус аднойчы сказаў: «Я прыйшоў дзеля таго, каб мелі жыцьцё і мелі ўдосталь» (Ян. 10:10). Інакш кажучы, Ісус прыйшоў на зямлю дзеля таго, каб даць кожнаму, хто паверыць у Яго і будзе слухацца Яго, шматзначнае і мэтанакіраванае жыцьцё. У дачыненьні да чалавечага будучага замагільнага жыцьця Ён сказаў: «Хто верыць у Сына (Ён тут гаворыць пра Сябе), мае вечнае жыцьцё; а хто ў Сына ня верыць, не ўбачыць жыцьця, але гнеў Божы застаецца на ім» (Ян. 3:36).
Пасьля таго, як Ісус узьнёсься ў неба, Бога Айцец паслаў Духа Сьвятога, каб жыць у веруючых (прачытай першыя два разьдзелы Дзеяў Апосталаў, дзе паведамляецца аб сашэсьці Духа Сьвятога на першых пасьлядоўнікаў Хрыста). Гэта было прадказана Ісусам Хрыстом яшчэ перад Ягоным ўкрыжаваньнем і ўваскрэсеньнем зь мёртвых: «Праўду кажу вам, лепей вам, каб Я пайшоў, бо, калі Я не пайду, Суцешнік ня прыйдзе да вас; а калі пайду, дык пашлю Яго да вас… Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, дык наставіць вас на ўсякую праўду, бо не ад Сябе будзе гаварыць, а будзе гаварыць, што пачуе; і будучыню агалосіць вам. Ён праславіць Мяне, бо ад Майго возьме і абвесьціць вам» (Ян. 16:7-14). Атрымаўшы Духа Сьвятога, Хрыстовыя вучні пачалі прапаведаваць і распаўсюджваць Дабравесьце аб Божым збаўленьні. Яны падкрэсьлівалі, што збаўленьне даецца Богам тым, хто каецца ў сваёй грэшнасьці і асабістых грахах ды веруе і прымае Ісуса Хрыста, як свайго асабістага Збавіцеля і Госпада. Напрыклад, апостал Пётр гэта ясна заявіў, сказаўшы: «Бо няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, якім належала б нам уратавацца» (г. зн. якім бы нам людзям уратавацца ад Божага асуджэньня і пакараньня за грахі, а замест таго атрымаць дар радаснага вечнага жыцьця ў Ягонай прысутнасьці пасьля нашага адыходу з гэтага жыцьцё ў замагільнае існаваньне - Дзеі 4:12).
 

ШТО БОГ УЧЫНІЎ ДЛЯ ЧАЛАВЕКА?

 
Бог шмат добрага зрабіў для чалавека, каб ён мог стацца хрысьціянінам і атрымаць шчаснае вечнае жыцьцё. Прыгадаем тут толькі некаторыя рэчы, - рэчы, якія чалавек ніколі ня мог бы зрабіць для збаўленьня сваёй душы.
1. Бог аддаў Свайго адзінага Сына, Ісуса Хрыста, на ахвяру для ўратаваньня нас ад грахоў. Біблія паведамляе, што Ісус ніколі не зграшыў і Ён памёр ахвярнай сьмерцю на крыжы за нас. Ягонае цела было пахавана, але яно доўга ў мёртвым стане не праляжала. На трэці дзень Ён уваскрэс зь мёртвых. Ісус быў «прададзены за грахі нашыя і ўваскрэс дзеля апраўданьня нашага» (Рым. 4:25).
2. Бог цяпер прапануе кожнаму чалавеку магчымасьць атрымаць вечнае жыцьцё. Ягоны плян збаўленьня ясна тлумачыцца ў Эвангельлі.
3. Бог даруе нам грахі, калі мы пакорліва і са скрухай зьвяртаемся да Яго, прызнаёмся ў сваёй грэшнасьці перад Ім, каемся ў вядомых нам грахах ды просім у Яго прабачэньня.
4. Бог далучае нас да Сваёй Царквы, калі мы выконваем усе наказы Дабравесьця. У Дзеях Апосталаў мы чытаем: «Тыя, якія прыхільна прынялі слова ягонае (апостала Пятра), ахрысьціліся, і далучылася таго дня душ каля трох тысяч... Госпад штодня дадаваў царкве тых, хто ратаваўся» (Дзеі. 2:41—47).
 

ЧАГО БОГ ПАТРАБУЕ АД НАС?

 
У Новым Запавеце ясна і дакладна тлумачыцца, што чалавеку трэба рабіць, каб стацца сапраўдным хрысьціянінам.
1. Перш за ўсё, чалавек павінен пачуць Слова Божае і прыняць пад увагу ўсё, што гаворыцца ў ім. Чаму? Таму, што вера прыходзіць да ягонага сэрца, калі ён знаёміцца са зьместам Слова Божага. Апо- стал Павал напісаў: «Вера - ад слуханьня, а слуханьне - ад Слова Божага» (Рым. 10:17). Інакш кажучы, вера ўзьнікае ў сэрцы чалавека, калі ён чуе і зьвяртае сур’ёзную ўвагу на Слова Гасподняе. Чалавек павінен увераваць і прыняць Ісуса Хрыста за свайго Збаўцу і Госпада-Начальніка. Сапраўдная вера - гэта прыняцьце ўсяго, што Слова Божае, Біблія, гаворыць пра Бога, Хрыста і чалавека і збаўленьне для яго. З усіх крокаў да Бога і Хрыста вераваньне застаецца найважнейшым крокам у навярненьні чалавека да Бога. Сьвятое Пісаньне кажа: «Бязь веры дагадзіць Богу немагчыма; бо трэба, каб той, хто прыходзіць да Бога, верыў, што Ён ёсьць (існуе) і шукальнікам Ён дасьць» (Габр. 11:6).
Дабравесьце апавядае аб тым, як Бог паслаў Ісуса Хрыста на сьвет. У зямным жыцьці Хрыстос шмат добрага рабіў людзям і дапамагаў многім у іхных патрэбах. Ён вучыў Сваіх вучняў пра Божае Царства і чалавечую патрэбу ў Богу. Нягледзячы на тое, што Ён ніякага граху ня ўчыніў, Яго невінаватага пакаралі і забілі ўкрыжаваньнем. У сапраўднасьці Ён памёр як Божая бязгрэшная ахвяра за чалавечыя грахі. Бог Айцец уваскрэсіў Хрыста зь мёртвых і прыняў Яго ў неба. Бог паслаў Духа Сьвятога, каб Ён заняў Сваё месца і жыў у тых, хто увераваў ды працягвае верыць у ахвярную сьмерць Ісуса. Гэта значыць, што чалавек павінен увераваць у тое, што Хрыстос памёр для яго асабіста, для дараваньня ягоных грахоў. Дух Сьвяты даецца таму, хто верыць у Хрыста як асабістага Збаўцу ды прымае вучэньне Бібліі пра ахвярную сьмерць Хрыста для дараваньня ягоных грахоў.
Але каб толькі розумам прыняць усё гэта за праўду – недастаткова. Кожны чалавек мусіць ня толькі ўвераваць у Ісуса Хрыста, у Ягоную ахвярную сьмерць і ўваскрэсеньне, але таксама прыняць Яго ў відзе Духа Сьвятога ў сэрца, як свайго асабістага Збавіцеля і Госпада-Уладара. У Дабравесьці паводле Яна 1:12-13 мы чытаем: «Тым, якія прынялі Яго (Ісуса Хрыста ў той час, калі Ён прабываў на зямлі), веруючым у імя Ягонае, даў уладу быць дзецьмі Божымі, якія не ад крыві, ні ад хаценьня плоці, ні ад хаценьня мужа, а ад Бога нарадзіліся». Тыя, хто прыняў Ісуса, «нарадзіліся ад Бога», пішацца, што значыць - яны атрымалі ад Бога новае духоўнае адраджэньне. Сьвятое Пісаньне вучыць, што калі чалавек веруе ў Ісуса Хрыста ды прымае Яго за свайго асабістага Збаўцу, Хрыстос праз Духа Сьвятога ўваходзіць у яго і з таго моманту пачынае падтрымліваць зь веруючым блізкую духоўную лучнасьць. Трэба памятаць, што Ісус Хрыстос уваходзіць у сэрца веруючага і жыве там у відзе Духа Сьвятога, а Духа Сьвятога чалавек прымае паслушэнствам і вераю.
Эвангельле таксама вучыць, што чалавек прымае збаўленьне празь веру. У Дзеях Апосталаў мы чытаем пра аднаго вартаўніка турмы, які пасьля землятрусу прыбег да апостала Паўла і ягонага супрацоўніка, Сілы, і запытаўся ў іх: «Спадары, што мне рабіць, каб уратавацца?». Апостал Павал адказаў яму: «Веруй у Госпада Ісуса Хрыста, і ўратуесься ты і ўвесь дом твой» (Дзеі. 16:30—31). Людзі часта лічаць, што Бог узнагародзіць іх шчасьлівым вечным жыцьцём пасьля адыходу з гэтай зямлі ў той іншы сьвет проста з тае прычыны, што яны жылі добрым жыцьцём на зямлі, выконваючы добрыя дзеі іншым людзям. Аднак Біблія вучыць, што ніхто з нас не ўратуецца ад Божага суду добрымі ўчынкамі. У адным з сваіх лістоў апостал Павал гэта падкрэсьлівае, напісаўшы: «Бо ласкаю (Божаю) вы ўратаваныя празь веру, і гэта не ад вас — Божы дар, не ад дзеяў, каб ніхто не хваліўся» (Эфэс. 2:8-9). Інакш кажучы, хоць добрыя дзеі павінны праяўляцца ў жыцьці веруючага, яны самі па сабе не ўратуюць нікога з нас ад Гасподняй кары за нашыя грахі. Якія б добрымі мы ні былі, мы ўсе грашым і маем патрэбу ў дараваньні грахоў, што даецца нам, калі мы каемся ў асабістых грахах ды веруем у Збаўцу Ісуса Хрыста.
2. Дык вось кожны, хто жадае стацца хрысьціянінам, мусіць пакаяцца ў сваіх грахах перад Богам. Можна шкадаваць аб ўчыненых грахах, але адначасна працягваць грашыць. Гэта ня можа быць сапраўдным каяньнем. У Дзеях Апосталаў мы чытаем: «Бог сёньня наказвае людзям усім усюды пакаяцца» (Дзеі. 17:30). Пакаяцца - гэта значыць, што перад сьвятым Богам Творцам нам трэба прызнаць сябе грэшнікамі, якія маюць патрэбу ў Божай ласцы і дараваньні грахоў. Тут жа чалавек мусіць добраахвотна адвярнуцца ад грэшнага спосабу жыцьця і, з поўным спадзяваньнем на Божую дапамогу, жыць згодна з Гасподняй воляй паводле Ягоных запаведзяў. Слова Бога вучыць, што кожны чалавек парушыў наказы Гасподняга закона, таму кожны чалавек аказваецца грэшнікам і мае патрэбу ў Божым прабачэньні. У трэцім разьдзеле Пасланьня апостала Паўла да рымлянаў мы чытаем: «Няма праведнага аніводнага; няма, хто разумеў бы; няма, хто Бог шукаў бы. Усе зьбіліся з тропу (г. зн. мы ўсе парушылі наказы Божага закона), нягоднымі сталіся ўсе. Няма, хто тварыў бы дабро, няма аніводнага» (Рымл. 3:10-12). Сьвятое Пісаньне пацьвярджае, што кожны чалавек мусіць перад Богам асабіста пакаяцца ў сваіх грахах і папрасіць Ягонай дапамогі ў перамозе над імі. У Першым лісьце Яна 1:8-9 мы чытаем: «Калі кажам, што ня маем грэху, дык ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды. Калі ж вызнаём грахі нашыя, дык Ён, верны і справядлівы, даруе нам грахі нашыя і ачысьціць нас ад усякай няправеднасьці».
3. Чалавек, які пакаяўся ў сваіх грахах і грэшнасьці перад Богам ды ўвераваў у Збаўцу Ісуса Хрыста, мусіць таксама адкрыта перад іншымі людзьмі вызнаваць сваю веру ў Яго. Апостал Павал піша: «Калі вуснамі тваімі будзеш вызнаваць Ісуса за Госпада і сэрцам тваім верыць, што Бог уваскрэсіў Яго зь мёртвых, ты ўратуесься, бо сэрцам вераць для праведнасьці, а вуснамі вызнаюць на збаўленьне» (Рым. 10:9-10). Пра тое, што мы мусім вызнаваць Хрыста перад іншымі, Сам Хрыстос сказаў: «Дык вось, кожнага, хто вызнаѐ Мяне перад людзьмі, таго вызнаю перад Айцом Маім, Які ёсьць у нябёсах» (Мацьв. 10:32).
4. У Дабравесьці мы чытаем. што тыя, якія ўверавалі ў Хрыста, як Збаўцу і Госпада, прымалі сьвятое вадзяное хрышчэньне. Напрыклад, у другім разьдзеле Дзеяў Апосталаў аўтар апісвае, як у Ерусаліме апостал Пётр у габрэйскі дзень Пяцідзесятніцы выступіў перад сабранымі паклоньнікамі ды прапаведаваў пра Ісуса Хрыста. Па заканчэньні ягонай прамовы слухачы зьвярнуліся да яго з пытаньнем: «Што нам рабіць, мужы браты?». Пётр адказаў: «Пакайцеся, ды няхай ахрысьціцца кожны з вас у імя Ісуса Хрыста на дараваньне грахоў ¬ і атрымаеце дар Сьвятога Духа» (Дзеі. 2:38). У Дабравесьці паводле Марка таксама падкрэсьліваецца думка, што трэба, перш за ўсё, увераваць у Хрыста і на падставе вызнаванай веры прыняць вадзяное хрышчэньне. Мы чытаем словы Хрыста: «Хто будзе верыць і ахрысьціцца, уратаваны будзе: а хто ня будзе верыць, асуджаны будзе» (Марк. 16:16). У часы апосталаў веруючыя перш за ўсё каяліся ў сваіх грахах, веравалі ў Збаўцу Хрыста (у Ягоную ахвярную сьмерць для дараваньня іхных грахоў), вызнавалі сваю веру ў Хрыста ды адразу пасьля гэтага прымалі сьвятое вадзяное хрышчэньне. Мы перакананы, што ў нашыя дні нам трэба трымацца гэтага самага парадку навярненьня да Бога і Хрыста.
Тут жа трэба таксама адзначыць, што ў часы апосталаў нованаверненыя прымалі хрышчэньне акунаньнем у ваду. Грэцкая дзеяслоўная форма назоўніка «хрышчэньне», - баптыдзо, - літаральна нясе значэньне «акунаньне» або «занурэньне» ў вадкасьць, тут жа – у ваду. Багасловы наогул згаджаюцца з тым, што апосталы і першыя хрысьціяне хрысьцілі нованаверненых акунаньнем у ваду. На падставе гэтага першапачатковага спосабу хрышчэньня і вучэньня Новага Запавету мы перакананыя, што пакаяўшыся ў грахах ды ўвераваўшы ў Хрыста як свайго асабістага Збавіцеля і Госпада-Начальніка, веруючы мусіць прыняць сьвятое вадзяное хрышчэньне, якое выконваецца над ім акунаньнем у ваду. Паводле аўтараў Дабравесьця акт вадзянога хрышчэньня прыносіць асаблівае духоўнае значэньне нованаверненаму. Прыняцьцем хрышчэньня вернік, перш за ўсё, слухаецца Хрыста, выконвае Ягоны загад (Маць. 28:19). Але гэтым актам веруючы таксама паказвае сваю сьмерць да старога грэшнага жыцьця, якім ён жыў бяз Бога, і ўваскрэсеньне разам з Хрыстом да новага жыцьця пад Ягоным кантролем і кіраваньнем. Апостал Павал піша на гэты конт такія словы: «Дык вось, мы і пахаваныя зь Ім (з Хрыстом) хрышчэньнем (літаральна: акунаньнем) у сьмерць, каб, як Хрыстос уваскрэс зь мёртвых славаю (Бога) Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцьці» (Рым. 6:4). Апостал Пётр параўноўвае вадзяное хрышчэньне нованаверненага з вадою вялікага патопу, празь якую прайшоў старазапаветны патрыярх Ной зь сям’ёю (гэтая падзея прыгадваецца і апісваецца ў першай кнізе Бібліі, Быцьцё). Апостал піша: «...у дні Ноя, у часы будаваньня каўчэга, у якім нямногія, гэта значыць, восем душ уратаваліся праз ваду. Так і нас сёньня падобна да гэтага хрышчэньне, - не цялеснай нечыстаты абмываньне, а абяцаньне Богу добрага сумленьня,— ратуе ўваскрэсеньнем Ісуса Хрыста» (1 Пётры 3:20-21).
Хоць стацца хрысьціянінам аказваецца найважнейшым і неабходным крокам, аўтары Эвангельля-Дабравесьця падкрэсьліваюць, што хрысьціянскае жыцьцё з гэтых прыгаданых крокаў толькі пачынаецца. Стаўшыся хрысьціянінам, чалавек павінен жыць пастаянным і пасьлядоўным хрысьціянскім жыцьцём у згодзе з настаўленьнямі Сьвятога Пісаньня. Бог патрабуе ад вернікаў вернасьці Яму, пакуль яны тут на зямлі. У кнізе Адкрыцьцё мы чытаем словы Хрыста: «Будзь верным да сьмерці, і дам табе вянок жыцьця» (г. зн. шчасьлівае вечнае жыцьцё зь ягонымі адпаведнымі ўзнагародамі - Адкр. 2:10).
У Новым Запавеце тлумачыцца, як чалавек можа стацца веруючым, але больш за ўсё ў ім гаворыцца, як ён павінен жыць праведна і пабожна. Інакш кажучы, Бог заклікае нас да Сябе ня толькі дзеля таго, каб мы атрымалі ўзнагароду шчасьлівага вечнага жыцьця ў небе, але таксама дзеля таго, каб мы жылі пабожным жыцьцём, будучы тут на зямлі. У Пасланьні да эфэсянаў, дзе апостал Павал напісаў, што чалавек атрымлівае збаўленьне празь веру, ён дадае гэтакія важкія словы: «Мы - Ягоныя (Божыя) стварэньні, створаныя ў Хрысьце Ісусе на добрыя дзеі, якія Бог быў вызначыў нам выконваць» (Эфэс. 2:10). Жыць сапраўдным хрысьціянскім жыцьцём з адпаведнымі добрымі дзеямі мы можам толькі тады, калі мы застаёмся вернымі Богу да самой сьмерці.
Ісус Хрыстос ніколі не казаў, што жыць хрысьціянскім жыцьцём будзе лёгка. Сваім вучням Ён нават сказаў, што, жывучы ў сьвеце, яны будуць праходзіць асабліва цяжкія моманты выпрабаваньня. Але Ён таксама заявіў, што ім ня трэба турбавацца аб гэтым. Чаму? Таму, што Ён перамог сьвет і дае пасьлядоўнікам Свой вышэйшы Божы супакой (глядзі Ян. 16:33). Гэта значыць, што Ісус перамог усе зямныя спакусы, якія вядуць нас да грашэньня. Ён абяцаў, што будзе дзяліцца пераможнай моцай з паслухмянымі веруючымі пры ўмове, што яны будуць спадзявацца на Яго для перамогі над грэшнымі спакусамі. Значыцца, хрысьціянін павінен жыць у цеснай лучнасьці зь Ісусам, каб атрымліваць Ягоны супакой і духоўную моц. Такія стасункі з Хрыстом зьдзяйсьняюцца штодзённым чытаньнем Ягонага Слова і малітвай. Хрыстос сказаў: «Калі будзеце заставацца ўва Мне, і словы Мае будуць заставацца ў вас, то, чаго хочаце, прасеце і станецца вам... Гэта сказаў Я вам, каб радасьць Мая ў вас была, і каб радасьць вашая была поўнай» (Ян. 15:7-11).
Дух Сьвяты абяцаецца паслухмянаму веруючаму (глядзі Ян. 14:15-18; Дзеі 5:32). Ён памагае пасьлядоўніку Хрыста жыць праведным хрысьціянскім жыцьцём. Хоць Дух Сьвяты памагае хрысьціяніну, веруючы павінен прымаць свае адпаведныя крокі дзеля таго, каб стала і паступова расьці ў хрысьціянскай духоўнасьці і Гасподняй пабожнасьці. Апостал Павал меў гэта на ўвазе, напісаўшы: «Дык вось, любасныя мае, як вы заўсёды былі паслухмяныя ня толькі ў прысутнасьці маёй, але яшчэ болей сёньня, у маю адсутнасьць, сваё збаўленьне завяршайце са страхам і трымценьнем, бо гэта Бог дзейнічае у вас, выклікаючы і хаценьне і дзеяньне па Сваім упадабаньні» (Філіп. 2:12—13). 
 

ШТО РАБІЦЬ?

 
Шаноўны чытачу, у якім ты духоўным стане цяпер перад Богам і Ягоным Сынам, Ісусам Хрыстом? Можа ты ведаеш, што твая вера ў Бога слабенькая. Раю табе ўважліва прачытаць Дабравесьце (Новы Запавет), - можа нават два - тры разы. Прасі ў малітве, каб Госпад Бог адкрываўся табе. Нават тады, калі ты будзеш сустракаць штосьці табе незразумелае ў Слове Божым, працягвай чытаць і прасіць у Бога духоўнага прасьвятленьня. Яго ўжо атрымалі тысячы людзей, якія падыходзілі да Дабравесьця і чыталі яго з адкрытым сэрцам. Бог сваім часам адкрыецца табе. Таксама раю прасіць у Яго накіраваньне да біблійных вернікаў, якія дапамогуць табе зразумець Сьвятое Пісаньне. Я перакананы, што Бог, бачачы тваю сардэчнасьць і шчырасьць, павядзе цябе да той крыніцы, дзе ты атрымаеш праўдзівае настаўленьне, заснаванае на Слове Божым.
А можа ты ўжо верыш у Бога, але ня можаш сказаць, што пакаяўся перад Ім ды ўвераваў ў Сына Божага Хрыста як свайго асабістага Госпада і Збаўцу. Простай і шчырай малітвай ты можаш гэта зрабіць цяпер. Можа ты ня ведаеш, якімі словамі маліцца. Калі так, дык прапаноўваю памаліцца такой малітвай або падобнай да яе: «Літасьцівы Божа, я прызнаю, што я грашыў супраць Цябе шмат разоў. Я грэшнік (грэшніца) перад Табою. Прашу Цябе дараваць мне мае грахі (назаві свае спэцыфічныя грахі, якія Бог у гэты момант адкрывае табе). Прашу Тваёй дапамогі не грашыць, а жыць па Тваёй волі. Я шчыра дзякую Табе за Тваю ласку, якою Ты паслаў у наш сьвет Збаўцу Ісуса Хрыста, Які памёр на крыжы за мяне і гэтым чынам прыняў кару за маю грахоўнасьць. Я шчыра веру, што Ты, Госпадзе Ісусе, памёр за мяне і цяпер прымаю Цябе сваім адзіным Збаўцам і Госпада-Уладаром. Прашу дару Духа Сьвятога, каб Ён напоўніў мяне Сваёй прысутнасьцю. Госпадзе Ісусе, прашу памагаць мне жыць для славы Божай. Будзь маім Збаўцам і Кіраўніком. Усё гэта я шчыра прашу ў Цябе ў імя Бога Айца, Сына і Духа Сьвятога. Амін».
Ці гэтая кароткая малітва выказвае тваё жаданьне, дарагі чытачу? Калі так, то я падахвочваю цябе прыблізна з такой малітвай зьвярнуцца да Бога Айца і Ісуса Хрыста. Але нават лепей – памаліся сваімі ўласнымі простымі, але і шчырымі словамі. Бог ведае тваё сэрца, твае самыя глыбокія жаданьні і намеры. Калі ты зьвернесься да Бога і Хрыста з простай і сардэчнай малітвай, Бог пачуе цябе; Ён прыйдзе да цябе, закране тваё сэрца і сваім часам ты адчуеш Ягоную прысутнасьць у сабе.
Як ужо было сказана, па раскаяньні, увераваньні ў Збаўцу Хрыста ты павінен (-на) нейкаму іншаму сказаць аб тваім ўвераваньні ў Хрыста. Скажы камусьці з тваіх сваякоў, супрацоўнікаў ці прыяцеляў, што Ісус цяпер ёсьць твой Збаўца і Госпад-Уладар. Прапаноўваю гэта зрабіць сярод іншых біблійных вернікаў, г. зн. пашукаць суполку веруючых, якія чытаюць, прапаведуюць і выкладваюць зьмест Бібліі. Прасі ў Бога кіраваньня, каб знайсьці такіх біблійных вернікаў. I знайшоўшы іх, раскажы ім пра тое, што ты пакаяўся (-лася) ды  ўвераваў (-ла) ў Ісуса Хрыста. Папрасі, каб яны далі табе вадзяное хрышчэньне. Калі яны праўдзіва прымаюць вучэньне Бібліі на гэты конт, то з радасьцю дапамогуць табе ў гэтым неабходным кроку ды ў тваім далейшым духоўным росьце. Як апосталы рабілі, яны дадуць табе вадзяное хрышчэньне акунаньнем, а пасьля старэйшыны суполкі ўскладуць на цябе рукі з малітвай над табою, як рабілася ў дні апосталаў (глядзі Дзеі сьвятых апосталаў 8:14-17 і 19:1-6). Дух Сьвяты напоўніць цябе Сабою, што ты адчуеш ў сваёй душы. І хадзі рэгулярна на іхныя набажэнствы і такім чынам будзеш падтрымліваць стасункі зь іншымі вернікамі. Сьвятое Пісаньне радзіць пасьлядоўнікам Хрыста сустракацца рэгулярна для супольнага духоўнага падбадзёрваньня, настаўленьня і малітвы. Гэта дапаможа табе ўзрастаць у хрысьціянскай духоўнасьці і ў стасунках з самім жа Госпадам Ісусам Хрыстом.
Ва ўсім гэтым, паважаны чытачу, працягвай спадзявацца на Духа Сьвятога. Калі так будзеш рабіць, то будзеш адчуваць Гасподнюю прысутнасьць ў сабе і Ягоную моц, што паможа табе жыць пераможным хрысьціянскім жыцьцём. Хай Госпад Бог дапаможа табе ўва ўсім гэтым для Ягонай славы і твайго духоўнага росту ў хрысьціянскім жыцьці.
 

ЗАПЫТАНЬНІ:

1. Навошта Хрыстос прыйшоў на зямлю?
2. Што Бог учыніў для нас, каб даць нам шчасьлівае жыцьцё на зямлі і вечнае жыцьцё ў небе?
3. Што вымагаецца ад чалавека, каб яму стацца веруючым паводле Дабравесьця?
4. 3 усіх крокаў да Бога які найважнейшы? Чаму?
5. У дні апосталаў якім спосабам выконвалася вадзяное хрышчэньне?
6. Калі чалавек стаўся веруючым у Хрыста, як ён павінен жыць?
7. Якую ролю Дух Сьвяты выконвае ў жыцьці веруючага?

 

 

 

РАЗЬДЗЕЛ ДРУГІ:

СУТНАСЬЦЬ ЕВАНГЕЛЬСКАЕ ВЕСТКІ

 
Ці ты, дарагі чытачу, прачытаў першы разьдзел гэтай кнігі? Спадзяюся, што так. У ім перадаюцца і коратка растлумачваюцца паасобныя крокі, якія трэба прыняць дзеля таго, каб стацца хрысьціянінам (або хрысьціянкай) паводле Дабравесьця. Спадзяюся, што ты, чытачу, ня толькі прачытаў першы разьдзел, але і зрабіў тое, што там жа раіцца: пакаяўся, увераваў у Ісуса Хрыста, прыняўшы Яго за свайго асабістага Збаўцу і Госпада-Уладара.
Калі ты прыняў Хрыста сваім Збаўцам і Госпадам, штосьці вельмі важнае здарылася. Ты перажыў тое, што Хрыстос назваў новым нараджэньнем ці нараджэньнем звыш, якое Ён далей растлумачыў, як нараджэньне ад вады і Духа (Яна 3:3–5). Ты стаўся новым духоўным тварэньнем у Ісусе Хрысьце, бо перажыў новае духоўнае адраджэньне і цяпер ты зьяўляесься дзіцём Божым.
Мы можам параўнаць тваё духоўнае нараджэньне зь фізычным нараджэньнем. Пасьля таго, як ты нарадзіўся на сьвет, бацькі, асабліва маці, пачалі карміць і даглядаць цябе. Зь цягам часу ты дасягнуў сьпярша фізычнага, а потым і разумовага сталага ўзросту. Падобна да таго, ты цяпер і павінен расьці духоўна і імкнуцца да цеснай і шчырай лучнасьці з Духам Сьвятым.
Біблія, Слова Божае, ня толькі растлумачвае, што трэба зрабіць, каб стацца хрысьціянінам ці хрысьціянкай, яна таксама падказвае, што трэба рабіць, каб ўзрастаць і сталець у хрысьціянскай духоўнасьці, у стасунках з Госпадам. Апостал Пётр заахвочвае новых хрысьціянаў ўмацоўвацца «ў ласцы і пазнаньні Госпада нашага і Збавіцеля Ісуса Хрыста» (2 Пётры 3:18). Калі апостал Павал разьвітаўся зь веруючымі ў Эфэсе, дык сказаў ім: «Цяпер я даручаю вас, браты, Богу і слову міласьці Ягонай, Які можа збудаваць і даць вам спадчыну з усімі пасьвячонымі» (Дзеі 20:32). Гэтае настаўленьне паказвае, што пасьля духоўнага адраджэньня веруючы павінен разьвівацца і расьці ў хрысьціянскім жыцьці.
Што патрэбна для духоўнага росту? Для фізычнага разьвіцьця чалавек сілкуецца здаровай ежай. I падобна да таго, веруючы расьце духоўна, калі падмацоўваецца Словам Божым, гэта значыць рэгулярна і ўважліва чытае Біблію, бо яна – духоўны пажытак для веруючага. Чым болей веруючы чытае Слова Божае, тым глыбей ён спазнае Бога і расьце духоўна. Біблія зьмяшчае ўсё, што веруючаму трэба ведаць пра Бога, Духа Сьвятога, хрысьціянскае жыцьцё і іншыя важныя духоўныя рэчаіснасьці. Значыцца, веруючы штодня павінен чытаць Слова Божае, гэтым і прымаць пакрысе ўсё новыя часткі біблейнага вучэньня, бо духоўны рост збываецца тады, калі веруючы знаёміцца са зьместам Слова Божага і паводзіць сябе згодна зь яго павучаньнем.
 

СУТНАСЬЦЬ ДАБРАВЕСЬЦЯ ХРЫСТОВАГА

 
Для духоўнага росту, перш за ўсё, трэба дакладна засвоіць асновы эвангельскай весткі. Таму мы перагледзім самыя галоўныя пункты Дабравесьця, каб мець яснае ўяўленьне аб тым, што менавіта здарылася з намі, калі мы паверылі ў Дабравесьце і прынялі Хрыста ў відзе Духа Сьвятога ў сэрца. Гэта асабліва важны крок для вас, дарагі чытачу, калі ты нядаўна прыняў Яго. Мы перагледзім Божы плян збаўленьня дзеля таго, каб высьветліць у сваім розуме і паняцьці тое, што Бог зрабіў праз Хрыста ў мінулым для нашага збаўленьня і ў нашых сэрцах, калі мы прынялі Яго за свайго Збаўцу. Гэты перагляд таксама дапаможа нам упэўніцца ў тым, што мы, веруючыя, зьяўляемся дзяцьмі Божымі, і што Дух Сьвяты сапраўды жыве ў нашых сэрцах.
Дабравесьце (або: Эвангельле) ёсьць добрая вестка аб Божым збаўленьні для грэшнікаў, якія гэтага не заслужылі. Божае збаўленьне даецца нам праз Збавіцеля сьвету, Сына Божага, Ісуса Хрыста. Апостал Павал напісаў: «Я не саромеюся Дабравесьця Хрыстовага, бо яно – сіла Божая на збаўленьне кожнаму, хто верыць, сьпярша юдэю, а потым – грэку» (Рым. 1:16). Асабліва важная тут думка, што Дабравесьце ёсьць Божая сіла, якая ратуе кожнага, хто ўвераваў ды працягвае вераваць у Хрыста. Апостал Павал абвяшчаў гэтую эвангельскую праўду ў шматлікіх месцах тагачаснага цывілізаванага сьвету. Пішучы да веруючых ў Карынфе, ён выказаў, так кажучы, самую істотную праўду Эвангельля: «Бо я сьпярша пераказаў вам тое, што і сам пераняў, што Хрыстос памёр за грахі нашыя паводле Пісаньня, і што Ён быў пахаваны і ўваскрэс на трэці дзень паводле Пісаньня» (1 Кар. 15:3–4).
У гэтых словах апостал заяўляе, што Хрыстос памёр, быў пахаваны і ўваскрэс зь мёртвых за нашыя грахі. Кожны чалавек пражывае свой час на зямлі і ў канцы памірае, але сьмерць Хрыста мела асабліва важнае і цалкам унікальнае значэньне. Хрыстос памёр дзеля незвычайнай мэты, – за нашыя грахі. Што гэта значыць? Гэта значыць, што Хрыстос стаўся нашым Заступнікам. Ён узяў на Сябе нашыя грахі і прыняў за іх пакараньне, якое мы заслужылі, хоць Ён Сам ніколі не зграшыў. Хрыстос памёр за мае і твае грахі, дарагі чытачу. Але на трэці дзень Ён уваскрэс, гэтым паказваючы, што Ягоная сьмерць была прынятая Богам як дастатковая расплата за чалавечыя грахі. І тут жа трэба адзначыць, што калі Яго ўкрыжавалі рымскія жаўнеры, Ён сапраўды памёр на крыжы. Ягонае цела вучні зьнялі з крыжа ды паклалі ў пячору, потым закрылі ўваход да пячоры вялікім валуном. Калі Бог Айцец ўваскрэсіў Хрыста, Ён сапраўды ўваскрэсіў Яго зь мёртвых, ня толькі быццам бы «ажывіў Яго». Хрыстос сапраўды ўваскрэс зь мёртвых, бо памёр у поўным сэнсе гэтага слова.
Калі Дабравесьце растлумачваецца няверуючаму, што менавіта трэба ўзгадаць яму пра нас людзей і подзьвігі Ісуса Хрыста на крыжы і ў пячоры? Неабходныя пункты даюцца ніжэй:
1. Перш за ўсё - наяўнасьць граху. Біблія адкрыта і ясна сьцьвярджае, што ўсе людзі – грэшнікі, і што непамілаваны Богам грэшнік аказваецца чалавекам, які загіне, калі не навернецца да Бога і Хрыста. Гэта значыць, што непамілаваны грэшнік поўнасьцю адлучаны ад Бога цяпер і застанецца адлучаным ад Бога ў будучым, калі не зьвернецца да Яго з просьбаю дараваньня і вераваньнем ў Хрыста. Шмат хто ня верыць, што ён можа быць пагібельным чалавекам, адлучаным ад Бога, і што ён ідзе па шырокім шляху да вечнай загубы. Аднак Біблія кажа, што перад Богам людзі без Хрыста застаюцца грэшнікамі з патрэбай ў збаўленьні ад Божай кары. Але Біблія таксама ўказвае на выхад з гэтай дылемы. Бог гатовы і хоча дараваць людзям грахі і вызваліць іх з–пад улады іхняй грэшнай прыроды. Апостал Павал напісаў: «Усе зграшылі і пазбаўлены славы Божай» (Рым. 3:23). Апрача Хрыста ніхто зь людзей належна не выконвае Божага маральнага закону, таму кожны застаецца грэшнікам перад сьвятым Богам. Зразумела, гэта ня значыць, што людзі ніякага дабра ня робяць. Дабро яны робяць, але кожны з нас парушыў Божы маральны кодэкс, у выніку чаго і сталіся грэшнікамі.
Прарок Ісая апісвае наш духоўны стан такімі словамі: «Усе мы, як авечкі, заблудзілі; кожны зьвярнуў на сваю дарогу» (Іс. 53:6). Інакш кажучы, мы наўмысна грашым з поўным усьведамленьнем нашай памылковасьці, калі выконваем грэшныя дзеі. У гэтым сэнсе мы выбралі і выйшлі на свой уласны шлях. Паводле словаў прарока, мы заблудзілі. У каго б мы ў сьвеце ні папыталіся, кожны скажа, што ён або яна не заўсёды чыніць праўдзівыя дзеі. Часта мы разумеем, што трэба рабіць, а нават супраць свайго сумленьня ўчыняем тое, што ня трэба было б. Грэх у сапраўднасьці закрануў кожнага з нас. У трэцім разьдзеле Пасланьня да рымлянаў мы чытаем: «Няма праведніка аніводнага... усе зьбіліся з тропу [г. зн. сьцежкі праведнага жыцьця]» (Рым. 3:10–12). Да галацкіх веруючых апостал напісаў: «Пісаньне ўсё замкнула пад грахом» (Гал. 3:22). Мы ўсе грэшнікі і маем вялікую патрэбу ў дараваньні грахоў і ў вызваленьні ад улады нашай грэшнай натуры.
2. Пакараньне. Біблія ня толькі раскрывае наяўнасьць граху ў людзей, яна таксама іх перасьцерагае аб пакараньні за грэх. Апостал Павал напісаў: «Расплата за грэх – сьмерць, а дар Божы – жыцьцё вечнае ў Хрысьце Ісусе Госпадзе нашым» (Рым. 6:23). Якая ж тут велізарная розьніца! 3 аднаго боку, нераскаянага грэшніка чакае сьмерць і кара, калі з другога Бог прапаноўвае дараваньне грахоў і ў выніку таго – цудоўны дар шчасьлівага вечнага жыцьця ў небе. Каму? Таму, хто раскаецца ў сваіх грахах ды ўверуе ў Хрыста, прыме Яго як свайго асабістага Збаўцу і Госпада-Начальніка.
Сьмерць увайшла ў чалавецтва на падставе акта непаслушэнства першымі людзьмі Евы і Адама. Гэтак вучыць Біблія. Апостал Павал растлумачвае гэтую зьяву так: «Як праз аднаго чалавека (Адама) увайшоў у сьвет грэх і праз грэх – сьмерць, гэтак і сьмерць перайшла праз усіх людзей, бо ў ім усе зграшылі» (Рым. 5:12). Як павінны мы зразумець сьмерць у такім значэньні? Першае пакараньне за учынены грэх адплачваецца сьмерцю. У Бібліі найчасьцей гэта успрымаецца ў духоўным сэнсе. Адам і Ева памерлі духоўна, калі парушылі Божы загад. Бог забараніў ім каштаваць плод з дрэва пазнаньня дабра і зла (Быць. 2:17), а яны ўся роўна сарвалі і скаштавалі фрукт з гэтага дрэва (Быць. 3:6). У выніку таго яны, так кажучы, духоўна памерлі ў дачыненьні да Бога. Інакш кажучы, іхнім актам непаслушэнства блізкая духоўная лучнасьць паміж Богам і  парвалася і тут жа спынілася. І гэты дух непаслушэнства Богу перайшоў у кожнага з нас. Мы таксама дзесьці і калісьці зграшылі і, калі бываем адкрытымі самі сабе, прызнаём, што час ад часу грашым, нават калі нам ня хочацца. Нашая сапсутая натура ня раз жадае выйсьці на свой шлях і ня лічацца з тым, што хто іншы кажа нам, як бацькі або начальнікі. Тое самае можам сказаць у нашых стасунках з Богам. Яго мы часта ня хочам слухацца! Грэх кранае кожнага з нас, нават калі мы гэтага ня хочам. Дапамагчы сабе ў гэтым мы заўжды ня можам.
Пішучы да веруючых у Эфэсе, апостал Павал нагадаў ім пра той час, калі яны былі мёртвымі з прычыны сваіх праступкаў і грахоў, калі жылі бяз Бога і Ягонага ўплыву на іхнія жыцьці (Эфес. 2:1). Той, хто не навярнуўся да Хрыста і цяпер не знаходзіцца ў Ім, у Божых вачах – ён духоўна мёртвы чалавек. А духоўна мёртвы чалавек не адклікаецца Богу і духоўнай праўды не разумее. Толькі Бог можа адрадзіць і вызваліць такога чалавека з граху і ад пакараньня за грэх, а дзеля гэтага чалавек мусіць сьпярша навярнуцца да Хрыста з раскаяньнем і вераваньнем у Збаўцу Ісуса Хрыста. Так вучыць Біблія.
Які канец чакае духоўна мёртвага чалавека? Апостал Павал адказвае, што калі Ісус Хрыстос вернецца другім разам на зямлю, Ён адплаціць тым, хто пры зямным жыцьці да Бога не зьвяртаўся і Дабравесьцю не падпарадкаваўся. «Яны прымуць кару вечную, – заяўляе апостал,– ад аблічча Госпада і ад славы моцы Яго» (2 Фес. 1:8–9). Гэта значыць, што Бог назаўсёды адлучыцца ад няверуючых і больш ужо ня выратуе іх ад вечнай загубы. Гэты час для няверуючых станецца вечнай сьмерцю ў тым сэнсе, што яны назаўсёды аддзеляцца ад Бога і Ягонай прысутнасьці. У дваццатым разьдзеле кнігі Адкрыцьцё Ян Багаслоў апісвае апошні суд пры велічным сьветлым пасадзе Госпадавым, калі будуць разгорнуты Божыя кнігі і «кніга жыцьця», ды мёртвыя будуць асуджаны паводле іхных учынкаў у зямным жыцьці. Сказана там жа гэтак: «Каго не знаходзілі запісанага ў кнізе жыцьця, кідалі яго ў возера вогненнае» (Адкр. 20:15). Я ведаю, паважаны чытачу, што гэтыя словы цяжка ўспрымаюцца многімі людзьмі, але так вучыць Біблія. Гэта не мае словы, гэта словы Гасподнія. Ці ж ня варта зьвярнуць сур'ёзную ўвагу на іх і павярнуцца да Бога з просьбай дараваньня грахоў і вераваньнем у Збаўцу Ісуса Хрыста? Што да мяне асабіста, я гэтым словам давяраю і ўжо навярнуўся да Бога і Хрыста. Не шкадую, што так зрабіў. Дух Сьвяты напаўняе мяне Гасподняй радасьцю і памагае мне заставацца на шляху Гасподняй праведнасьці. Калі грашу і гэта ведаю, стараюся адразу спадзявацца ў граху і прасіць далейшай дапамогі ў Духа Сьвятога таго граху не паўтараць. Ён сапраўды дапамагае, калі зьвяртаюся да Яго. Усё гэта напаўняе надзеяй, што калі Збаўца Хрыстос вернецца на зямлю або датуль я памру і дух мой пойдзе да Яго, Ён дасьць мне вечнае  жыцьцё. Раю табе, чытачу, таксама навярнуцца да Бога і Хрыста і знайсьці ў Ім збаўленьне.
3. І сапраўды, згодна з вучэньнем Бібліі, сваім часам запатрабуецца адпаведнае пакараньне за грэх. Біблія вучыць, што Бог ненавідзіць грэх. Пры Сваёй сьвятасьці і справядлівасьці Ён вызначыць адпаведнае пакараньне за ўсякі нераскаяны чалавечы грэх. У кнізе Ісаі 13:11 запісаны такія Божыя словы: «Я пакараю сьвет за ліха і нягоднікаў за беззаконнасьць іхнюю». Усе нашыя грахі заўважаюцца Богам, і ў сваім часе яны атрымаюць сваю справядлівую адплату. Бог, будучы ва ўсім праведным і справядлівым, ня можа забыць пра чалавечыя грахі і прымаць выгляд, быццам бы нічога дрэннага людзі ня робяць, калі грашаць. Каб Ён так ставіўся да людзкіх грахоў, то гэта пярэчыла б Ягонай сьвятасьці, праведнасьці і справядлівасьці.
У Лісьце да габрэяў мы чытаем, што «людзям назначана раз памерці, а пасьля – суд» (Габр. 9:27). Зьвярніце ўвагу на выкладзены парадак. Прыйдзе час, калі мы памрэм, і тады станем перад Госпадавым пасадам. Ніхто не пазьбегне гэтага суду. I што адбудзецца? Ісус Хрыстос будзе нашым Судзьдзёй і назаўсёды асудзіць грэх. Кожны грэх, учынены ўпотайку, і кожны злачынны намер нераскаянага грэшніка выявіцца, і за гэта ён атрымае сваю заслужаную расплату.
4. Ёсьць шлях ўратаваньня ад грахоў і іхніх вынікаў. Ісус Хрыстос перанёс кару за чалавечыя грахі. Ён, Божы Сын, сышоў на сьвет для адмысловай мэты. Ён прыйшоў дзеля таго, каб адкрыць нам Бога і Ягоны шлях збаўленьня. Зямное жыцьцё Хрыста было перажыта ў сьвятой дасканаласьці, гэта значыць Ён ніколі не грашыў. Што важней, Хрыстос быў пасланы ад Бога Айца дзеля таго, каб памерці ахвярнай сьмерцю за людзкія грахі і гэтым выратаваць людзей ад пакараньня за грэх і вызваліць іх з-пад улады граху. У Лісьце да рымлянаў 5:8 сказана: «Бог Сваю любоў да нас даказвае тым, што Хрыстос памёр за нас, калі мы былі яшчэ грэшнікамі». Бог так моцна палюбіў нас, што і пераканаўча даказаў Сваю любоў, калі мы былі яшчэ грэшнікамі. Хрыстос быў пасланы на зямлю дзеля таго, каб памерці за нас, няправедных і грэшных людзей. Божая любоў да нас людзей таму – вялікая любоў. Мы ў сапраўднасьці нявартыя яе, але Бог уся роўна праявіў Сваю любоў тым актам, што аддаў Свайго ўласнага Сына ў ахвяру дзеля нашага збаўленьня і апраўданьня. Хрыстос прыняў на Сябе кару за нашыя грахі; Ён дазволіў Сабе быць укрыжаваным для дараваньня нашых грахоў.
У Другім лісьце да карынфянаў 5:21 чытаем гэтакія павучальныя словы: «Таго (Хрыста), Хто граху ня ведаў, Ён (Бог Айцец) зрабіў за нас грахом, каб мы ў Ім (Хрысьце) сталіся праведнасьцю Божай». Гэта значыць, што ў справе расплаты за чалавечыя грахі Бог Айцец вызначыў Хрыста нашым Заступнікам. Той, хто прабывае ў Хрысьце, перад Богам застаецца праведнікам, апраўданым Хрыстовым жыцьцём і ахвярнай сьмерцю на крыжы. Калі Хрыстос пакутаваў на крыжы, Ён зьвярнуўся да Свайго Нябеснага Айца з заклікам: «Божа Мой! Божа Мой! навошта Ты Мяне пакінуў?» (Маць. 27:46). Якраз у гэты момант Ён узяў на Сябе ўсе нашыя грахі і адчуў усю жахлівасьць цяжару чалавечых грахоў і адсутнасьць Свайго Нябеснага Айца, Які ня мог глядзець на Сына з–за чалавечых грахоў. Пасьля таго Хрыстос усклікнуў: «Збылося!» (Яна 19:30) і, схіліўшы галаву, памёр. Гэтым словам Хрыстос засьведчыў усяму сьвету, што Ён перанёс пакараньне за чалавечыя грахі. У грэцкім арыгінале слова «збылося» таксама нясе значэньне «поўнасьцю адплачана». Інакш кажучы, Хрыстос поўнасьцю адплаціў за чалавечыя грахі Сваім бязгрэшным жыцьцём і ахвярнай сьмерцю на крыжы і гэтым чынам Ён адкрыў шлях да ўратаваньня людзей ад грахоў і іхніх вынікаў. Усё гэта адбылося згодна з Божым ранейшым намерам і воляй. Евангеліст Ян запісаў такія словы, што гавораць аб збаўленьні празь веру ў Хрыста: «Як Майсей узьняў зьмяю ў пустэльні, гэтак павінен быць узьняты Сын Чалавечы (г. зн. Ісус Хрыстос), каб кожны, хто веруе ў Яго, меў вечнае жыцьцё; бо так (у сэнсе: такім спосабам) палюбіў Бог сьвет, што аддаў Сына Свайго адзінароднага, каб усякі, хто веруе (у сэнсе: працягвае вераваць) ў Яго, не загінуў, але меў (у арыгінале: працягваў мець) жыцьцё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына ў сьвет, каб Ён судзіў сьвет, а каб сьвет быў уратаваны празь Яго. Хто веруе ў Яго, той ня судзіцца; хто ня веруе [ў Яго], ужо асуджаны, бо не ўвераваў у імя Адзінароднага Сына Божага» (Яна 3:14-18).
У нашыя часы шмат хто лічыць, што толькі добрымі ўчынкамі магчыма будзе атрымаць збаўленьне душы перад Богам, калі закончыцца нашае зямное жыцьцё. Аднак Біблія сьцьвярджае, што калі хто адмовіцца ад прыняцьця Хрыстовай ахвяры за свае грахі, дык Госпад скажа такому: «Я ніколі ня ведаў вас; адыдзіце ад Мяне вы, хто чыніце беззаконнасьць» (Маць. 7:23). Уся бяда ў тым, што людзі часта не разумеюць, як Бог глядзіць на іх і што Ён бачыць усё ў іхнім жыцьці – добрае і дрэннае. Мы становімся грэшнікамі перад Богам, калі дапускаемся ўсяго толькі аднаго граху. Аднак, як вядома, кожны з нас учыніў ня толькі адзін, а мноства грахоў. Сам Бог ведае, колькі разоў мы парушылі Яго маральны кодэкс. Гэта ня значыць, што мы ня робім дабра. Кожны з нас стараецца быць добрым, але згодна з вучэньнем Бібліі ўсе нашыя дабрадзейства ніколі не пераважаць перад Богам нашых правіннасьцяў. Ніхто ня можа апраўдацца перад Богам такім чынам, бо мы ўсё ж грэшнікі. Старазапаветны прарок Ісаія апісвае нашыя добрыя намеры і ўчынкі так: «Усе мы сталіся нячыстымі, і ўсе праведнасьці нашыя – як забруджаная адзежа; і ўсе мы зьвялі, як ліст, і беззаконнасьці нашыя, як вецер, нясуць нас» (Іс. 64:6).
Як было сказана раней, у Бога ёсьць кнігі, у якіх запісваюцца ўсе нашыя дзеі і думкі. Бог адзначае нашае стаўленьне да пытаньня ахвярнай сьмерці Хрыста. Ён заўважае, ці ўверавалі мы ў Хрыста і ў Яго ахвярную сьмерць за нас або не, ці прынялі мы Яго сваім адзіным уласным Збаўцам і Госпадам-Уладаром або не? Ці працягваем мы вераваць у Яго цяпер, ці застаёмся мы ў Ім або не. Усё гэта адзначаецца і запісваецца. Можна тут жа запытаць: колькі грахоў дапускаецца чалавекам за ўсё сваё зямное жыцьцё? Многа, і думаецца, што старонкі Божых кнігаў перапоўнены чалавечымі праступкамі. Каб толькі няверуючыя ўсьвядомілі, што Хрыстос гатоў зьняць цяжар іхніх грахоў і дараваць ім, калі б яны толькі пакаяліся ды ўверавалі? Збавіцель узяў на Сябе чалавечыя грахі і перанёс пакараньне за іх. Старажытны прарок напісаў пра гэта так: «Усе мы, як авечкі, заблудзілі, кожны зьвярнуў на сваю дарогу і Госпад усклаў на Яго (Хрыста) усе нашы беззаконнасьці» (Іс. 53:6). Дык вось Бог усклаў грахі, якія прыгняталі нас, на Хрыста, у выніку чаго нам больш ня трэба адчуваць віну перад Богам. Так сталася, дзякуючы таму, што Ісус Хрыстос «грахі нашыя Сам узьнёс у целе Сваім на дрэва, каб мы, вызваліўшыся ад грахоў, жылі для праведнасьці» (1 Пётры 2:24).
5. Збаўленьне – гэта бясплатны дар Божы. Збаўленьне мы ня можам заслужыць, бо яно даецца веруючаму Богам дарам. Бог ратуе чалавека дзякуючы Сваёй вялікай ласцы. Тое ж напісаў апостал Павал: «Бо вы збаўлены ласкаю (Божаю) празь веру, і гэта не ад вас – Божы дар, не ад учынкаў, каб ніхто не хваліўся» (Эфэс. 2:8–9). «Калі ж людзям зьявілася ласкавасьць і любоў Збавіцеля нашага, Бога, Ён уратаваў нас не паводле ўчынкаў праведных, якія мы зрабілі, а па Сваёй міласьці, абмываньнем і адраджэньнем і абнаўленьнем Духам Сьвятым, Якога выліў на нас шчодра празь Ісуса Хрыста, Збавіцеля нашага, каб, апраўдаўшыся Яго ласкай, мы сталіся паводле спадзяваньня спадкаемцамі вечнага жыцьця» (Ціт. 3:4–7). Збаўленьне і вечнае жыцьцё даюцца веруючаму як Гасподні дар. Бог ратуе нас ад граху і дае новае жыцьцё. Мы толькі можам падзякаваць Богу за ўсе Яго дзеяньні. Псальмасьпявак Давід атрымаў Божую дапамогу і апісаў яе гэтак: «Ён вывеў мяне зь ямы пагібельнай, з твані балотнай, і ногі мае паставіў на скалу і ўзмацніў ступні мае. I новую песьню мне ў вусны ўклаў – хвалу нашаму Богу! I многія гэта ўбачаць і пабаяцца ды ўскладуць надзею на Госпада» (Пс. 40:3–4). Як раз тое ж самае робіць Госпад кожнаму, хто зьвяртаецца да Яго для атрыманьня збаўленьня.
6. Трэба ўвераваць у Ісуса Хрыста, у Ягоную ахвярную сьмерць за мяне асабіста. Мы можам ведаць і разумець усе факты аб збаўленьні праз Хрыста, - такія рэчы, што мы грэшнікі пад пагрозай пакараньня за грахі; што Хрыстос памёр за нас; што збаўленьне даецца дарэмна празь веру ў Хрыста. Але пакуль мы не адкрываем сэрца Хрысту, ня веруем і ня прымаем Яго за свайго асабістага Збаўцу і Госпада-Уладара, то ня маем збаўленьня перад Богам. Мы застаёмся ў нашых грахах і пад пагрозай Божага асуджэньня.
 Хрыстос сілком не напрошваецца ў чалавечае сэрца, а толькі тады, калі мы навяртаемся да Яго з каяньнем і вераваньне ў Яго, Ён прыходзіць да нас у відзе Духа Сьвятога. Ня Хрыстос, а мы адкрываем сэрца Яму. Хрыстос жадае, каб мы зьвярнуліся да Яго з просьбаю дараваньня грахоў і духоўнага адраджэньня Духам Сьвятым. Калі мы зь вераваньнем зьвяртаемся да Яго, Дух Сьвяты уваходзіць у нашыя душы і мы становімся дзяцьмі Божымі. Нашае збаўленьне засноўваецца на падставе ўсяго, што Хрыстос учыніў для нас Сваім бязгрэшным жыцьцём, ахвярнай смерцю і ўваскрэсеньнем зь мёртвых. Нашая роля заключаецца ў тым, што мы пакаяліся, ўверавалі ў Хрыста і прынялі сьвятое вадзяное хрышчэньне ды засталіся вернымі Хрысту на працягу ўсяго жыцьця і да канца зямнога жыцьця. Біблія сьцьвярджае, што на гэтай аснове мы будзем прыняты ў Божае нябеснае царства для шчасьлівага вечнага жыцьця зь Ім.
 

ПЭЎНАСЬЦЬ ЗБАЎЛЕНЬНЯ

 
Ці веруючы мае права лічыць і сьцьвярджаць, што ён без усякага сумненьня атрымаў і цяпер мае вечнае жыцьцё, што яго чакае шчасьлівае вечнае жыцьцё ў Божай прысутнасьці? Карацей кажучы, ці веруючы можа быць упэўнены ў сваім збаўленьні? Некаторыя адкажуць, што ніхто ня мае права быць упэўнены ў сваім збаўленьні, бо толькі Бог пастанаўляе, хто будзе і хто ня будзе збаўлены.
У такіх пытаньнях мы павінны абапірацца на Слова Божае, а не на свае ўласныя пачуцьці ці погляды. I што ж мы знаходзім адносна пытаньня асабістай пэўнасьці ў збаўленьні? Апостал Ян дае такі адказ: «Гэта напісаў я вам, веруючым у імя Сына Божага, каб вы ведалі, што маеце жыцьцё вечнае» (1 Ян. 5:13). Апостал Ян тлумачыць, што ён напісаў пасланьне дзеля таго, каб веруючыя ведалі, што маюць ужо цяпер вечнае жыцьцё. Паводле ягоных заяваў, веруючы атрымаў ад Хрыста і цяпер мае збаўленьне. Значыцца, веруючы можа быць упэўнены ў сваім збаўленьні не з тае прычыны, што гэта ён сам адчувае ці так сам думае, а таму, што Слова Божае запэўнівае яго ў гэтай рэчаіснасьці. Заслужыць збаўленьне немагчыма, бо яно даецца веруючаму, як дар ад Бога, таму ніхто зь веруючых ня можа хваліцца атрыманьнем збаўленьня добрымі дзеямі. Толькі на падставе Божай ласкі і жывой веры ў Хрыста мы можам быць упэўненымі ў сваім збаўленьні.
Але будучы чалавекам, веруючы можа страціць сваю ўпэўненасьць у збаўленьні. Мы жывём уласнымі пачуцьцямі, і гэта ня раз праяўляецца ў нашай лучнасьці з Госпадам. Пачуцьці адыгрываюць надта важную ролю ў нашых адносінах з Богам. Калі мы першапачаткова ўверавалі і ўверавалі ў Хрыста, то пры тым атрымалі дар збаўленьня, бо Хрыстос – крыніца збаўленьня. Пры навярненьні да Хрыста асабістыя пачуцьці веруючага прынялі вялікі ўдзел. Мы наблізіліся да Хрыста з глыбокай скрухай і жалем за сваю грэшнасьць. А пасьля таго, калі мы прынялі Збавіцеля і поўнасьцю даверыліся Яму, нашыя першыя пачуцьці цалкам зьмяніліся; яны сталіся радаснымі з–за таго, што зрабіў для нас Хрыстос. Ён зьняў з нас гнятучы цяжар грахоў і ўклаў у нашыя сэрцы новую радасьць, адчыніў наш духоўны зрок і слых, каб мы маглі зразумець духоўныя праўды. Ад усяго гэтага нашае сэрца моцна ўзрадавалася.
Але такія шчасьлівыя пачуцьці часта мяняюцца і надыходзяць моманты, калі мы перастаём адчуваць сябе новым тварэньнем ў Хрысьце. Справа ў тым, што нашыя пачуцьці ў сапраўднасьці не зьменьваюць нашага стану перад Богам, таму не павінны мы апіраць на сваю ўпэўненасьць на асабістыя пачуцьці. Самае галоўнае тут жа прызнацца ў тым, што мы перайшлі ад духоўнай сьмерці да адроджанага жыцьця, калі навярнуліся да Хрыста. Так сьцьвярджаецца ў Эвангельлі паводле Яна 5:24: «Сапраўды кажу вам: хто слухае слова Маё і верыць у Паслаўшага Мяне, мае вечнае жыцьцё і на суд не ідзе, але перайшоў ад сьмерці ў жыцьцё». Важней давярацца Богу, чымся сваім пачуцьцям. Калі Бог нешта кажа, дык трэба тое прыняць за праўду. А каб упэўніцца ў тым, што кажа Бог, мы павінны чытаць Яго Слова пільна і ўважліва. А дзеля ўпэўненасьці ў збаўленьні мы чытаем такія слушныя словы: «Бог засьведчыў аб Сыне сваім. А гэтае сьведчаньне ў тым, што Бог даў нам жыцьцё вечнае, і гэтае жыцьцё ў Сыне Яго. Хто мае Сына – мае жыцьцё; хто Сына Божага ня мае – ня мае жыцьця» (Яна 5:10–12).
На якой падставе ведаем, што мы маем вечнае жыцьцё ці збаўленьне? На той, што Бог так кажа ў Сваім Слове. Калі ты, паважаны чытачу, увераваў ды прыняў Хрыста за свайго Збавіцеля і Госпада, то Біблія падкрэсьлівае, што ты цяпер маеш вечнае жыцьцё. I ты можаш быць упэўненым ў гэтым таму, што Бог тое ж сказаў праз апостала Яна.
Ёсьць і другое сьведчаньне, што мы атрымалі і цяпер маем збаўленьне ад Бога. Гэта нутраное пацьвярджэньне Духа Сьвятога, што мы – Божыя дзеці. У Пасланьні да рымлянаў апостал Павал выказвае гэтую думку, пішучы: «Дух сьведчыць духу нашаму, што мы – дзеці Божыя, а калі дзеці, дык і спадкаемцы, спадкаемцы Божыя, спадкаемцы супольна з Хрыстом, калі толькі зь Ім пакутуем, каб зь Ім і праславіцца» (Рым. 8:16–17).
Калі чалавек каецца і веруе ў Хрыста, ён адраджаецца ад Духа Сьвятога. Увераваньне ў Хрыста значыць дараваньне Духа Сьвятога верніку, бо Дух Сьвяты ў сапраўднасьці аказваецца Духам Хрыстовым. Таму Дух Сьвяты ўваходзіць у сэрца чалавека, які, пакаяўшыся ў сваіх грахах і ўвераваўшы ў Хрыста як свайго ўласнага Збавіцеля, прымае Яго. 3 таго моманту Хрыстос ў відзе Духа Сьвятога пачынае жыць у сэрцы верніка і выконвае вельмі важную і неабходную ролю. Ён робіць веруючага больш чулым да граху, дапамагае яму ў змаганьні з грахом. Часамі веруючы мае асаблівую патрэбу ў падбадзёрваньні ці духоўным ўзмацненьні, ці магчыма ў якім–небудзь сваім рашэньні ён шукае Божага кіраўніцтва. У такіх справах і пытаньнях Дух Сьвяты, прабываючы ў сэрцы веруючага, наказвае яму, што трэба рабіць і як паводзіць сябе па–Божаму. Апрача таго, Дух Сьвяты таксама запэўнівае веруючага ў тым, што ён духоўна адроджанае дзіця Божае. Веруючы цешыцца з пацьвярджэньня, што ён належыць да Бога, да Яго сям’і, таму ён спадкаемец супольна з Хрыстом вечных Божых узнагарод. Бяз Духа Сьвятога ў сэрцы веруючага такой унутранай пэўнасьці не было б.
Затым, мы ўпэўніваемся ў сваім збаўленьні яшчэ іншым важным спосабам,– менавіта, грунтоўнымі зьменамі ў жыцьці. У Другім пасланьні да карынфянаў мы чытаем такія апосталавыя словы: «Хто ў Хрысьце, той – новае стварэньне, старое мінула, вось настала ўсё новае» (2 Кар. 5:17). Значыцца, як толькі мы «ўваходзім у Хрыста», гэта значыць праз новае адраджэньне становімся чальцамі Хрыстовай сям’і, дык шмат што ў нашым жыцьці зьмяняецца. Напрыклад, Біблія становіцца для нас надта важнай і каштоўнай крыніцай духоўных праўдаў; мы пачынаем праяўляць вялікае жаданьне сур’ёзна вывучаць яе. Можа ўсяго мы не разумеем, чытаючы яе, але адначасова прызнаём, што яна дапамагае нам у пазнаньні Бога і ў духоўным росьце. Вось гэта і самае галоўнае. Чым больш мы чытаем Пісаньне, тым больш яно прамаўляе да нас і павучае нас у справах хрысьціянскага жыцьця і нашае лучнасьці з Госпадам. I чым болей мы прымаем і прыстасоўваем да сябе тое, што мы чытаем у Бібліі, тым болей пераменьваемся ў паводзінах і стасунках зь іншымі людзьмі і з Богам. Ступень нашага зразуменьня духоўных пытаньняў і ісьцін павялічваецца і ўдасканальваецца.
З таго моманту, калі мы былі ўпершыню адроджаны ад Духа Сьвятога, у нас павінны былі адбыцца адпаведныя зьмены. Наш погляд на жыцьцё і на яго значэньне павінен быў зьмяніцца. Замест таго, каб толькі жыць для сваіх уласных жаданьняў і інтарэсаў, мы цяпер імкнёмся выконваць Божую волю. Унутраная перамена выяўляецца ў нашых стасунках зь іншымі людзьмі. Мы стараемся жыць у згодзе з людзьмі, якіх мы раней, мабыць, не любілі ці нават ненавідзелі. Інакш кажучы, нашыя адносіны зь іншымі, ці то будзе з мужам, жонкай, бацькамі, дзецьмі, начальнікамі, суседзямі паляпшаюцца, бо мы атрымліваем здольнасьць і сілу на зьмененае жыцьцё ад Духа Сьвятога. Калі б ты, паважаны чытачу, такіх перамен у жыцьці не спазналі, то добра было б вам пераацаніць ваш цяперашні духоўны стан перад Богам і папытацца ў сябе: а ці я сапраўды прыняў або прыняла Хрыста за свайго асабістага Збавіцеля і Госпада? Ці Ён праз Духа насамрэч жыве ўва мне?
Наступае сьведчаньне нашага духоўнага адраджэньня цесна зьвязана з папярэднім пунктам, – менавіта, што ва ўсім мы хочам жыць па–Божаму, гэта значыць згодна з Божай воляй. Вернік ня можа сьцьвярджаць, што ён прыняў Ісуса Хрыста як Збавіцеля і Госпада і адначасова жыць нязьмененым грэшным жыцьцём. Гэта паказвала б, што ён не пакаяўся так, як трэба, бо сапраўднае раскаяньне заўсёды суправаджаецца зь зьмененым спосабам жыцьця. Калі Дух Сьвяты ўвайшоў у сэрца веруючага і пануе там, дык Ён дае веруючаму глыбокую адчувальнасьць да граху. Духоўна адроджаны чалавек пакідае грэшнае жыцьцё і прымае новыя пабожныя звычкі.
Сапраўдны веруючы імкнецца да асабістай чысьціні перад Богам і іншымі людзьмі, як піша багаслоў і апостал Ян: «Бо ўсякі, хто мае гэтую надзею (другога прыйсьця Хрыста), ачышчае сябе, бо Ён чысты. Усякі, хто грашыць, робіць і беззаконьне, і грэх ёсьць беззаконьне. I вы ведаеце, што Ён зьявіўся дзеля таго, каб узяць грахі нашыя, і ў Ім няма граху. Усякі, хто ў Ім прабывае, не грашыць; усякі, хто грашыць, ня бачыў Яго і не пазнаў Яго. Дзеткі, няхай ніхто з вас ня маніць. Хто ўчыняе праўду, той праведны, як і Ён праведны» (1 Ян 3:3–7). Я ня думаю, што гэтым апостал Ян сьцьвярджае, што веруючы дасканалы і ніколі больш ня будзе грашыць. Да гэтага месца ў лісьце ён яшчэ дапісаў: «Хто кажа, што ня мае граху, ашуквае самога сябе» (1 Ян. 1:8). Апостал на самай справе падкрэсьлівае думку, што сапраўдны нованароджаны веруючы заўсёды не грашыць, гэта значыць не жыве нязьменна грэшным жыцьцём. Дзякуючы Божай ласцы ці моцы, мы атрымліваем здольнасьць на цалкам бязгрэшнае жыцьцё тады, як чытаем у Пасланьні да Ціта: «Бо зьявілася ласка Божая, якая ратуе ўсіх людзей, навучаючы нас, каб мы, адцураўшыся бязбожнасьці і пажадлівасьці сьвету, разважна, праведна і богабаязна жылі ў цяперашнім веку» (Ціт. 2:11 – 12). Калі мы кажам, што прынялі Хрыста як свайго Збавіцеля і Госпада ды надалей жывём у граху, мы толькі ашукваем саміх сябе. Сапраўдны хрысьціянін жадае і старанна імкнецца жыць праведным жыцьцём паводле біблійнага вучэньня.
Калі чалавек ёсьць духоўна адроджаны чалавек, то гэта выяўляецца тым, што ён любіць іншых вернікаў, сваіх духоўных братоў і сясьцёр па веры ў Збавіцеля Хрыста. У сваім Першым пасланьні багаслова Яна гэтая думка выказваецца: «Мы ведаем, што [мы вернікі] перайшлі ад сьмерці ў жыцьцё, бо любім братоў; хто ж ня любіць брата, той прабывае ў сьмерці» (1 Ян. 3:14). Гэта значыць, што мы любім быць разам зь іншымі веруючымі, мець і падтрымліваць блізкую лучнасьць зь імі. Мы жадаем і шукаем падбадзёрваньня і падтрымкі ў іншых вернікаў і любім праяўляць тую самую любоў і спадчыну да іншых вернікаў. Нашая прадузятасьць да веруючых павінна была ператварыцца ў любоў. Калі Бог духоўна адраджае чалавека, Ён укладвае ў яго сэрца любоў да братоў і сясьцёр па веры ў Хрыста. Калі гэта так, то павінны мы пытацца ў сябе: ці я люблю быць зь іншымі братамі і сёстрамі па веры ў Хрыста? Мы можам быць упэўнены ў тым, што аказваемся адроджанымі Духам Сьвятым, калі любім веруючых і жадаем праводзіць час зь імі.
Ёсьць яшчэ адно сьведчаньне, што мы былі духоўна адроджаны Духам Сьвятым. Гэта тое, што жадаем дзяліцца эвангельскай весткай зь іншымі людзьмі, якія Бога ня знаюць і ў Ісуса Хрыста не ўверавалі за свайго асабістага Збавіцеля і Госпада. Калі такога жаданьня мы ня маем, дык нешта не ў парадку з нашымі адносінамі да самога Збавіцеля Хрыста. Хрыстос сказаў вучням, што яны павінны распаўсюджваць Дабравесьце сярод усіх людзей і народаў, заклікаючы ўсіх да вераваньня ў Яго: «Ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына і Сьвятога Духа, навучаючы іх выконваць усё, што Я загадаў вам, і вось Я з вамі ва ўсе дні да сканчэньня веку... Ідзіце па ўсім сьвеце і абвяшчайце Дабравесьце ўсяму тварэньню», гэта значыць - усім людзям (Маць. 28:19–20; Марка 16:15). Нашае жаданьне падзяліцца Словам Божым зь іншымі людзьмі, каб яны таксама пазнаёміліся з Хрыстом ды ўверавалі ў Яго, паказвае, што мы атрымалі духоўнае адраджэньне ад Бога.
 

ЗАПЫТАНЬНІ:

1. Якім спосабам веруючы расьце духоўна?
2. У чым заключаецца істотная праўда Дабравесьця?
3. Што ў Бібліі гаворыцца пра грэшнасьць чалавека?
4. Што чакае духоўна мёртвага чалавека ў будучым?
5. Чаму Хрыстос памёр на крыжы?
6. Што трэба зрабіць, каб атрымаць збаўленьне?
7. На якой падставе мы можам быць упэўненымі ў сваім збаўленьні?
 
 
 
 
 
 

РАЗЬДЗЕЛ ТРЭЦІ:

ВАЖНАСЬЦЬ БІБЛІІ

 
У казаньні «Аб Лазару» Ян Залатавусны сказаў:
«Як звычайна, наперад паведамляю, на якую тэму я праз тыдзень намерваюся прапаведаваць, каб перад тым, як прыйсьці на багаслужбу, вы самі для сябе змаглі б прачытаць дадзенае месца і даведацца, пра што там гаворыцца. Гэта таксама дапаможа вам прыгадаць тое, што я ўжо сказаў на дадзеную тэму і што яшчэ трэба будзе растлумачыць. Вы гэтым будзеце гатовыя пачуць, што я вам яшчэ маю сказаць. І, як заўсёды раблю і буду рабіць, заахвочваю вас ня толькі ўважліва прыслухоўвацца да таго, што кажа прапаведнік, але таксама ўдзяляць час для рэгулярнага чытаньня Бібліі дома. Вось я не перастаю заахвочваць прыяцеляў і знаёмых гэта рабіць.
Не дазваляйце нікому апраўдацца такімі заявамі як: «Я страшэнна заняты палітычнымі справамі»; «мне трэба выконваць такія ці такія грамадзянскія абавязкі»; «я здольны працаўнік і мне трэба займацца сваёй працай»; «я маю жонку і дзяцей, якіх трэба карміць, таму павінен забясьпечваць сваю сям’ю». Інакш кажучы: «Я не духоўная асоба, ня мне дадзена чытаць Біблію. Няхай яе чытаюць духоўнікі як манахі, манашкі, сьвятары і тыя, хто багаслоўе вывучае.
Што ты гэтым кажаш? Не табе дадзена чытаць Біблію, бо страшэнна заняты сваімі справамі? Але менавіта з тае прычыны табе і трэба чытаць Біблію! Чым больш у цябе клопатаў, тым больш патрэбна Біблія, каб яна памагала табе. Такія людзі, як манахі і манашкі, якія пакінулі клопаты сьвету, знаходзяцца ў даволі бясьпечным становішчы. Яны падобныя да суднаў, якія плывуць на спакойным моры або стаяць на якары ў ціхай гавані. Але ты знаходзісься сярод бурлівага мора бязбожнага сьвету і табе куды больш патрэбна духоўная дапамога і падмацаваньне. Яны жывуць далёка ад поля бітвы, па–за гукамі гармат, а ты – на фронце, твар у твар з ворагам, і ты напэўна пацерпіш нямала ўдараў і будзеш сур'ёзна паранены. Аптэка мусіць быць недалёка ад цябе.
Твая жонка раздражняе цябе; ты клапоцісься аб дзецях; твае ворагі чакаюць таго моманту, калі змогуць схапіць цябе; той, каго ты лічыў тваім сябрам, зайздросьціць табе; сусед распаўсюджвае чуткі пра цябе ці спрачаецца з табой; твой калега дзейнічае за тваёй сьпінай; нехта ўзбуджае іск супраць цябе; ты пакутуеш ад галечы; траціш свайго найбліжэйшага і найдаражэйшага сябра; посьпех падбадзёрвае цябе, а тады цяжкасьць ізноў прыводзіць цябе ў маркоту... Дзе ж знайсьці дасьпехі або крэпасьць, скуль абараняцца? Дзе можна будзе знайсьці мазь для ранаў, як толькі не ў Бібліі?
Ці ж не заўважыў ты, як каваль, муляр, сталяр або іншы рамесьнік, – незалежна ад таго, як моцна прыпёрты да сьцяны, – сваіх інструмэнтаў ніколі не прадае і не кладзе ў заклад. Каб так зрабіў, дык як мог бы ён зарабляць сабе на жыцьцё? Вось менавіта гэтак і павінны мы думаць пра Біблію. Як драўляныя малаткі, молаты, пілы, долаты, сякеры і сякеркі служаць інструмэнтамі рамесьніку, так і кнігі прарокаў і апосталаў ды ўсё Пісаньне, натхнёнае Духам Сьвятым, служыць нам інструмэнтам для нашага збаўленьня».
Біблія – гэта сапраўды найважнейшая кніга для веруючага, і мы разгледзім галоўныя прычыны, чаму гэта так. Яна часта называецца Словам Божым таму, што зьмяшчае Слова Бога для ўсяго чалавецтва і асабліва для верніка. Сьвятыя людзі запісалі Слова Гасподняе па настаўленьні Духа Сьвятога, бо Ён – сапраўдны аўтар Бібліі. Біблія піша пра духоўныя і вечныя справы і была дадзена дзеля таго, каб мы маглі спазнаваць Бога і жылі паводле Ягонай сьвятой волі, гэта значыць, пабожна і справядліва.
Біблія – старажытная кніга, якая пісалася на працягу 1500 гадоў на трох мовах: Стары Запавет быў напісаны пераважна на габрэйскай мове, хаця маленькая яго частка была складзена і на арамейскай. Новы Запавет быў напісаны на старажытнай грэцкай мове. У запісваньні Слова Божага прынялі ўдзел 40 аўтараў: цары, звычайныя людзі, філёзафы, рыбакі, вучоныя, паэты, сяляне, чыноўнікі і цесьляры. Хаця Біблія пісалася на працягу надта ж доўгага часу і многімі людзьмі, яна ўся роўна прысьвечана адной найважнейшай справе: вызваленьню чалавека ад граху і ягонаму збаўленьню, што станецца рэальнасьцю пасьля ягонай сьмерці ў відзе вечнага жыцьця. Сьвятое Пісаньне выкладвае, як Бог адкрыў шлях чалавеку спазнаць Яго і ўвайсьці ў блізкія стасункі зь Ім. Біблія адкрывае тыя праўды, якія мы самі ніколі не маглі б спазнаць датычна Бога, нашага збаўленьня і хрысьціянскага жыцьця.
3 усіх кніг на сьвеце Біблія самая папулярная. Яна сёньня друкуецца і распаўсюджваецца па ўсім сьвеце. Сьвятое Пісаньне ўжо перакладзена на прыблізна 1300 моваў і яшчэ перакладаецца на шматлікія іншыя. Спэцыяльныя хрысьціянскія арганізацыі і місіянэры–лінгвісты займаюцца гэтай важнай працай. Веруючыя перакананы, што згодна з Хрыстовай воляй трэба распаўсюджваць Дабравесьце (або: «Эвангельле» – грэцкі тэрмін, што нясе значэньне «добрая вестка») сярод усіх народаў і плямёнаў сьвету на іхніх матчыных мовах. Людзі, якія атрымліваюць Біблію на сваёй матчынай мове, знаходзяць у ёй адказы на духоўныя пытаньні, супакой душам і ўнутранае духоўнае падбадзёрваньне. Слова Гасподняе адказвае на такія духоўныя пытаньні як – адкуль мы прыйшлі? дзеля чаго жывём і куды накіроўваемся? Ніякая іншая кніга не адказвае на такія пытаньні, як Біблія.
Людзі часта пытаюцца: ці мы можам быць ўпэўнены ў тым, што за ўсе мінулыя стагодзьдзі запісы біблійных аўтараў не зьмяніліся, а засталіся такімі, якімі ўпершыню былі перададзены? Ёсьць доказы, што тэкст Бібліі на працягу мінулых стагодзьдзяў не зьмяніўся. Напрыклад, у 1947 годзе ў Ізраілі былі знойдзены Скруткі Мёртвага мора. Яны ж перапісваліся з трэцяга стагодзьдзя да ад першага стагодзьдзя нашай эры. Часткі Старога Запавету зьмяшчаюцца ў гэтых скрутках. У параўнаньні са Скруткамі Мёртвага мора пазьнейшыя перапісы біблійнага тэксту (на 1000 гадоў, напрыклад) засталіся тымі самымі бяз значных пераменаў. Археолягі паказалі, што біблійны тэкст ў пазьнейшых копіях Сьвятога Пісаньня мала зьмяніўся ад ранейшых перапісаў. Значыцца, за тысячагодні пэрыяд у тэксьце зьявіліся ўсяго толькі маленькія нязначныя зьмены. Бог паклапаціўся аб тым, каб Ягонае Слова захавалася непарушным для нашай сёньняшняй карысьці.
 

ШТО БІБЛІЯ КАЖА ПРА СЯБЕ?

1. Біблія ёсьць Слова Божае.
Біблія ёсьць Слова Божае для ўсяго чалавецтва. Яна дае праўдзівыя адказы на духоўныя пытаньні. Мы павінны верыць ўсяму таму, што гаворыць Біблія, і падпарадкоўвацца ёй, калі жадаем разьвівацца ў асабістай лучнасьці з Госпадам ды ўзрастаць у хрысьціянскай духоўнасьці. Ісус Хрыстос сказаў: «Калі хто пачуе Мае словы і не паверыць, Я не суджу яго, бо Я прыйшоў ня судзіць сьвет, але збавіць сьвет. Хто адкідае Мяне і не прымае словаў Маіх, мае судзьдзю для сябе: слова, якое Я сказаў, будзе судзіць яго ў апошні дзень» (Яна 12:47–48). Мы будзем асуджаны Словам Гасподнім, якое знаходзіцца на старонках Бібліі.
У Старым Запавеце Бог выбраў прарокаў, якім адкрываўся і загадаў запісаць Ягоныя словы і запаведзі. Прарокі часта запісвалі ўласныя словы Бога і ня раз мы сустракаем такія словы: «Так кажа Госпад». У Новым Запавеце мы чытаем пра той час, калі Хрыстос выбраў апосталаў і зь імі жыў прыблізна тры гады, вучачы іх Божым ісьцінам. Перад Сваёй сьмерцю Ён сказаў вучням: «Я ўпрашу Айца і Ён дасьць вам другога Суцешніка, каб быў з вамі давеку, Духа праўды... Ён з вамі будзе прабываць і ў вас будзе жыць. Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас... Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, то навучыць вас усякай праўдзе, бо не ад Сябе гаварыць будзе, але гаварыць будзе тое, што пачуе і абвесьціць вам тое, што мае прыйсьці. Той уславіць Мяне, бо з Майго возьме і вам абвесьціць» (Яна 14:16–18; 14:13–14). Так і сталася. Вучні Хрыстовы атрымалі Духа Сьвятога, Які дапамог ім запісаць уласныя словы Хрыста і Ягонае вучэньне. Вернік, які жыве згодна вучэньнем Бібліі, валодае і праяўляе поўнае, шчасьлівае хрысьціянскае жыцьцё, жыцьцё з здабыткам, як сказана ў Слове Божым (Яна 10:10).
2. Біблія дае людзям новае адроджанае жыцьцё.
Бязь Бібліі немагчыма было б атрымаць новае зьмененае жыцьцё ад Бога. Апостал Пётр напісаў, што чалавек, які навярнуўся да Хрыста, быў «адроджаны ня з тлеючага насеньня, але зь нятленнага, праз жывое Слова Бога» (1 Пётры 1:23). Зьвяртаючыся да Сваіх вучняў, Хрыстос сказаў: «Дух жывіць, цела ж нічога ня вартае; словы, якія вам кажу, – гэта дух і жыцьцё (Яна 6:63). Пасьля гэтага апостал Пётр сказаў Хрысту: «Госпадзе!... Ты маеш словы вечнага жыцьця, і мы паверылі і пазналі, што Ты – Хрыстос (Мэсія), Сын Бога жывога» (Яна 6:68–69).
Слова Божае дае новае духоўнае жыцьцё ў тым сэнсе, што Дух Сьвяты карыстаецца Словам Божым, каб па волі Божай зьдзейсьніць у чалавека адраджэньне звыш, гэта значыць, ад Духа Сьвятога. Духоўнае адраджэньне даецца таму чалавеку, які каецца ў сваёй грэшнасьці і грахах перад Богам, веруе ды прымае Хрыста за свайго Збавіцеля і Госпада-Уладара. Чытаючы Біблію, чалавек даведваецца пра свой грэшны стан перад сьвятым Богам і пра кару, што яму будзе выдадзена, калі ён не раскаецца ў грахах. Новы Запавет растлумачвае яму важнасьць і значэньне ахвярнай сьмерці Хрыста на крыжы і паказвае, як празь яе чалавек можа атрымаць дараваньне грахоў і збаўленьне. Калі чалавек каецца ды веруе ў Хрыста, Дух Сьвяты адраджае яго да новага зьмененага жыцьця. Слова Божае адкрывае нам шлях да духоўнага разьвіцьця і росту. Яно падказвае нам, як мы можам паглыбляцца ў лучнасьць з Госпадам і ўмацоўвацца ў хрысьціянскім характары і паводзінах. Апостал Пётр параўноўвае Сьвятое Пісаньне з духоўнай ежай, празь якую веруючы расьце ў хрысьціянскім жыцьці: «Палюбіце чыстае слоўнае малако, каб ад яго ўзрасьці вам на збаўленьне» (1 Пётры 2:2). Калі ў пустыні д’ябал спакушаў Хрыста, Які ў той час фізычна галадаў, Хрыстос адказаў яму: «Напісана: ня хлебам адным жыць будзе чалавек, а ўсякім словам, што выходзіць з вуснаў Божых» (Маць. 4:4). Гэтым чынам Хрыстос паказаў, што жыцьцё чалавека ня толькі залежыць ад матэрыяльнай ежы, але таксама ад нашага духоўнага ўзрастаньня ў лучнасьці з Богам. А гэта ажыцьцяўляецца толькі тады, калі мы зьвяртаем сур'ёзную ўвагу на Гасподнія словы і жывём згодна зь Ягонай воляй. Сьвятое Пісаньне адраджае нас да новага жыцьця ў Хрысьце і памагае нам разьвівацца ў хрысьціянскай духоўнасьці.
3. Слова Божае дае нам духоўную сілу.
У шостым разьдзеле Пасланьня да эфэсянаў апостал Павал апісвае зброю, якой павінен карыстацца вернік для пераможнага хрысьціянскім жыцьця. Ён параўноўвае асабістае ўзбраеньне рымскага жаўнера таго часу да духоўнай зброі ў хрысьціяніна. Між іншым ён піша: «Шалом збаўленьня вазьміце і меч Духа, якім ёсьць Слова Божае» (Эфэс. 6:17). Дух Сьвяты карыстаецца Словам Божым, як меч. I калі мы жадаем карыстацца Божай сілай, калі сьведчым іншым пра Ісуса Хрыста і пра тое, як Ён дзейнічае ў нашых душах, нам трэба мець у сваім сэрцы і дзяліцца зь іншымі Словам Божым. Вывучаючы зьмест Божага Слова, мы, так кажучы, узбройваемся для духоўнай бітвы, у якой мы ўдзельнічаем кожны раз, калі адкрываем людзям, якія Госпада і Ягонага Слова ня ведаюць, зьмест Дабравесьця. Слова Гасподняе таксама спрыяе нашаму далейшаму разьвіцьцю ў хрысьціянскай духоўнасьці і паводзінах. Дух Сьвяты, Які жыве ў верніку, карыстаецца зьместам Бібліі як духоўны матэрыял, з дапамогай якога Ён дзейнічаць у нашых душах. Калі гэта так, то нам трэба рэгулярна і ўважліва чытаць Слова Божае. Чым больш мы чытаем і знаёмімся са Словам Божым, тым мацнейшымі «жаўнерамі Хрыстовымі» мы становімся.
У чацьвёртым разьдзеле Пасланьня да габрэяў пішацца так пра сілу Слова Божага: «Слова Божае жывое і дзеючае ды вастрэйшае за ўсякі меч двусечны; яно пранікае да разьдзяленьня душы і духа, суставаў і мазгоў, і судзіць думкі і намеры сэрца» (Габр. 4:12). Слова Божае нясе вялікую сілу вернікам. Яно адкрывае нам тое, што правільна і няправільна ў нашым жыцьці. Калі нейкая нашая пастанова, намер або ўчынак з Божай воляй не пагаджаецца, Слова Гасподняе асуджае нас і паказвае, што ня так мы робім і як нам трэба перамяніцца з дапамогай Духа Сьвятога і выконваць Гасподнюю волю. Яно ня толькі раскрывае памылковыя паводзіны і намеры, але таксама падказвае, як нам трэба сябе паводзіць, каб нашыя дзеі адпавядалі Божай волі. Гэта ўсё становіцца ясным і вядомым нам, калі мы знаёмімся са зьместам Гасподняга Слова і Дух Сьвяты карыстаецца ім для нашага далейшага разьвіцьця ў хрысьціянскай духоўнасьці і характары.
 

НАТХНЁНАСЬЦЬ БІБЛІІ

Некаторыя людзі сьцьвярджаюць, што Біблія зьмяшчае толькі старадаўнія міты і легенды, але яны ў гэтым памыляюцца. Вучоныя даўно даказалі, што Біблія – верагодная крыніца зьвестак пра старажытныя гістарычныя падзеі. Мы тут ня будзем займацца гэтым пытаньнем, але сканцэнтруемся на тым, што Біблія кажа пра сваю натхнёнасьць.
Апостал Павал напісаў аб гэтым Цімафею наступнымі словамі: «Усё Пісаньне натхнёна Богам і карысна дзеля навукі, дзеля выкрываньня, дзеля выпраўленьня, дзеля настаўленьня ў праведнасьці, каб дасканалым быў чалавек Божы, на ўсякую добрую справу падрыхтаваны» (2 Цім. 3:16–17). Перш за ўсё, заўважма, што «ўсё Пісаньне» натхнёна Богам. Якое значэньне гэта мае для нас сёньня? Тое ж, што мы ня маем права выбіраць тыя часткі Пісаньня, якія падабаюцца нам, і казаць, што яны натхнёныя, а іншыя часткі, якія нам не падабаюцца, адкідваць, лічачы іх ненатхнёнымі або памылковымі. Не ад нас залежыць такое рашэньне. Апостал Павал напісаў, што «ўсё Пісаньне» натхнёнае Богам і таму яно карысна для нашага духоўнага павучэньня і росту.
Да таго ж, апостал сьцьвярджае, што ўсякае Пісаньне «натхнёна Богам». Што гэта значыць? У грэцкім арыгінале гэты выраз літаральна значыць «быць удыхнутым». Інакш кажучы, Бог удыхнуў або ўклаў Свае думкі і волю ў Сьвятое Пісаньне ў і ў гэтым сэнсе Ён – сапраўдны Аўтар яго. Як Ён гэта зрабіў? Апостал Пётр адказвае на гэтае пытаньне, калі піша: «Ніколі прароцтва не выказвалася з волі чалавечай, але выказвалі яго сьвятыя людзі Божыя, якімі кіраваў Дух Сьвяты» (2 Пётры 1:21). У часах Старога Запавету Бог выбіраў тых, хто запісваў Яго словы і думкі. Часта мы знаходзім у творах старазапаветных прарокаў такія выразы як: «Так кажа Гасподзь» ці «Прыйшло да мяне слова Гасподняе» і так далей. Бог адкрываўся гэтым людзям і падказваў ім, як запісваць Яго Слова. У гэтым працэсе Ён кіраваў іхнімі думкамі. Тое ж самае Ён і рабіў для апосталаў, калі яны запісвалі Слова Божае, якое ўвайшло ў Новы Запавет. Пра тое мы знаходзім такія словы ў Пасланьні да габрэяў: «Бог, Які шмат разоў і рознымі спосабамі здаўна прамаўляў да бацькоў праз прарокаў, у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз (Свайго) Сына, Якога паставіў за спадкаемца ўсяго, празь Якога і вякі стварыў» (Габр. 1:1–2). Усім гэтым кіраваў Дух Сьвяты.
Не забудземася, што гэтыя выбраныя сьвятыя не запісвалі Божых словаў і волі неяк мэханічнае. Кожны прарок, эвангеліст і апостал праяўляе свой асабісты літаратурны стыль і падкрэсьлівае найважнейшыя думкі і духоўныя ісьціны. 3 гэтага вынікае, што ў запісваньні Свайго Слова Бог не адхіляў, а карыстаўся асабістымі здольнасьцямі і характарамі прарокаў і апосталаў. Таму мы і заўважаем разнастайнасьць у стылях і прыёмах біблейных аўтараў. Але ўсюды ў іхніх творах праяўляецца Божы голас. Таму і мог апостал Павал напісаць, што «ўсё Пісаньне натхнёна Богам».
Зьвяртаючыся аднойчы да Бога Айца ў малітве, Ісус Хрыстос сказаў так пра Слова Божае: «Слова Тваё – праўда» (Ян. 17:17) Гэта значыць, што Бог паклапаціўся пра тое, каб Ягонае Слова запісвалася без усякіх памылак. Бог гаворыць толькі праўду, таму кожнае прароцтва і ўсе словы, запісаныя ў Бібліі, поўнасьцю праўдзівыя, аўтарытэтныя і беспамылковыя. Калі мы гаворым пра беспамылковасьць Бібліі, дык перш за ўсё маем на ўвазе яе арыгінал. Пры перапісваньні і перакладах памылкі, магчыма, увайшлі ў біблейны тэкст, але яны наогул невялікія і ні ў якой справе не зьмяняюць біблійнага вучэньня. Калі памылкі паяўляюцца ў біблійным тэксьце, мы павінны памятаць, што іх перапісчыкі і перакладчыкі ўнесьлі незнарок. За апошнія дзесяцігодзьдзі багасловы карысталіся і абапіраліся на вельмі раньнія рукапісы Старога і Новага Запаветаў і пасьпелі шмат чаго выправіць у тэксьце. За прыкладам першых хрысьціянаў мы верым, што Сьвятое Пісаньне было дадзена Богам, таму яно і праўдзівае ды беспамылковае. Таму трэба давярацца яму і яго настаўленьняў і загадаў слухацца.
Якім спосабам Біблія дайшла да нас у відзе кананічных кніг, якія мы заўважаем у сёньняшніх асобніках Сьвятой Бібліі? Гэта быў працяглы працэс, што пачаўся з напісаньня першых пяці кніг Старога Запавету, што называецца «Торай». Пасьля гэтага іншыя кнігі габрэйскіх прарокаў былі дабаўлены да сьпісу кананічных кніг, таксама і Псалтыр. Асаблівая сэкта рабінаў у Ямніі склала сьпіс Старога Запавету, якія пазьнейшыя хрысьціянскія царкоўныя саборы прынялі і ўключылі ў склад натхнёных старазапаветных кніг. Што тычыцца кніг Новага Запавету, яны былі прынятыя ў канон Сьвятога Пісаньня рознымі аўтарытэтнымі царкоўнымі лідэрамі зь першага да трэцяга стагодзьдзяў н. э. Лідэры хрысьціянскіх цэркваў зьбіраліся некалькі разоў, каб пагадзіцца на склад Старога і Новага Запаветаў. Мураторыеў канон быў прызнаны ў 170-м годзе н. э. і уключыў усе кнігі Новага Запавету замест Пасланьня да габрэяў, Пасланьня Якава і Трэцяга пасланьня Яна. У 363-м годзе ўдзельнікі Лаадыкійскага Сабору заявілі, што хрысьціяне павінны ў сваіх цэрквах зачытваць вернікам усе кнігі Старога Запавету (разам с «Апокрыфам», хаця апакрыфічныя кнігі ў найвышэйшы канон Сьвятога Пісаньня не ўвайшлі) і 27 кніг Новага Запавету. Іпанійскі царкоўны сабор, што сустрэўся ў 363-м годзе, і Карфагенскі сабор, што сустрэўся ў 397-м, пацьвердзілі 27 кніг Новага Запавету. Пратэстанты не прынялі апакрыфічных кніг у склад Сьвятога Пісаньня.
 

ЧАМУ БІБЛІЯ БЫЛА ДАДЗЕНА ЧАЛАВЕЦТВУ?

Бог даў чалавецтву Біблію па шматлікіх прычынах. Усё, што нам трэба ведаць пра веру і хрысьціянскае жыцьцё, зьмяшчаецца на яе старонках. Мы засяродзімся на шасьці прычынах, чаму Бог даў Біблію чалавецтву.
1. Біблія адкрывае Бога і Хрыста. Бог адкрываецца чалавеку двума спосабамі: праз прыроду і Сьвятое Пісаньне. Апостал Павал напісаў пра Божае адкрыцьцё праз прыроду наступнае: «Тое, што можна ведаць пра Бога, яўна ім, бо Бог выявіў ім; бо нябачанае Яго, вечная сіла Яго і Боства ад стварэньня сьвету праз разважаньне аб творах бачным становіцца, каб быць ім без апраўданьня» (Рым. 1:19–20). Калі чалавек глядзіць на сусьвет і на прыроду, ён заўважае ў іх вялікі падарак і мэтанакіраванасьць. Гэта наводзіць яго да высновы, што па–за створаным сьветам мусіць існаваць вялікі Канструктар-Творца. Апостал тлумачыць, што сіла Божая і Ягонае Боства становяцца бачнымі чалавеку, калі ён глядзіць на створаны сьвет і разважае пра тое, як усё гэта зьявілася і цяпер існуе.
Але ўзьнікае пытаньне: што могуць сусьвет і прырода сказаць нам пра Бога? Толькі тое, што Ён – магутны і па ўсім вядомым нябачны Творца, што Ён карыстаецца вялікай сілай у тварэньні. Калі б спадзявацца толькі на такія сьведчаньні існаваньня і магутнасьці Бога, мы нічога не маглі б даведацца пра Ягоны характар або намеры для нас людзей. Вось таму і неабходным стаўся другі спосаб у пазнаньні Бога, а гэта – самавыяўленьне Бога праз запісанае і натхнёнае Ім Слова. Мы ўжо бачылі, як Бог выбраў Сваіх слуг: прарокаў, эвангелістаў і апосталаў, якія запісалі словы і дзеі Бога. Праз тое, што Бог выказаў і зрабіў, мы пазнаём Яго, Ягоную волю і любоў да нас. Такім чынам Ён становіцца вядомым нам.
Біблія ня толькі адкрывае Бога, нашага Нябеснага Айца, але таксама знаёміць нас зь Ягоным Сынам, Ісусам Хрыстом. У Эвангельлі мы чытаем пра зямное служэньне Хрыста і даведваемся пра Ягонае вучэньне. Бог загаварыў да нас праз прарокаў і Свайго Сына, каб мы ўпэўніваліся ў Ягоным абяцаньні вечнага жыцьця празь веру Бога–Сына. Эвангеліст Ян напісаў: «Гэта ж напісана, каб вы паверылі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і мелі жыцьцё ў імя Яго» (Ян. 20:31).
У старазапаветныя часы прарокі, па натхненьні і ўплыве Духа Сьвятога, прадказвалі прышэсьце Мэсіі. Гэтыя прароцтвы выказваліся праз многія стагодзьдзі перад тым, як Ісус Хрыстос нарадзіўся ў Бэтляеме. Часта яны перадаваліся з дакладнымі падрабязнасьцямі. У сваіх новазапаветных запісах эвангелісты часта кажуць, што дадзеная падзея ў жыцьці Хрыста адбылася згодна з тым, што было прадказана ў Старым Запавеце. У Дабравесьці мы чытаем пра нараджэньне Хрыста ад Дзевы Марыі, пра Ягонае бязгрэшнае і бескарысьлівае жыцьцё і пра Ягонае духоўнае служэньне сярод людзей. Новы Запавет растлумачвае, дзеля чаго, або праўдзівей, дзеля каго Хрыстос перанёс крыжовыя пакуты і сьмерць. Калі мы чытаем Дабравесьці паводле Мацьвея, Марка, Лукаша і Яна, мы знаёмімся з жыцьцём, дзеямі і вучэньнем Ісуса Хрыста.
2. Біблія была дадзена дзеля таго, каб адкрыць чалавеку Божы шлях да збаўленьня. Апостал Павал напісаў, што «Сьвятое Пісаньне... зробіць цябе мудрым на збаўленьне празь веру ў Хрыста Ісуса» (2 Цім. 3:15). Нават у Старым Запавеце Бог праз прарокаў адкрываў шлях збаўленьня для кожнага, хто шукаў яго. Стары Запавет рыхтаваў людзей да прыходу Збаўцы Ісуса Хрыста. I калі Хрыстос сышоў ды зьявіўся людзям, Ён абяцаў, што збаўленьне дасца кожнаму, хто веруе ў Яго ды жыве у паслухмянасьці Яму. У тлумачальных творах – пасланьнях апосталы раскрываюць, як мы павінны ўвераваць у Ісуса Хрыста ды ісьці ўсьлед за Ім. Трэба верыць таму, што Ён сышоў зь неба, што Ён – Сын Божы, Які аддаў Сваё жыцьцё як ахвяру за наш грэшны стан і за нашыя асабістыя грахі. Па веры ў Яго і Ягоную ахвярную сьмерць нам даруюцца грахі і мы ўваходзім у Гасподнюю сям’ю апраўданых вернікаў.
3. Біблія таксама была дадзена з тою мэтаю, каб спрыяць нашаму разьвіцьцю ў хрысьціянскай духоўнасьці і характары. Сапраўднае хрысьціянскае жыцьцё пачынаецца з духоўнага адраджэньня, адраджэньня ад вады і Духа Сьвятога, як сказаў Хрыстос фарысэю Мікадэму. Гэта збываецца, калі мы каемся ў сваіх грахах перад Богам, веруем і прымаем Хрыста як свайго асабістага Збавіцеля і Госпада–Уладара ды паказваем гэта прыняцьцем сьвятога воднага хрышчэньня. Можна сказаць, што той, хто толькі што пакаяўся ды ўвераваў Хрыста, ўжо перажыў духоўнае адраджэньне і стаецца чальцом Гасподняга Царства. 3 моманту ягонага духоўнага адраджэньня верніку трэба ўзрастаць ды ўмацоўвацца ў лучнасьці з Госпадам і зь іншымі веруючымі. Як піша апостал Пётр: «Як нованароджаныя дзеткі, палюбіце чыстае слоўнае малако, каб ад яго ўзрасьці вам на збаўленьне, бо вы паспрабавалі, што Госпад добры» (1 Пётры 2:2–3). Чыстае слоўнае малако – гэта асноўныя вучэньні і дактрыны, якія выкладваюцца на старонках Бібліі.
На жаль, таксама бывае так, што чалавек, які навярнуўся да Хрыста, застаецца дзіцём у веры, бо не бярэцца сур’ёзна за вывучваньне Слова Божага. Мы расьцём у хрысьціянскай духоўнасьці і ў лучнасьці з Госпадам тым, што выбіраем ды ходзім па тых сьцежках, якія Бог падрыхтаваў для нас і знаходзяцца ў Дабравесьцях і Пасланьнях сьвятой Бібліі. Вернік, які не расьце ў хрысьціянскай духоўнасьці найчасьцей перастае зьвяртаць сур’ёзную ўвагу на Слова Гасподняе і не падпарадкоўваецца Богу ў дачыненьні да сваіх эгаістычных пажаданьняў і пачуцьцяў. Аб гэтым напісаў аўтар Пасланьня да габрэяў: «Бо вас, якія, паводле часу, павінны быць настаўнікамі, трэба зноў вучыць пачаткам словаў Божых, і вам патрэбна малако, а ня цьвёрдая [духоўная] ежа, бо ўсякі, хто корміцца малаком, несьвядомы ў слове ісьціны; ён застаецца духоўным дзіцяткам. «Дасканалым жа ўласьціва цьвёрдая ежа, тым, у якіх пачуцьці навыкам прывучаны распазнаваць дабро і зло» - піша аўтар Пасланьня да габрэяў (Габр. 5:12–14).
Вернік расьце духоўна тым, што пастаянна чытае Біблію, сур’ёзна вывучае яе настаўленьні і выконвае яе загады. Вернік, які перастае гэта рабіць, мала-памалу пачынае духоўна галадаць, таму і не расьце так, як павінен. Сьвятая Біблія служыць нам духоўнай стравай, і калі мы жадаем глыбей пазнаваць Бога, Ягонае вучэньне і ставацца падобнымі да Хрыста, то неабходна жывіцца Словам Гасподнім. Прарок Ярэма зразумеў гэтую рэальнасьць; пра тое сьведчаць ягоныя словы: «Знойдзены былі Твае словы і я прыняў іх; былі Твае словы радасьцю мне і пацехай майму сэрцу» (Ярэм. 15:16). Хрыстос сказаў, што ня можа чалавек жыць толькі адным хлебам (гэта значыць, фізычнай стравай), але словамі, выказанымі Богам (Маць. 4:4). Веруючыя жывяць душу сваю чытаньнем і ўважлівым вывучваньнем Слова Божага.
4. Біблія была дадзена дзеля таго, каб выкрываць нам грэшныя дзеі, але таксама каб ачышчаць нас ад грахоў. У 139-м псальме псальмасьпявак зьвяртаецца да Бога з такімі словамі: «Выпрабуй мяне, Божа, і сэрца маё Ты спазнай; мяне выпрабуй і спазнай мае думкі. I паглядзі, ці не іду крутой дарогай, і на шлях вечны накіруй мяне» (Пс. 139:23–24). Кожны раз, калі мы чытаем Слова Божае, мы даём Духу Сьвятому магчымасьць загаварыць да нашых сэрцаў пра грэх, што магчыма таіцца ў нашым сэрцы. Праз Слова Гасподняе Дух Сьвяты адкрывае нам нашыя грэшныя ўчынкі, думкі або намеры і падахвочвае нас выспаведаць грахі перад Богам і адрачыся ад іх, просячы ў Яго дапамогі стацца пераможнымі над імі. Бог даруе нам грахі, калі мы спавядаемся ў іх і падпарадкоўваемся Яму. Хрыстос сказаў вучням: «Вы ўжо ачышчаны праз слова, што Я гаварыў вам» (Ян. 15:3). Апостал Павал тое самае меў на ўвазе, калі напісаў, што «Хрыстос палюбіў Царкву і выдаў Сябе за яе, каб асьвяціць яе, ачысьціўшы яе абмываньнем вадзяным праз слова» (Эфэс. 5:26). Праз Слова Божае мы атрымліваем прабачэньне грахоў.
5. Біблія была дадзена дзеля таго, каб кіраваць нашым жыцьцём. Штодня нам даводзіцца рашаць, як і што рабіць, але не заўсёды нам зусім ясна, што на самай справе трэба рабіць. Слова Божае дапамагае нам у жыцьцёвых рашэньнях. Чытаючы Біблію, мы часта спазнаём Божую волю, а гэта дапамагае нам у рашэньнях, як і што рабіць. Бог абяцае кіраваць нашым жыцьцём, калі мы зьвяртаемся да Яго і спадзяёмся на Яго. Ізраільскі цар Саламон напісаў: «Спадзявайся на Госпада ўсім сэрцам тваім і не абапірайся на розум свой. Ва ўсіх шляхах тваіх спазнавай Яго і Ён будзе кіраваць шляхамі тваімі» (Прык. 3:5–6). Мы пазнаём Бога чытаньнем і вывучваньнем Ягонага Слова. Апостал Ян запэўнівае нас, што Бог чуе і адказвае на нашыя малітвы, калі мы молімся па Ягонай волі: «I вось адвага, якую мы маем перад Ім, што, калі просім чаго паводле волі Ягонай, Ён слухае нас, а калі мы ведаем, што Ён слухае нас ва ўсім, чаго б мы ні прасілі, дык ведаем, што атрымаем прошанае ад Яго» (1 Яна 5:14–15).
Як Самога Бога мы пазнаём чытаньнем і вывучваньнем Ягонага Слова, так і волю Ягоную мы пазнаём падобным спосабам. Калі мы праз Слова Божае і з удзелам Духа Сьвятога, Які загаворвае да нас, адчуваем, у чым заключаецца воля Гасподняя, нашыя малітвы пачынаюць бліжэй адпавядаць Ягонай волі і Бог адказвае на іх. У 32-м псальме Бог дае такое абяцаньне чалавеку, які спадзяецца на Яго: «Навучу цябе і пакажу табе сьцежку, якой ты павінен ісьці, і дам табе раду, бо вока Маё над табой» (Пс. 32: 8–9). 3 гэтага мы разумеем, што Бог абяцае кіраваць нашым жыцьцём, але для гэтага нам таксама трэба жадаць і шукаць Ягонай волі, падавацца Ягонаму аўтарытэту і выконваць Ягоныя запаведзі, зь якімі мы знаёмімся, чытаючы Біблію. Калі падпарадкоўваемся Слову Гасподняму, Дух Сьвяты кантралюе нас і кіруе нашым жыцьцём для нашага дабра.
6. Біблія была дадзена нам, каб нам карыстацца ёю, асабліва калі сьведчым іншым пра Госпада. У сваім Першым пасланьне Пётр піша: «Будзьце заўсёды гатовыя лагодна і з павагай даць адказ кожнаму, хто патрабуе ад вас слова аб вашай надзеі» (1 Пятр. 3:15). Словы і тлумачэньні аб нашай надзеі і веры мы вычэрпваем зь Бібліі. Многія сёньня Хрыста ня знаюць, але калі б нехта зь веруючых растлумачыў ім Добрую Вестку, яны навярнуліся б да Хрыста. Слова Божае зьмяшчае добрую вестку пра дараваньне грахоў і збаўленьне па веры ў Хрыста, таму яно неабходнае таму верніку, які займаецца працай евангелізацыі сярод няверуючых. Веруючаму трэба ня толькі ўважліва чытаць Слова Божае, але таксама вывучаць асобныя месцы на памяць, каб перадаваць іх тым людзям, якім ён сьведчыць пра Хрыста і пра шлях да збаўленьня. Як ужо ня раз было сказана, Слова Гасподняе паказвае, што кожны чалавек мусіць пакаяцца ў асабістых грахах, увераваць у Збаўцу Ісуса Хрыста і прыняць вадзяное хрышчэньне. Калі вернік дзеліцца з слухачом такія месцы зь Сьвятога Пісаньня і разьясьняцца, як на падставе Слова Божага можна стацца пасьлядоўнікам Ісуса Хрыста, Дух Сьвяты карыстаецца тымі біблійнымі цытатамі і прыводзіць няверуючага да Хрыста. Дух Сьвяты духоўна адраджае таго чалавека, які каецца ў грахах ды веруе ў Хрыста як Збаўцу ад грахоў. Наш хрысьціянскі абавязак ў тым, каб трымаць у памяці і мець на запасе тыя месцы Сьвятога Пісаньня, якія тлумачаць асноўныя крокі да Бога і сваім часам прыводзяць шукальніка да Бога. Мы вернікі павінны быць гатовымі падзяліцца самымі галоўнымі вучэньнямі і ісьцінамі Бібліі, якія прывядуць няверуючага да Бога і Хрыста. Бяз Слова Божага накіраваць няверуючага да Бога і Хрыста было б немагчыма. 
 

ЗАПЫТАНЬНІ:

1. На якой падставе можам мы казаць, што Біблія ёсьць Слова Божае?
2. Якую ролю Біблія адыгрывае ў жыцьці верніка?
3. Растлумач выраз: «усё Пісаньне натхнёна Богам».
4. У скарочанай форме выкладзі шэсьць дадзеных у гэтым разьдзеле прычын, якія растлумачваюць, чаму Бог даў Біблію чалавецтву.
 
 
 
 

РАЗЬДЗЕЛ ЧАЦЬВЁРТЫ:

ЯК ВЫВУЧАЦЬ БІБЛІЮ

 
У апошнім разьдзеле мы абмеркавалі пытаньне аб важнасьці і неабходнасьці Бібліі для кожнага веруючага і веруючай. Біблія становіцца карыснай кнігай толькі тады, калі мы сур'ёзна вывучаем яе зьмест і выконваем яе загады. Як можам мы вывучаць яе зьмест і кіравацца ёю ў сваім жыцьці? На тое ёсьць розныя спосабы, і ў гэтым разьдзеле мы пазнаёмімся з галоўнымі мэтадамі. Разгледзім чатыры метады: слуханьне і чытаньне Бібліі; уважлівае вывучваньне Бібліі; вывучваньне біблейных урыўкаў на памяць; разважаньне і прыстасаваньне навукі Бібліі да свайго жыцьця.
1. Слуханьне і чытаньне Бібліі.
Першы спосаб пазнаньня зьместу Слова Божага - гэта слуханьне яго. Тут жа маецца на ўвазе тое, што мы слухаем Слова Божае, калі яго чытаюць і растлумачваюць прасьвітары і прапаведнікі. Такім спосабам першыя хрысьціяне пачулі Слова Гасподняе ад апосталаў і асабліва ад Пётры, які ў дзень Пяцідзясятніцы ўпершыню выступіў з казаньнем пра Ісуса Хрыста і пра неабходнасьць увераваць у Яго для дараваньня грахоў і дару збаўленьня. У Дзеях Сьвятых Апосталаў мы чытаем, што тыя, хто слухаў казаньне апостала Пётры, прыхільна слухалі яго і прынялі ягоныя словы, пакаяліся, уверавалі ў ахвярную сьмерць Хрыста за іхнія грахі, прынялі сьвятое воднае хрышчэньне ды пачалі «трываць у навуцы апостальскай» (Дзеі 2:42). Гэта значыць, што нованаверненыя пачалі рэгулярна зьбірацца з апосталамі і іх слухаць, калі яны перадавалі і растлумачвалі Дабравесьце Хрыстова. У сапраўднасьці Слова Гасподняе прыйшло да першых хрысьціян з апостальскіх вуснаў.
Як апосталы ўпершыню перадавалі і растлумачвалі Сьвятое Пісаньне ў тыя дні, так і сёньня Бог выбірае і карыстаецца асобнымі людзьмі ў распаўсюджваньні і растлумачваньні Свайго Слова вернікам і нявернікам. Той, хто сёньня прапаведуе Дабравесьце Хрыстова, у сапраўднасьці перадае Слова Гасподняе сваім слухачам. Калі ёсьць магчымасьць, веруючыя павінны стала хадзіць на набажэнствы, дзе пастаянна чытаецца і прапаведуецца Слова Божае. Апостал Павал піша, што вера ўзьнікае ў нашых сэрцах тады, калі мы слухаем або чытаем Слова Божае (Рым. 10:17). У нашым часе Бог выбраў Сваіх слугаў: прасьвітараў, эвангелістаў і духоўных настаўнікаў, якіх і надзяліў глыбокім духоўным разуменьнем Ягонага Слова і здольнасьцю растлумачыць яго значэньне для нашага хрысьціянскага разьвіцьця ў веры.
Некаторыя людзі жывуць у такіх месцах, дзе цэркваў няма, таму і адсутнічае магчымасьць чуць Слова Божае. Такія людзі часта таксама ня маюць свайго ўласнага асобніка Бібліі і ніякага доступу да яго. Што рабіць у такім выпадку? Мы раім такім людзям перш за ўсё маліцца Богу і прасіць, каб Ён дапамог ім атрымаць асобнік Бібліі або хаця б Новы Запавет. Апрача таго, можа як раз у іхніх ваколіцах існуе і дзейнічае гурток хрысьціянскіх вернікаў, пра якіх яны нічога ня ведаюць. Варта ім шукаць такія суполкі вернікаў і маліцца аб тым, каб Госпад прывёў іх да групы веруючых, якія зьбіраюцца для чытаньня і разважаньня Слова Гасподняга.
Людзі бяз Слова Божага таксама могуць пашукаць у прыёмніку і слухаць эвангельскія радыёперадачы, якія абвяшчаюцца хрысьціянскімі радыёстанцыямі ў сьвеце. Нямала ёсьць хрысьціянскіх арганізацыяў, якія рыхтуюць і перадаюць духоўную інфармацыю па радыё, тэлебачаньні і інтэрнэце. У гэтых праграмах чытаюць Слова Божае і тлумачаць яго вучэньне. Раім усім прыкласьці намаганьне, каб знайсьці радыёперадачы і іншыя крыніцы ў сёньняшняй масмэдыі. Па сьведчаньні іншых людзей мы ведаем, што Госпад даводзіць тых, хто шукае Яго, да духоўных крыніц і людзей. Слова Божае абяцае наступнае: «Калі будзеш шукаць Госпада Бога твайго, дык знойдзеш Яго, калі будзеш шукаць Яго ўсім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёю» (Друг. зак. 4:29). Ісус Хрыстос сказаў:«Прасеце і будзе вам дадзена; шукайце і знойдзеце; стукайцеся і адчыняць вам, бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць, і хто стукае, таму адчыняць дзьверы» (Маць. 7:7).
А што мы можам параіць верніку, які мае і карыстаецца Бібліяй? Такому мы раім чытаць Сьвятое Пісаньне рэгулярна і ўважліва, бо такім чынам нованавернены і старэйшы веруючы будзе расьці ў хрысьціянскай духоўнасьці. На жаль, многія вернікі пастаянна Біблію не чытаюць, хаця ведаюць, што трэба так рабіць для духоўнага росту. Так многія вернікі чытаюць Сьвятое Пісаньне, але толькі зрэдку, асабліва тады, калі перажываюць нейкую непрыемнасьць або пападаюць у бяду. I часта так здараецца, што як толькі крызіс абмінуў верніка, ён зноў перастае чытаць Біблію. Калі б мы гэтак жа карміліся фізычнай стравай, то за адносна кароткі час паўміралі б з голаду. У духоўным жыцьці нешта падобнае здараецца, калі мы пастаянна не жывім душы духоўнай стравай, гэта значыць, зьместам Сьвятога Пісаньня.
Каб пазбыцца пастаяннага чытаньня Сьвятога Пісаньня, трэба цьвёрда пастанавіць штодзённа чытаць Слова Божае і найлепей скласьці асаблівы плян такога чытаньня. Стары і Новы Запаветы можна прачытаць за год, калі штодня прачытаеш тры разьдзелы са Старога і адзін разьдзел з Новага Запавету. Мабыць, гэта зашмат камусьці, тады лепш было б прачытаць два ці тры разьдзелы ў дзень. Нават калі веруючы пастановіць штодня прачытаць усяго толькі адзін разьдзел, то і гэтым ён ужо зробіць больш за таго, хто чытае Пісаньне час ад часу або зусім ня чытае яго. Мы радзім веруючым прачытаць штодня ўрыўкі і са Старога і з Новага Запаветаў, бо чытаньне паводле такога пляна дапаможа ім пазнаёміцца са зьместам і навукай абодвух Запаветаў. Кожны веруючы павінен сам прыйсьці да высновы, паводле якога пляна ён будзе чытаць Біблію.
2. Уважлівае вывучваньне Бібліі.
Механічнае перачытваньне Сьвятога Пісаньня асаблівай радасьці ці здавальненьня ня прыносіць. Трэба ня толькі чытаць, але паколькі гэта магчыма, і ўважліва вывучаць урывак, які чытаем. Інакш кажучы, веруючы павінен чытаць Слова Божае так, каб паглыблена пазнаёміцца са зьместам прачытанага. Мы павінны ўзяць прыклад ў веруючых, апісаных ў сямнаццатым разьдзеле Дзеяньняў апосталаў. Апостал Павал і ягоны супрацоўнік, Сіла, наведалі хрысьціянаў у Верыі, пра якіх было напісана: «Гэтыя ж былі больш дабрамысныя, чым у Фесалоніках. Яны прынялі Слова з усёй ахвотай ды кожны дзень разьбіралі Пісаньне, ці гэтак яно ёсьць» (Дзеі 17:11). Верыйскія хрысьціяне проста ня чыталі, але вывучалі Сьвятое Пісаньне, а гэта, зразумела, патрабавала ад іх вялікага засяроджаньня і сур'ёзнага разважаньня над прачытаным. Нам таксама трэба ня толькі хуценька раз перагледзець нейкі ўрывак зь Бібліі, але некалькі разоў уважліва перачытаць яго, стараючыся зразумець, чаму ён навучае і як прыстасаваць ягоную навуку да свайго жыцьця. Пра верыйскіх веруючых гаворыцца, што яны «разьбіралі Пісаньне», імкнучыся гэтым поўнасьцю зразумець Божыя праўды для свайго духоўнага росту. Тое ж самае і нам патрэбна, але гэта вымагае ад нас шчырага стараньня і шуканьня Божае волі для свайго жыцьця. Разьбіраць Слова Божае — значыць засяроджвацца з поўнай увагай на вучэньні Бібліі і рупліва старацца зразумець сапраўднае значэньне дасьледаванага тэксту ды, паколькі магчыма, прыстасаваць яго да свайго жыцьця.
Псальмасьпявак напісаў, што шчасьлівым бывае той, хто любіць і жыве паводле закону Гасподняга, аб якім ён і разважае ўдзень і ўначы (Пс. 1:1-2). Сьвятое Пісаньне становіцца карысным веруючаму, калі ён чытае яго не павярхоўна, а ўважліва зь імкненьнем пачуць у чытаных словах голас Божы.
Апостал Пётра напісаў, што прароцтва было дадзена не з чалавечай, а з Божай волі. Выбраныя слугі Божыя запісвалі Сьвятое Пісаньне пад натхненьнем Духа Сьвятога (2 Пятра 1:21). Мы можам быць ўпэўненымі ў тым, што калі запісваліся кнігі Сьвятога Пісаньня, Дух Божы дзейнічаў у душах і роздумах Божых мужоў. І той самы Дух хоча кіраваць нашымі думкамі і розумам, калі мы чытаем Ягонае Слова. Ён гатовы растлумачыць нам значэньне таго месца, якое мы чытаем, але дзеля таго мы, са свайго боку, павінны спадзявацца на Яго ў тлумачэньні тэксту. Ці ж не казаў Хрыстос Сваім вучням і нам сёньня: «Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, дык навучыць вас усякай праўдзе» (Ян. 16:13). Бяз Духа Сьвятога і Яго прасьвятленьня мы ніколі не маглі б пазнаць і зразумець настаўленьні Слова Божага. Бяз Духа Сьвятога нашае чытаньне і вывучваньне Бібліі было б дарэмным і зусім бескарысным заняткам. Але Дух Божы прысутнічае каля нас і нават прабывае ў нас, калі мы ўверавалі і навярнуліся да Хрыста, прыняўшы Яго за свайго Збавіцеля і Уладара. I Ён хоча дапамагчы нам усякі раз, калі мы чытаем Біблію і зьвяртаемся да Яго за накіраваньнем у зразуменьні Слова Божага. Трэба толькі папрасіць у Яго мудрасьці і Ён дасьць таму, хто просіць зь вераю і не сумняваецца: «Калі ж у каго з вас не хапае мудрасьці, няхай просіць у Бога, Які дае ўсім проста і без дакораў — і будзе дадзена яму. Але няхай просіць зь вераю, не сумняваючыся, бо той, хто сумняваецца, падобны да марское хвалі, якую вецер уздымае і разьвейвае» (Як. 1:5-6). Мы можам успрымаць прыклад, дадзены псальмасьпеваком, які зьвярнуўся да Бога з такой малітвай: «Расчыні мае вочы, каб бачыў я цуды закону Твайго» (Пс. 119:18). Кожны раз, калі мы рыхтуемся прачытаць урывак са Сьвятога Пісаньня, мы можам з малітвай зьвярнуцца да Духа Сьвятога, зь вераю просячы Ягонай дапамогі і мудрасьці ў зразуменьні дасьледаванага біблійнага тэксту. I сапраўды, той веруючы, які гэтакім спосабам зьвяртаецца да Духа, атрымлівае духоўнае зразуменьне.
Хоць Дух Сьвяты і растлумачвае нам вучэньне Бібліі, мы самі павінны ўглыб вывучаць біблійныя тэксты, калі жадаем атрымліваць Гасподнюю дапамогу ў тлумачэньні напісанага і Ягоны ўплыў на нашае жыцьцё. Таму прапаноўваем:
1. Чытайце Біблію рэгулярна і пастаянна, калі магчыма - штодня. Мы раім веруючым выбраць сабе пэўны час дня для асабістага чытаньня Слова Божага і малітвы. Упачатку можна правесьці магчыма  паўгадзіны ў чытаньні Слова і малітве. Зь цягам часу вы, магчыма, пажадаеце прысьвяціць гэтай справе больш часу. Самае галоўнае ня ў тым, колькі часу ты праводзіш ў чытаньні Слова Божага і малітве, а ў тым, што гэта робіш часта і пасьлядоўна. У сувязі з гэтай практыкай мы таксама раім знайсьці сабе спакойны куток, дзе ніхто ня будзе перашкаджаць, калі будзеш чытаць Біблію і маліцца. Прасі, каб Госпад дапамог табе выбраць адпаведны час і месца для асабістага чытаньня Бібліі і малітвы. Разьвівай пасьлядоўнасьць і рэгулярнасьць у такім дзеяньні.
2. Чытайце і вывучайце Біблію сістэматычна. Верніку лепш за ўсё чытаць Біблію ў пасьлядоўным парадку, згодна з падрыхтаваным або загадзя складаным плянам. Такі падыход да вывучваньня Сьвятога Пісаньня важны таму, што такім чынам мы прачытаем усю Біблію, а ня толькі некаторыя часткі яе.
3. Можна трымаць спэцыяльны сшытак і запісваць новыя і карысныя духоўныя праўды, якія вы знойдзеце ў Слове Божым. Занатаваныя заўвагі дапамогуць вам запомніць іх. Апрача таго, было б карысна запісваць і свае духоўныя пачуцьці, перажываньні і малітвы Богу. Пасьля некаторага часу вы зможаце пераглядзець пройдзены вамі духоўны шлях.
4. Прыстасоўвайце біблійную навуку да штодзённага жыцьця. Чытаць Біблію і не зьмяняцца ў характары, паводзінах і поглядах - дарэмны і бескарысны занятак. Мы павінны чытаць і вывучаць Біблію з тою мэтаю, каб нашае жыцьцё станавілася больш пабожным і падобным да Ісусавага жыцьця, апісанага ў Дабравесьцях. Калі мы прыступаем да Бога і Яго Слова з паслухмяным сэрцам, гатовым навучыцца нечаму новаму, дык Дух Сьвяты адкрывае і растлумачвае для нас духоўныя праўды ды дапамагае нам уводзіць іх у нашае штодзённае жыцьцё. Вось два галоўныя пытаньні, якія мы можам паставіць сабе кожны раз, калі чытаем і вывучаем біблійны тэкст: Ці ёсьць у чытаным тэксьце перасьцярога або загад для мяне? Ці маё жыцьцё згоднае з тым, што я чытаю ў біблійным тэксьце?
Калі нешта ў маім жыцьці ня так, як павінна было б, дык трэба прызнацца ў тым Богу і папрасіць Ягонай дапамогі, каб зьмянілася маё жыцьцё і сталася згодным зь біблейнай навукай. Сьвятое Пісаньне заўсёды мае нешта сьвежае сказаць веруючаму, нават і тыя ягоныя месцы, якія ён ужо раней прачытаў. Гэта таму, што нашыя патрэбы мяняюцца і Бог карыстаецца Сваім Словам у дачыненьні да нашых цяперашніх цяжкасьцяў і духоўных непаразуменьняў. Гэтым мы ня кажам, што вучэньне ў Бібліі быццам бы мяняецца, а толькі падкрэсьліваем думку, што Слова Гасподняе прамаўляе да нашых сэрцаў у залежнасьці ад нашых цяперашніх патрэбаў.
Слова Божае магчыма вывучаць паводле розных мэтадаў. Вось некаторыя:
1. Сыстэматычнае вывучваньне кнігаў Бібліі. Вернікі звычайна выбіраюць гэты падыход. Яны вывучваюць асобную кнігу Бібліі: прачытаюць яе раз, затым уважліва чытаюць і знаёмяцца са зьместам і навукай кожнага разьдзела і верша. У такім падыходзе надта карысна паставіць сабе цэлы шэраг пытаньняў, якія дапамагаюць веруючаму паглыбіцца ў сутнасьць разгляданага тэксту: Чаму тэкст навучае мяне?
Што ў ім гаворыцца для мяне асабіста? Ці ёсьць іншыя біблійныя тэксты, якія высьвятляюць незразумелыя месцы? Калі ёсьць, дык як яны растлумачваюць незразумелыя часткі? Як вычытанае вучэньне адносіцца да майго цяперашняга жыцьця? Якія мае жаданьні і паводзіны трэба будзе зьмяніць, каб маё жыцьцё адпавядала навуцы і вымаганьням Слова Божага? Пры дапамозе гэтакіх запытаньняў можна вывучаць і прыстасоўваць да сябе навуку паасобных разьдзелаў і вершаў дадзенай біблейнай кнігі.
2. Вывучваньне Бібліі паводле духоўных тэмаў. 
У гэтым падыходзе вернік выбірае дадзеную духоўную тэму і зьбірае тыя вершы і разьдзелы ў Бібліі, якія нешта гавораць на дадзеную тэму. У такім вывучваньні надта карысна Сімфонія. Сімфонія ёсьць дапаможнік, у якім галоўныя словы Бібліі даюцца ў алфавітным парадку са спасылкамі, дзе яны знаходзяцца і ўжываюцца ў Бібліі. Пакуль што сымфоніяў на беларускай мове няма, але існуюць на рускай, украінскай і іншых мовах. Сабраўшы цэлы камплект біблейных спасылак на дадзеную тэму, веруючы пераглядае кожнае месца і прыходзіць да некаторых агульных высноваў аб дасьледаванай тэме. Тое, пра што даведаўся, ён з малітвай дапасоўвае да свайго жыцьця. Такім чынам магчыма вывучаць усялякія духоўныя тэмы. Вось некаторыя, зь якіх вы маглі б пачаць: збаўленьне, Божая ласка чалавеку, практычнае пабожнае жыцьцё, роля Духа Сьвятога ў веруючым, атрыбуты Бога (гэта значыць, хто Ён у сіле і характары), хрысьціянскае служэньне, роля веры ў хрысьціянскім жыцьці і г. д. Хто ня мае доступу да Сымфоніі ці падобнага біблейнага дапаможніка, той можа выбраць тэму і пры чытаньні Бібліі запісваць вершы і разьдзелы, дзе нешта гаворыцца на тую ж тэму.
3. Вывучваньне жыцьця выбранай біблійнай асобы. У Першым пасланьні да карынфянаў (10:6) пішацца: «А гэта былі прыклады для нас, каб мы не пажадалі благога, як пажадалі яны». Усякі раз, калі мы вывучаем жыцьцё біблейнае асобы, мы даведваемся пра тое, чаго трэба пазьбягаць і як трэба паступаць, каб разьвіваўся наш характар у згодзе з Божай воляй. Пры такім вывучваньні Бібліі мы знаходзім усе тыя месцы, дзе расказваецца пра жыцьцё выбранай асобы. Тое, што здарылася зь біблійнай асобай, можа паслужыць нам прыкладам або перасьцярогай. Станоўчыя рысы характару мы павінны пераймаць, а адмоўных лепей пазьбягаць. Вывучваньне чалавечых паводзін дапамагае нам зразумець Божыя патрабаваньні ад нас.
4. Вывучваньне біблейных урыўкаў на памяць.
Адным за самых дзейсных мэтадаў вывучваньня Бібліі аказваецца вывучваньне на памяць выбраных вершаў ці цэлых яе частак біблійнага тэксту. Такім чынам Слова Божае ўваходзіць у нашае сэрца, і мы тады яго так хутка не забываем. Калі Слова Божае застаецца ў нашых сэрцах, дык можам карыстацца ім у любы час. Псальмасьпявак напісаў наступнае пра вывучваньне Слова Божага на памяць: «Як юнаку за- хаваць шлях свой у чысьціні? Сваімі паводзінамі паводле Слова Твайго... У сэрцы маім захаваў я Слова Тваё, каб не грашыць перад Табою» (Пс. 119:9—11). Псальмасьпявак сьцьвярджае, што малады чалавек можа захаваць сябе ад грашэньня вывучваньнем Слова Божага на памяць. Дух Сьвяты карыстаецца вывучаным на памяць біблійным тэкстам, каб дапамагаць веруючаму жыць праведна для славы Гасподняй. Бываюць такія моманты ў нашым жыцьці, калі паўтарэньне вывучанага на памяць біблійнага тэксту дапамагае нам не паддавацца спакусе. Але вывучваньне Слова Божага карысна ня толькі ў такіх выпадках. Калі мы маем патрэбу ў Божым кіраўніцтве, напрыклад, вывучаны біблійны тэкст можа дапамагчы нам рашыць правільна, што рабіць пры дадзенай сытуацыі. Часамі мы апынаемся ў цяжкіх абставінах, калі не зусім ясна, як найлепей рэагаваць на крытыку або зламыснасьць людзей, якія нас ня любяць. У такія моманты вывучаныя на памяць вершы зь Бібліі могуць нагадаць нам, як па-хрысьціянску адказаць крыўднікам. Інакш кажучы, вывучваньне на памяць біблійных тэкстаў дапамагае нам весьці сябе згодна са Словам Божым ва ўсіх жыцьцёвых абставінах.
Дзеля вывучэньня вершаў і даўжэйшых урыўкаў Бібліі на памяць мы раім наступнае:
1. Выбраць важнейшыя вершы і месцы Сьвятога Пісаньня і запісаць іх на лістках паперы (прыблізна 12x8 см.). Лісток павінен быць такога разьмеру, каб магчыма было пакласьці яго ў кішэню або торбачку. Тады можна было б насіць пры сабе тыя біблійныя тэксты, якія вывучаеш на памяць. Пазьней пры  вольным часе можаш выцягнуць ды пераглядзець лісток з запісанымі вершамі і паўтарыць іх сабе, праверыць сябе, ці жывеш па іх вучэньні.
2. Цягам дня некалькі разоў паўтарыць запісаныя вершы. У вывучваньні любых цытатаў на памяць самае галоўнае будзе іх паўтараць, пакуль яны не зафіксуюцца ў нашай памяці. Каб добра і дакладна запомніць біблійныя ўрыўкі, трэба іх паўтараць шмат разоў і церазь некалькі дзён запар. Мы радзім штодня паўтарыць некалькі разоў тыя вершы, якія ты вывучаеш на памяць і кожны раз асабліва доўга ня трэба гэтым займацца: ад пяці да дзесяці мінут. Можаш паўтараць запісаныя вершы і правяраць сябе ва ўсякі вольны час: удома, едучы кудысьці публічным транспартам, чакаючы некага і г. д. На працягу звычайнага дня надараецца не адна магчымасьць дастаць лісткі з запісанымі на іх біблійнымі тэкстамі і паўтарыць іх. Гэтакім чынам за некалькі дзён тэксты застануцца ў памяці верніка.
3. Паўтараць вывучаныя на памяць тэксты час ад часу. Тыя вершы, якіх мы пакуль што поўнасьцю ня вывучылі на памяць, лепш паўтараць штодня, а тыя, якія мы ўжо вывучылі дасканала, можна было б паўтараць можна было б радзей, напрыклад, раз ці два ў тыдзень. Такім спосабам вывучаныя тэксты намі не забудуцца, а застануцца сьвежымі ў памяці.
Стацца пасьлядоўным у гэтай справе даволі цяжка, бо тут жа патрэбна сур’ёзная рашучасьць і перакананьне ў карыснасьці такой актыўнасьці. Але той, хто вытрывае, знойдзе дабраславеньне і дапамогу ад Бога ў хрысьціянскім жыцьці і росьце. Вывучаныя на памяць вершы дапамогуць верніку ва ўсякіх абставінах жыцьця: калі змагаемся з грахом, калі патрэбная Гасподняе кіраваньне ў нейкай справе або рашэньні, калі вернік сьведчыць іншаму аб Хрысьце і г. д. Возьмем прыклад ад нашага Збаўцы, Які пры спакушэньні адказваў сатане словамі Сьвятога Пісаньня: «Напісана...» (Маць. 4-ы разьдзел). Дзякуючы таму Ісус Хрыстос вытрываў і перамог сатану ў духоўнай барацьбе. Такім чынам і мы будзем дабівацца перамогі над сатаной і злом.
4. Разважаньне і прыстасоўваньне Слова Божага да свайго жыцьця.
Калі б мы не разважалі над тым, што чытаем у Бібліі, то ўсе нашыя імкненьні зразумець яе навуку не прыносілі б станоўчых і карысных вынікаў. Нам трэба сур'ёзна разважаць над зьместам Слова Божага, стараючыся заўсёды зразумець тое, што ў Сваім Слове кажа Бог нам асабіста, ды трэба прыстасоўваць вывучанае да нашага штодзённага жыцьця. У першым разьдзеле кнігі Ісуса сына Навы мы знаходзім словы, дадзеныя Богам Ісусу, калі Бог прызваў яго стацца лідэрам ізраільскага народу: «Няхай не аддаляецца гэтая кніга закону (менавіта, – вядомае ў той час Сьвятое Пісаньне) ад тваіх вуснаў; разважай над ёй удзень і ўночы, каб дакладна выконваць усё, што ў ёй напісана, бо ты будзеш мець пасьпяховасьць у шляхах тваіх і ты будзеш усё рабіць разумна» (Іс. сына Навы 1:8).
Тое, што Бог сказаў Ісусу Навіну даўным-даўно, сёньня тычыцца кожнага з нас. Бог даў Сваё Слова для нашага духоўнага разуменьня і разьвіцьця ў практычнай пабожнасьці. Адказнасьць за знаёмства са Словам Божым ляжыць на нас. Калі мы ня будзем зьвяртаць увагі на Сьвятое Пісаньне, дык страцім самае галоўнае ў жыцьці. Ісусу Навіну было сказана не адхіляцца ад Сьвятога Пісаньня, а кіравацца ім з усёй сур’ёзнасьцю і ўважлівасьцю. Яму было загадана ня толькі чытаць, але і разважаць над зьместам  Пісаньня і тым самым правяраць самога сябе, ці жывеш па Божай волі. У Гасподніх вачах (не ў чалавечых) ён быў паслухмяным, таму і разумным, калі знаёміўся ды лічыўся з вучэньнем і загадамі Сьвятога Пісаньня. I мы будзем мець усякі посьпех, калі будзем чытаць Сьвятое Пісаньне, разважаць над ім і жыць згодна зь ягонымі пастановамі.
У гэтым разьдзеле мы абмеркавалі спосабы і мэтады нашага чытаньня і вывучваньня Слова Божага. I робячы гэта, мы заўсёды павінны пытацца ў сябе: ці маё жыцьцё пагаджаецца з тым, чаго Бог просіць у мяне? Калі не зусім, дык трэба прасіць у Бога дараваньня, а ў Духа Сьвятога далейшага ўзмацненьня для перамогі над грахамі і недахопамі, што непакояць. Таму, хто просіць зь вераю, Бог дае ўсё патрэбнае. Кожны з нас павінен заўсёды чытаць, вывучваць Слова Божае і правяраць сябе згодна зь яго вучэньнем. Будзьма пільна сачыць за тымі рэчамі, якія паспрыяюць нашаму духоўнаму росту ды пражыць зямное жыцьцё паводле Ягонага Слова і ў канцы мы зможам сказаць разам за апосталам Паўлам: «Змагаўся я добрым змаганьнем, бег закончыў, веру захаваў. А цяпер рыхтуецца мне вянец праведнасьці, які дасьць мне Госпад, справядлівы Судзьдзя, у той дзень, і ня толькі мне, але і ўсім, хто палюбіў Яго зьяўленьне» (2 Цім. 4:7—8).
 

ЗАПЫТАНЬНІ:

1. Якімі спосабамі можна прымаць Слова Божае ў сэрца?
2. Чым выдзяляліся Верыйскія веруючыя. 
3. Які прыклад можна ўзяць ад іх для сябе?
4. Як Дух Сьвяты памагае нам у зразуменьні Сьвятога Пісаньня, калі мы чытаем яго?
5. Якія чатыры практычныя крокі прапаноўваюцца для вывучваньня Слова Божага
6. У гэтым разьдзеле прапаноўваюцца якія чатыры мэтады ў вывучваньні Бібліі? 
7. Чаму карысна вывучаць ключавыя месцы ў Сьвятым Пісаньня на памяць?

 

 

 

 

РАЗЬДЗЕЛ ПЯТЫ:

ШТОДЗЁННАЯ СУСТРЭЧА 3 БОГАМ

 
Каб пазнаёміцца і ўвайсьці ў блізкія адносіны з малавядомым нам чалавекам, трэба правесьці зь ім нямала часу як у асабістай размове, так і ў сумесным жыцьці. Такім спосабам мы даведваемся, хто ён па характары, а ён даведваецца, хто мы па характары. Чым больш часу праводзім з малазнаёмай асобай, тым больш узмацняецца нашая асабістая сувязь зь ёю. Як паглыбляецца знаёмства з малазнаёмым чалавекам, так і нашая лучнасьць з Богам расьце, калі мы зь Ім праводзім час. Веруючы, які жадае разьвівацца ў хрысьціянскай духоўнасьці, павінен рэгулярна і пастаянна сустракацца з Госпадам. 
 

ПРАВА НА СУСТРЭЧУ 3 БОГАМ

Калі мы гаворым пра сустрэчу з Богам, дык маем на ўвазе той час дня, калі вернік асабіста сустракаецца з Богам праз чытаньне Сьвятога Пісаньня і малітву да Яго. Гэта ёсьць той час, які прысьвячаецца чытаньню, вывучваньню і разважаньню над зьместам Слова Божага. Калі прысьвячаем выдзелены час сустрэчы з Богам, Ён загаворвае да нас праз Сваё Слова, а мы адказваем Яму нашай малітвай, пакланеньнем ды выказваньнем падзякі і просьбаў Яму. Пры сустрэчы з Госпадам мы атрымліваем духоўную сілу, мудрасьць і Божае кіраўніцтва ў жыцьцёвых пастановах і дзеях. Вернік расьце ў Хрысьце і ўмацоўваецца ў веры, калі штодня сустракаецца з Госпадам. Хрыстос сказаў, што чалавек ня можа жыць толькі адным хлебам; ён мае патрэбу і ў Слове Гасподнім (Маць. 4:4). Зразумела, што сказаўшы гэта, Ён параўноўваў фізычнае жыцьцё чалавека зь ягоным духоўным жыцьцём. Бяз Слова Божага чалавек духоўна марнее і памірае, а чытаючы яго, ён умацоўваецца і расьце ў хрысьціянскай духоўнасьці, будучы ў кантакце з Госпадам Богам, Хрыстом і Духам Сьвятым.
Быў такі час, калі звычайныя людзі не маглі ўвайсьці ў блізкую лучнасьць з Богам. У Старым Запавеце мы чытаем, як Бог даў ізраільскаму народу асаблівыя загады і абрады, каб народ ачышчаў сябе ад грахоў і гэтакім чынам быў прыняты Богам. Але толькі выбраныя сьвятары маглі сустракацца з Госпадам і яны прадстаўлялі перад Ім народныя патрэбы. Усе старазапаветныя ахвярапрынашэньні насамрэч папярэднічалі і сымбалізавалі тое, чаго меў дасягнуць Ісус Хрыстос для чалавецтва Сваёй ахвярнай сьмерцю на Галгофскім крыжы. Дзякуючы Ягонай крыжовай сьмерці і ўваскрэсеньню зь мёртвых кожнаму чалавеку цяпер даецца магчымасьць асабіста сустракацца з Богам і ўвайсьці ў цесную лучнасьць зь Ім. Кожны, хто ўжо ўвераваў і прыняў Ісуса Хрыста за свайго асабістага Збаўцу і Госпада, мае права сустракацца з Богам і адкрываць Яму сваю душу. Усё гэта сталася мажлівым у выніку таго, што Ісус Хрыстос памёр ахвярнай сьмерцю за нас грэшнікаў. Хрыстос памёр як дасканалая і безаганная ахвяра перад справядлівым, сьвятым і бязгрэшным Богам. Па заслугах ахвярнай сьмерці Хрыста на крыжы мы цяпер маем поўны доступ да Божага трону ласкі. Вось як растлумачвае гэтую праўду аўтар Пасланьня да габрэяў: «Дык браты, маючы адвагу ўваходзіць у сьвятыню крывёй Ісуса Хрыста шляхам новым і жывым, які Ён адкрыў нам праз заслону, гэта значыць цела Сваё, ды маючы вялікага Сьветара над домам Божым, прыступайма са шчырым сэрцам, з поўнай верай, акрапленьнем ачысьціўшы сэрцы ад благога сумленьня і абмыўшы целы чыстай вадою» (Габр. 10:19-22).
У Сьвятым Пісаньні мы знаходзім розныя прыклады, што паказваюць нам важнасьць штодзённай сустрэчы з Богам.
Ісус Хрыстос пакінуў нам добры прыклад. Не забываймася, што Ён - Божы Сын, Які ў зямным жыцьці заўсёды і ва ўсіх пытаньнях спадзяваўся на Свайго нябеснага Айца. У Дабравесьці паводле Яна запісаны такія Хрыстовы словы: «Я нічога не магу рабіць Сам ад Сябе; як чую, так і суджу, і суд Мой праўдзівы, бо не шукаю Маёй волі, але волі Таго, Хто паслаў Мяне» (Ян. 5:30). Хрыстова спадзяваньне на Свайго нябеснага Айца паказвалася тым, што Ён часта адлучаўся ад людзкіх натоўпаў і Сваіх вучняў, каб правесьці некаторы час у малітве перад Сваім нябесным Айцом. У Дабравесьці паводле Марка (1:35) мы чытаем, што «раніцай, устаўшы вельмі рана, (Хрыстос) выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там жа маліўся». Перад тым Ён быў надта заняты: ацаліў цешчу Сімона; раней да Яго прыводзілі ўсялякіх хворых і Ён ацаляў іх усіх. Будучы чалавекам, Ісус Хрыстос напэўна стамляўся ад такой трывалай актыўнасьці. Эвангеліст Марк падказвае, што якім бы зьняможаным Хрыстос ні адчуваў Сябе, Ён уся роўна ўстаў вельмі рана і пайшоў у пустыннае месца, каб сустрэцца зь нябесным Айцом. Такі Хрыстоў учынак сьведчыць, што Ён лічыў асабістую сустрэчу са Сваім нябесным Айцом неабходным дзеяньнем. Чым больш расла вядомасьць пра Яго, тым больш хадзілі да Яго людзі, каб вылечацца ад хваробаў і слухаць Яго надзвычайнае вучэньне і духоўнае настаўленьне. Эвангеліст Лука адзначае, што, нягледзячы на стому, Хрыстос ня раз пакідаў народныя масы і ішоў у бязьлюднае месца, каб памаліцца нябеснаму Айцу (Лук. 5:16).
 

НЕАБХОДНАСЬЦЬ СУСТРЭЧЫ 3 БОГАМ

Якое значэньне сёньня мае Ісусаў прыклад для нас? Менавіта такое, што калі Сын Божы меў патрэбу ў асабістай сустрэчы зь нябесным Айцом, дык мы, грэшныя людзі, маем куды большую патрэбу ў такой сустрэчы. Праз малітву і лучнасьць з Богам Айцом Хрыстос ня толькі духоўна ўмацоўваўся, Ён таксама знаходзіў і атрымліваў Божае кіраўніцтва для працяглага духоўнага служэньня. У гэтым жа мы, сёньняшнія пасьлядоўнікі Хрыста, маем вялікую патрэбу. Праз штодзённую сустрэчу з Госпадам мы атрымліваем тое самае, што атрымліваў наш Збаўца. Мы прыпадобніваемся да Хрыста, калі штодня прысьвячаем вызначаны час для асабістай сустрэчы зь Богам нябесным Айцом і зь Ісуса Хрыстом.
Апроч таго, у Сьвятым Пісаньні перадаецца другі прыклад паўторнай сустрэчы верніка з Богам. У кнізе Псалтыр гаворыцца, што розныя псальмасьпевакі прысьвячалі асобную частку дня для асабістай сустрэчы з Богам. Напрыклад, у 143-ым псалме мы чытаем: «Уранку дай чуць мне ласку Тваю, бо на Цябе спадзяюся. Ты мне шлях пакажы, якім мне ісьці, бо душу сваю я да Цябе падымаю» (Пс. 143:8). Псалом 63-ы пачынаецца з такіх словаў: «Божа! Ты - Бог Мой! Цябе я шукаю ад самой раніцы. Цябе душа мая прагне, па Табе тужыць цела ў пустой, сухой і бязводнай зямлі, каб сілу і славу ўбачыць Тваю, якую я бачыў у сьвятыні Тваёй» (Пс. 63:1-4). Згодна з вучэньнем гэтых і іншых псалмоў найлепшым часам для сустрэчы з Госпадам зьяўляецца раніца, калі гэта верніку магчыма.
Ураньні наш розум сьвяжэйшы і больш успрымальны для слуханьня Гасподняга голасу.
Пабожныя людзі мінулых вякоў сьведчаць аб важнасьці і неабходнасьці штодзённай сустрэчы з Богам. Роберт Муры Макшэйн, выдатны слуга Божы дзевятнаццатага стагодзьдзя, быў перакананы ў неабходнасьці штодзённай сустрэчы з Богам. Ён аднойчы напісаў: «Перад тым, як бачыцца з кім-небудзь, мне трэба перш за ўсё памаліцца. Часта калі я перасплю ці ўранку трэба сустрэцца зь іншымі людзьмі (без ранейшай малітвы) і надыходзіць ужо адзінаццатая гадзіна, калі я ўрэшце рэшта пачынаю маліцца. Дрэнна раблю, не згодна з тым, што гаворыцца ў Сьвятым Пісаньні! Яшчэ перад усходам сонца Хрыстос уставаў і хадзіў у пустыннае месца. Давід кажа: “Раніцай я буду шукаць Цябе; Ты пачуеш мой голас рана”. Калі нешта такое здараецца, нашая сямейная малітва траціць значную частку сваёй моцы і асалоды, і нічога добрага я не магу зрабіць тым, хто прыходзіць параіцца са мной. Таксама ў асабістай малітве душа часта разбурана, сумленьне адчувае нейкую віну, душа ненакормлена, лямпа не папраўлена. Я лічу, што куды лепей пачаць дзень з Богам, найперш сустрэцца зь Ім, наблізіць душу да Яго, чымся наблізіць яе да іншага чалавека».
Бордэн, высока адукаваны муж Божы, выказаў патрэбу ў штодзённай сустрэчы з Богам гэтак: «На працягу бягучай сесіі я прапусьціў сустрэчу з Богам раз ці два... Мне няцяжка паверыць, што пасьля нашага прыняцьця Хрыста штодзённая сустрэча з Богам займае па важнасьці першае месца. Я ведаю, што калі праз малітву і вывучэньне Бібліі я з Богам не сустракаюся, усё ў мяне выходзіць дрэнна». Знакамітыя і спрактыкаваныя вернікі, якія пасьпяхова служылі Богу, часта кажуць адно і тое ж самае. Посьпехі, здабытыя імі дзеля Госпада і Ягонага Царства, яны прыпісваюць таму, што пастаянна сустракаюцца зь Хрыстом.
Наша пасьлядоўнасьць у гэтай справе паказвае іншым, што мы глыбока любім Бога, Ісуса Хрыста і Божае Царства. Мы звычайна прысьвячаем час і ўвагу тым рэчам і людзям, якія нас найболей цікавяць. Напрыклад, любячы іншага чалавека, мы стараемся праводзіць як мага больш часу зь ім. Само жаданьне быць зь іншым сьведчыць аб тым, што мы любім яго. Любоў паміж мужчынам і жанчынай расьце і ўмацоўваецца тады, калі яны сустракаюцца ды праводзяць чым больш часу адно з адным. Тое самае можна сказаць і пра нашую лучнасьць з Хрыстом. Чым больш часу мы прысьвячаем Хрысту, тым больш нашая любоў да Яго расьце і паглыбляецца.
Але не павінны мы думаць, што толькі мы любім Бога. Ён сапраўды быў першы, які палюбіў нас - ня мы Яго. Бог жадае нашае любові і прыхільнасьці і Ён шукае тых, хто любіць Яго. Так сказаў Хрыстос самаранцы, якую сустрэў каля студні: «Прыйдзе час, ды ён ужо прыйшоў, калі праўдзівыя паклоньнікі будуць пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе, бо гэтакіх паклоньнікаў шукае Сабе Айцец. Бог - Дух і тыя, хто пакланяецца Яму, павінны пакланяцца ў духу і праўдзе» (Ян. 4:23-24). Бог дае нам магчымасьць пакланяцца Яму, праяўляць Яму сваю любоў, увайсьці ды заставацца ў цеснай лучнасьці зь Ім. Як мы адгукаемся на Ягоную прапанову сустракацца зь Ім? Ці знаходзім час для Госпада Бога? Ці штодня чытаем Яго Слова? Ці молімся Яму?
У Пасланьні да габрэяў 16:4 выказваецца запрашэньне кожнаму верніку прыступіць да Божага трону ласкі, каб атрымаць дапамогу на патрэбы жыцьця. Бог заўсёды гатовы прыняць нас, калі мы шчыра зьвяртаемся да Яго і адкрываем Яму свае радасьці і цяжкасьці. Ён хоча, каб мы праводзілі час зь Ім сам-насам, але гэта не таму, што Ён мае патрэбу ў блізкіх стасунках з намі. Наадварот, не Яму, а нам патрэбная сустрэча зь Ім. Бог ведае, што сустрэча зь Ім служыць на дабро нам і спрыяе нашаму духоўнаму росту і разьвіцьцю. Таму Госпад гатовы загаварыць да нас праз Слова Сваё і ад нас Ён чакае малітвы. Ці ня варта знаходзіць час для асабістае сустрэчы з Ім? Такім чынам мы даказваем сваю любоў да Яго.
Чытаньнем Бібліі і малітвай Госпаду Богу мы ня толькі паказваем, што любім Яго, але таксама атрымліваем духоўную сілу для пасьпяховага і пладаноснага хрысьціянскага жыцьця. Асабістая сустрэча з Госпадам садзейнічае нашаму духоўнаму росту наступнымі шляхамі:
1. Штодзённым чытаньнем Бібліі і малітвай мы духоўна падсілкоўваемся. Хрыстос сказаў, што чалавек ня можа карміцца адным зямным хлебам, але маю патрэбу ў духоўнай страве Слова Божага (Маць. 4:4). Гэта значыць, што Біблія духоўна корміць ды падмацоўвае таго верніка, які яе чытае. Кожны з нас час ад часу перажывае духоўную стому, быццам сілы не стае для сапраўднага пабожнага жыцьця. Усякі раз. калі мы чытаем Біблію і молімся, Бог гаворыць да нашых сэрцаў, падбадзёрвае наш прыгнечаны дух і дае нам сілу вытрымаць і пераадолець усякія цяжкасьці і перажываньні. Такім чынам Слова Божае стаецца той духоўнай стравай, якая духоўна падмацоўвае нас ды прыносіць нам суцяшэньне і надзяляе нас здольнасьцю заставацца пераможцамі над грахамі і спакусамі ў духоўнай барацьбе, у якой мы ўдзельнічаем. Пасьля выхаду з Эгіпта Бог пасылаў ізраільскаму народу манну зь неба, каб ён падсілкоўваўся ёю і ня вымер у пустыні. Як ураньні ізраільцяне выходзілі зьбіраць манну, так і мы павінны адкрываць і чытаць Слова Гасподняе і гэтакім спосабам карміць душу Гасподнімі праўдамі на новы дзень. Апостал Павал маліўся так пра вернікаў у Эфэсе: «...каб (Бог Айцец) даў вам, паводле багацьця славы Сваёй, сілай умацавацца праз Духа Ягонага ва ўнутраным чалавеку» (Эфэс. 3:16). Бог падмацоўвае нас унутры, калі мы зьвяртаемся да Яго зь просьбай атрымаць ад Яго духоўную сілу і ў гэтай справе мы мусім спадзявацца на Яго, што Ён адкажа на нашыя просьбы. Сваю патрэбу ў сіле Ягонай мы адкрываем Яму, калі сустракаемся зь Ім. Бог мае Свае асаблівыя намеры для кожнага з нас і, калі мы шукаем Яго волю для сябе, Ён адкрывае яе і ўзмацняе нас, каб мы выконвалі Ягоную волю, вызначаную нам. Апостал Пётра прыпадабняе Слова Божае да духоўнага малака і раіць веруючым спажываць яго для духоўнага росту і ўмацаваньня: «Як нованароджаныя немаўляты, жадайце чыстага слоўнага малака, каб ад яго вы ўзрасталі на збаўленьне» (1 Пётры 2:1).
2. Слова Божае дае верніку кіраўніцтва ў жыцьцёвых пастановах і ўчынках. Чалавек часта знаходзіцца ў такіх абставінах, што ня ведае, што трэба рабіць. На жаль, мы часта зьвяртаемся да Бога, каб атрымаць Ягонае кіраваньне толькі тады, апынуўшыся ў нейкай бядзе, а калі ўсё ідзе добра для нас, мы ўвогуле мала або зусім ня думаем пра Бога і Ягоную волю для нас. Дрэнна робім, калі зьвяртаемся да Бога толькі тады, калі перажываем нейкі крызіс. Бог хоча, каб мы пастаянна лічыліся зь Ягонай воляй для нашага дабра. Ён найлепш ведае, што карысна або некарысна для нас. Слова Гасподняе адкрывае нам Божую волю і накіроўвае нас на праўдзівы жыцьцёвы шлях праведнасьці. Але Слова Божае можа кіраваць намі толькі тады, калі мы зьвяртаем сур'ёзную ўвагу на Бога і жывём па Ягоных запаведзях.
Апостал Пётра зразумеў важнасьць Слова Божага, калі мы адчуваем патрэбу ў Божым кіраваньні. Ён падчырквае значэньне Гасподняга Слова, калі піша: «Маем самае пэўнае слова прарочае; і вы добра робіце, што зьвяртаецеся да яго як да сьветача, што сьвеціць у цёмным месцы, пакуль не разднее і не ўзыдзе дзяньніца ў сэрцах вашых» (2 Пётра 1:19). Апостал кажа, што Слова Божае ёсьць сьветач, які сьвеціць у цёмным месцы. Ці ж мы сапраўды знаходзімся ў цёмным месцы? Так, бяз Бога мы знаходзімся ў цёмным месцы. Мы - грэшныя людзі і жыцьцё бяз Бога і Ягонага Слова часта вядзе нас туды, куды лепей ня ісьці. Бяз Бога нашае жыцьцё праводзіцца ў духоўным тумане і няпэўнасьці. Гэта падобна да хаджэньня чалавека ўначы па неасьветленай сьцежцы, на якой ён часта спатыкаецца і падае. Інакш кажучы, бяз Слова Божага мы не маглі б жыць так, як трэба, і не спазнавалі б тых радасьцяў і жыцьцёвых дабраславеньняў, якія Бог падрыхтаваў для Сваіх дзяцей. Той, хто Слова Божага ня ведае, духоўна блукае і губляецца; ягонае жыцьцё бракуе той мэтанакіраванасьці, якую Бог прапаноўвае любому чалавеку для ягонага шчасьця тут на зямлі і пазьней у небе.
Слова Гасподняе стаецца верніку тым уратавальным сьветачам і сьвятлом, бо памагае яму выбіраць праўдзівы шлях, як сьцьвярджае псальмасьпявак; «Слова Тваё - сьветач для ступняў маіх і сьвятло на сьцежцы маёй» (Пс. 119:105). У дзевятнаццатай псальме выказваецца такая праўда: «Запаведзь Гасподняя прачыстая, яна вочы прасьвятляе». Як сьветач і сьвятло памагаюць падарожніку арыентавацца ў дарозе, так і Слова Божае зьнімае з нас усякую духоўную цемру і недасьведчанасьць ды памагае разьбірацца ў рашэньнях, якія павядуць нас да суцяшэньня і вечнай радасьці. Чытаючы Біблію, мы атрымліваем духоўнае настаўленьне, Гасподняе ўразуменьне і кіраваньне. Нам стаецца ясным тое, што самае важнае ў жыцьці – гэта даведацца, як нам трэба жыць згодна з Божым Словам для нашага дабра і вечнага шчасьця. Бог праз Сваё Слова кіруе намі як ў задумах, так і ў нашых намерах і дзеях. 
3. Слова Божае навучае нас праведнасьці і захоўвае нас ад грэшнага жыцьця. Чалавек стала змагаецца з грахом, бо яму час ад часу лягчэй рабіць нешта кепскае, чымся карыснае і добрае. Чаму дзіцяці ня трэба вучыць кепскаму, а дабру стала трэба вучыць? Таму, што кожны нараджаецца на гэты сьвет з грэшнай натурай, як вучыць Слова Божае. Вось як завалодвае намі грэх: «Добрага, што хачу, не раблю, а благое, якога не хачу, раблю. Калі раблю тое, чаго не хачу, дык ужо ня я раблю гэта, а грэх, які жыве ўва мне... Нешчасьлівы я чалавек!» - піша апостал Павал (Рым. 7:19—24).
Слова Божае дапамагае верніку вызваляцца ад грэшнага спосабу жыцьця і накіроўвае яго да практычнай Божай праведнасьці. У дзевятнаццатым псальме цар Давід кажа наступнае пра станоўчы ўплыў Слова Гасподняга на верніка: «Закон Гасподні дасканалы, ён душу падсілкоўвае. Адкрыцьцё Гасподняе пэўнае, яно павучае простых; загады Госпада справядлівыя, яны радуюць сэрца» (Пс. 19:8-9). Калі гэта так, дык азнаямленьне са зьместам Сьвятога Пісаньня дапаможа нам зразумець, што трэба рабіць, каб жыць тым праведным жыцьцём, што пагаджаецца з Божай воляй. Неабходна тут жа пастаяннае спатыканьне з Госпадам праз чытаньне Бібліі і малітву. Аб карыснасьці Слова Божага псальмасьпявак кажа: «Як юнаку захаваць шлях свой у чысьціні? Сваімі паводзінамі паводле Слова Твайго... У сэрцы маім захаваў я Слова Тваё, каб не грашыць перад Табою» (Пс. 119:9-11). 3 гэтых словаў мы разумеем, што Слова Божае дае нам адпаведнае настаўленьне і мудрасьць, каб накіроўваюць нас да праведнага жыцьця. Інакш кажучы, Слова Гасподняе і нашая лучнасьць з Богам гарантуюць нам перамогу над грахом.
4. Слова Божае прыносіць верніку трывалую радасьць і суцяшэньне. Мы ўжо прачыталі, што загады Гасподнія справядлівыя, таму яны і напаўняюць нашыя сэрцы радасьцю. У псальме сто дзевятнаццатым псальмасьпявак дадае, што ў запаведзях Божых ён знаходзіць пацяшэньне (Пс. 119:40). Прарок Ярэма тое самае спазнаў у сваім жыцьці ды напісаў: «Знойдзены былі словы Твае і я спажыў іх; і было мне слова Тваё радасьцю і пацехай сэрцу майму» (Ярэм. 15:16). Прарок пачуў словы Божыя, прыняў іх і падпарадкаваўся ім, таму Бог падбадзёрыў і пацешыў яго. Божыя словы і загады тое самае будуць прыносіць кожнаму з нас, якія чытаюць і зьвяртаюць сур’ёзную ўвагу на іх зьмест.
 

ШТОДЗЁННАЯ СУСТРЭЧА 3 БОГАМ

Штодзённая сустрэча з Богам складваецца з дзьвюх частак: чытаньня Сьвятога Пісаньня і малітвы. Празь Біблію Бог гаворыць да нашых сэрцаў, а праз малітву мы гаворым да Яго. Трэба імкнуцца да штодзённай сустрэчы з Богам і гэтым разьвівацца ў інтымным знаёмстве зь Ім. Такім чынам мы ня толькі глыбей пазнаёмімся з Госпадам, але таксама нашае духоўнае жыцьцё ўзбагаціцца, што і выявіцца ў нашым характары і стаўленьні да іншых людзей. Некаторыя лічаць, што блізкая лучнасьць з Богам даецца толькі духоўным людзям, такім як сьвятарам ці прапаведнікам, але нідзе ў Дабравесьці так ня сказана. Якраз наадварот. Хрыстос сказаў: «Прыйдзеце да Мяне ўсе працуючыя і абцяжараныя, і Я супакою вас... Таго, хто прыходзіць да Мяне, ня выганю вон» (Маць. 11:28; Яна 6:37). Праз Збаўцу Ісуса Хрыста Бог адкрыў шлях да Сябе ўсім людзям без выключэньня, таму і павінны мы карыстацца гэтай прывілеяй.
 

СЛОВА БОЖАЕ

Аўтар Пасланьня да габрэяў піша, што Бог у мінулым гаварыў чалавецтву праз старазапаветных прарокаў, а цяпер Ён гаворыць да нас праз Свайго Сына (Габр. 1:1-2). Тое, што прарокі чулі ад Бога, яны запісвалі і Ягоныя словы мы знаходзім у Бібліі. Словы Ісуса Хрыста таксама былі запісаны эвангелістамі і цяпер знаходзяцца ў чатырох Дабравесьцях, што ўвайшлі ў склад Бібліі. У пачатку Дабравесьця паводле Яна Хрыстос называецца «Словам» (па-грэцку: «логос»): «На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога спрадвеку... I Слова целам сталася і пасялілася між нас, і бачылі мы славу Яго, славу як Адзінароднага ад Айца, поўнае ласкі і праўды» (Ян. 1:1-14). Ісус Хрыстос, гэтае Слова Божае, пакінуў зямлю, калі перад вачыма вучняў Ён падняўся і ўзьнёсься да Свайго Нябеснага Айца. Хрыстос цяпер гаворыць да нас праз Слова Божае, бо ў ім апісваецца Ягонае зямное жыцьцё і перадаюцца Ягоныя ўласныя словы. Значыцца, Бог і Хрыстос гавораць да нас праз Сьвятое Пісаньне, Біблію, якую павінны мы чытаць пастаянна.
Каб быць пасьлядоўным у чытаньні Бібліі, трэба падумаць над наступнымі пытаньнямі. Калі на працягу дня найлепш мне сустрэцца з Богам? Якое месца будзе найлепшым для такой сустрэчы? Мы ўжо закранулі пытаньне пра тое, у які час дня найлепш сустрэцца з Богам. Калі гэта магчыма, найлепш сустрэцца зь Ім раніцай. Але не заўсёды гэта магчыма для ўсіх людзей. Трэба добра абдумаць гэтае пытаньне, беручы пад увагу свае штодзённыя абавязкі і заняткі. Ці лепей прысьвяціць час Богу ўраньні, удзень ці ўвечары? Толькі ты можаш даць адпаведны для цябе адказ на такое пытаньне. Калі ж ты, чытачу, прыйшоў да пэўнай высновы ў дачыненьні да гэтага пытаньня, то, як толькі можаш, старайся сустракацца з Богам у выбраны табою час.
Затым неабходна выбраць сабе ціхае месца, дзе можаш прачытаць ўрывак са Слова Божага і памаліцца. Пашукай сабе такое месца, дзе ніхто табе ня будзе замінаць. Гэта асабліва важна з тае прычыны, што ў цішыні, дзе нішто і ніхто не займае тваёй ўвагі, ты зможаш глыбей засяродзіцца на чытаньні Слова Гасподняга і на малітве. Пастанавіўшы, калі і дзе будзеш сустракацца з Богам, старайся заўсёды прысьвячаць выбраны табою час дня чытаньню Бібліі і малітве.
Штодзённая сустрэча з Богам павінна пачынацца з чытаньня Яго Слова, Бібліі. Зусім бяссэнсава чытаць Біблію ўразьбіўку, значыцца, без усякай пасьлядоўнасьці і парадку. Куды лепей трымацца вызначанага раскладу і гэтак пазнаёміцца з поўным зьместам Бібліі. Кожны можа або сам сабе скласьці, або выбраць ужо падрыхтаваны расклад на штодзённае чытаньне. Самае галоўнае тут ня ў тым, колькі ты чытаеш кожны раз, а ў тым, што чытаеш Слова Божае пасьлядоўна і рэгулярна, знаёмячыся гэтым чынам зь яго зьместам.
Як трэба чытаць Біблію? Павярхоўна, насьпех, без усякага глыбейшага ўніканьня ў зьмест тэксту? Не! Трэба чытаць яго старанна і ўважна, сур’ёзна задумваючыся над тым, што ў тэксьце гаворыцца. Заўсёды чытай Сьвятое Пісаньне з малітвай, каб Госпад загаварыў да твайго сэрца. Падумай і паразважай аб тым, ці тваё жыцьцё адзначаецца тымі якасьцямі, якія выдзяляюцца чытаным тэкстам? Мы стала павінны параўноўваць сваё жыцьцё і характар з тым, што чытаем у Слове Гасподнім. Чытаючы Сьвятое Пісаньне, мы знаёмімся з Божым прыкладам і ўзорам сьвятасьці, што і будзе паказваць нам нашыя недахопы і слабасьці. Але не забываймася, што Дух Сьвяты заўсёды гатовы дапамагчы нам у змаганьні з нашымі недахопамі і правіннасьцямі. Каб мы не чыталі Слова Божага, дык ня ведалі б пра сваю грэшнасьць і недасканаласьць. Але ўсьвядоміўшы, якія мы ёсьць перад Богам і іншымі людзьмі, мы можам прасіць дапамогі Духа Сьвятога і такім спосабам расьці духоўна ў паводзінах і лучнасьці з Госпадам. Вось шэраг пытаньняў, якія ты можаш ставіць сабе і на якія адказваць кожны раз, калі вывучаеш любы біблійны тэкст:
Ці даецца прыклад, па якому мне трэба жыць?
Ці даецца загад, якога мне неабходна слухацца?
Ці выяўляецца памылка, якой я мушу пазьбягаць?
Ці паказваецца грэх, ад якога мне трэба адмовіцца?
Ці даецца абяцаньне, якое я магу прыняць і зьдзейсьніць у сваім жыцьці?
Ці знаходзіцца ў тэксьце новая для мяне праўда пра Бога?
Ці знаходзіцца ў тэксьце новая для мяне праўда пра Ісуса Хрыста?
Ці знаходзіцца ў тэксьце новая для мяне зьвестка пра Духа Сьвятога і Яго дзеяньне ў маім жыцьці?
Слова Божае стаецца люстрам, у якім мы бачым Ісуса Хрыста, і саміх сябе можам параўноўваць зь Ім. Гэтае параўноўваньне сябе з Хрыстом і Божымі загадамі пакажа нам, дзе мы не даходзім да Яго духоўнай дасканаласьці і ў чым нам трэба перамяніцца. Часам глядзець у люстра - нярадасны акт, бо нам не падабаецца, калі ў ім заўважаем свае грахі, слабасьці і недахопы. Перамяняцца ў поглядах і паводзінах таксама цяжкавата, але Дух Божы можа дапамагчы нам у гэтым, калі мы дазволім Яму гэта рабіць. Калі мы будзем чытаць і разважаць аб тым, што гаворыцца ў Слове Божым, Госпад будзе надзяляць нас Сваім вышэйшым разуменьнем і кіраваць нашым жыцьцём. Зь цягам часу Ён будзе усё больш і больш адкрываць Сваю волю для нас, але штодня Ён будзе адкрываць нам столькі духоўнага сьвятла, колькі нам патрэбна на той дзень. Вось чаму надта важна верніку штодня чытаць Слова Божае і сур'ёзна ўглыбляцца ў яго вучэньне.
 

МАЛІТВА

Прачытаўшы ўрывак зь Бібліі і абдумаўшы ягоны зьмест, ты, паважаны чытачу, гатовы зьвярнуцца да Бога ў малітве. Кожнаму верніку даецца прывілея малітвы. Не павінны мы спадзявацца толькі на сьветароў і прасьвітараў, каб яны маліліся за нас. Таксама не павінны мы думаць, што толькі ў храме ці вызначаным малітоўным доме можна маліцца Богу. У такіх месцах можам зьвяртацца да Бога малітвай, але гэтая магчымасьць адкрыта нам у любы час дня і ў любым месцы. 
На жаль, ёсьць веруючыя, якія рэдка моляцца Богу, бо непакояцца, што іхнія малітвы неглыбокія ці запростыя для Госпада. Бог у сапраўднасьці прымае кожную шчырую малітву верніка, незалежна ад яе прастаты ці глыбіні. Хрыстос аднойчы расказаў пра фарысея і мытніка, калі яны маліліся Богу. Фарысей у сваёй малітве падзякаваў Богу за тое, што ён не такі грэшнік, як той мытнік, і назваў перад Богам свае добрыя дзеі. Выйшла так, што ён толькі выхваляўся перад Богам, прыгадваючы пра сваю дабрыню і маральнасьць. Толькі аднаго ён не зразумеў, - што ягоная самаправеднасьць зрабіла яго вялікім грэшнікам. Мытнік таксама памаліўся Богу, а ягоная малітва па зьмесьце і духу была зусім інакшай. Хрыстос сказаў, што ад глыбокай скрухі ён нават не адважыўся падняць вочы на неба і біў сябе ў грудзі, кажучы: «Божа, будзь міласьцівы мне, грэшніку!» Хрыстос дадаў, што мытнік быў апраўданы за такую шчырую, хаця і простую пакорную малітву. Такога Збаўца ня мог сказаць пра фарысея (Лук. 18:9-14). У гэтым ёсьць добры ўрок для кожнага з нас, калі мы рыхтуемся зьвярнуцца да Бога праз малітву.
Бог заклікае ўсіх Сваіх дзяцей да малітвы і ў адказ на іхнія шчырыя малітвы Ён выконвае Сваю волю для іх. Пішучы да вернікаў у Фесалоніках, апостал Павал папрасіў малітоўнай падтрымкі ў іх: «Дык малецеся за нас, браты, каб слова Гасподняе пашыралася і выслаўлялася, як і ў вас, ды каб нам вызваліцца ад распусьнікаў і людзей крывадушных, бо ня ўсе маюць веру» (2 Фес. 3:1-2).
Як пры чытаньні Слова Божага, так і падчас малітвы трэба трымацца асаблівага парадку. Ніжэй мы прапаноўваем адзін такі ўзор малітвы.
1. Усхваленьне. Бог насамрэч ня мае патрэбы ў нашым усхваленьні Яго. Але Ён дае нам гэтую мажлівасьць і прывілею дзеля таго, каб мы расьлі ў сваім духоўным жыцьці. Цераз усхваленьне Бога мы адкрываем свае сэрцы Яму. Усхваляць Бога абазначае Яго праслаўляць за Ягоную мудрасьць, моц, велічыню, любоў, ласку, доўгацярплівасьць і г. д. Усякі раз, калі мы ўсхваляем Бога, дык паказваем, што шануем ды цэнім Яго высока, што пакланяемся Яму, а гэта памагае нам ставацца больш чульлівымі да Яго. Пачынай час малітвы ўсхваленьнем Бога. Сваімі словамі ўсхваленьня і праслаўленьня пакажы Богу, што ты паважаеш і цэніш Яго. Некаторыя псальмы надта карысныя ў гэтым, бо паказваюць, хто такі Бог Творца ў характары, магутнасьці і дзеях (глядзі псальмы 71, 86, 89, 95-108 і г. д.). Карысна пачынаць час нашай сустрэчы з Богам перачытваньнем аднаго такога месца, што і падахвоціць нас тым больш усхваляць Госпада Бога.
2. Спавяданьне. Лучнасьць з Богам парываецца, калі мы грэшым. Прарок Ісая напісаў так пра старазапаветны ізраільскі народ: «Беззаконнасьці вашыя зрабілі разьдзел паміж вамі і Богам вашым, і грахі вашыя адварочваюць аблічча Яго ад вас, каб ня чуць» (Іс: 59:2). Псальмасьпявак піша: «Калі б бачыў грэх у сэрцы сваім, то Госпад не пачуў бы мяне» (Пс. 66:18). Калі мы зграшылі, дык маем першую патрэбу ў Божым прабачэньні, бо толькі пасьля спавяданьня ў нашых грахах Бог зноў чуе нашыя малітвы. Цар Саламон гэта зразумеў і напісаў: «Той, хто таіць злачынства свае, ня будзе мець посьпеху; а хто спавядаецца і пакідае іх, будзе памілаваны» (Прык. 28:13).
У малітве мы павінны прасіць, каб Госпад адкрываў нам нашыя грахі. I калі Ён іх адкрывае, трэба тут жа паспавядацца ў іх, каб атрымаць поўнае дараваньне. Ян Багаслоў так і піша: «Калі мы вызнаём свае грахі, Ён верны і праведны, даруе нам грахі і ачысьціць нас ад усялякай няправеднасьці» (I Ян 1:9). У сувязі з гэтым пытаньнем мы можам зьвярнуцца да Бога прыблізна з такімі словамі: «Госпадзе, пакажы мне ўсё, што разлучае мяне з Табою і зь іншымі людзьмі». Ня толькі трэба прасіць у Госпада, каб Ён адкрываў нам грахі, але таксама, каб Ён даваў нам неабходную сілу перамагаць над нашымі грэшнымі парывамі і навыкамі. Самі па сабе мы ніколі не маглі б мець перамогу над грахамі, таму і маем вялікую патрэбу ў Божай дапамозе і дзеяньні, каб іх пераадольваць. Гэта доўгі жыцьцёвы працэс, які трывае аж да дня нашага адыходу зь зямнога жыцьця. Дарагі чытачу, не здавайся ў барацьбе з грахом. Бог паможа табе кожны раз, калі ты будзеш прасіць у Яго. Вызнавай грахі, калі Дух Сьвяты ўказвае на іх і прасі ў Яго дапамогі пераадольваць іх. Бог дапаможа табе, калі сумленна будзеш зьвяртацца да Яго з такой просьбай.
3. Падзяка. Калі мы ведаем, што Госпад дараваў нам грахі, дык можам адказаць Яму толькі адным спосабам - нашай шчырай падзякай. Сталыя пабожныя вернікі аказваюцца ўдзячнымі Богу людзьмі. Яны заўсёды дзякуюць Яму за Ягоныя дабраславеньні і дзеяньні: за Ягоную ласку, міласэрнасьць, за дар збаўленьня, за дараваньне грахоў, здароўе, апеку, ежу, сяброў, царкву, жыцьцёвыя радасьці і г. д. Карысна было б запісваць сабе такія дабраславеньні, за якія мы павінны быць удзячнымі Богу ў малітвах Яму. Апостал Павал піша: «Ва ўсім дзякуйце, бо гэта ёсьць Божая воля у Ісусе Хрысьце для вас» (1 Фес. 5:18). Не павінны мы быць падобнымі да тых, хто Бога не паслухаўся і ад Яго адступіўся. Апостал піша пра такіх: «Яны, спазнаўшы Бога, не праславілі Яго як Бога і не падзякавалі, а сталіся марнымі ў сваіх разважаньнях, і запамарочылася іх няцямлівае сэрца. Сьцьвярджаючы, што яны мудрыя, яны падурнелі» (Рым. 1:21-22). Значыцца, грэшныя людзі Богу не дзякуюць за ўсе Ягоныя дабрадзействы і дабраславеньні, таму і становяцца неразумнымі ў сваіх разважаньнях і ўчынках. Грэшны чалавек да Госпада Бога не зьвяртаецца з просьбай дапамогі над сваімі грахамі. Паважаныя браты і сёстры ў Госпадзе, будзьма заўсёды ўдзячнымі Богу, нават калі пакутуем! Бог гэта заўважае і сваім часам узнагародзіць нас за вернасьць Яму.
4. Малітва за іншых. Вернікі Хрыстовы павінны маліцца адно за аднаго. Так вучыць Сьвятое Пісаньне. Апостал Павал напісаў да калоскіх вернікаў, што ён і Цімафей стала моляцца за іх, каб Госпад дабраслаўляў і напаўняў іх пазнаньнем Ягонай волі для іхняга далейшага духоўнага росту (Кал 1:3-9). Апостал Якаў заахвочвае вернікаў маліцца адно за аднаго, калі хто зь іх хварэе і мае патрэбу ў ацаленьні (Як. 5:16). Мы ўжо працытавалі словы апостала Паўла, у якіх ён просіць фесаланікійцаў маліцца за яго, калі ён дзеліцца Дабравесьцем зь іншымі людзьмі, якія ў першы раз пачулі пра Хрыста і Ягоныя дабраславеньні (2 Фес. 3:1-2).
Колькі разоў мы абяцаем іншым, што будзем маліцца за іх, а пасьля і забываемся пра гэта. Карысна скласьці і трымаць сьпісак малітоўных просьбаў, уключаючы імёны тых, за каго мы молімся. Пераглядаючы сьпісак малітоўных просьбаў, мы будзем памятаць, за каго і за якія сітуацыі мы молімся. За каго павінны мы маліцца? За розных людзей: за сваякоў, сяброў, суседзяў, прасьвітараў, супрацоўнікаў, місіянераў, нават і за ворагаў. Мы можам даведвацца ў людзей пра іхнія патрэбы і жаданьні. Маліся за такіх гэтак, як ты молісься за свае патрэбы і жаданьні. Мы вернікі Хрыстовы ўсе разам маем амаль што адны і тыя ж самыя патрэбы.
5. Малітва за сябе. Мы павінны маліцца і за свае патрэбы. Апостал Павал так напісаў філіпійцам: «Не турбуйцеся ні аб чым, але заўсёды ў малітве і просьбе з падзякай адкрывайце свае жаданьні Богу» (Філ. 4:6). Мы звычайна турбуемся, непакоімся пра жыцьцёвыя няпэўнасьці і цяжкасьці, а тут апостал кажа, што замест таго, нам трэба з падзякай адкрываць свае просьбы Богу і спадзявацца на Яго, што Ён зьдзейсьніць Сваю волю для нас і што гэта паслужыць нам на дабро. Апостал Пётра дадае параду: «Усе клопаты вашыя ўскладзеце на Яго (Бога), бо Ён дбае пра вас» (1 Пётры 5:7). Сьпісак малітоўных просьбаў нямала дапаможа нам не забываць сваіх патрэбаў і патрэбаў іншых людзей, за якія мы молімся. І калі мы пабачым, што Бог адказвае станоўча на нашыя ўласныя патрэбы і патрэбы іншых людзей, гэта напоўніць нас вялікай радасьцю, і мы тым болей будзем праслаўляць і дзякаваць Богу за Ягоныя дзеі. 
За што трэба нам маліцца? За ўсё: за свой духоўны рост, за вызваленьне ад сваіх слабасьцяў і грахоў, за здароўе, за настаўленьне ў нашым жыцьці, за разважлівасьць і мудрасьць у цяжкіх абставінах і г. д. Богу вядомы ўсе нашыя патрэбы і Ён ідзе нам насустрач, каб дапамагаць і падтрымліваць нас ва ўсіх патрэбах. Калі ў малітвах мы будзем прасіць ў Госпада тых рэчаў, якія пагаджаюцца зь Ягонай воляй, дык можам быць упэўненымі, што Ён чуе нас ды адказвае на нашыя малітоўныя патрэбы. Нават калі мы просім аднаго, а Бог пасылае нам нешта другое, мы можам быць удзячнымі Яму за Ягоную мудрасьць. Справа ў тым, што Ён ведае куды больш за нас, у чым мы маем сапраўдную патрэбу. Мы можам быць удзячнымі Богу за тое, што Ён вядзе нас па Сваім праведным шляху для нашага дабра. Калі мы кладзём поўную надзею на Госпада, Ён напаўняе нас пачуцьцём Ягонай прысутнасьці і дапамогі. Апостал Павал прыгадвае мір Божы, які напаўняе нашыя душы. Паводле ягоных словаў: «Мір Божы, які вышэйшы за ўсякае разуменьне, захавае сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысьце Ісусе» (Філ. 4:7). Значыцца, каді мы будзем спадзявацца на Госпада, то будзем спакойнымі і меней перажываць. Ці ж ня гэтага жадае і шукае кожны з нас? Будзьма прасіць у Госпада дапамогі па нашых патрэбах, а Ён своечасова будзе адказваць згодна са Сваёй воляй для нашага дабра і росту ў хрысьціянскай духоўнасьці і жыцьці!
 

НЕАБХОДНЫЯ ЗАХАДЫ

Можа ты, шаноўная сястра ці брат у Хрысьце, пакуль што штодня не сустракаліся з Госпадам. Прывілея гэтая даецца табе, але ты павінен (-на) прыняць неабходныя захады для гэтага. Вось што мы раім:
6. Выберы сабе найвыгаднейшы час дня для сустрэчы з Богам. Кожны мае свае асаблівыя абавязкі ды заняткі і павінен рашаць сам для сябе, калі і дзе найлепей яму штодня сустракацца з Богам. У шматлікіх сітуацыях гэта будзе раніцай, калі для іншых лепей будзе днём або вечарам. Пастанавіўшы адпаведны час для сустрэчы з Госпадам, строга трымайцеся яго, паколькі гэта табе магчыма. Таксама выберы сабе спакойнае месца, дзе ніхто цябе ня будзе турбаваць.
7. Пачні гэта рабіць адразу, зь сёньняшняга дня. Мы раім табе кожны раз правесьці хаця б пятнаццаць хвілін у чытаньні Бібліі і малітве. Зь цягам часу ты можаш прысьвячаць больш часу гэтай справе, калі прыйдзеш да высновы, што замала часу прысьвячаеш сустрэчы з Богам. Лепш пачаць з карацейшага прамежку часу, але чытаць Біблію штодня, чымся пачаць з даўжэйшага прамежку часу і сустракацца з Госпадам тут і там - спарадычна.
8. У першай палове чытай ўрывак з Бібліі, у другой - маліся. Чытай Біблію па выбраным табою раскладу і маліся так, як мы параілі вышэй.
9. Запісвай галоўную думку ці думкі з прачытанага табою тэксту. У канцы гэтага разьдзела даём прыклад, як ты можаш запісваць галоўныя думкі з вычытанага біблейнага тэксту і дадаваць тваё асабістае ўражаньне. Карысна час ад часу вяртацца ды перачытваць твае запісы, каб пабачыць, як ты зь мінулых часоў падрос і пасталеў у хрысьціянскім жыцьці.
Таксама запісвай новыя малітоўныя просьбы з датамі, калі ты ўпершыню выказаў іх Богу. А калі Бог адказвае на нейкую просьбу, не забывайся адзначаць гэта ў запісах. Пераглядаючы час ад часу гэты сьпісак, ты ўбачыш, як Госпад адказвае на твае малітоўныя просьбы, што і праявіцца як у тваім жыцьці, гэтаксама і ў жыцьцях іншых людзей, за якіх ты молісься.
Калі мы штодня такім спосабам будзем сустракацца з Хрыстом, дык нават іншыя пачнуць заўважаць, што мы сапраўды былі з Госпадам, што мы разьвіваемся ў хрысьціянскай духоўнасьці і жыцьці. Гэта станецца бачным у нашых паводзінах і стасунках зь іншымі людзьмі. Мы будзем праяўляць пабожныя характарыстыкі згодна з тым, што сказаў Хрыстос: «Вы сьвятло сьвету... гэтак няхай сьвятло вашае сьвеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўславілі Айца вашага нябеснага» (Маць. 5:14-15).
 
Прыклады запісаў:
 
ШТОДЗЁННАЯ СУСТРЭЧА 3 БОГАМ
Нядзеля: Дата Прачытаны ўрывак
Найважнейшы верш Самая галоўная думка....
Што мне трэба рабіць?
(I так для кожнага дня)
 
МАЛІТОЎНЫЯ ПРОСЬБЫ 
Просьбы.............................
Адказы...............................

 

ЗАПЫТАНЬНІ:

1. Чаму неабходна нам сустракацца з Богам?
2. Што штодзённае чытаньне зь Бібліі дае верніку?
3. 3 чаго складзена нашая штодзённая сустрэча з Богам?
4. У гэтым разьдзеле перадаецца якая парада ў дачыненьні да чытаньня ўрыўкаў з Слова Божага?
5. Якія малітвы Бог чакае ад нас?
6. Якія элемэнты павінны быць у нашых малітвах?
7. Якія практычныя захады трэба прыняць, каб час нашай сустрэчы з Богам быў карысным?
 
 
 
 
 

РАЗЬДЗЕЛ ШОСТЫ:

ВЕРНІК I ЦАРКВА

 
У Новым Запавеце мы ўпершыню сустракаем слова «царква» ў шаснаццатым разьдзеле Дабравесьця паводле Мацьвея. Там жа апісваецца, як апостал Пётра адказаў на пытаньне, пастаўленае Ісусам Хрыстом: «А вы кім Мяне лічыце?» Пётра сказаў: «Ты – Хрыстос (гэта значыць Месія), Сын Бога жывога». На заяву Пётры Хрыстос адказаў: «Ня цела і кроў адкрылі табе гэта, а Айцец Мой, што ў нябёсах; і Я кажу табе: ты – скала, і на гэтай скале Я збудую Царкву Маю, і вароты пякельныя не перамогуць яе» (Маць. 16:15–18).
Што Збаўца разумеў пад словам «царква»? З грэцкай мовы слова «экклезія» перакладаецца на беларускае «царква». У грэцкай мове гэта таксама абазначае «выкліканыя». Значыцца, гэтым адным словам перадаецца паняцьце, што Бог выклікаў сярод людзей Свой асаблівы народ. Гэтае пытаньне ясна і выразна адлюстроўваецца ў кнізе Другога Закону (14:2), дзе мы чытаем пра ізраільскі народ таго часу: «Бо ты — народ сьвяты Госпаду Богу свайму, і цябе выбраў Госпад, каб ты быў Ягоным уласным народам сярод усіх народаў, якія на зямлі». Царква ў Эвангельлі складваецца зь людзей, якія былі выкліканы Госпадам Богам на падставе таго, што яны ўверавалі ды прынялі Ісуса Хрыста за свайго Збаўцу і Госпада–Гаспадара. Вось менавіта такімі апісвае апостал Павал вернікаў у пачатку свайго Першага пасланьня да карынфянаў: «Павал, воляй Божай пакліканы апостал Ісуса Хрыста, і Сасфэн брат, царкве Божай, якая знаходзіцца ў Карынфе, асьвячоным у Хрысьце Ісусе, пакліканым сьвятым, з усімі, хто кліча імя Госпада нашага Ісуса Хрыста ва ўсякім месцы... (1 Кар. 1:1–2). Царква – гэта выкліканыя Богам вернікі.
У Дабравесьці Царква Божая ці Царква Хрыстова прымаецца ў двух значэньнях.
Перш за ўсё, біблійныя аўтары часамі пішуць пра сусьветную Царкву. Яны маюць на ўвазе ўсіх нованароджаных веруючых, якія ўваходзяць у Царкву Хрыстову і знаходзяцца ва ўсіх частках сьвету Толькі Бог і Хрыстос ведаюць, хто менавіта належыць да сусьветнай Царквы. 3 тае прычыны, што мы ўсіх веруючых ня ведаем, сусьветная Царква больш за ўсё застаецца невядомай нам. Вядомая яна толькі Госпаду. Але мы можам быць упэўнены ў тым, што дзеці Божыя жывуць ва ўсіх краінах сьвету і знаходзяцца ў шматлікіх хрысьціянскіх гуртках. Сэрца і духоўны стан кожнага вядомы Богу і Хрысту. Яны ведаюць, хто належыць да сусьветнай Царквы Хрыстовай. Да тых, хто належыць да сусьветнай Царквы, Ісус Хрыстос адносіцца як добры Пастыр да Сваіх авечак. «Я добры Пастыр і ведаю, хто – Мае, і Мае ведаюць Мяне», сказаў Хрыстос (Яна 10, 14). Значыцца, Ісус Хрыстос якраз цяпер ведае Сваіх, а яны ведаюць Яго.
Біблійныя аўтары таксама пішуць пра царкву ў другім значэньні, менавіта, як пра суполку веруючых у пэўным месцы. Такі гурток веруючых таксама называецца царквою. Як мы ўжо заўважылі, у пачатку свайго Першага пасланьня да карынфянаў апостал зьвяртаецца да «Царквы Божай, якая ў Карынфе» (1 Кар. 1:2). Такая царква больш вядомая мясцоваму насельніцтву, бо яе чальцы пастаянна зьбіраюцца для супольнага праслаўленьня Бога і для чытаньня і разважаньня над Словам Божым. Такіх цэркваў у нашым сьвеце процьма і іх бачым усюды па ўсім сьвеце. Яны разам складаюць адну сусьветную Царкву Хрыстову.
Калі хрысьціянскія суполкі існуюць у многіх краінах і мясцовасьцях сучаснага сьвету, то паўстае асноўнае пытаньне: ці вернік мусіць хадзіць да царквы на яе набажэнствы? Як вучыць Біблія адносна гэтага пытаньня? Нідзе ў Бібліі не гаворыцца, што вернік атрымае збаўленьне ў выніку таго, што ён хадзіў да царквы. Збаўленьне даецца нам самім жа Збаўцам Ісусам Хрыстом дзякуючы таму, што ён увераваў і прыняў Ісуса Хрыста за свайго Збаўцу і Гаспадара. Чалавек не апраўдваецца перад Богам тым, што ходзіць на набажэнствы мясцовай суполкі вернікаў. Калі хтосьці лічыць, што ён атрымае збаўленьне дзякуючы таму, што штотыдня хадзіў на багаслужбы мясцовай суполкі вернікаў, дык ён памыляецца, бо таму Біблія ня вучыць.
Тым ня менш, гэта ня значыць, што вернік неяк вызвалены ад абавязку хадзіць на багаслужбы. Сустрэча зь іншымі братамі і сёстрамі па веры неабходна для кожнага верніка, калі на гэта ёсьць мажлівасьць. Мартын Лютэр падкрэсьліў гэтую думку, сказаў аднойчы: «Сабрацца з Божым народам для сумеснага пакланеньня Богу – гэта настолькі неабходна, наколькі і малітва для хрысьціянскага жыцьця». Аўтар Пасланьня да габрэяў піша, што вернікі павінны пастаянна і пасьлядоўна зьбірацца дзеля таго, каб адзін аднаго падбадзёрваць дзеля хрысьціянскага росту і падахвочваньня да дабрадзействаў (Габр. 10:24). Так рабілася ў апостальскія дні, пра што мы чытаем у кнізе Дзеі Сьвятых Апосталаў.
Царква Хрыстова заснавалася ў дзень Пяцідзясятніцы, пасьля таго, як Дух Сьвяты сышоў на апосталаў і іншых веруючых ў Хрыста, якія прысутнічалі. Апостал Пётра выступіў перад натоўпам, які сабраўся наўкола іх, ды расказаў пра Ісуса Хрыста, хто Ён такі і што Ён зрабіў, калі жыў сярод іх. Пётра таксама нагадаў пра ўкрыжаваньне, уваскрэсеньне і ўзьнясеньне Хрыста да Бога нябеснага Айца. Народ, які слухаў Пётру, запытаўся ў яго, што людзям трэба рабіць, каб паправіць іхняе стаўленьне да Бога Айца і Хрыста? Апостал адказаў, што трэба пакаяцца ды прыняць вадзяное хрышчэньне для дараваньня грахоў і атрыманьня Духа Сьвятога (Дзеі 2:38). Тыя зь іх, хто прыняў словы апостала, пакаяліся зь верай ў Збаўцу Хрыста ды прынялі хрышчэньне; гэтакім чынам за адзін дзень далучылася да Царквы Хрыстовай каля трох тысяч душаў.
А чым нованаверненыя займаліся пасьля навярненьня да Хрыста? Мы чытаем, што яны заставаліся пры навуцы апостальскай, гэта значыць яны слухалі апосталаў, якія выкладалі і растлумачвалі Слова Божае. Вернікі сустракаліся для супольнага духоўнага падбадзёрваньня і хрысьціянскай лучнасьці. Яны прымалі ўдзел у Вячэры Гасподняй, гэтым успамінаючы ахвярную крыжовую сьмерць Ісуса Хрыста, і разам маліліся Богу (Дзеі 2:41–42). Тая першая апостальская практыка служыць узорам для ўсіх вернікаў з таго часу, нават і для нас, сучасных хрысьціянаў–вернікаў.
 

ЦАРКВА ЯК БУДЫНАК I ЦЕЛА

У пасланьнях апосталаў Царква Хрыстова апісваецца як будынак і цела. Мы разгледзім абодва гэтыя паняцьці. Гэтыя параўнаньні важныя з тае прычыны, што яны апісваюць сутнасьць Царквы і адлюстроўваюць стаўленьне Ісуса Хрыста да яе ды нашую ролю ў яе жыцьці тут на зямлі.
У другім разьдзеле Пасланьня да эфэсянаў мы чытаем апосталавы словы, што веруючыя «збудаваныя на падваліне апосталаў і прарокаў, маючы Самога Ісуса Хрыста за краевугольны камень, на якім увесь гмах, зладжана змацаваны, расьце ў сьвяты храм у Госпадзе, у Якім і вы разам будуецеся на жыльлё Бога праз Духа» (вершы 20–22). У гэтых словах апостал сьцьвярджае, што Царква Хрыстова падобная да будынку, які стаіць на фундамэнце ўсяго напісанага старазаветнымі прарокамі і выказанага апосталамі.
У старазапаветныя часы выбраныя Богам прарокі адкрывалі Божую волю чалавецтву ды пісалі пра прыйсьце абяцанага Месіі, Які павінен быў заснаваць новае Божае Царства на зямлі. Прарокі сьцьвярджалі, што гэты Выбраньнік Гасподні прывядзе многіх да Царства Божага і гэтым чынам створыцца новы Божы народ. Апосталы пацьвердзілі ўсё тое, што выказалі прарокі, і паказалі, што абяцаным Мэсіяй быў Ісус Хрыстос. Хрыстос выбраў апосталаў, навучаў іх цягам трох з паловай гадоў і даручыў ім духоўную працу – ўсюды прапаведаваць добрую вестку пра збаўленьне ды заклікаць людзей з усіх народаў да пакаяньня, увераваньня ў Бога і Збавіцеля Хрыста і паслухмянасьці Яму. Якраз тое яны і зрабілі. Дзякуючы іхняй стараннай працы, цэрквы ў відах асобных суполак узьніклі па ўсёй Рымскай імперыі. Апосталы пакінулі для будучых пакаленьняў свае боганатхнёныя пісаньні, якія ўвайшлі ў склад Бібліі і цяпер служаць асновай царкоўна–хрысьціянскага вучэньня.
Да таго ж апостал Пётра адзначае, што Хрыстос стаўся краевугольным каменем для Царквы. Значыцца, з усіх людзей, якія належаць да Царквы, Госпад Ісус Хрыстос – найважнейшая асоба. Безь Яго Царквы ня было б! Яна сёньня існуе дзякуючы Ягонаму жыцьцю, настаўленьню, ахвярнай сьмерці, уваскрэсеньню, узьнясеньню да нябеснага Айца і ў выніку таго, што Бог паслаў і цяпер дае веруючым Духа Сьвятога як дар. Хрыстос ня толькі краевугольны камень Царквы, Ён трымае яе ў Сваіх руках і пільна яе апякуе. Апостал дадае, што Царква ўмацаваная Ісусам Хрыстом. Гэта значыць, што Збаўца ахоўвае яе ад усякіх зьнішчальных сілаў і рупіцца па яе становішча. На падставе таго Царква ўзмацняецца ў духоўным жыцьці і стаецца сьвятым духоўным храмам, які рыхтуецца да часу, калі Ісус Хрыстос вернецца на зямлю, каб забраць Сваіх духоўных дзяцей да Сябе. Чальцы Царквы разам растуць у духоўным жыцьці і павінны праяўляюць Божыя рысы, як сьцьвярджае апостал.
Але ня толькі Хрыстос асноўны камень у гэтым духоўным гмаху. Вернікі таксама адыгрываюць сваю асабліва важную ролю. Яны займаюць сваё адпаведнае месца ў Царстве Гасподнім. Апостал Пётра аб гэтым піша ў сваім першым пасланьні: «(Вы) самі, як жывыя камяні, будуйцеся ў дом духоўны, сьвяшчэнства сьвятое, каб прыносіць духоўныя ахвяры, любыя Богу празь Ісуса Хрыста» (1 Пётры 2:5). Таму што вернікі – жывыя камяні ў Божай будоўлі Царквы; праз Хрыста ім даецца вялікая прывілея асабіста прыходзіць да Бога ды прыносіць Яму духоўныя ахвяры праслаўленьня і служэньня, а тое ж Бог з радасьцю прымае. Вернікі карыстаюцца гэтай прывілеяй таму, што ўверавалі ды прынялі Хрыста за свайго асабістага Збаўцу і Госпада–Уладара, і гэта ў выніку таго, што ў іхнія сэрцы ўвайшоў Дух Сьвяты і там жа жыве і пануе. Усе вернікі Хрыстовыя разам складаюць Царкву Божую. Таму што Дух Сьвяты жыве ў кожным зь іх, дык можна сказаць, што Бог праз Духа жыве ў вялікім гмаху Царквы, як піша апостал Павал: «Вы разам будуйцеся на жыльлё Бога праз Духа» (Эфэс. 2:22).
Але апостал параўноўвае Царкву ня толькі з будынкам, ён таксама сьцьвярджае, што Царква падобная да цела жывога чалавека. Галава гэтага цела – Ісус Хрыстос. У першым разьдзеле Пасланьня да эфэсянаў апостал кажа, што Бог «пакарыў усё пад ногі Яго (Хрыста) і паставіў Яго Галавой над усім у Царкве, якая ёсьць Яго целам, поўня Напаўняючага ўсё ва ўсім» (Эфэс. 1:22–23). Калі гаворка ідзе пра цела, мы тут жа разумеем, што гаворым пра жывы арганізм. Царква Хрыстова ў апостальскіх пасланьнях прыраўноўваецца да жывога і дзейнага цела. Да таго ж, усякае цела складаецца з розных частак ці членаў: галавы, вачэй, вушэй, рук, ног і г. д. Можна сказаць, што галава выконвае найважнейшыя функцыі. Розум разважае і рашае, што трэба рабіць і як. Імпульсы выходзяць з мазгоў і кантралююць рухі мышцаў. Галава ў гэтым сэнсе зьяўляецца кіруючым цэнтрам для цела. I падобна да таго ў духоўным арганізьме Царквы Ісус Хрыстос займае тое ж першае пераважнае месца. Ён кіруе царкоўнымі справамі, што значыць – Ён рашае, што трэба рабіць і як, падказвае гэта асобным чальцам Царквы. Са свайго боку, чальцы павінны зьвяртацца да Яго, каб пачуць Ягоныя паведамленьні і наказы ды на той падставе выконваць тое, што пагаджаецца зь Ягонай воляй. Галава кіруе ўсім целам і ўсе чальцы падпарадкоўваюцца ёй. Так павінна адбывацца і ў Царкве. Кожны вернік павінен шукаць волі Хрыста, ёю жыць і яе выконваць.
Аднак, каб галава ня мела ніякіх іншых членаў, а толькі існавала б самастойна, дык вельмі мала яна магла б зрабіць. Хоць наш Галава Хрыстос займае цэнтральнае месца і выконвае найважнейшую ролю ў Царкве, Ён уся роўна жадае і чакае нашага прыхільнага ўдзелу і праз нас Ён хоча выконваць Сваю волю на зямлі. Толькі з дапамогай іншых чальцоў намеры і рашэньні галавы ажыцьцяўляюцца. Бог у Царкве паставіў Хрыста Галавой, а вернікам Ён дае прывілею стацца і заставацца чальцамі Ягонага духоўнага цела. Мы ўвайшлі в склад Царквы Хрыстовай праз увераваньне ў Збаўцу Хрыста і прыняцьце Яго дару вечнага жыцьця. Пра гэта апостал піша гэтак: «У Ім (Хрысьце) і вы, пачуўшы слова праўды, Добрую Навіну вашага збаўленьня, і ўвераваўшы ў Яго, захаваныя абяцаным Духам Сьвятым, Які ёсьць залогам спадчыны нашае на адкупленьне (Божай) уласнасьці, на пахвалу славы Яго» (Эфэс. 1:13–14). Увераваўшы ў Хрыста і прыняўшы Духа Сьвятога, мы сталіся чальцамі (членамі) Ягонай Царквы. Бог даў нам Духа Сьвятога як задатак і гарантыю нашага поўнага збаўленьня ў Гасподнім будучым Царстве ў нябёсах.
Бог гэта зрабіў для кожнага, хто пакаяўся ды ўвераваў у Хрыста і прыняў Духа Сьвятога, незалежна ад ягонай нацыянальнасьці ці становішча ў грамадзтве. Усе вернікі перад Богам застаюцца аднолькавымі і разам складаюць Царкву Хрыстову. Апостал Павал гэта мае на ўвазе, калі піша: «Бо ўсе адным Духам ахрышчаны ў адно цела, юдэі і грэкі, нявольнікі і вольныя, і ўсе напоены адным Духам» (1 Кар. 12:13). Значыцца, Дух Сьвяты, Якога кожны з нас вернікаў атрымаў ад Бога і цяпер мае ў сваім сэрцы, прывёў нас да адной і той жа Царквы і зрабіў нас чальцамі гэтага аднаго Цела Хрыстовага. У Пасланьні да галятаў апостал выдзяляе гэтую думку, кажучы: «Усе вы – сыны Божыя празь веру ў Хрыста Ісуса; усе вы, хто ў Хрыста ахрысьціўся, у Хрыста апрануліся; няма ўжо юдэя, ані грэка, няма нявольніка, ані свабоднага, няма мужчынскага полу, ані жаночага, бо ўсе вы адно ў Хрысьце Ісусе. Калі ж вы Хрыстовы, дык вы — патомства Абрамава і паводле абяцаньня – спадкаемцы» (Гал. 3:27–29). Па ўсім сьвеце людзі ўверавалі ў Ісуса Хрыста і сталіся Яго ўласнасьцю; Ён Духам Сьвятым увайшоў у іхнія сэрцы і там жа прабывае і жыве. I ў Царкве Хрыстовай усе яе чальцы аказваюцца раўнапраўнымі дзецьмі Божымі незалежна ад іхняй нацыянальнасьці, грамадзкага становішча ці полу. Будучы Хрыстовымі, адзін ані горшы, ані лепшы за іншага. Усе карыстаюцца тымі ж самымі прывілеямі і дабраславеньнямі.
Ня толькі Бог усё гэта заяўляе пра вернікаў, а самі ж вернікі павінны паказваць, што яны належаць да Хрыста і да Ягонага Цела на зямлі, Царквы. Якім спосабам? Зьмененым пабожным жыцьцём. Пішучы да карынфянаў, апостал Павал нагадвае ім, што ўсякі, хто належыць да Хрыста, – новае стварэньне ці новая духоўна адроджаная істота ў Хрысьце. Для такога чалавека ранейшыя эгаістычныя інтарэсы павінны былі перамяніцца новымі пабожнымі жаданьнямі. «Настала ўсё новае», сьцьвярджае апостал Павал (2 Кар. 5:12). I новыя Божыя рысы характару павінны праяўляцца ў штодзённым жыцьці адроджанага хрысьціяніна. У Пасланьні да рымлянаў апостал тлумачыць духоўную зьмену нованаверненага наступным чынам: што тычыцца старога мінулага жыцьця без Хрыста, нованаверненыя да Хрыста хрышчэньнем пахавалі сваю грэшную прыроду ў гроб, яны былі ўкрыжаваны разам з Хрыстом, пасьля чаго яны і ўваскрэсьлі зь Ім да новага пабожнага жыцьця (Рым. 6:1–4). Аднак гэтым справа не канчаецца; яна ў сапраўднасьці з гэтага моманту толькі пачынаецца. Цяпер адроджанаму веруючаму трэба апранацца ў новага Божага чалавека (Эфэс. 4:24–32), гэта значыць, яму трэба расьці ў хрысьціянскім жыцьці сілаю і пад кантролем Духа Сьвятога і ў паслухмянасьці Хрысту, і толькі тады будуць праяўляцца ў яго станоўчыя пабожныя рысы характару. Дарагі браце ці сястра ў Хрысьце, дазвольце мне тут жа затрымацца на хвілінку і запытацца ў вас, ці тваё штодзённае жыцьцё са сваякамі, супрацоўнікамі, суседзямі, нават і з ворагамі даказвае, што ты сапраўды належыш да Хрыста і да Ягонага Цела, Царквы? Таго ж менавіта патрабуе Слова Гасподняе. Ня можа быць ніякага сумневу ў тым, што веруючыя ў Хрыста, якія жывуць зьмененым пабожным жыцьцём, належаць да Царквы Хрыстовай. Ці мы разам з табою можам гэта сказаць пра саміх сябе? Спадзяюся, што так.
 

РОЛЯ ЧАЛЬЦОЎ У ЦАРКВЕ 

Калі мы гаворым пра неабходнасьць вернікам праяўляць хрысьціянскі характар, дык разумеем, што гэта тычыцца кожнага дзіцяці Божага. Але калі мы гаворым пра здольнасьці ці ролю вернікаў у Царкве, дык тут жа мы адзначаем, што Бог дае кожнаму верніку асаблівыя дары ці здольнасьці служэньня. Кораценька перагледзім біблійнае вучэньне пра ролю ў Царкве Хрыстовай яе чальцоў.
Апостал Павал асабліва падкрэсьлівае, што Царква ў шматлікіх аспэктах падобная да чалавечага цела. Ён гэта робіць дзеля таго, каб растлумачыць ролю і важнасьць у Царкве кожнага яе чальца. У розных пасланьнях апостал абмяркоўвае гэтае пытаньне, а падрабязна разглядае яго ў дванаццатым разьдзеле Першага пасланьня да карынфянаў. Там жа ён піша, што цела ня можа быць адным членам, а што яно складзена з розных членаў (1 Кар. 12:14). У выглядзе і функцыі кожны член адрозьніваецца ад іншых. Цела дзейнічае ў выніку таго, што мае розныя члены, кожны зь якіх выконвае сваю асаблівую функцыю ці працу. Тое, што першы член учыняе, другі магчыма няздольны рабіць, і наадварот, за тое, што другі член выконвае, першы хутчэй за ўсё не бярэцца. Кожны член цела патрэбны кожнаму іншаму члену. Інакш кажучы, усе члены, разам узятыя, важныя і неабходныя для нармальнага і эфэктыўнага функцыянаваньня ўсяго цела. Кожны член мае сваю ролю і ні адзін зь іх не важнейшы за другі.
Іменна тую ж самую думку апостал Павал выказвае, калі апісвае склад і дзейнасьць Хрыстовага Цела, Царквы. Прачытаем ягоныя словы аб тым, запісаныя ў дванаццатым разьдзеле Першага пасланьня да карынфянаў: «Цела ж – гэта не адзін член, але многа. Калі скажа нага: «Я не рука, я не ад цела», дык ці ж яна не ад цела? Калі ўсё цела – вока, дык дзе слых? Калі ўсё цела – слых, дык дзе нюх? Але ж Бог разьмеркаваў кожны з членаў у целе, як Сам хацеў. А калі б усе былі адным членам, дык дзе цела? Але цяпер членаў многа, а цела адно» (1 Кар. 12:14—20).
У гэтых словах апостал Павал піша пра асаблівасьці кожнага члена ў целе. Што робіць іх асаблівымі? Іхнія здольнасьці. Кожны член выконвае сваю асаблівую функцыю ці працу. Тое самае відаць ў Царкве. Апостал тлумачыць, што Бог праз Духа дае кожнаму веруючаму спэцыяльны дар або дары, гэта значыць – здольнасьці, якія адрозьніваюцца ад дароў ці здольнасьцяў іншых веруючых. «Ёсьць розьніца ў дараваньнях, – ён заяўляе, – але Дух той самы» (1 Кар. 12:4). Тут жа апостал пералічвае дары ці здольнасьці, якія Дух Божы дае чальцам Царквы: мудрасьць, веды, веру, аздараўленьне хворых, цудатворства, прароцтва, распазнаваньне духаў, розныя мовы і тлумачэньне моваў (1 Кар. 12:8–10). У дванаццатым разьдзеле Пасланьня да рымлянаў апостал дадае яшчэ іншыя дары–здольнасьці: служэньне, навучаньне, падбадзёрваньне, шчодрасьць у ахвяраваньні, старшынства і міласэрнасьць (Рым. 12:6–8). Ёсьць і іншыя дары, але тут мы ня будзем займацца імі. Самае важнае для нас цяпер – гэта зразумець, што кожны веруючы, будучы чальцом Царквы Хрыстовай, атрымаў ад Духа і карыстаецца асаблівым дарам або здольнасьцю згодна з Божай воляй. Дух Сам распараджаецца гэтай справай і рашае, якую здольнасьць ці здольнасьці кожны вернік і верніца атрымае ад Яго. Апостал Павал піша: «Усё ж гэта робіць адзін і той жа Дух, надзяляючы кожнага асобна, як Яму хочацца» (1 Кар. 12:11).
Калі яно так і ёсьць, дык як вернік павінен ставіцца да такога дзеяньня Духа Сьвятога? Ён павінен быць удзячным Яму за духоўныя дары, гэтым прызнаючы, што здольнасьці на служэньне прыходзяць ад Бога. Прыняць славу за здольнасьці само Божае дзіця ня можа, бо ўся ўдзячнасьць і слава належаць Богу. Але ў дачыненьні да гэтага пытаньня я асабіста лічу, што верніку карысна папрасіць, каб Дух Сьвяты адкрыў яму, якія дары былі дадзены яму і якія ён цяпер павінен ўжываць на дабро іншым у Царкве і па-за яе сьценамі. Гэта становіцца вядомым верніку праз малітву і жыцьцёвы вопыт. У малітве мы зьвяртаемся да Бога з просьбай, каб Ён паказаў нам, якія дары мы маем ад Духа, а ў жыцьці гэта выяўляецца само па сабе. Праз кантакты зь іншымі людзьмі мы даведваемся, у якіх дарах–здольнасьцях мы наймацнейшыя. Іншыя вернікі, якія нас добра ведаюць і заўважаюць нашыя здольнасьці, могуць дапамагчы нам у прызнаньні нашых дароў. Як толькі гэта адкрываецца нам, дык мы абавязаны карыстацца нашымі здольнасьцямі на служэньне Богу, іншым вернікам, усёй Царкве і нявернікам.
Апостал Павал кажа, што «кожнаму даецца выяўленьне Духа на агульную карысьць» (1 Кар. 12:7). Значыцца, трэба ўжываць здольнасьці на карысьць не сабе ці сваім інтарэсам, а іншым людзям дзеля іхняга дабра. Калі так мы будзем рабіць, дык і будзем служыць усяму Целу Хрыстоваму. У служэньні іншым людзям мы выконваем Божую волю і вызначаную нам ролю ў Царкве. Кожнаму верніку, які шукае Божае волі наконт свайго асаблівага служэньня ў Царкве, адкрываецца, у чым менавіта заключаюцца ягоныя здольнасьці. I гэта дапамагае яму ўпэўніцца ў тым, чым яму займацца ў мясцовай суполцы вернікаў. Карыстаючыся дадзенымі здольнасьцямі пры служэньні іншым, мы садзейнічаем нармальнаму і эфэктыўнаму дзеяньню Цела Хрыстовага. Кожнаму чальцу Царквы даецца адпаведная роля, якую ён павінен выконваць па Божай волі.
Да таго ж, у сувязі з гэтым пытаньнем апостал Павал тлумачыць, у якім духу вернік павінен служыць Богу і іншым людзям. У дванаццатым разьдзеле Пасланьня да рымлянаў ён піша: «Ня думайце аб сабе больш, чым трэба думаць, але думайце разумна, як Бог кожнага мерай веры надзяліў» (Рым. 12:3). Выхваляцца сваімі здольнасьцямі ці думаць аб сабе высока па прычыне сваіх здольнасьцяў ніхто ня можа, бо яны былі дадзены нам Госпадам. Замест выхваляньня самога сябе трэба дзякаваць Богу і служыць іншым з пакорлівасьцю і сардэчнай любоўю. У дванаццатым разьдзеле Пасланьня да рымлянаў апостал дадае словы: «Любоў няхай будзе ў вас некрывадушная; брыдзьцеся зла, прыхіляйцеся да дабра, братняй любоўю адзін да аднаго ласкавыя, адзін болей другога ўзаемна ўшаноўвайцеся; у руплівасьці не слабейце, духам палайце, Госпаду служэце» (Рым. 12:9–11). Служачы іншым у такім духу, мы сапраўды будзем выконваць Божую волю для свайго духоўнага росту і ўмацоўваньня ўсёй Царквы Хрыстовай.
 

ЗДОЛЬНАСЬЦІ КІРАЎНІЦТВА

Біблія апісвае, як Хрыстос паклаў аснову Сваёй Царкве, калі выбраў правадыроў для яе. Першымі правадырамі Царквы былі Хрыстовы вучні, якіх Збавіцель выбраў і на працягу трох з паловай гадоў навучаў і падрыхтаваў на кіруючую ролю ў маладой Царкве. Ужо ў гэтым мы бачым, што Бог спачатку пачаў выбіраць паасобных людзей і надзяляць іх асаблівымі дарамі–здольнасьцямі. Каб эфэктыўна выконваць Божую волю на зямлі, Царква мела патрэбу ў здатным кіраўніцтве і Хрыстос паклапаціўся аб тым, як піша апостал Павал: «Ён паставіў адных апосталамі». Але гэта ня ўсё, бо апостал працягвае: «Ён паставіў... другіх прарокамі, іншых эвангелістамі, іншых пастырамі і настаўнікамі дзеля збудаваньня сьвятых на справу служэньня, дзеля збудаваньня Цела Хрыстовага» (Эфэс. 4:11–12).
Бог паклапаціўся пра тое, каб даць Царкве правадыроў і надзяліць іх неабходнымі здольнасьцямі кіраўніцтва. Ён тое ж самае ўчыняе і ў цяперашні час. Дзякуючы іхняму служэньню і духоўнай працы Царква сёньня працягвае прыводзіць няверуючых да Хрыста і спрыяе духоўнаму росту сваіх чальцоў. Заснавальнікамі Царквы былі Хрыстос і Ягоныя вучні, названыя «апосталамі». Ім было даручана прапаведаваць Дабравесьце і заснаваць Царкву па ўсёй Рымскай імпэрыі, што яны і зрабілі. Яны першыя выкладалі навуку Хрыстову і запісалі яе для будучых пакаленьняў. Апосталы былі разам з Хрыстом і заснавалі Царкву, таму іхняя ўнікальная роля і служэньне ў гісторыі Царквы не паўтарылася. Апостал Павал заяўляе, што мы вернікі збудаваны на падваліне апосталаў і прарокаў і што Ісус Хрыстос стаўся краевугольным каменем Царквы (Эфэс. 2:20). Як унікальнае служэньне старазапаветных прарокаў і самога ж Ісуса Хрыста ня можа паўтарыцца, так і служэньне апосталаў Царкве скончылася і не працягваецца.
Апостал Павал напамінае пра служэньне прарокаў у апостальскай Царкве. Мы павінны зразумець, што ён тут не гаворыць пра старазапаветных прарокаў, якія запісвалі Слова Божае і прадказвалі будучыя падзеі. Прарокі ў апостальскія часы карысталіся здольнасьцю выкладаць Слова Божае з такой выразнасьцю, што нават простыя і звычайныя людзі маглі зразумець ягоны зьмест і патрабаваньні дзеля выкананьня Божае волі.
Апостал таксама прыгадвае пра служэньне эвангелістаў. Эвангеліст – асоба, выбраная Богам для прапаведаваньня і тлумачэньня Дабравесьця і закліканьня няверуючых да каяньня ды ўвераваньня і прыняцьця Хрыста сваім асабістым Збаўцам і Уладаром. Ёсьць цяпер ў сьвеце людзі, якія заклікаюць ды прыводзяць цэлыя масы людзей да Ісуса Хрыста, бо Дух Сьвяты дае ім дар на такое асаблівае служэньне.
У мясцовай царкве займаецца духоўнай працай галоўная асоба, якую апостал называе «пастырам– настаўнікам». Мы сёньня называем такога службоўца мясцовага гуртка вернікаў «прасьвітарам» ці «пастарам». Прасьвітара мы можам прыпадобніць да пастуха, які трымае пры сабе і апякуецца сваім статкам авечак. Пастыр–настаўнік даглядае і настаўляе сваіх духоўных авечак, вернікаў, каб яны расьлі і разьвіваліся ў хрысьціянскім жыцьці і ў лучнасьці з Госпадам. Гэта нялёгкая праца, але Бог дае яму неабходную мудрасьць і моц на такую службу.
Біблія таксама паведамляе, што Бог выбірае для кожнай мясцовай суполцы вернікаў іншых братоў, якім даручаецца абавязак даглядаць яе чальцоў у іхнім духоўным росьце і рупіцца аб чысьціні Дабравесьця Хрыстовага, калі яно прапаведуецца і растлумачваецца. У новазапаветныя часы такія людзі называліся «старэйшынамі» ці нават «эпіскапам». У цяперашні час іх мы можам параўнаць з чальцамі брацкага кіруючага камітэта мясцовай суполкі вернікаў. Якасьці старэйшын выкладаюцца ў Першым пасланьні апостала Паўла да Цімафея (3:1–7) і ў Пасланьні да Ціта (1:6–9).
У Новым Запавеце прыгадваюцца і дыяканы, якія ў дні апосталаў дапамагалі ўдовам, апекаваліся імі і займаліся адміністратыўнымі справамі. Якасьці дыяканаў пералічваюцца ў Першым пасланьні да Цімафея (3:8–12).
Як павінны мы ставіцца да кіруючых братоў у Царкве Хрыстовай? Калі іхняе настаўленьне і духоўнае служэньне не супярэчыць вучэньню Слова Божага, дык ставіцца да іх мы павінны з глыбокай пашанай і паслухмянасьцю. Аўтар Пасланьня да габрэяў дае нам такую параду: «Слухайцеся настаўнікаў вашых і будзьце пакорнымі, бо яны клапоцяцца аб душах вашых; яны абавязаны даць адказ за іх, ды каб з радасьцю гэта рабілі, а не ўздыхаючы, бо гэта для вас не карысна» (Габр. 13:17). Бог паставіў над намі правадыроў і даручыў ім асаблівы духоўны абавязак – даглядаць нас у духоўным жыцьці, каб мы паглыбляліся ў Хрыстовай навуцы ды разьвіваліся ў хрысьціянскім характары і паводзінах. Калі штосьці ў нашым жыцьці ня так, то яны з замілаваньнем павінны падказваць нам, у чым мы памыляемся, і такім чынам стрымліваць нас ад далейшага грашэньня і вярнуць нас да Хрыста і сапраўднага хрысьціянскага жыцьця згодна са Словам Божым. Да таго ж, кіруючым братам даручана папраўляць тых, хто ў дактрынальным разуменьні адступіў ад біблійнай праўды.
Усім веруючым трэба паважаць і шанаваць царкоўных кіраўнікоў за іхняе важнае духоўнае служэньне. Так раіць апостал Павал, калі піша: «Просім жа вас, браты, паважаць тых, хто старанна працуе ў вас і пастаўлены над вамі ў Госпадзе ды вас навучае. Зь любоўю шануйце іх моцна за іхнюю працу» (1 Фес. 5:12–13). Дарагі чытачу, ці ты паважаеш і шануеш кіруючых братоў суполкі, якую адведваеш і да якой належыш? Бог хоча, каб мы такім жа спосабам ставіліся да Ягоных выбраньнікаў.
 

У ЯКУЮ ЦАРКВУ ХАДЗІЦЬ?

Турбуе нас яшчэ іншае пытаньне, – менавіта, да якой царквы хадзіць і сваім часам зь якой злучыцца? Гэта надта важнае пытаньне і патрабуе нашай самай сур’ёзнай увагі. Я асабіста веру, што калі ў малітве мы будзем прасіць Божага кіраўніцтва ў дачыненьні да гэтага пытаньня, Госпад накіруе нас да той суполкі, зь якой мы павінны зьяднацца згодна з Гасподняй воляй.
Неабходна маліцца ў гэтай справе. Мы таксама можам паставіць сабе цэлы шэраг пытаньняў, якія дапамогуць нам прыйсьці да праўдзівай высновы. Напрыклад, ці прапаведуецца Слова Божае на багаслужбах дадзенай суполкі? Не забываймася, дарагія браты і сёстры, што Царква Хрыстова існуе дзеля таго, каб прапаведаваць Дабравесьце Хрыстова, гэта значыць поўны зьмест Бібліі. Дык вось, калі мы ведаем пра дадзеную суполку вернікаў, то і павінны мы паставіць сабе пытаньне: ці яе лідэры і прапаведнікі выкладаюць вучэньне Бібліі ва ўсёй яго чысьціні і поўнасьці? Ці яны заклікаюць людзей да каяньня, ўвераваньня ў Хрыста ды стойкага хаджэньня за Ім? Справа ў тым, што для закліканьня людзей да Хрыста трэба чытаць і растлумачваць поўны зьмест Бібліі. Калі нейкая царква таго ж ня робіць, дык і ня варта зьвязвацца зь ёю, бо яна Божае волі ня выконвае. Да Сваіх вучняў Хрыстос сказаў, і да нас Ён сёньня тое ж самае кажа, «Ідзеце і навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа, навучаючы іх выконваць усё, што Я сказаў вам» (Маць. 28:19–20). У Дабравесьці паводле Марка запісаны падобныя Хрыстовы словы: «Ідзеце па ўсім сьвеце і абвяшчайце Дабравесьце ўсякаму стварэньню» (Марк. 16:15), гэта значыць, трэба ісьці і абвяшчаць усім народам. Вось менавіта ў гэтым заключаецца самая галоўная мэта і дзейнасьць Царквы. Калі дадзеная суполка веруючых прапаведуе Дабравесьце, то варта хадзіць на яе набажэнствы і нават уступіць у склад чальцоў яе.
Мясцовая царква таксама павінна даваць веруючым магчымасьць разам пакланяцца Богу і праслаўляць Яго сьвятое імя. У Старым Запавеце юдэйскі народ рэгулярна зьбіраўся дзеля таго, каб разам праслаўляць Бога. На багаслужбах сёньняшніх суполак кіруючыя браты павінны ствараць тую атмасфэру, каб прысутныя маглі пакланяцца і праслаўляць Бога са шчырым сэрцам менавіта так, як Хрыстос сказаў самаранцы: «Прыйдзе час, і ён ужо прыйшоў, калі праўдзівыя паклоньнікі будуць пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе» (Ян. 4:23). Калі мы думаем злучыцца з выбранай мясцовай групай веруючых, дык добра адказаць на гэтае пытаньне: ці праслаўляецца імя Госпадава на яе набажэнствах, ці прапаведуецца імі Слова Божае? Калі так, дык можам сьмела хадзіць на яе багаслужбы і разам зь іншымі прысутнымі аддаваць сваё сэрца і голас супольнаму праслаўленьню Госпада Бога і Ісуса Хрыста.
Да таго ж, мясцовая царква павінна стварыць атмасфэру, пры якой прыхаджанам можна расьці ў духоўным жыцьці. Бог даў Царкве людзей з асаблівымі дарамі настаўленьня – такіх, як прасьвітараў, эвангелістаў і іншых духоўных настаўнікаў. Яны дапамагаюць нам у зразуменьні біблійных дактрын і ў паглыбленьні ў нашай веры. Апостал Павал піша, што Бог даў Царкве такіх людзей «збудаваньня сьвятых, на справу служэньня, дзеля збудаваньня Цела Хрыстовага, пакуль усе мы дойдзем да адзінства веры і пазнаньня Сына Божага, да мужа дасканалага, да меры поўнай велічыні Хрыстовай» (Эфэс. 4:12–13). Бог адарыў гэтых людзей духоўнымі здольнасьцямі, каб мы маглі празь іхняе настаўленьне расьці і ўмацоўвацца духоўна паводле Божай волі. Так рабілася ў апостальскія часы, калі вернікі «трывалі ў навуцы апостальскай, у супольнасьці і ламаньні хлеба ды ў малітвах» (Дзеі 2:42). Знаходзячыся ў асяродзьдзі, дзе вернікі разьвіваюцца ў духоўным жыцьці, у служэньні Богу і іншым людзям, мы таксама пачынаем разьвівацца духоўна, гэта значыць – у нашай лучнасьці з Госпадам і ў хрысьціянскім служэньні. Выбраныя царкоўныя правадыры і прапаведнікі нам дапамогуць паглыбляцца ў веры і вучыцца, як служыць іншым людзям – вернікам і нявернікам.
Мясцовая царква павінна быць месцам, дзе веруючыя спатыкаюцца адно з адным для падбадзёрлівай хрысьціянскай лучнасьці. Ці гэта адбываецца і адчуваецца на сустрэчах суполкі? Не забудземся пра адно, дарагі чытачу, – пры такой сустрэчы веруючыя могуць мець прыемную размову пра звычайныя жыцьцёвыя справы, і ўсяму сваё месца, але яны таксама павінны разам праслаўляць свайго дарагога Збаўцу і памаліцца адно за аднаго датычна імі выказаных патрэб. Гэтакім чынам мы можам падбадзёрваць адно аднаго ў дачыненьні да сваіх асобных хрысьціянскіх жыцьцяў і супольнага духоўнага служэньня. Цудоўны прыклад мы можам браць ад апостала Паўла, які напісаў вернікам у Рыме: «Я вельмі жадаю пабачыць вас, каб падзяліцца з вамі крышынкай дару духоўнага дзеля вашага ўзмацненьня, суцешыцца з вамі супольнаю вераю, вашаю і маёю» (Рым. 1:11–12). Веруючыя, якія слухаюцца Бога, жывуць у лучнасьці з Госпадам і, зьбіраючыся зь іншымі веруючымі, павінны адчуваць падобную духоўную блізкасьць, якая існуе паміж імі і Госпадам. Так піша апостал Ян: «Аб тым, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем вам, каб і вы мелі лучнасьць з намі; а нашая ж лучнасьць – з Айцом і Сынам Ягоным, Ісусам Хрыстом. Бог – сьвятло, і няма ў Ім ніякае цемры... калі ходзім у сьвятле, як Ён у сьвятле, дык маем лучнасьць адно з адным і кроў Ісуса Хрыста, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усякага граху» (1 Ян. 1:3–7).
Мясцовая царква павінна даваць чальцам магчымасьць служыць Богу і іншым людзям. Ці дадзеная мясцовая суполка веруючых гэта робіць? Яе правадыры павінны ня толькі заклікаць няверуючых да Хрыста, але таксама і навучаць веруючых, як узрастаць у хрысьціянскім жыцьці ды сьведчыць іншым нявернікам пра Хрыста і збаўленьне ў Ім, каб празь іхняе сьведчаньне няверуючыя сталіся веруючымі і ўвайшлі ў склад мясцовай Царквы. Мы памыляемся, калі лічым, што толькі прасьвітары і прапаведнікі павінны растлумачваць нявернікам шлях збаўленьня, бо такая духоўная праца насамрэч даручана і нам, звычайным чальцам мясцовай суполкі вернікаў. У першапачатковай царкве веруючыя распаўсюджвалі евангельскую вестку, дзе б толькі яны ні былі. У кнізе Дзеі сьвятых апосталаў мы чытаем: «Кожны дзень у храме і па дамах не пераставалі навучаць і прапаведаваць пра Ісуса Хрыста» (Дзеі 5:42). Калі ўлады пачалі перасьледаваць першых хрысьціян у Ерусаліме, многія зь іх пакінулі горад і перабраліся ў іншыя месцы, дзе і працягвалі распаўсюджваць добрую вестку пра Збавіцеля Ісуса Хрыста. У нашыя дні чальцы мясцовай групы павінны тое ж самае рабіць сярод знаёмых, а тых, хто прымае Слова Гасподняе і стаецца веруючым ці веруючай, сталыя веруючыя павінны навучаць асноўным прынцыпам духоўнага росту ў Ісусе Хрысьце.
Апрача таго, кожны член суполкі можа служыць Богу ў мясцовай царкве сваім удзелам ў яе хоры, радзе старэйшын або ў іншай групоўцы царкоўных супрацоўнікаў, ў служэньні сярод моладзі, старэйшых асоб, алькаголікаў і іншых. Мясцовыя цэрквы заўсёды маюць патрэбу ў людзях, гатовых працаваць зь дзецьмі, як настаўнікаў і настаўніц нядзельнай школы. Гэта людзі, якія валодаюць асаблівай здатнасьцю тлумачыць Слова Божае так, каб дзеці яго разумелі. Згодна з дарамі, дадзенымі Духам Сьвятым, вернік можа дапамагаць тым, хто адчувае асаблівую патрэбу, ці то будзе фізычнае ці духоўнае заданьне. Служачы іншым людзям і Богу, мы самі разьвіваемся і паглыбляемся ў хрысьціянскім жыцьці і паводзінах. Таму і добра паставіць сабе пытаньне, калі думаеш далучыцца да дадзенай суполкі вернікаў: ці гэтая суполка вернікаў дае сваім чальцам магчымасьць служыць названымі спосабамі?
Слова Божае таксама навучае нас, што мы павінны падтрымліваць Царкву і яе духоўнае служэньне нашымі ахвяраваньнямі. Гэтым чынам мы садзейнічаем Божай справе тут на зямлі. Царква Хрыстова мае патрэбу ў сродках, каб выконваць працу, даручаную ёй Госпадам Ісусам Хрыстом. Некаторыя царкоўныя работнікі займаюцца толькі духоўнай працай, таму і павінны атрымліваць плату ад тых, каму служаць. Да таго ж, час ад часу няшчасныя людзі трапляюць у бяду і царква можа дапамагчы ім. Як першае, так і другое патрабуе сродкаў. Апостал Павал напісаў да веруючых у Карынфе аб тым, што трэба ахвяраваць на Божую справу, але ў асаблівым духу гэта павінна выконвацца. У Другім пасланьні да карынфянаў мы чытаем ягоныя такія словы: «Няхай жа кожны дае, як рашыў у сваім сэрцы, не шкадуючы і не пад прымусам, бо Бог любіць таго, хто дае ахвотна, і Бог можа ўзбагаціць вас усякай ласкай, каб вы, заўсёды і ва ўсім маючы ўсякі дастатак, былі багатыя на ўсякую дабрадзейнасьць» (2 Кар. 9:7—8). Бог любіць веруючага, які ахвотна і з радасьцю ахвяруе на Ягоную справу, і ў выніку таго Ён дае шчодраму ахвярадаўцу мудрасьць і сілу, каб ён мог рабіць яшчэ больш дабра людзям і гэтым чынам стацца добрым сьведкам Божай ласкі, якая дзейнічае ў ім. Ці ты, дарагі браце або сястра ў Хрысьце, гатовы (–ая) падтрымліваць духоўнае служэньне мясцовай суполкі сваімі фінансавымі сродкамі? У гэтым таксама мы разьвіваемся ў хрысьціянскім характары і паводзінах.
Прарок Малахія запісаў словы, у якіх Бог абяцае дабраславеньне таму, хто прыносіць ахвяраваньне ў Ягоны дом: «Прынясеце ўсю дзесяціну ў сьвіран, каб былі харчы ў доме Маім; і ў гэтым выпрабуйце Мяне, кажа Госпад Саваоф, ці не адчыню вам жаролаў нябесных і ня вылью на вас дабраславеньне ў празьмернасьці» (Мал. 3:10). Можам быць упэўнены ў тым, што калі мы ахвяруем Госпаду нашымі матэрыяльнымі сродкамі, Ён нас ніколі не пакіне ў бядзе. Паводле прачытаных словаў Бог дасьць нам больш, чым нам патрэбна. У старазапаветныя часы ізраільцяне прыносілі дзесяціну сваіх тавараў і пладоў ці заробкаў. Думаецца, што няблага было б трымацца такога правіла і ў нашыя дні, хаця б як мінімум. Калі Госпад дасьць яшчэ больш, дык ад шчырага сэрца і любові мы маглі б даць Яму больш за тую мінімальную дзесяціну нашых сродкаў.
Быць адасобленым веруючым без усякай сувязі ці кантакту зь іншымі веруючымі – гэта ненармальнае становішча. Бог хоча, каб Ягоныя дзеці сустракаліся для свайго духоўнага падбадзёрваньня, лучнасьці ды росту, калі на гэта ёсьць магчымасьць. Са свайго боку мы вернікі павінны шукаць іншых, зь якімі мы можам зьяднацца і ўвайсьці ў блізкія стасункі. А калі мы ўжо далучыліся да гуртка вернікаў, дык Бог хоча, каб мы ня толькі атрымлівалі духоўныя дабраславеньні, прысутнічаючы на багаслужэньнях, але таксама служылі і дапамагалі іншым. Ці мы гэта робім, дарагі браце ці сястра ў Хрысьце?
 

ЗАПЫТАНЬНІ:

1. Якое значэньне нясе слова «царква»?
2. У якіх двух сэнсах слова «царква» ўжываецца ў Новым Запавеце?
3. Чаму веруючы павінен хадзіць на набажэнствы хрысьціянскага гуртка?
4. У якім сэнсе Царква Хрыстова падобная да будынку?
5. У якім сэнсе Царква Хрыстова падобная да чалавечага цела?
6. Чаму кожны член суполкі важны і патрэбны?
7. Як веруючы можа даведацца аб той духоўнай здольнасьці ці здольнасьцях, якія Дух Сьвяты даў яму на служэньне Царкве, Богу і людзям?
8. Якія кіруючыя браты Царквы ўпамінаюцца ў Новым Запавеце? У чым заключаюцца іхняе духоўнае служэньне?
9. Калі думаем аб тым, у якую царкву хадзіць і зь якой злучыцца, якія пытаньні можна паставіць у дачыненьні да дадзенай суполкі вернікаў?
10. У якіх відах служэньня можа звычайны чалец мясцовай царквоўнай суполкі вернікаў прымаць удзел і быць актыўным?
11. Што гаворыцца ў Новым Запавеце аб фінансавай падтрымцы духоўнага служэньня ў асяродзьдзі мясцовай царквы?

 

 

 

РАЗЬДЗЕЛ СЁМЫ:

ЗМАГАНЬНЕ І ПЕРАМОГА НАД СПАКУСАМІ

Ці ты, дарагі чытачу, нешта такое калісьці чуў ці сам выказаў: «Сілы ня маю, каб перамагчы грэшныя схільнасьці ў сабе. Вось добра ведаю, што ў Бібліі сказана, што не павінны мы сварыцца адзін з адным, але я ўся роўна часамі выходжу зь цярпеньня, калі бываю зь сям’ёй або з супрацоўнікамі. Што мне рабіць?» Іншы скажа: «Колькі б я ўжо ні стараўся, але ніяк не магу вызваліцца ад гарэлкі і п’янства. Гэта такая спакуса, якую я не магу пераадолець. Заўсёды ўступаю ёй».
Мы ўсе сустракаемся са спакусамі ў жыцьці і часта ня ведаем, як змагацца зь імі. Для многіх вернікаў гэта цяжка зразумець, асабліва для некаторых, якія толькі што навярнуліся да Хрыста, уверавалі ды пайшлі ўсьлед за Ім. «Ці ж не казалі мне, – яны пытаюцца, – што Хрыстос, увайшоўшы Духам Сьвятым у мяне, дапаможа мне жыць тым новым бязгрэшным хрысьціянскім жыцьцём? Як жа так, што я пакаяўся ў мінулых грахах ды ўвераваў у Хрыста, прыняў Яго сваім Збаўцам і Госпадам, а мяне не пакідаюць тыя старыя грахі і грэшныя пачуцьці? Ці ня кажа Слова Божае, што той, хто веруе ў Хрыста, стаўся новым чалавекам?»
Такія пытаньні нованаверненыя часта ставяць пасьля свайго навярненьня да Хрыста, бо не разумеюць, што духоўная барацьба паміж сіламі праведнасьці і граху ў чалавеку па–сапраўднаму толькі пачынаецца пасьля ягонага навярненьня да Бога. Вопыт шматлікіх людзей паказвае, што спакуса не пакідае нас пасьля навярненьня, а часамі нават і ўзмацняецца. Для гэтага ёсьць прычыны. Слова Божае вучыць, што спакусы прыходзяць да нас з трох крыніц: цела, сатаны і сьвету. Паглядзім, што Сьвятое Пісаньне кажа пра кожную зь іх. 
Гэта праўда, што чалавек, які быў народжаны ад Духа Сьвятога, атрымаў новую натуру ці прыроду ад Бога. Шмат зьмянілася ў ім, калі аддаўся Богу ды прыняў Хрыста за свайго асабістага Збаўцу і Госпада. Дух Сьвяты ўвайшоў у ягонае сэрца і там жа цяпер жыве і дапамагае верніку расьці ў хрысьціянскай духоўнасьці. Але не павінны мы думаць, што старая, грэшная прырода пакідае верніка назаўсёды. Вось тут якраз нованавернены можа памыляцца. Грэшная натура са сваёй схільнасьцю да грашэньня ў сапраўднасьці застаецца ў чалавеку, хоць яна ўжо ня мае той моцы ці кантролю над веруючым, як раней. Цяпер павінен займаць найгалоўнейшае месца ў сэрцы і жыцьці веруючага Ісус Хрыстос. Але бываюць моманты, калі грэшная прырода ўсё-такі пераважае. Вернік не дае Духу Сьвятому першага месца ў сваім сэрцы і жыцьці, таму ён і грэшыць. Адным словам, пасьля навярненьня да Госпада ў веруючым пачынаецца духоўнае змаганьне з грахом і ў гэтай барацьбе ён сустракае ўсялякія спакусы. Апостал Павал растлумачвае гэтае змаганьне так: «Бо цела хоча супраціўнага Духу, а Дух супраціўнага целу; яны адно аднаму супраціўляюцца, каб вы ня тое рабілі, чаго хацелі б» (Гал. 5:17); «добрага, якое хачу рабіць, не раблю; а благое, якога не хачу рабіць, раблю» (Рым. 7:19). Ці можа вернік мець перамогу над грахом і спакусамі? Можа. Слова Божае адкрывае нам шлях да перамогі, але перад тым, як пазнаёміцца зь ім, трэба пераглядзець крыніцы спакушэньня. Ведаючы іх, мы зможам навучыцца, як змагацца са спакусамі і перамагаць.
 

КРЫНІЦЫ СПАКУШЭНЬНЯ

Як вышэй было сказана, спакусы прыходзяць з трох крыніц: нашага ўласнага цела, сатаны і сьвету. Пачнём зь цела. 
Зь целам зьвязаны нашыя асабістыя жаданьні. Мець асабістыя жаданьні – зусім нармальная зьява, але не забывайма, што чалавек можа мець і добрыя і благія жаданьні. Калі гэтыя жаданьні служаць толькі нашым інтарэсам, то яны могуць быць грэшнымі. Нашыя грэшныя памкненьні выходзяць з жаданьняў цела, але жаданьні цела таксама зьвязаны з нашай грэшнай натурай. Біблія растлумачвае, што нашая грэшная натура і цела неаддзельныя рэчы. Адно корміць і падбухторвае другое і наадварот.
Чаму натура чалавечая грэшная і сапсаваная? Як жа яна сталася такой? Біблія адказвае, што грэшную натуру мы ўнасьледавалі ад бацькоў, як і яны ад сваіх бацькоў. Славуты сьпявак псальмаў, Давід, напісаў: «Я ў беззаконнасьці нарадзіўся, і ў граху пачала мяне мая маці... Ад нараджэньня свайго адступіліся людзі бязбожныя; ад улоньня маткі сваёй блукаюць і хлусяць» (Пс. 51:7 і 58:4). Нашыя продкі, Адам і Ева, былі першыя, якія Бога не паслухаліся. Бог сказаў ім, што дазволена есьці плод з усіх дрэваў у Эдэмскім садзе апроч аднаго. Забаранялася ім пакаштаваць плод з дрэва пазнаньня дабра і зла (Быць. 2:16–17). Але прыйшоў той момант, калі яны пакаштавалі плод з забароненага дрэва і ў выніку таго духоўна памерлі. Цесная і шчырая лучнасьць з Богам была парваная. Грэх у выглядзе непаслухмянасьці Богу ўвайшоў у іхнія сэрцы і прырода іхняя сталася грэшнай, сапсутай грахом. А ці гэты іхні ўчынак меў уплыў на наступныя пакаленьні чалавецтва? Але, меў! Грэшная прырода перайшла ў нашчадкаў Адама і Евы. Апостал Павал апісвае гэты факт такімі словамі: «Праз аднаго чалавека (Адама) увайшоў у сьвет грэх і праз грэх – сьмерць, гэтак і сьмерць перайшла праз усіх людзей, бо ў ім усе зграшылі... непаслухмянасьцю аднаго чалавека многія зрабіліся грэшнымі» (Рым. 5:12–19).
Кожны чалавек цяпер нараджаецца з грэшнай прыродай, якая заўсёды схільна да грашэньня. Вось чаму дзіцяці ня трэба вучыць, як быць благім; гэта ў яго выходзіць неяк натуральна. Трэба вучыць яго, як быць добрым. Кожны з нас унасьледаваў грэшную натуру ад бацькоў, дык і нашыя ўласныя жаданьні найчасьцей грэшныя. Нашая грэшная пажадлівасьць праяўляецца ў благіх учынках, але свой пачатак яна бярэ з нашай грэшнай натуры, ці як Хрыстос яе называў, з нашага «сэрца». Пра чалавечае сэрца, пашкоджанае грахом, Хрыстос сказаў: «Тое, што выходзіць з вуснаў, – з сэрца выходзіць; гэта апаганьвае чалавека, бо з сэрца выходзяць благія думкі, забойствы, чужаложства, распуста, крадзяжы,  фальшывыя сьведчаньні, блюзьнерствы, гэта апаганьвае чалавека» (Маць. 15:19). Нашае сэрца грэшнае, таму і заахвочвае нас да граху. Мы паддаёмся спакусам, калі яны прыходзяць да нас, бо спакусы якраз адпавядаюць нашым свавольным грэшным жаданьням. Апостал Якаў гэта зразумеў і напісаў: «Кожны спакушаецца, захоплены і прываблены ўласнай пажадлівасьцю, а потым пажадлівасьць, пачаўшыся, спараджае грэх, а ўчынены грэх спараджае сьмерць» (Як. 1:14–15). Вось гэта першая крыніца нашай схільнасьці да грашэньня.
Другой крыніцай грашэньня зьяўляецца сатана. Біблія піша пра сатану, як сапраўдную істоту, якая знаходзіцца ў сьвеце і спакушае нас ды падбухторвае да грашэньня. У нашыя дні знойдзецца нямала людзей, якія скажуць, што пра яго ня варта нават і гаварыць, бо яго і не існуе. Ідэя сатаны, як яны сьцьвярджаюць, адносіцца да мінулых вякоў, калі людзі верылі ў забабоны. Сёньня ў нашым навукова–тэхналягічным веку верыць у існасьць сатаны ня трэба, бо не адпавядае рэчаіснасьці. Ня раз пачуеш, як такія людзі кажуць, што навукай ужо было даказана, што такой істоты проста няма. Што б такія людзі ні казалі, адно ня зьменьваецца ў сьвеце: зло працягвае праяўляцца ў шматлікіх відах. Яно бачна ўсюды. Чым гэта растлумачыць?
Біблія яскрава тлумачыць, што існуе насамрэч сатана і ён дзейнічае па ўсім сьвеце. Гэта ён падбухторвае людзей грашыць, хоць большасьць зь іх гэтага сабе і не ўяўляе. У Бібліі ён ня раз называецца спакусьнікам (Маць. 4:3; 1 Фес. 3:5). У выступах перад народам Ісус Хрыстос няраз згадваў пра сатану. Ён часамі называў яго д’яблам (Яна 8:44). У Бібліі сатана называецца рознымі імёнамі, якія ўказваюць на яго як на рэальную асобу са злымі намерамі і з сапсутым характарам. Самае галоўнае нам тут жа – прызнаць, што ёсьць такая істота і што яна вядзе людзей да грашэньня. Інакш кажучы, сатана спакушае нас і трэба навучыцца, як эфэктыўна змагацца супроць яго.
Скуль прыйшоў сатана? Біблія, можна сказаць, так непасрэдна не адказвае на гэтае пытаньне, але ў ёй мы знаходзім цікавыя намёкі, якія адкрываюць нам, адкуль ён зьявіўся. Напрыклад, у Дабравесьці паводле Лукаша 10:18 запісаны словы Хрыста: «Я бачыў сатану, які ўпаў зь неба, як маланка». Хрыстос у гэтых словах прыгадвае той час, калі сатана быў выгнаны зь неба. Многія багасловы вераць і тлумачаць, што падзеньне сатаны апісваецца ў кнігах старазапаветных прарокаў Ісаі і Езікіля. Нягледзячы на тое, што гэтыя апісаньні датычаць успомненых прарокамі цароў, багасловы лічаць, што яны таксама прадстаўляюць сабой падзеньне вялікага анёла зь неба, які пасьля гэтага і стаўся д’яблам. Напрыклад, у Езікіля (28:12–19) гэтая істота называецца херувімам (тыпам анёла). Гаворыцца, што ён прысутнічаў у Эдэмскім садзе. Відаць яшчэ перад гэтым ён зграшыў і быў выгнаны зь неба. Чытаем гэтак пра яго: «Ты быў дасканалы ў шляхах тваіх з дня стварэньня твайго, пакуль не знайшлася ў небе беззаконнасьць» (Ез. 28:15). За ганарлівасьць Бог выкінуў яго зь неба і ён пасяліўся на зямлю. Падобнае апісаньне мы знаходзім у чатырнаццатым разьдзеле кнігі Ісаі, дзе прыгадана істота, названая «сынам зары» (Іс. 14:12–17), якога Госпад Бог выслаў зь неба. Ісая перадае ганарлівыя думкі аб сабе гэтай істоты ды кажа, што Бог ўкінуў яе ў пекла.
Паходжаньне сатаны – гэта даволі цікавае пытаньне, але не самае важнае пра яго. Важнейшае тое, што ў Эдэмскім садзе перад тым, як былі створаны Богам першыя людзі, сатана ўжо існаваў і дзейнічаў. У кнізе Быцьцё мы чытаем, як у выглядзе зьмея ён падышоў да Евы ды спакусіў яе не падпарадкавацца загаду Бога ня браць плода з дрэва пазнаньня дабра і зла і ўсумніцца ў Гасподняй перасьцярозе, што чалавек памрэ, калі пакаштуе забаронены плод. Як вядома, яна паверыла зьмею, сарвала фрукт з гэтага дрэва і пакаштавала яго ды дала мужу Адаму пакаштаваць таксама. Падбухторнік–сатана падахвоціў іх парушыць Божы загад. Ад самага пачатку чалавечай гісторыі і да цяперашняга часу гэты ж самы спакусьнік непакоіць людзей і падбухторвае іх рабіць дрэнныя, у сапраўднасьці грэшныя і злыя рэчы. Ён нават спрабаваў спакусіць Ісуса Хрыста, але ў гэтым ня меў посьпеху (Маць. 4:3–11).
Са Сьвятога Пісаньня мы таксама даведваемся, што ня толькі адзін сатана спакушае людзей, але зь ім разам дзейнічае і дапамагае яму цэлая плойма дэманаў. Усе яны належаць да аднаго царства зла і ўчыняюць сваю справу пад ягоным кіраваньнем. Гэта мы бачым у словах, выказаных Збаўцам Хрыстом, калі Ён адказваў на абвінавачаньні фарысеяў, якія сьцьвярджалі, што Сам Хрыстос прыйшоў ад сатаны. Вось як Ён адказаў ім: «Калі злы дух злога духа выганяе, дык ён разьдзяліўся сам у сабе. Як можа ўстаяць царства ягонае?» (Маць. 12:26). Словам, размова тут жа ідзе пра цэлае царства злых духаў. Пішучы да эфэсянаў, апостал камэнтуе пра існаваньне і дзейнасьць гэтага нябачнага, але існага царства: «Нашая барацьба ня супраць крыві і цела, але супраць начальстваў, супраць уладаў, супраць валадароў сьвету цемры гэтага веку, супраць духаў злосьці паднябесных» (Эфэс. 6:12). У гэтых словах адчуваецца, што апостал гаворыць пра злых духаў, якія сапраўды існуюць і ўплываюць на дзеяньні людзей па ўсім сьвеце. Менавіта супраць гэтых сілаў веруючыя змагаюцца.
У чацьвёртым разьдзеле Пасланьня да карынфянаў апостал Павал дадае, што сатана стараецца пазбавіць людзей сьвятла Дабравесьця, каб яны не маглі вызваліцца з–пад ягонай улады і кантролю. Чытаем: «Калі ж закрыта Дабравесьце нашае, дык закрыта для тых, хто гіне, для няверуючых, якім бог веку гэтага (менавіта, сатана) асьляпіў думкі, каб ім не зазьзяла сьвятло Дабравесьця пра славу Хрыста. Які ёсьць вобразам Бога нябачнага» (2 Кар. 4:3–4).
Вось ужо тут апостал растлумачвае, чым займаюцца сатана і ягоныя памагатыя. У другім месцы апостал кажа, што сатана прыкідваецца анёлам сьветласьці, гэта значыць ён прыходзіць да нас у зусім прывабным і прыемным увасабленьні (2 Кар. 11:14). Але пад такой маскай аказваецца істота з надта ліхімі намерамі падахвоціць нас зграшыць. Гэтая асоба, відаць, хоча ўзяць нас з сабой у пекла. Апостал Пётра тлумачыць, што сатана ходзіць, як рыкаючы леў, шукаючы тых, каго ён зможа праглынуць (1 Пётры 5:8). Кожны раз, калі адчуваем у сабе жаданьне зрабіць нешта грэшнае, мы павінны паставіць сабе пытаньне: ці паддаюся я падбухторваньню вялікага спакусьніка ці не?
Пра сатану мы далей чытаем у дваццатым разьдзеле кнігі Адкрыцьцё прароцтва пра яго і ў сувязі з гэтым гаворыцца, што сатана зьвядзе з простай дарогі ўвесь сьвет, гэта значыць ён зводзіць людзей з дарогі праведнасьці і пабожнасьці. Ён ашуквае ці падманвае нас. У гэтым сэнсе ён – той вялікі лгун, які хлусьліва абвінавачвае вернікаў перад Богам, як мы чытаем у кнізе Адкрыцьцё. I бываюць такія моманты, калі ён ня толькі спакушае нас, але і абвінавачвае нас у духоўнай слабасьці толькі дзеля таго, каб зьвесьці нас з дарогі праведнасьці. Калі нешта падобнае здараецца з намі, трэба рабіць так, як гаворыцца ў дванаццатым разьдзеле кнігі Адкрыцьцё. Напісана там жа: «Яны перамаглі яго крывёю Ягняці і словам сьведчаньня свайго ды не палюбілі душаў сваіх ажно да сьмерці» (Адкр. 12:11). Значыцца, як толькі пачынае спакушаць нас сатана, мы павінны зьвярнуцца да нашага Збаўцы Ісуса Хрыста і прасіць у Яго дапамогі пры змаганьні з д’яблам. Хрыстос ідзе нам на сустрэчу і дапамагае нам не здавацца спакусе, якую падкідвае сатаны. Дык вось каб атрымліваць гэтую неабходную Божую моц, чалавек павінен быць Ягоным вернікам, што значыць, ён ужо ўвераваў у Хрыста і ідзе ўсьлед за Ім. Трэба заўсёды заставацца ў блізкай лучнасьці з Хрыстом, каб атрымліваць Ягоную моц ў змаганьні супроць сатаны і нашай натуральнай цягі да грашэньня. Як напісаў апостал Якаў: «Пакарецеся Богу, супраціўцеся д’яблу і ён пакіне вас. Падыдзеце бліжэй да Бога і Ён наблізіцца да вас» (Як. 4:7–8).
Ёсьць і трэцяя крыніца спакус – гэта тое, што Слова Божае называе «сьветам». У другім разьдзеле Першага пасланьня Яна Багаслова мы знаходзім словы: «Не любеце сьвету, ані таго, што ў сьвеце. Хто любіць сьвет, у тым жа няма любові Айца, бо ўсё, што ў сьвеце: пажаднасьць цела, пажаднасьць вачэй і ганарлівасьць жыцьцёвая – тое не ад Айца, але ад гэтага сьвету. I сьвет праходзіць і пажаднасьці яго, а хто выконвае волю Божую, той трывае вечна» (1 Яна 2:15–17). Пішучы пра сьвет, Ян Багаслоў мае на ўвазе сьвецкую, бязбожную сыстэму. У слове «сьвет» разумеецца ўсё, што ў сьвеце супраціўляецца Божым намерам, волі і дзеям Ягоных слугаў-вернікаў. Усё, што адхіляе нас ад Бога, ад Ягонага Царства і ад праведнага жыцьця паводле Ягоных запаведзяў, – вось гэта належыць сьвецкай, бязбожнай сістэме. I гэта Ян Багаслоў адзначае словам «сьвет».
Ці гэтым ён кажа, што мы павінны ненавідзець усё існуючае ў сьвеце? Неабавязкова! Ён гэтым толькі цьвердзіць, што не павінны мы захапляцца тымі сьвецкімі рэчамі, якія адхіляюць нас ад Бога і займаюць тое першае, самае галоўнае месца ў нашым сэрцы – месца, якое належыць Госпаду Богу. Калі рэчы гэтага сьвету зацямняюць і адхіляюць Бога ў нашым жыцьці, дык сьвет пачынае мець большы ўплыў на нас, чым Бог, а гэта ўжо дрэнная сытуацыя! Мы тады знаходзімся ў такім стане, што сьвет можа і ўцягнуць нас у віхор сваёй сыстэмы, каб мы пачалі жыць згодна зь яго бязбожнымі прынцыпамі, а не па Гасподніх запаведзях. Чалавек можа жыць паводле сьвецкай сыстэмы, але канец гэтага надта ж благі, нават трагічны. Ян Багаслоў сьцьвярджае, што сьвет праходзіць і пажадлівасьці яго. Значыцца, прыйдзе канец усяму сьвецкаму і тады тыя, хто жыў згодна са сьвецкімі каштоўнасьцямі і памкненьнямі, будуць шкадаваць, але будзе запозна ім зьмяніць сваё жыцьцё, і вечнага жыцьця з Богам яны не атрымаюць.
Адказваючы на пытаньне: якіх дрэнных сьвецкіх рэчаў павінны мы пазьбягаць, Ян называе іх: пажаднасьці цела, пажаднасьці вачэй і жыцьцёвую ганарлівасьць. Пажаднасьці цела датычацца нашых грэшных пажаданьняў, такіх рэчаў як нячыстага спосабу жыцьця, здавольваньня нашых грэшных цялесных пажаднасьцяў. Сьвет кажа, што кожны чалавек мае цялесныя жаданьні; іх можна здавальняць, колькі хочаш, незалежна ад таго, ці яны супадаюць з Божымі намерамі і воляй ці не. У сьвеце гэта найчасьцей лічыцца нарматыўным. Ня раз чалавек імкнецца да багацьця і сьвет кажа яму: узбагачайся, колькі хочаш, нічога благога ў гэтым няма. Ня важна тое, што багатыя часта карыстаюцца насільлем і ўплывам над людзьмі, каб дасягнуць сваіх карысьлівых мэтаў. Сьвет стараецца пераканаць нас у тым, што ў такіх справах няма нічога асабліва дрэннага або грэшнага. Але Слова Божае перасьцерагае, што грэшнікі вечнага жыцьця не ўнасьледуюць. Значыцца, як мы жывём цяпер тут на зямлі, гэта прынясе свае адпаведныя наступствы ў замагільным жыцьці.
Ян Багаслоў згадвае пра пажаднасьці вачэй. Сьвет прапаноўвае чалавеку глядзець на такія рэчы, якія здавальняюць яго грэшныя пажаднасьці, незалежна ад таго, ці гэта зьвязана зь нячыстым спосабам жыцьця ці з праяўленьнем любога віду насільля. Глядзіш на сучасныя фільмы і ня раз думаеш сабе: так яно і ёсьць.
Згадваецца і ганарлівасьць жыцьцёвая. Ян тут жа мае на ўвазе чалавечую схільнасьць да напышлівасьці. Чалавек любіць быць папулярным і славутым. I ў сьвеце гэта часта лічыцца прымальнай рысаю характару. Мы часамі хвалімся тым, што маем або кім зьяўляемся: сваёй маёмасьцю або чалавечай славай. Недухоўны чалавек у асноўным дбае толькі пра сябе, пра свае асабістыя інтарэсы. Патрэбы іншых людзей яго мала цікавяць. Таму ён лічыць, што калі нешта выходзіць для яго ня так, то ён мае права раззлавацца на іншых, патрабаваць сваёй волі. Такія паводзіны і адносіны да іншых не ад Бога Айца, сьцьвярджае Ян Багаслоў, але ад сьвету гэтага і ад сатаны, які ўплывае на нас так, каб мы так і адносіліся да іншых і да Бога. Такога не павінна быць у жыцьці верніка Хрыстовага.
Эвангеліст Лукаш запісаў настаўленьне і тлумачэньне Ісуса Хрыста вучням пра тое, як сьвет можа прытупіць уплыў і ўзьдзеяньне Слова Божага на душу верніка, які раней прыняў яго, а потым перастаў больш думаць аб ім. Хрыстос у прытчы расказаў пра сейбіта, які выйшаў сеяць збожжа. Адно зерне ўпала пры дарозе і было патаптана, другое зьелі птушкі. Іншае ўпала на камяністае месца і засохла, ня маючы сабе вільгаці. Некаторае ўпала паміж церняў, ды церні вырасьлі, як сказаў Хрыстос, і заглушылі добрае насеньне. Зерне Хрыстос прыпадабняе да Слова Божага. Гэтым прыкладам Ён растлумачыў, як зерне Слова Божага не прымаецца або прымаецца людзьмі. Што датычыцца таго зерня, якое ўпала паміж церняў, Хрыстос, сказаў: «Тое, што ўпала ў церні – гэта тыя, хто слухае слова, але адыходзячы, заглушаюцца клопатамі, багацьцем і ўцехамі жыцьцёвымі і не даюць плёну» (Лук. 8:14). Значыцца, турботы і нашае захапленьне жыцьцёвымі і сьвецкімі справамі могуць заглушыць і ня даць месца Слову Божаму, таму і магчымасьць увераваць ці ўмацавацца ў веры аслабляецца або нават зьнікае. Бог гэтага не жадае нікому.
 

ЭФЭКТЫЎНАЕ ЗМАГАНЬНЕ СА СПАКУСАМІ

Як жа нам вызваліцца ад такой зьявы? Слова Гасподняе паказвае нам, што трэба рабіць, каб мець перамогу над спакусамі, але не заўсёды лёгка выконваць дадзеную параду. Калі мы моцна жадаем перамагчы спакусы, дык і будзем старацца рабіць тое, што радзіцца нам на старонках Сьвятога Пісаньня. Першы крок у перамозе над спакусамі прыходзіць ад нас саміх: менавіта, гэта нашая рашэньне і рашучасьць жыць праведна і гэтым рыхтавацца да свайго будучага прабываньня ў небе. Той, хто рашыў жыць праведна, заўсёды будзе імкнуцца да жыцьця паводле Слова Божага.
Не забываймася, дарагі чытачу, што жыць праведна згодна з Божымі запаведзямі і не паддавацца спакусам – гэта высакародная мэта жыцьця, якая прынясе вялікія дабраславеньні таму, хто вытрымае да канца ў духоўнай барацьбе са спакусамі і грахом. Інакш кажучы, трэба жыць стрыманым спосабам жыцьця, у якім мы не дазваляем сабе рабіць тое, што здавальняе нашыя грэшныя пажаднасьці. Біблія заахвочвае вернікаў думаць аб вечных выніках пражытага тут на зямлі жыцьця. Бог заклікае нас жыць цяпер ў сьвятле духоўных вечных каштоўнасьцяў, а менавіта гэта значыць, што трэба жыць праведна і пабожна па Божай волі. Напрыклад, апостал Павал напісаў: «Дык, калі вы ўваскрэсьлі з Хрыстом, шукайце ж узгорнага, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога, пра узгорнае думайце, а не пра зямное, бо вы памерлі, і жыцьцё вашае пахавана з Хрыстом у Богу. Калі ж зьявіцца Хрыстос, жыцьцё вашае, тады і вы зьявіцеся разам зь Ім у славе» (Кал. 3:1–4). Апостал тут нагадвае той час, калі веруючыя ўпершыню навярнуліся да Хрыста ды былі духоўна адроджаны да новага жыцьця. Яны раскаяліся ў грахах, уверавалі ў Хрыста ды прынялі Яго за свайго асабістага Збавіцеля і Госпада. Па ўвераваньні яны прынялі сьвятое вадзяное хрышчэньне ў знак таго, што разьвіталіся з жыцьцём без Хрыста і ўваскрэсьлі разам з Хрыстом да новага, зьмененага жыцьця пад Ягоным кіраваньнем і ўмацаваньнем. Яны сталіся Ягонымі пасьлядоўнікамі ў поўным сэнсе гэтага слова, і ў адказ на іхняе навярненьне Бог паслаў у іхнія сэрцы Духа Сьвятога, каб духоўна адрадзіць іх, але таксама каб заставацца ў іхніх душах і падмацоўваць іх у духоўнай барацьбе супроць грэшных памкненьняў і спакусаў. I вось, перажыўшы ўсё гэта, пра што ім трэба было думаць? Пра ўзгорнае, гэта значыць, пра нябесныя вечныя рэчы, пра тое, што іх чакае ў нябесным прыстанішчы. І гэта павінна мець уплыў на паводзіны верніка, пакуль ён тут застаецца на зямлі.
Ясна, што апостал Павал гэтым ня кажа, што веруючым трэба перастаць думаць аб звычайных штодзённых справах зямнога жыцьця. Нашае зямное жыцьцё ўсё ж працягваецца і павінны мы клапаціцца аб нармальных штодзённых пытаньнях, зь якімі сустракаемся тут на зямлі. У працытаваных словах апостал у асноўным падкрэсьлівае думку, што духоўна адроджаны вернік Хрыстоў ніколі не забывае найважнейшага, – каб жыць праведна і пабожна і гэтым чынам рыхтавацца да вечнага існаваньня з Богам і Хрыстом у небе. Веруючы з ўзгорным настроем заўсёды стараецца выконваць Божую волю і жыць для Ягонай славы тут на зямлі, ведаючы, што прыйдзе той час, калі Сам Госпад узнагародзіць яго за вернасьць Яму. А гэта азначае, што са спадзяваньнем на Духа Сьвятога вернік цяпер змагаецца са спакусамі ды ў прынцыпе ім не паддаецца. Напэўна з гэтае ж прычыны апостал Павал у трэцім разьдзеле Пасланьня да каласянаў піша: «Умярцьвеце зямныя члены вашыя: блуд, нячыстасьць, юрлівасьць, благое пажаданьне і хцівасьць, якія ёсьць ідалапаклонства... адкіньце ўсё: гнеў, лютасьць, злосьць, лаянку, саромныя словы з вуснаў вашых, ня хлусеце адзін аднаму» (Кал. 3:5–9). Ва ўсіх згаданых апосталам грахах чалавек часта сябе ня стрымлівае. Учыняючы іх, ён паддаецца спакусам і грэшыць, а хто так робіць, той пра вечныя нябесныя каштоўнасьці ня думае і за гэта будзе пакутаваць. 
У чацьвёртым разьдзеле Другога пасланьня да карынфянаў 4:18 апостал Павал дадае, што «бачнае – часовае, а нябачнае – вечнае». Інакш кажучы, створаныя намі рэчы ці выдуманыя намі каштоўнасьці, якія мы складваем для сябе тут на зямлі і вынікі якіх мы бачым цяпер, яны насамрэч прамінуць, але духоўныя, нябачныя каштоўнасьці, зьвязаныя з Гасподняй воляй, вынікаў якіх мы не заўсёды бачым цяпер, застануцца на ўсю вечнасьць. Веруючаму часамі даводзіцца тут на зямлі стрымліваць сябе ў цялесных пажадлівасьцях, бо яны грэшныя і не пагаджаюцца з Божай воляй, але за тое яму паабяцана ўзнагарода, якая перавысіць усякую славу і задавальненьне, што можа атрымаць чалавек тут на зямлі. Перад тым як апостал Павал напісаў, «што бачнае – часовае, а нябачнае – вечнае», мы чытаем ягоныя словы: «Мы ня трацім надзеі, але калі наш вонкавы чалавек і тлее, дык унутраны з дня на дзень абнаўляецца і нашая кароткачасовая лёгкая пакута вытрывае ў бязьмернай велічыні славу вечную для нас, калі мы глядзім не на бачнае, а на нябачнае» (2 Кар. 4:16–17). 
Дарагі чытачу, браце ці сястра ў Хрысьце, калі ты цяпер сустракаеш спакусы, памятай, што твая рашучасьць не здавацца ім прынясе табе неапісальную ўзнагароду ў тым сьвеце, што яшчэ прыйдзе. Заставайся стойкім (–ай) у тваёй рашучасьці не паддавацца спакусам тут на зямлі. Калі будзеш такога прынцыпу трымацца, то Дух Сьвяты кожны раз надзеліць цябе Сваёю моцаю, каб вытрываць і Гасподнюю волю выканаць, што зь цягам часу прывядзе цябе да вялікіх дабраславеньняў тут на зямлі, але таксама ў замагільным жыцьці.
Да таго ж, у Пасланьні да каласянаў апостал кажа, што вернікі павінны ўмярцьвіць члены свае, гэта значыць не аддаваць членаў свайго цела на служэньне граху. Ён займаецца гэтым пытаньнем у шостым разьдзеле Пасланьня да рымлянаў, дзе заклікае веруючых не забывацца пра сваё навярненьне да Хрыста. Чаму? Таму, што іхняе першапачатковае навярненьне да Бога нясе слушнае духоўнае значэньне да цяперашняга часу. Калі мы прыпамінаем, што менавіта сталася з намі, калі навярнуліся да Хрыста, дык гэта памагае нам пераадольваць спакусы, якія прыходзяць і непакояць нас цяпер.
I што іменна апостал згадвае пра нашае навярненьне? Ён выдзяляе нашую духоўную сьмерць да грэшнага спосабу жыцьця і ўваскрэсеньне да новага адроджанага жыцьця ў сіле Духа Сьвятога. Прыгадваньне нашага вадзянога хрышчэньня ўказвае на нашую духоўную сьмерць ды ўваскрэсеньне са Збаўцам Хрыстом. На гэты конт апостал гэтак: «Усе мы, якія ахрысьціліся ў Хрыста Ісуса, у сьмерць Ягоную ахрысьціліся. Мы пахавалі сябе зь Ім хрышчэньнем у сьмерць, каб, як Хрыстос уваскрэс з памёршых праз славу Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцьці» (Рым. 6:3–4). Мы быццам разам з Хрыстом памерлі да грэшнага жыцьця, падобна да таго, як Ён памёр на крыжы. I як Ён быў уваскрэшаны зь мёртвых, так і мы былі ўваскрэшаны духоўна Духам Сьвятым да таго, каб жыць праведным жыцьцём ў згодзе з Божай воляй і Ягонай унутранай сілаю.
Апостал Павал далей тлумачыць, што старая прырода веруючага была ўкрыжавана разам з Хрыстом, і такім чынам нашае грэшнае цела страціла сваю сілу панаваць над намі, таму не павінны мы быць слугамі граху. Значыцца, не для граху мы цяпер жывём, а для Бога (Рым. 6:6). Усё, напісанае апосталам, сапраўды здарылася зь вернікам, пра што ён і павінен не забываць, а час ад часу сабе прыгадваць. Прыпамінаючы сваю духоўную сьмерць і ўваскрэсеньне з Хрыстом, веруючы падахвочвае сябе да праведнага спосабу жыцьця. Гэтую праўду апостал выдзяляе, калі піша ў шостым разьдзеле Пасланьня да рымлянаў: «Гэтак і вы лічэце сябе памёршымі для граху, але жывымі для Бога ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым» (Рым. 6:11). Ці ты, дарагі браце або сястра ў Хрысьце, лічыш сябе памёршым (-ай) для граху і жывым (-ай) для Бога? Прызнаць гэта за рэчаіснасьць у тваім жыцьці нясе для цябе надзвычайнае значэньне, неабходнае для пасьпяховага змаганьня з грахом і спакусамі. Кожны раз, калі да нас падыходзіць тая дрэнная спакуса, нам трэба вярнуцца думкамі да часу свайго навярненьня, калі мы ўверавалі, пакаяліся ды прынялі вадзяное хрышчэньне, бо гэтым мы прыпамінаем сваю ўласную сьмерць да граху і ўваскрэсеньне да новага адроджанага Духам Сьвятым жыцьця. Мы памятаем, што Дух Сьвяты гатовы памагчы нам нават цяпер, каб не паддавацца спакусе. Тут жа мы можам папрасіць у Яго той Гасподняй сілы спакусе не здавацца, а вытрываць у чысьціні і праведнасьці.
Што гэта азначае на практыцы і якое дачыненьне яно мае да спакусаў, якія прыходзяць пасьля нашага навярненьня да Хрыста? Кожны раз, калі мы прыгадваем сабе сваю духоўную сьмерць да грэшнага жыцьця і ўваскрэсеньне да новага з Хрыстом, гэта памагае нам паўтарыць сабе, што нам цяпер ня трэба паддавацца спакусе. Ісус Хрыстос вызваліў нас з–пад улады граху і Дух Сьвяты цяпер жыве ў нашым сэрцы і целе дзеля таго, каб памагаць нам вытрываць у змаганьні супроць спакусаў і імпэту да грашэньня. Тут жа трэба прызнаваць, што не заўсёды будуць задаволены нашыя пажаданьні. Даводзіцца нам навучыцца, як жыць зь незадаволенымі пажаданьнямі, асабліва грэшнымі. У дысцыплінаваным хрысьціянскім жыцьці веруючы няспынна змагаецца з пажадлівасьцямі, бо яны проста грэшныя і супраціўляюцца Гасподняй волі для нас. Моц на такую стрыманасьць у пажадлівасьцях прыходзіць толькі ад Бога, але ў гэтым веруючы таксама павінен трымаць сябе ў суровай дысцыпліне з Гасподняй дапамогай і малітвай да Яго. Той, хто з дапамогай Духа Сьвятога навучыўся не паддавацца сваім грэшным пажаданьням, зможа таксама спраўляцца са спакусамі. Варта паставіць сабе пытаньне, дарагі чытачу: ці я гатоў (–ва) жыць зь недазволенымі пажаданьнямі? Калі не, дык трэба прасіць у Госпада такога жаданьня, імкненьня і моцы, каб спраўляцца са спакусамі.
Дагэтуль мы гаварылі пра адмоўны бок справы, гэта значыць, мы абмеркавалі тое, чаго трэба асьцерагацца і пазбывацца. Але ёсьць і станоўчы бок. Аб ім апостал Павал напісаў у шостым разьдзеле Пасланьня да рымлянаў: «Не аддавайце граху члены вашыя, як прылады няправеднасьці, але Богу аддавайце сябе, як ажыўшых зь мёртвых, і члены вашыя, як прылады праведнасьці» (Рым. 6:13). Апостал раіць нам заўсёды аддаваць саміх сябе Богу. Пад словамі «члены вашыя» ён безумоўна мае на ўвазе нашае сэрца, розум, рукі, ногі, адным словам, – усё нашае цела зь ягонымі здольнасьцямі. Усё гэта апостал заахвочвае нас прысьвяціць Богу. I сапраўды той, хто аддаецца на служэньне Богу і Ягонаму Царству, болей удала спраўляецца са спакусамі, чымся той, хто Богу ніколі не аддаваўся. Вернік, які служыць Богу, знаходзіцца ў тых месцах, дзе служыць Богу магчыма, як прыкладам, у царкве. Прабываньне ў такім месцы ці сярод людзей з падобным духоўнымі імкненьнямі падахвочвае веруючага да шчырага служэньня Госпаду Богу. Гэтым мы ня кажам, што веруючы абавязкова мусіць парваць усякія сувязі зь няверуючымі, бо як жа ж тады ён будзе сьведчыць ім аб Госпадзе і быць ім добрым прыяцелем? Ён парывае сувязі толькі з тымі няверуючымі, якія спакушаюць і ўводзяць яго ў грэх. Вернік Хрыстовы павінен прасіць у Госпада моцы, каб не паддавацца спакусам, якія прыходзяць ад грэшных нявернікаў, а калі гэта не наступае, дык трэба неадкладна спыніць сяброўства з такімі людзьмі.
Калі чытаеш пасланьні апостала Паўла, асабліва ягонае Пасланьне да рымлянаў, прыходзіш да высновы, што спадзяваньне на Бога і Ісуса Хрыста аказваецца верніку неабходнасьцю. Гэта ня толькі датычыцца пачатку ягонага хрысьціянскага жыцьця, але працягваецца да самой сьмерці. Вераю мы прынялі Духа Сьвятога і вераю (ў значэньні поўнага спадзяваньня на Духа Сьвятога) жывём дзеля Хрыста і Ягонай славы. Не без прычыны напісаў апостал, што «адкрываецца праведнасьць Божая ад веры да веры; як напісана: праведны жыць будзе вераю» (Рым. 1:17). Самае галоўнае значэньне гэтых словаў зводзіцца да таго, што чалавек апраўдваецца перад Богам увераваньнем у Ісуса Хрыста як асабістага Збаўцу, што і працягваецца на ўсё жыцьцё. Праведнасьць Хрыстова прыстасоўваецца таму, хто увераваў і працягвае вераваць Хрыста да канца сваіх дзён тут на зямлі. У старагрэцкай мове слова, што перакладаецца на беларускае «вера», таксама ў адпаведным выпадку можна перакласьці на беларускае слова «вернасьць». Значыцца, вера і спадзяваньне на Госпада мусіць быць трывалым на ўсё жыцьцё.
Апраўданы вераю чалавек працягвае жыць вераю. Жыць вераю – гэта значыць жыць з поўным спадзяваньнем на Госпада Бога. У гэтай справе мы можам памыліцца, думаючы, што пасьля ўвераваньня можна абысьціся без далейшага спадзяваньня на Госпада Бога. Хоць мы так ня кажам, але ў паводзінах такое стаўленьне да Хрыста можам праяўляць. Зь цягам часу прыходзяць і турбуюць нас разнастайныя спакусы. Мы думаем, што неяк мы самі, бяз Божай дапамогі і ўдзелу, можам справіцца зь імі; сваёй моцай і мудрасьцю стараемся пераадолець спакусы. Што з гэтага выходзіць? Зь цягам часу мы паддаёмся спакусам; яны пераадольваюць нас. Па якой прычыне? Па той, што на Духа Сьвятога не спадзяваліся і ў духоўнай адданасьці Госпаду і Ягонай волі для нас мы ўпалі. Я думаю, што кожны з нас вернікаў калісьці перажыў падобны момант аслабленьня.
Апостал Павал напісаў цікавыя словы наконт гэтага пытаньня ў Пасланьні да галятаў. У другім разьдзеле мы чытаем: «Я раскрыжаваны разам з Хрыстом, і ўжо ня я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос. А што цяпер жыву ў целе, дык жыву вераю ў Сына Божага, Які палюбіў мяне і аддаў Сябе за мяне» (Гал. 2:20). У выразе «я раскрыжаваны разам з Хрыстом» апостал спасылаецца на час свайго навярненьня, калі ў духоўным жыцьці ён разам з Хрыстом памёр для старога грэшнага жыцьця, таму ў некаторым сэнсе ўжо ня ён жыў, а Хрыстос у ім. Першае цэнтральнае месца ў сэрцы апостала было дадзена Духу Сьвятому, Які жыў у ім і кіраваў ягоным жыцьцём. Гэтым спосабам Хрыстос у відзе Духа Сьвятога выконваў Сваю волю праз апостала. Заставалася яму жыць вераю ў Сына Божага, гэта значыць, спадзяваньнем на Духа Сьвятога ва ўсіх патрэбах і ў выконваньні Божае волі. Калі вялікі апостал Павал гэтак ставіўся да Хрыста, дык мы павінны браць зь яго прыклад для сябе. Той, хто так робіць, найлепш змагаецца са спакусамі, бо моц для перамогі ён атрымоўвае ад Духа Сьвятога.
Гэты духоўны прынцып яскрава выдзяляецца ў перажываньні трох адважных мужоў Божых: Седраха, Місаха і Аўдэнагі. Здарэньне апісваецца ў трэцім разьдзеле старазапаветнай кнігі Даніла. Вавілонскі цар Навухаданосар паставіў ідала і загадаў усім падначаленым свайго царства пакланяцца фігуры ўсякі раз, калі заіграе вызначаны дзеля гэтага аркестр. А калі б хто–небудзь адмовіўся пакланіцца статуі, таго, як было загадана, укінуць у палаючую печ. Седрах, Місах і Аўдэнага належалі да габрэйскага народа, узятага ў палон вавілонскім царом. Яны верылі у Бога Ягову і ведалі, што ім было грэшна і забаронена пакланяцца любым ідалам. Дык вось калі заіграў аркестар і ўсе вавіланяне пакланяліся ідалу, Седрах, Місах і Аўдэнага гэтага не рабілі. Данесьлі цару Навухаданосару, што гэтыя тры юдэі не падпарадкаваліся ягонаму загаду, і тое моцна раззлавала яго. Пачуўшы гэтую нярадасную для яго вестку, ён паклікаў мужоў, каб сталі перад ім, ды запытаўся у іх, чаму яны не пакланяліся статуі? Яны адказалі, што пакланяцца любому ідалу супраціўляецца Божай запаведзі (ніякім іншым багам нельга пакланяцца апрача таго, як сапраўднаму Богу Творцу неба і зямлі) і агню печы яны не баяліся, бо былі перакананыя, што Бог захавае іх ад усякага пашкоджаньня ад агню і ад самога ж вавілонскага цара. І тут жа яшчэ дадалі яны, што нават калі б Бог не захаваў іх ад сьмерці, яны ўся роўна не паклоняцца ніякім ідалам або багам, нават і вавілонскім.
Заўважма перш за ўсё, што яны даказалі сваю веру ў Бога, застаўшыся вернымі Богу. Яны праявілі поўнае спадзяваньне на Госпада Бога, бо былі перакананыя ў тым, што Бог Ізраіля ёсьць адзіным Богам, Які дастойны пакланеньня, і Ён жа захавае іх ад усякай небясьпекі. Калі ўяўляеш сабе, як усё гэта здаралася, дык стаецца даволі ясным, наколькі лягчэй ім было б проста падпарадкавацца загаду цара, ніякай непрыемнасьці не ствараць сабе і лічыць, што Бог зразумее іхняе цяжкае і няшчаснае становішча ды прабачыць ім. Аднак так яны ня думалі і нічога падобнага да гэтага не рабілі. Чаму? Таму, што поўнасьцю спадзяваліся на Бога і ні ў якім разе не хацелі Яго пакрыўдзіць. Ці ж не цікавыя іхнія словы, што нават калі б Бог не захаваў іх ад сьмерці, яны ўся роўна не здадуцца цару ў гэтай справе? У гэтай падзеі мы, сучасныя вернікі Хрыстовы, бачым цудоўны прыклад для сябе: моцна трымацца веры ў Бога, заставацца вернымі Яму і ва ўсім спадзявацца на Яго, нават калі пагроза зьнішчэньня стаіць перад намі. Веруючы, які баіцца Бога ды спадзяецца на Яго па прыкладзе Седраха, Місаха і Аўдэнагі, атрымае неабходную моц для перамогі над спакусамі.
I што далей здарылася? Разгневаны цар Навухаданосар загадаў распаліць печ сем разоў больш, чым звычайна, зьвязаць ды ўкінуць Седраха, Місаха і Аўдэнагу ў яе. Сказана, што тыя, хто ўкінуў трох мужоў у печ, самі былі апечаны да сьмерці ад яе надзвычайнай гарачыні. Затым, калі цар паглядзеў у печ, ён убачыў ня трох, а чатырох мужоў, якія стаялі сярод полымя і ніхто зь іх ня быў зьвязаны. Пішацца, што чацьвёрты быў падобны да Сына Божага, прынамсі так здалося Навухаданосару. Ён паклікаў іх, каб выйшлі, што і зрабілі Седрах, Місах і Аўдэнага. Напісана, што вавіланяне абгледзелі іх і заўважылі, што полымя не дакранулася да іх, нават не адчувалася ад іх ніякага паху агню. Навухаданосар прызнаў Бога гэтых трох мужоў сапраўдным Богам, Які паслаў анёла, каб захаваць іх ад усякага пашкоджаньня.
Чаму мы можам навучыцца ад усяго перажытага гэтымі трыма мужамі Божымі? Таму, што незалежна ад абставін трэба верыць у Бога, заставацца вернымі Яму і спадзявацца на Ягоную дапамогу, духоўнае ўмацаваньне і захоўваньне ад перашкодаў. Хто так ставіцца да Госпада, той атрымоўвае неабходную моц і перамогу.
Як зрабілі Сердрах, Місах і Аўдэнага ў той даўні час, сёньняшнія пасьлядоўнікі Хрыста павінны спадзявацца на Духа Сьвятога ў барацьбе супроць спакусаў і цягі да грашэньня. У пасланьнях апостал Павал адкрывае, як веруючыя павінны ставіцца да Духа Сьвятога, і калі мы гэта зразумеем, дык будзем лепш падрыхтаванымі да змаганьня супроць спакусаў.
Перш за ўсё карысна было б прыгадаць, што паводле вучэньня Бібліі Дух Сьвяты – гэта трэцяя асоба Боства ці Тройцы. Як Бог Айцец і Бог Сын, так і Бог Дух Сьвяты жыве і дзейнічае цяпер у сьвеце. Ён жыве ў сэрцах сапраўдных дзяцей Божых і дапамагае ім у духоўнай барацьбе супроць спакусаў і грашэньня. Калі Ісус Хрыстос гаварыў з вучнямі перад тым, як пайшоў на крыжовую сьмерць, Ён растлумачыў ім, што Ён не пакіне іх духоўнымі сіротамі, а праз Духа Сьвятога прыйдзе да іх ды паселіцца ў іхнія душы (Яна 14:16–17). У шаснаццатым разьдзеле Дабравесьця паводле Яна запісаны такія Хрыстовы словы: «Лепей для вас, каб Я пайшоў, бо калі Я не пайду, Суцешнік ня прыйдзе да вас, калі ж пайду, пашлю Яго да вас» (Ян. 16:7). Хрыстос сказаў, што Дух Сьвяты, прыйшоўшы, пакажа ім Хрыста, хто Ён такі, і навучыць іх і нас Божай праўдзе (Яна 16:13–14 і 14:26). Так яно і здарылася ды працягваецца ў цяперашні час. Хрыстос жыве ў Сваіх дзецях праз Духа Сьвятога.
Як веруючы павінен ставіцца да Духа Сьвятога? Ясна, што стасункі зь Ім павінны быць надта блізкімі. Апостал Павал дакладна адказвае на гэтае пытаньне ў Пасланьнях да галятаў, эфэсянаў і каласянаў. Мы прыпамінаем тыя месцы і тое, што гаворыцца ў іх, дапаможа нам даведацца, як эфэктыўна змагацца са спакусамі.
У пятым разьдзеле Пасланьня да галятаў мы чытаем: «Хадзеце Духам і пажадлівасьцяў цела ня будзеце выконваць» (Гал. 5:16). Ясна, што ўспомніўшы пажадлівасьці цела, апостал мае на ўвазе грэшныя цялесныя пажаданьні чалавека. Інакш кажучы, калі мы будзем хадзіць пад кіраваньнем і кантролем Духа Сьвятога, то ня будзем паддавацца спакусам.
Давайце крыху глыбей паглядзім на выраз «хадзіць Духам»? Слова «хадзіць» у гэтым карыстаньні мы прымаем у сэнсе «жыць». Веруючы павінен жыць сілаю Духа Сьвятога. Пад словам «Дух» апостал Павал ясна мае на ўвазе Самога Духа Сьвятога і Ягоную ролю ў жыцьці верніка. Калі апостал кажа, што вернікам трэба хадзіць Духам, ён падкрэсьлівае думку, што вернікі мусяць жыць пад кіраваньнем, кантролем ды ўмацоўваньнем Духа Сьвятога. Дух Сьвяты ў верніку падахвочвае і ўмацоўвае яго ў духоўнай барацьбе супроць спакусаў і ў духоўным росьце. Гэта так робіць Дух Сьвяты, а што робіць сам вернік у гэтым змаганьні? Ён таксама мае сваю ролю: яму дадзена праяўляць само жаданьне або імкненьне лічыцца з воляй Духа Сьвятога і праяўляць поўнае паслушэнства Гасподнім запаведзям. Тут жа не забываймася, што вернік ня толькі падахвочаны Духам Сьвятым, але таксама атрымлівае неабходную духоўную сілу ад Духа Сьвятога, каб спакусам не паддавацца і жыць чыстым хрысьціянскім жыцьцём. Калі вернік з дапамогай Духа Сьвятога змагаецца супроць спакусы і граху не паддаецца, ён расьце ў хрысьціянскім жыцьці і тым болей разьвіваецца ў духоўнай стойкасьці і характары. Пра гэта піша апостал у пятым разьдзеле Пасланьня да галятаў, дзе выдзяляе рысы хрысьціянскай сталасьці. Іх апостал называе плодам Духа. Усё гэта пачынаецца з таго, што вернік «ходзіць Духам». А хто ходзіць Духам, як мы ўжо чулі, той не паддаецца пажадлівасьцям цела. Ці ты, дарагі дружа, ходзіш Духам? Ці лічысься зь Ім? Ці дазваляеш Яму падахвочваць і ўмацоўваць цябе ў барацьбе са спакусамі і грэшнымі памкненьнямі? Хто так робіць, той перамагае над спакусамі і грахом.
Ня толькі нам трэба слухацца Духа Сьвятога, але таксама Ім напаўняцца як жыцьцёвы працэс, які ніколі не спыняецца. У пятым разьдзеле Пасланьня да эфэсянаў мы чытаем такія словы апостала: «Не ўпівайцеся віном, бо ў ім распуста, а напаўняйцеся Духам, гаворачы ад сябе псальмамі, гімнамі і песьнямі духоўнымі, пеючы Госпаду ў сэрцах вашых, дзякуючы заўсёды і за ўсе Богу і Айцу ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, пакараючы сябе ўзаемна ў страху Божым» (Эфэс. 5:18–20). Веруючы, які жадае і шукае перамогі над спакусамі, павінен стала напаўняцца Духам Сьвятым. Апостал кажа, што напаўненьне Духа у адным сэнсе падобна да ўпіваньня віном, – менавіта ў тым сэнсе, што ў абодвух выпадках чалавек знаходзіцца пад кіраваньнем, кантролем ды ўплывам іншай сілы. Упіваньне алкагольным напіткам, зразумела, вядзе чалавека да дрэнных вынікаў – да распусты, як піша апостал. А напаўненьне Духам Сьвятым прыносіць верніку якраз супрацьлеглыя вынікі: лагоднасьць, радасьць і ўдзячнасьць Богу. Пад уплывам Духа Сьвятога чалавек жыве спакойным спосабам жыцьця ў лагоднасьці зь іншымі людзьмі.
Як можам мы напаўняцца Духам Сьвятым? Мы напаўняемся Ім тады, калі рэгулярна сустракаемся з Госпадам, чытаем Ягонае Слова і молімся Яму, просячы Яго напаўненьня. Нам трэба штодня сустракацца з Госпадам чытаньнем Ягонага Слова і малітвай Яму. Чым больш уважна мы чытаем Біблію, тым больш нашае жыцьцё прыстасоўваецца да настаўленьня Слова Божага. Чым больш часу мы праводзім з Госпадам Богам і молімся, тым больш Дух Сьвяты напаўняе нас Сабою. І ў выніку таго мы расьцём духоўна. Усё гэта праяўляецца ў нашых паводзінах і стасунках зь іншымі людзьмі, веруючымі і няверуючымі. Напоўнены Духам чалавек атрымоўвае неабходную нутраную сілу для барацьбы супроць спакусаў і грэшных памкненьняў. Гэты працэс напаўненьня Духам Сьвятым працягваецца назаўсёды. Ён павінен паўтарацца штодня, калі мы сустракаемся з Госпадам і такім чынам духоўна расьцём. Як вераю мы прынялі Хрыста за Збавіцеля і Госпада, так і вераю мы напаўняемся Духам. Калі просім у Духа Сьвятога, каб Ён зноў і зноў нас напаўняў Сабою, то трэба і верыць таму, што Ён так і робіць згодна з нашай шчырай просьбай. І гэтае напаўненьне Духам Сьвятым паказваецца тым, што мы пераадольваем над грахамі і спакусамі ды зь любоў і спачуваньнем ставімся да іншых людзей і да Бога.
У сувязі з тым, што апостал Павал піша пра нашую патрэбу ў напаўненьні Духам Сьвятым, цікава адзначыць, што ён заахвочвае вернікаў адно аднаго падбадзёрваць духоўным сьпевам. Трэба сьпяваць адно аднаму псальмы і духоўныя песьні і гэтым чынам Бога праслаўляць. Больш за тое, веруючыя, напоўненыя Духам, праяўляюць асаблівую лагоднасьць і спачуваньне іншым людзям: «Няхай у сэрцах вашых пануе мір Божы, да якога вы і пакліканы ў адным целе, ды будзьце ўдзячнымі. Слова Хрыстова няхай усяляецца ў вас багата з усякай мудрасьцю; навучайце і настаўляйце адно аднаго псальмамі і гімнамі і духоўнымі песьнямі, у ласцы сьпяваючы ў сэрцах вашых Госпаду» (Кал. 3:15–16) І калі так будзем рабіць, дык гэта будзе паказвацца ў нашых паводзінах дома і па–за яе сьценамі. Апостал тут жа дадае, што жонкам трэба слухацца сваіх мужоў, а мужы мусяць шанаваць сваіх жонак, гэта значыць, іх любіць па–сапраўднаму, ня толькі словамі, але таксама і ўчынкамі. Дзецям сказана, што ім трэба слухацца сваіх бацькоў. Бацькам загадана не раздражняць дзяцей сваіх, што значыць, трэба іх дысцыплінаваць, але не так строга, што яны ў выніку дысцыпліны папакутуюць несправядліва. Веруючым слугам трэба падпарадкоўвацца сваім гаспадарам, калі гаспадарам сказана аддаваць слугам належнае ім і справядлівасьць (Кал. 3:15–4:1). Вось усё гэта так робіцца дзякуючы таму, што вернікі напаўняюцца Духам Сьвятым і Яго слухаюцца. 
 

БОЖАЕ ПАКАРАНЬНЕ І ВЫПРАБАВАНЬНЕ

Дагэтуль мы цікавіліся спакусамі, якія прыходзяць ад цела, сатаны і сьвету. Цесна зьвязаны з гэтым той факт, што некаторыя спакусы прыходзяць да нас з Божым дазволам, як пакараньне або выпрабаваньне нашае веры. Як гэта зразумець і якую вагу такія спакусы маюць для нас у духоўным разьвіцьці?
Біблія вучыць, што веруючыя ня вызвалены ад жыцьцёвых цяжкасьцяў і што Бог часта карыстаецца імі для пакараньня нас ці выпрабаваньня нашай веры. Калі прыходзяць моманты пакуты, мы часта пытаемся, чаму Бог дапускае цяжкасьці ў нашым жыцьці? Слова Божае сьцьвярджае, што Госпад дазваляе цяжкасьці з той мэтай, каб узмацніць нас у веры і зрабіць нас духоўна сьпелымі і разьвітымі людзьмі. У такія моманты мы можам спакусіцца ў выніку нашай няверы. Інакш кажучы, мы можам не паверыць, што Бог выпрабоўвае нас і мы можам хутчэй за ўсё паскардзіцца Яму, думаючы, што Ён пра нас ня дбае.
Слова Божае навучае, што Бог сапраўды карае Сваіх дзяцей. Так мы чытаем у дванаццатым разьдзеле Пасланьня да габрэяў: «Каго Госпад любіць, таго Ён карае ды б’е ўсякага сына, якога прымае» (Габр. 12:6). У дванаццатым разьдзеле далей пішацца, што калі Бог не карае Сваіх дзяцей, то яны не сапраўдныя Яго дзеці. Нехта напісаў, што Бог ужывае жыцьцёвыя цяжкасьці і посьпехі дзеля таго, каб з нас зрабіць жывыя камяні ў Сваім духоўным храме. Няшчасьце, няўдачы, хвароба, расчараваньне, гора, сьмерць блізкіх – вось гэта сродкі ў руках Бога–Дойліда.
Перанесьці кару ніколі ня бывае лёгка, бо ад цяжкасьцяў мы адчуваем боль. Аўтар Пасланьня да габрэяў думае над гэтым пытаньнем ды кажа, што нам трэба не забывацца таго, што як нашыя зямныя бацькі каралі нас, калі заўважалі, што ня так мы робім, то так і Бог бачыць нашыя памылкі і грахоўныя дзеі. Ён заўважае кожны наш грэшны ўчынак і за гэта Ён можа пакараць нас. Ён выпраўляе нас, калі мы сыходзім са шляху праведнасьці. Аўтар Пасланьня да габрэяў прызнае, што «ўсякае ж караньне ў цяперашні час здаецца нам ня радасьцю, а сумам», але заўсёды трэба мець на ўвазе і не забываць, што кара дае навучаным «мірны плод праведнасьці» (Габр. 12:11).
Цяжкасьці і непрыемнасьці прымушаюць нас папытацца ў Госпада, чаму мы іх перажываем? Можа якраз у нас ёсьць нейкі грэх, у якім мы не паспавядаліся. Бог магчыма паслаў нейкую цяжкасьць, каб прабудзіць нас да гэтага факту. Але часамі ў нас ніякага граху няма. Госпад дапускае цяжкасьць у нашае жыцьцё з той мэтай, каб выпрабаваць нашу веру і падмацаваць нас, каб мы пераадолелі цяжкасьці. Калі вернік, які Бога слухаецца, пакутуе ад нейкай хваробы або людзкой несправядлівасьці, ён тым больш спадзяецца на Ягонае ўмацоўваньне, што і памагае яму разьвівацца ў хрысьціянскай духоўнасьці і сьвятасьці. Якраз тое ж піша аўтар Пасланьня да габрэяў: «Калі нас каралі бацькі цела нашага і мы баяліся іх, то ці ня значна болей мы павінны скарыцца Айцу духаў, каб жыць? Бо тыя каралі па волі сваёй на няшмат дзён, а Гэты – на карысьць, каб быць нам удзельнікамі Ягонай сьвятасьці» (Габр. 12:9–10).
Ня ведаю, ці вы калісьці назіралі за тым, як матылёк выходзіць з кокана. Звычайна ягоны выхад адбываецца зь вялікай цяжкасьцю і намаганьнямі. Расказваецца, што хтосьці аднойчы знайшоў кокан, у якім матылёк стараўся выйсьці праз шчыліну. Ён змагаўся на працягу некалькіх гадзін, але ніяк ня мог прасунуць усё сваё цела. Чалавеку, які назіраў за гэтым доўгім працэсам, здалося, што нешта тут жа не ў парадку. Ен рашыў «дапамагчы» матыльку: нажніцамі ён парэзаў ніткі, якія трымалі часткі кокана разам і не дазвалялі матыльку вылезьці. Без далейшай цяжкасьці матылёк вылез. Ягонае цела было распухлым, а крылы – малюсенькімі. Чалавек думаў, што за некалькі гадзін крылы расшырацца і матылёк пачне лятаць, але так ня здарылася. Ён, відаць, перастаў разьвівацца, бо толькі цягнуўся сюды-туды на працягу некалькіх гадзін, а празь дзень здох. Выходзіць, што ніткі на кокане і маленькая шчыліна ў канцы кокана неабходныя матыльку, каб яму насілу праціснуць жыцьцёвую моц у крылы. Найгоршае, што можа зрабіць чалавек – гэта парэзаць ніткі ды расшырыць шчыліну ў кокане.
Так бывае і ў хрысьціянскім жыцьці. Бог дапускае цяжкасьці ў нашым жыцьці і часамі нам здаецца, што Ён пра нас ня рупіцца і нам не дапамагае. Аднак у сапраўднасьці Ён дазваляе непрыемныя рэчы ў нашым жыцьці, каб яны паслужылі для нашага дабра, хаця ў момант пакуты мы, магчыма, гэтага ня бачым і поўнасьцю не разумеем. Справа ў тым, што калі б Бог, так сказаць, «парэзаў ніткі», якія ціснуць нас, мы страцілі б магчымасьць навучыцца цярпеньню і спадзяваньню на Госпада Бога і ў сьвятасьці не разьвіваліся б. Апостал Якаў напісаў: «Зь вялікай радасьцю прымайце тое, браты мае, калі трапляеце ў розныя цяжкасьці, ведаючы, што выпрабаваньне вашае веры вытварае цярплівасьць» (Як. 1:2–3).
Як ужо было сказана, у справах выпрабаваньня мы можам памыліцца, прыходзячы да высновы, што Бог пра нас забыўся і ня дбае. Гэтым мы можам спакусіцца. Выпрабаваньне можа або аддаліць нас ад Бога, або наблізіць нас да Яго. Уся справа залежыць ад таго, як мы рэагуем на перажываньні, якія нас спасьцігаюць. Ці мы адмаўляемся прыняць іх як выпрабаваньні ад Госпада Бога, таму і змагаемся супроць усяго непрыемнага? Калі так робім, дык памыляемся і гэта садзейнічае нашаму духоўнаму падзеньню. Хто з нас гэтага жадае?
А калі мы прымаем цяжкасьці, як выпрабаваньні, дапушчаныя Богам для нашага дабра, дык гэтым мы навучаемся, як пераносіць непрыемнасьці і ўмацоўваецца ў веры. Не забудзьмася сказанага апосталам Паўлам, што ўсё, што здараецца ў жыцьці, адбываецца для нашага дабра, калі мы любім Госпада і пакліканы Ім (Рым. 8:28). Кожны раз, калі мы пераносім цяжкасьць, трэба прасіць у Бога моцы вытрываць да канца і вучыцца ад перажытага. Мы павінны прыняць кару, як Божую дысцыпліну, заставацца пакорнымі Богу і навучыцца цярплівасьці і вытрыманасьці. У чатырнаццатым разьдзеле кнігі Дзеі сьвятых апосталаў мы чытаем, што апостал Павал і ягоны супрацоўнік Варнава праходзілі празь Лістру, Іконію і Антыёхію, умацоўваючы веруючых у веры і заклікаючы іх трываць у ёй, бо «праз шмат мукаў трэба нам увайсьці ў Царства Божае» (Дзеі 14:22).
Апостал Пётра паўтарае гэтую думку, калі піша, што вернікі павінны дзеля Бога пераносіць пакуты ад нядобразычлівых людзей. Бог бачыць, калі Ягоныя дзеці пераносяць несправядлівасьці ад зламысьнікаў. Гэта Яму даспадобы, калі вернікі нявінна пакутуюць, але той ж самай меркай не адказваюць сваім крыўдзіцелям. Апостал Пётра згадвае, што пасьлядоўнікі Хрыстовы былі пакліканы да жыцьця ў пакутах, і добрым прыкладам таго быў Сам Ісус Хрыстос (1 Пётры 2:18–23). А за ўсякае несправядлівае пакутаваньне нам абяцана вялікая ўзнагарода, якую дасьць Госпад, калі мы дойдзем да вечнага існаваньня ў Ягонай прысутнасьці. Калі даводзіцца нам, дарагі чытачу, пакутаваць, ці то будзе фізічная пакута ці несправядлівае прасьледаваньне ад злых людзей, нам трэба памятаць, што ўсё гэта дапускаецца Богам для нашага дабра.  Будзьма давяраць Богу і Ён у сваім часе ўзнагародзіць нас за ўсё, перажытае намі тут на зямлі дзеля Яго і Ягонага Царства (Лук. 6:23–24; Габр. 10:32–34).
 

ЗАПЫТАНЬНІ:

1. Зь якіх крыніцаў прыходзяць спакусы?
2. Адкуль зьявілася грэшная натура ў чалавека?
3. Што Біблія паведамляе нам пра сатану? Адкуль ён прыйшоў? Хто супрацоўнічае з сатаной?
4. У якім выглядзе сатана прыходзіць да нас? Як ён спакушае нас?
5. Што трэба рабіць, каб не паддавацца спакусам, якія турбуюць нас?
6. Калі пішацца пра «сьвет», як крыніцу граху, што маецца на ўвазе?
7. Растлумач выразы: пажаднасьці цела, пажаднасьці вачэй, жыцьцёвая ганарлівасьць.
8. Якіх практычных захадаў трымацца, каб мець перамогу над спакусамі?
9. Чаму навучаюць нас перажываньне Седраха, Місаха і Аўдэнагі?
10. Як верніку трэба ставіцца да Духа Сьвятога і гэтым атрымліваць дапамогу на перамогу над спакусамі?
11. Як можам мы пастаянна напаўняцца Духам Сьвятым, каб пазьней супраціўляцца спакусам і грахам?
12. Як Бог карыстаецца жыцьцёвымі цяжкасьцямі для нашага дабра?
 
 
 
 
 

РАЗЬДЗЕЛ ВОСЬМЫ:

ЦІ ХРЫСТОС – УЛАДАР МАЙГО ЖЫЦЬЦЯ?

 
Евангельскія веруючыя часта гавораць пра неабходнасьць усім людзям увераваць і прыняць Ісуса Хрыста за свайго асабістага Збаўцу і Госпада-Уладара. Што гэта значыць? Гэта значыць, што для атрыманьня вечнага жыцьця кожнаму чалавеку трэба вераю прызнаць, што Ісус Хрыстос ёсьць бязгрэшны Сын Божы, Які памёр ахвярнай сьмерцю за нашыя грахі. Да таго ж, кожнаму з нас трэба ўвераваць у Ісуса Хрыста, у Ягоную ахвярную сьмерць за нашыя (больш пэрсанальнае – за мае) грахі. Значыцца, Ён памёр за мяне і я веру ў Яго, прыняўшы Яго за свайго асабістага Збаўцу і Госпада. На жаль, у некаторых выпадках чалавек прымае Ісуса Хрыста як Збаўцу, але ў хуткім часе забываецца на тое, што Ён павінен быць ягоным Госпадам і Уладаром. Калі вернік не дае Хрысту права ці магчымасьці кіраваць сваім жыцьцём, то ў духоўным жыцьці ён перастае расьці і разьвівацца, што значыць, ён стаецца бясплодным і зусім бескарысным для Бога. Гэта ідзе на шкоду самому верніку, калі нешта такое здараецца, бо ён, будучы ў такім стане, шмат чаго страчвае. У хрысьціянскім жыцьці ён не ўзрастае, а гэта стаецца нярадаснай і цяжкой справай для яго. У кнізе Адкрыцьцё запісана, як Богу праціўна, калі веруючыя ані халодныя, ані гарачыя ў дачыненьні да Яго і Ягоных інтарэсаў у сьвеце: «Ведаю твае дзеі; ты ні халодны, ні гарачы. О, калі б ты быў халодны альбо гарачы! Але як што ты цёплы, а не гарачы і не халодны, дык выкіну цябе з вуснаў Маіх» (Адкр. 3:15-16). Бог такога не жадае нікому з сваіх вернікаў. Ягоная воля для іх ў тым, каб яны давалі Ягонаму Сыну першае і пераважнае месца ў сваіх сэрцах ды ў выніку таго атрымлівалі Ягоныя дабраславеньні і гэтым чынам сталелі ў веры ды ў персанальнай лучнасьці з Хрыстом.
Пытаньне Хрыстовага кіраўніцтва ў жыцьці верніка надта важнае і залежыць ад таго, як вернік сам ставіцца да гэтай справы. Ягонае жыцьцё стаецца або карысным або бескарысным для Божага Царства. Увераваньне і прыняцьце Ісуса Хрыста ў сэрца адбываецца раз у жыцьці, а жыцьцё пад Хрыстовым кіраўніцтвам працягваецца штодня ажно да сьмерці. Каб жыць пад заўсёдашнім кіраўніцтвам Ісуса Хрыста, трэба быць паслухмяным Яму ва ўсіх пытаньнях і ўчынках. Толькі такім спосабам мы паказваем, што Ён ня толькі для нас Збаўца, але таксама Госпад або Начальнік. «Хто мае запаведзі Мае і выконвае іх, – сказаў Хрыстос, – той любіць Мяне, палюбіць яго Айцец Мой, і Я палюблю яго і Сам зьяўлюся яму» (Яна 14:21). Эвангеліст Лукаш запісаў словы, якія сьведчаць пра тое, што Хрыстос у вернікаў патрабуе поўнае паслухмянасьці: «Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, няхай штодня возьме крыж свой і ідзе за Мной» (Лук. 9:23).
Быць паслухмяным Хрысту не заўсёды лёгкая справа, бо мы змагаемся са сьветам, д’яблам і пажадлівасьцямі ўласнага цела. Хто з нас не сустракае жыцьцёвых спакусаў? І кожны раз трэба слухацца Хрыста, рабіць тое, што Ён патрабуе, і спакусе не паддавацца. Але ў жыцьці часта выходзіць так, што мы Хрысту не даём таго першага месца, Яго ня слухаемся, таму і паддаёмся спакусе і грашым. Або Хрыстос займае самае галоўнае месца ў нашым сэрцы і жыцьці, або нашае вялікае «я», гэта значыць нашая старая грэшная натура. Каб жыць праўдзівым хрысьціянскім жыцьцём, Ісус Хрыстос павінен мець у мяне сапраўдны аўтарытэт і займаць першае месца, што значыць, я гатовы (-ва) Яго слухацца.
Але ці ж гэтым мы кажам, што веруючы мусіць жыць бязгрэшным, дасканалым жыцьцём, каб быць прынятым Богам і Хрыстом? Не. Ня ў тым справа. Пасьля ўвераваньня ў Хрыста за Збаўцу і Госпада мы час ад часу грашым, бо нашая грэшная натура застаецца ў нас і тут і там у штодзённым жыцьці праяўляецца. Бываюць моманты, калі мы даём перавагу грэшнай натуры і Хрыста ня слухаемся, таму і чынім правіннасьць. Багаслоў Ян падкрэсьлівае гэтую рэалію, што час ад часу грашым, і раіць нам, што трэба рабіць, каб быць дараваным. Трэба зноў паспавядацца ў зробленым граху перад Госпадам Богам і далей таго не ўчыняць з просьбаю Ягонай дапамогі ў перамозе над тым грахом. Мы чытаем: «Калі кажам, што ня маем грэху, мы самі сябе ашукваем, і праўды няма ў нас. Калі вызнаём грахі нашыя, Ён верны і праведны, даруе нам грахі і ачысьціць нас ад усякай няправеднасьці. Калі мы кажам, што мы не зграшылі, то робім Яго лгуном, і слова Ягонага няма ў нас» (1 Ян. 1:8–10). Хоць так здараецца з намі, паводле жыцьцёвага прынцыпу веруючы мусіць жыць пад Хрыстовым кіраўніцтвам і ў выніку таго менш грашыць. Хрысту мы заўсёды павінны даваць першае і самае галоўнае месца ў сваім сэрцы і жыцьці. Калі Ён не найважнейшая асоба для нас, дык мы толькі падманваем сябе, лічачы, што Ён кіруе намі ў нашых намерах і ўчынках. Дарагія браты і сёстры ў Хрысьце, з намі так не павінна быць? Будзьма даваць Хрысту тое адпаведнае першае месца ў нашых сэрцах, каб Ён мог панаваць у нас і кіраваць усімі рашэньнямі і крокамі, якія мы прымаем у сваім жыцьці.
 

ХРЫСТОС – УЛАДАР УСЯГО І ЎСІХ

У Бібліі гаворыцца, што Ісус Хрыстос займае першае месца ў сусьвеце, і ў ёй паказаны некаторыя прычыны, чаму яно так і ёсьць.
Перш за ўсё, Бог Айцец паставіў Ісуса Хрыста Уладаром сусьвету. Апостал Павал аб гэтым піша ў другім разьдзеле Пасланьня да філіпійцаў: «Дзеля гэтага і Бог узвысіў Яго і даў Яму імя па-над усякае імя, каб перад імем Ісуса схілілася ўсякае калена нябесных, зямных і падземных, і каб усякі язык вызнаваў, што Ісус Хрыстос – Госпад для славы Бога Айца» (Філ. 2:9–11). Хоць многія не прызнаюць Хрыста за Госпада, але Ён гэтакім і ёсьць. Біблія вучыць, што Бог пакуль што дае людзям магчымасьць навярнуцца да Ісуса Хрыста, пакаяцца ды прызнаць Яго за Госпада і Збаўцу. Справа ў тым, што прыйдзе той дзень, калі ўсе людзі, якія жылі на зямлі, прызнáюць Хрыста за Уладара сусьвету, як піша апостал Павал у Пасланьні да філіпійцаў. Гэтую думку ён выдзяляе і падкрэсьлівае, пішучы да фесаланікійцаў. У чацьвёртым і пятым разьдзелах Першага пасланьня да фесаланікійцаў апостал тлумачыць, што неспадзявана для большасьці зямных насельнікаў Ісус Хрыстос зьявіцца дзеля таго, каб узяць Сваіх верных дзяцей да Сябе і асудзіць тых, хто Бога не баяўся і Яго ня слухаўся. Апостал дадае, што гэты «дзень Гасподні» прыйдзе, як злодзей уначы, гэта значыць зусім неспадзявана для тых, хто Бога і Хрыста ня ведаў, будучы ў той час на зямлі. У другім Пасланьня да фесаланікійцаў аўтар сьцьвярджае, што пры Сваім другім прышэсьці ў вялікай моцы на зямлю Хрыстос адплаціць тым, хто Бога ня прызнаваў і не пакараўся Яму. Апостал, зьвяртаючыся да фесаланікійскіх вернікаў піша: «А вам, якія церпіце ўціскі, будзе адпачынак з намі, калі зьявіцца зь нябёсаў Госпад Ісус з анёламі Ягонай сілы, у палымяным агні аддаючы помсту тым, хто Бога ня знае і ня слухаецца дабравешчаньня нашага Госпада Ісуса Хрыста. Яны прымуць кару, вечную пагібель ад аблічча Гасподняга і ад славы Ягонай магутнасьці» (1 Фес. 1:7-10). Інакш кажучы, непаслухмяныя Богу людзі будуць пакараны за іхнюю ганарлівасьць і непакорлівасьць, менавіта, вечнае гібеньне там, дзе Бога і веруючых ня будзе. Нават калі не захочацца, гэтым людзям трэба будзе прызнаць Ісуса Хрыста Уладаром ўсяго сусьвету, але ўжо будзе запозна, каб раскаяцца і атрымаць дар вечнага жыцьця з Богам і Хрыстом. Ці ж ня лепш прызнаць Хрыста Госпадам Уладаром сусьвету цяпер, пакуль на гэта існуе час і магчымасьць? Бог ужо аб’явіў Хрыста Госпадам і Уладаром сусьвету, таму і павінны мы Яго прызнаць такім і навярнуцца да Яго для дараваньня грахоў і ўваходу ў блізкую лучнасьць зь Ім праз Слова Божае і малітву.
Затым Ісус Хрыстос мае права заняць першае месца ў нашых сэрцах, бо Ён стварыў сусьвет і цяпер кіруе ім. Апостал Павал апісвае колішнюю стваральную дзейнасьць і цяперашнюю падтрымальную ролю Хрыста ў сусьвеце так: «(Ён) – вобраз Бога нябачнага, Першынец усякага стварэньня, бо Ім створана ўсё, што на нябёсах і што на зямлі, бачнае і нябачнае: ці то пасады, ці дзяржавы, ці начальствы, ці ўлады – усё Ім і для Яго створана. І Ён перш за ўсё, і ўсё ім стаіць. І Ён – галава цела, Царквы, Ён – пачатак, Першынец зь мёртвых, каб быць ва ўсім першым» (Кал. 1:15-18). 3 гэтых словаў даволі ясна вынікае тое, што Ісус Хрыстос займае кіруючае месца ў сусьвеце. Ня толькі Ён стварыў яго і ўсё, што існуе ў ім, але таксама Ён трымае сусьвет ў Сваёй руцэ і кіруе ўсімі сіламі, якімі існуюць і рухаюцца зямля і ўсе целы неабсяжнай прасторы. Нашае жыцьцё таксама залежыць ад Яго, як пацьвердзіў апостал Пётра, сказаўшы: «Ім мы жывём і рухаемся і існуём» (Дзеі. 17:28). Сэрца нашае б’ецца па Ягоным распараджэньні. Бог Айцец, Сын і Дух Сьвяты разам стварылі сусьвет, таму трыадзіны Бог дастойны нашага пакланеньня і поўнай паслухмянасьці.
 

ІСУС ХРЫСТОС – ЗБАЎЦА ЧАЛАВЕЦТВА

У біблійных пасланьнях аўтары няраз заяўляюць, што Ісус Хрыстос – Збаўца для ўсяго чалавецтва. Гэтым яны ня кажуць, што Хрыстос неяк міжвольна стаўся Збаўцам для кожнага чалавека, які нарадзіўся і нараджаецца на сьвет. Называючы Хрыста Збаўцам чалавецтва, яны маюць на ўвазе тое, што Бог Айцец паслаў у сьвет толькі аднаго Збаўцу, Свайго Сына Ісуса Хрыста. Каб атрымаць прабачэньне грахоў і дар вечнага жыцьця кожны чалавек мусіць асабіста навярнуцца да Хрыста, увераваць ў Яго, прызнаць Яго сапраўдным Збаўцам ад Бога і прыняць Яго сваім асабістым Збаўцам. Ніхто іншы зь людзей ня можа стацца Збаўцам чалавецтва. Гэтая прывілея дадзена толькі Хрысту. Вось менавіта па гэтай прычыне апостал Пётра сказаў, што чалавек можа атрымаць збаўленьне толькі празь імя Ісуса Хрыста, бо другога імені ў гэтай справе няма і ня можа быць (Дзеі 4:12). Інакш кажучы, дараваньне грахоў і абяцаньне вечнага жыцьця даецца таму чалавеку, які з сапраўдным каяньнем навярнуўся да Хрыста, ўвераваўшы ў Яго як свайго Збаўцу і Госпада-Уладара. Увераваць і працягваць вераваць ў Хрыста як нашага адзінага і сапраўднага Збаўцу тут жа зусім неабходна!
На якой падставе апосталы маглі ўсё гэта сказаць пра Хрыста? Яны ўсё гэта абвясьцілі пра Яго, абапіраючыся на тое, што Бог Айцец паставіў Свайго Сына Збаўцам чалавецтва і адкрыў гэтую праўду ім, вучням Хрыстовым і апосталам Царквы (1 Яна 4:14). Не чалавек выбраў Збаўцу, а Бог, наш Творца, таму і павінны мы, Ім створаныя істоты, слухацца Яго і пагаджацца з тым, што Ён сам устанавіў ды адкрыў праз прарокаў і апосталаў.
Да таго ж, адзіным і сапраўдным Збаўцам зьяўляецца Хрыстос па той прычыне, што Ён пражыў на зямлі бязгрэшным і маральна дасканалым жыцьцём. Сярод людзей ніхто іншы такога ня можа пра сябе сказаць. Толькі Ісус Хрыстос. Гэта асабліва важна, бо калі б Ён зграшыў, хаця б толькі раз, дык трэба было б Яму памерці за Свой грэх. А апосталы сьведчаць, што Хрыстос сапраўды не ўчыніў аніякага граху, таму і меў права ўзяць на Сябе грахі чалавецтва, гэтым робячы Сваю сьмерць на крыжы ахвярай за чалавечыя грахі. Апостал Пётра, напрыклад, так піша пра Хрыста: «Той, Хто не ўчыніў граху, і не было знойдзена падступства ў Ягоных вуснах, Хто, калі Яго лаялі, не адказваў лаянкаю; пакутуючы, не пагражаў, а перадаваў Таму, Хто судзіць справядліва; Хто Сам узьнёс нашыя грахі ў Сваім целе на дрэва, каб мы, пазбавіўшыся ад грахоў, жылі для праведнасьці; Ягонымі ранамі вы былі ацэлены» (1 Пётры. 2:22–24). Апостал Павал паўтарае гэтую думку кажучы: «Бо Таго, Хто граху ня ведаў, Ён зрабіў за нас грахом, каб мы ў Ім сталіся праведнасьцю Божай» (2 Кар. 5:21). Інакш кажучы, Ісус Хрыстос стаўся ахвярай за нашыя грахі згодна з воляй Бога Айца. Бог Айцец прыняў ахвярную сьмерць Свайго Сына як дастатковую адплату за чалавечыя грахі, таму ўсякі, хто верыць і прымае Хрыста за свайго асабістага Збаўцу і вераю прыстасоўвае Яго ахвярную сьмерць да самога сябе, апраўдваецца перад сьвятым і праведным Богам. Справа ў тым, што калі Хрыстос памёр для такой мэты, а потым нават уваскрэс зь мёртвых, дык застаецца для кожнага чалавека адно: прызнаць Ісуса Хрыста Богам выбраным і пастаўленым Збаўцам для чалавецтва і сапраўдным Госпадам Уладаром, вераваць у Яго як свайго асабістага Збаўцу і Гаспадара ды ва ўсіх справах слухацца Яго.
 

ІСУС ХРЫСТОС – УЛАДАР ДЛЯ ВЕРНІКАЎ

Ісус Хрыстос стварыў сусьвет і стаўся Збаўцам усяму чалавецтву, таму кожны чалавек павінен ня толькі ўвераваць у Яго, але таксама і даць Яму першае месца ў сваім сэрцы. Інакш кажучы, Хрыстос павінен стацца Уладаром для верніка. Пішучы да вернікаў у Рыме, апостал Павал згадаў, што для атрыманьня збаўленьня і апраўданьня чалавеку трэба вуснамі вызначаць Ісуса за Госпада і быць перакананым, што Бог уваскрэсіў Яго зь мёртвых (Рым. 10:9–10). Многія багасловы лічаць, што ў апостальскія дні якраз перад прыняцьцем вадзянога хрышчэньня веруючыя вызнавалі Ісуса Хрыста за свайго асабістага Збавіцеля і Госпада, гэта значыць яны публічна прызнавалі Яго сваім Госпадам-Уладаром.
Ад Сваіх пасьлядоўнікаў Ісус Хрыстос чакае любові, адданасьці Яму і жыцьця па Ягонай волі. Ён аднойчы сказаў, як трэба ісьці ўсьлед за Ім: «Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, няхай штодня возьме крыж свой і ідзе за Мною, бо хто хоча душу сваю зьберагчы, загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, той зьберажэ яе» (Лук. 9:23–24).
Такія словы лёгка намі ня прымаюцца. Паўтараць іх лягчэй, чым выконваць. Адракацца ад сябе і несьці свой крыж азначае, што нашыя асабістыя інтарэсы і жаданьні мы павінны ставіць на другое месца пасьля інтарэсаў Гасподніх, калі ёсьць нейкая розьніца паміж імі. Калі ўзьнікае справа, пры якой нашае асабістае жаданьне супраціўляецца Божай волі, мы павінны даць перавагу таму, чаго Госпад  патрабуе ад нас, нават тады, калі нам з-за гэтага давядзецца перанесьці непрыемнасьці. Напрыклад, можа так стацца, што я жыву або працую з асобай, якая мне ня вельмі падабаецца. Цяжка мне быць прыхільным ёй. Як я павінен ставіцца да чалавека, зь якім цяжка жывецца? Так, як прынята ў сьвеце: са злосьцю і раздражненьнем? Часта гэта лічыцца нарматыўным, а ці гэта адпавядае таму, што гаворыцца ў Слове Божым? Апостал Павал піша: «Адкіньце... гнеў, ярасьць, злосьць, лаянку, брыдкія словы... і апранецеся... міласэрнасцю, дабрынёй, ціхай мудрасьцю, ласкавасьцю, доўгацярплівасьцю, церпячы і выбачаючы адзін аднаму, калі хто да каго мае жальбу. Як Хрыстос дараваў вам, гэтак і вы» (Кал. 3:8–13).
Куды лягчэй раззлавацца на таго, хто несправядліва абыходзіцца з намі, чымся спакойна цярпець і ставіцца да яго з хрысьціянскай любоўю і ласкавасьцю. Але апостал Пётра піша, што вернік Хрыстоў менавіта так і павінен зьвяртацца да крыўдзіцеляў: «Бо падабаецца Богу, калі хто дзеля Бога пераносіць гора, церпячы несправядліва, бо што за пахвала, калі вы церпіце ды б’юць вас за благія ўчынкі? Але калі вы, робячы дабро і пакутуючы, церпіце, гэта Богу падабаецца» (1 Пётры 2:19–20). Хрыстос сказаў, што нам трэба адракацца ад сябе, гэта значыць адмаўляцца ад сваіх пачуцьцяў злосьці і непрыязнасьці. Бываюць такія моманты, калі нам даводзіцца цярпець несправядліва ад ворагаў. Хрыстос кажа, што мы павінны адносіцца да іх зь любоўю і нават рабіць ім дабро і маліцца за іх (Маць. 5:44). Адракацца ад сябе і несьці свой крыж абазначае, што мы заўсёды павінны лічыцца з Божай воляй і не паддавацца сваім асабістым жаданьням, калі яны адрозьніваюцца ад Гасподніх жаданьняў для нас.
Ісус Хрыстос аднойчы сказаў, што Ён прыйшоў на зямлю дзеля таго, каб даць людзям «жыцьцё з здабыткам» (Ян. 10:10). Ягонае жыцьцё з здабыткам для нас часткова залежыць і ад меры нашае пакорлівасьці і адданасьці Яму і Ягонага кіраўніцтва нашымі паводзінамі. Хутчэй за ўсё нам самім хочацца кіраваць сваім жыцьцём, жыць паводле сваіх жаданьняў. Вось іменна гэтае імкненьне мы насьледавалі ад нашага прабацькі, Адама, і нам даводзіцца заўсёды змагацца з гэтым. Нават Хрыстос змагаўся з такой спакусай, але не паддаваўся ёй, як сьведчаць Ягоныя словы: «Я зышоў зь неба не дзеля таго, каб чыніць Маю волю, але волю Айца, Які паслаў Мяне» (Ян. 6:38).
Толькі Хрыстос застаўся цалкам паслухмяным Богу Айцу ва ўсіх пытаньнях і справах. Ён пражыў зямное жыцьцё ў поўнай пакорлівасьці Нябеснаму Айцу. Асабліва важна для нас тое, што Хрыстос перанёс тыя самыя спакусы, якія мы цярпім, таму Ён і разумее нашыя цяжкасьці пры аддачы саміх сябе Яму і Яго волі. Калі нас турбуюць спакусы, трэба памятаць, што мы, веруючыя, належым Хрысту. Дзякуючы таму, што Ісус Хрыстос памёр за нас ахвярнай сьмерцю і гэтым выкупіў нас з-пад улады граху, мы цяпер павінны слухацца Яго. Так пацьвярджае апостал Павал: «Ці ня ведаеце, што целы вашыя храм Духа Сьвятога, Які жыве ў вас і Якога вы маеце ад Бога. Вы не свае; вы куплены за вялікую цану, таму праслаўляйце Бога ў целах вашых, і ў душах вашых, якія належаць Богу» (1 Кар. 6:19–20). Бога мы праслаўляем толькі тады, калі аддаёмся Хрысту і слухаемся Яго як Начальніка нашых жыцьцяў.
Даводзіцца прызнацца ў тым, што ў жаданьнях і ўчынках мы часта робім падобна да таго, як паводзяць сябе няверуючыя людзі. Яны часта жывуць не дзеля вечнасьці, а дзеля цяперашняга жыцьця. Мы любім набываць сабе маёмасьць і багацьце. Усяму сваё месца, але мы памыляемся, калі ў лішняй памеры трымаем набытае, не жадаючы падзяліцца сваімі рэчамі зь іншымі людзьмі. Будучы пасьлядоўнікамі Хрыстовымі, мы такой схільнасьці не павінны мець і праяўляць. Эвангеліст Лукаш перадае наступныя словы Хрыста, якія якраз гавораць пра гэта: «Кожны з вас, хто не адрачэцца ад усяго, што мае, ня можа быць Маім вучнем» (Лук. 14:33). Значыцца, Збаўца ня хоча, каб мы ў лішняй меры зьвязваліся з уласнымі рэчамі і маёмасьцю ды гэтым страцілі духоўныя вечныя багацьці. Нашыя ўласныя рэчы і маёмасьць мусяць быць перададзены Яму для Ягонага карыстаньня і распараджэньня. Можа так стацца, што Госпад папросіць каго з нас поўнасьцю адрачыся ад усіх зямных багацьцяў дзеля таго, каб служыць толькі Яму ці быць місіянэрамі у іншай частцы сьвету. А можа Ён таго і не запатрабуе, але хоча, каб мы служылі Яму там, дзе цяпер знаходзімся – напрыклад, дома ці на месцы працы, у царкве, куды ходзім і г. д. Самае галоўнае тут жа ў тым, каб кожнае дзіця Божае разумела, што ягоныя ўласныя рэчы і маёмасьць належаць Госпаду Ісусу Хрысту і дадзены былі яму з намерам, каб ужываць іх для славы Божай. Час ад часу варта паставіць сабе і сумленна адказаць на пытаньне: ці я карыстаюся сваёю маёмасьцю, даручанай мне Богам, для Ягонай славы ці не? Калі не, дык трэба паспавядацца ў тым ды папрасіць Божага кіраваньня і дапамогі, каб выправіць сваю духоўную недасканаласьць.
Апостал выказвае праўду, калі піша, што Бог «дае ўсё шчодра для нашае асалоды», але трэба мець на ўвазе, што якраз перад гэтым у пасланьні ён таксама перасьцерагае багатых не ганарыцца сабою і не спадзявацца на сваё багацьце, якое ён называе «няпэўным» (1 Цім. 6:17). Зямное багацьце няпэўнае таму, што яно часовае; вечна яно ня будзе існаваць. Усё нашае зямное багацьце мы пакінем і застануцца толькі нябачныя духоўныя каштоўнасьці, вынікі якіх мы будзем адчуваць на працягу вечнасьці. Сур’ёзна возьмем пад увагу словы апостала Паўла, што «бачнае – часовае, а нябачнае – вечнае» (2 Кар. 4:18). Прысьвецім усе нашыя ўласныя рэчы Богу, каб Ён праз нас мог карыстацца імі для Сваёй славы, і гэтым чынам мы здабудзем сабе вечныя духоўныя дабраславеньні. 
Мы паказваем, што Ісус Хрыстос Уладар нашага жыцьця яшчэ другім спосабам. Усе мы думаем пра сваю будучыню, таму складаем пляны аб тым, што будзем рабіць. I добра робім, калі складваем пляны на будучыню. Але калі мы заяўляем, што Бог ёсьць Уладаром нашага жыцьця, дык трэба і прасіць Яго кіраваць нашымі думкамі, складваючы свае пляны на будучыню. У чым заключаецца Ягоная воля для нас? Гэта перш за ўсё павінна цікавіць нас. У Прыказках Саламонавых мы чытаем: «Спадзявайся на Госпада ўсім сэрцам тваім і не абапірайся на розум твой. Ва ўсіх шляхах тваіх прызнавай Яго, і Ён накіруе крокі твае» (Прык. 3:3–5).
Якую прафэсію выбраць сабе? 3 кім ажаніцца або за каго выйсьці замуж? Дзе жыць? Чым займацца ў вольны час? Вось такія і падобныя пытаньні мы ставім сабе, калі думаем і складваем пляны для сваёй будучыні. Вернік Хрыстоў, які дае Збаўцу першае месца ў сваім жыцьці, зьвяртаецца да Яго ў малітве з такімі пытаньнямі, каб пазнаваць Ягоную волю і выконваць яе. Госпад чуе і адказвае на нашыя малітвы, калі мы просім ў Яго кіраваньня для будучыні, і ў свой час Ягоная воля раскрываецца перад намі.
На жаль, часамі мы складваем свае пляны і робім тое, што самі хочам рабіць бяз Божага ўдзелу, ды прадстаўляем Госпаду нашыя жаданьні з просьбаю, каб Ён іх ўхваляў і дабраслаўляў. Калі з такім падыходам прыступаемся да Бога, дык робім памылку. Бог хоча, каб Ягоныя дзеці лічыліся зь Ягонай воляй, бо Ён лепш за іх ведае, што ім патрэбна для таго праведнага жыцьця. Хто спадзяецца на Бога, той знаходзіцца пад Ягонай апекай. Псальмасьпявак напісаў: «На Цябе спадзявацца будуць тыя, хто ведае імя Тваё, бо Ты не пакідаеш тых, хто шукае Цябе, Госпадзе» (Пс. 9:11).
 

АДДАНЫ ХРЫСТУ ВУЧАНЬ

Мы ўжо пазнаёміліся з патрабаваньнямі Ісуса Хрыста да тых, хто хоча ісьці ўсьлед за Ім і быць Ягоным сапраўдным вучнем. Збаўца шукае пасьлядоўнікаў, якія поўнасьцю адданы Яму і Ягонаму Царству тут на зямлі. Той, хто прымае Хрыста дзеля таго, каб толькі пазьбегчы вечнай загубы, робіць істотную памылку. Прыняцьце Хрыста Збаўцам азначае і прыняцьце Яго Госпадам-Уладаром. Ён патрабуе ад Сваіх вучняў поўнай сумленнай адданасьці.
Праз Сваё Слова і Духа Сьвятога, Які жыве ў нашых сэрцах, Хрыстос час ад часу адкрывае нам, у якой справе мы не аддаёмся Яму, і выяўляе пажаданьне, каб мы зьмянілі сваё рашэньне адносна дадзенай справы. Ён гэта робіць не з тае прычыны, каб адабраць ад нас прыемнае, а каб даць нам нешта шматразова лепшае. Гэта выразна паказана ў апісаньні аўтарамі Дабравесьця маладога багатыра, які прыйшоў да Хрыста, хочучы даведацца аб унасьледаваньні вечнага жыцьця. Хрыстос паўтарыў некаторыя запаведзі; на тое малады чалавек адказаў, што ён ад юнацтва не парушаў ніводнай зь іх. Збаўца тут жа глянуў на яго і з глыбокай любоўю сказаў яму; «Аднаго табе не хапае: пайдзі ды ўсё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе; і прыходзь, ідзі за Мной, узяўшы крыж» (Марк. 10:21). Эвангеліст Марк адзначае, што малады багач, пачуўшы гэтыя словы, засмуціўся ды адышоў, бо карыстаўся вялікім багацьцем (Марк. 10:22). Хрыстос ведаў, што малады багатыр дбаў болей пра сваю сьвецкую маёмасьць і скарбы, чымся пра духоўнае нябеснае ўзбагачэньне. Госпад закрануў дарагую ягонаму сэрцу справу. Гэта выявілася ў тым, што ён замаркоціўся і адышоў, не сказаўшы ані слова Хрысту. Багатыр не зразумеў, што Хрыстос прапанаваў яму куды лепшае дабраславеньне: багацьце ў небе, вынікі якога будуць працягвацца і адчувацца на ўсю вечнасьць. Малады багатыр зрабіў калясальную памылку!
Трэба памятаць – Хрыстос ведае, што найлепшае для кожнага з нас. Ён не абавязкова папросіць нас прадаць сваю маёмасьць і атрыманыя за гэта сродкі аддаць убогім, але на тое мы павінны быць гатовы, калі б Госпад даў нам такі загад. Быць паслухмяным Хрысту ва ўсім неабходна тым людзям, якія жадаюць называцца і быць сапраўднымі пасьлядоўнікамі Хрыстовымі.
Дух Сьвяты адкрывае, калі ў нашым жыцьці нешта ня так і паказвае, якія з нашых жаданьняў трэба скасаваць або перамяніць. Хаця не заўсёды лёгка аддаць усю нашую маёмасьць і ўласныя рэчы ў Ягонае распараджэньне і ва ўсім быць паслухмяным Яму, аднак мы мусім да гэтага імкнуцца незалежна ад таго, ці нам хочацца або не. Мы як вучні Ягоныя не павінны казаць, што ня маем сілы тое ці іншае прысьвяціць Госпаду. Чаму? Таму, што ў нас жыве Дух Сьвяты, Які памагае нам рабіць правільныя выбары і дзеяньні. Мы ніколі ня станемся такімі, якімі Бог хоча, каб мы былі, калі не аддадзім Хрысту ўсе свае пляны і намеры ды не падпарадкуемся Ягонай волі і кіраўніцтву. Хрыстос сказаў: «Ніхто ня можа служыць двум панам; бо ці аднаго стане ненавідзець, а другога любіць, або аднаму пачне спрыяць, а другім пагарджаць. Ня можаце служыць Богу і мамоне (багацьцю)» (Маць. 6:24). Або Збаўца – Уладар нашага жыцьця, або нешта ці нехта іншы займае Ягонае месца ў нашым жыцьці. Інакш кажучы, веруючы павінен спадзявацца на Госпада Ісуса Хрыста, калі думае пра сваю будучыню і рыхтуецца прыняць асаблівыя крокі. Ці ты, дарагі чытачу, гэтак робіш?
 

ПРАКТЫЧНЫЯ КРОКІ Ў СПРАВЕ НАШАЙ АДДАНАСЬЦІ ХРЫСТУ

Эвангеліст перадае вельмі строгія словы, выказаныя Хрыстом наконт нашай адданасьці Яму: «Калі хто прыходзіць да Мяне і не ўзьненавідзіць бацьку свайго, і матку, і жонку, і дзяцей, і братоў і сясьцёр, а пры тым і само жыцьцё сваё, той ня можа быць Маім вучнем» (Лук. 14:26). Як гэтыя словы зразумець? Ці Хрыстос патрабуе, каб мы сапраўды ненавідзелі родных і сваё жыцьцё? Я таго погляду, што Ён ужывае слова «ўзьненавідзець» дзеля таго, каб падкрэсьліць думку, што Ягоныя пасьлядоўнікі мусяць любіць Яго больш за ўсіх іншых і дарагіх ім людзей. Калі вернік любіць кагосьці іншага больш за Хрыста, дык гэтым ён не дае Збаўцу першага і найважнейшага месца ў сваёй душы. Словам, Хрыстос тады ня ёсьць сапраўдным Уладаром для таго верніка. Ісус Хрыстос не патрабуе, каб мы на самай справе ўзьненавідзелі родных і само жыцьцё, але каб мы любілі і былі паслухмяны Яму больш, чымся іншым людзям і сваім жаданьням. Гэтым мы паказваем, што Ён – наш Уладар. На падставе ўсёй Хрыстовай навукі, якую мы знаходзім на старонках Дабравесьця, відаць даволі выразна, што Ён загадвае нам любіць родных і іншых людзей, нават і ворагаў, але найбольшую любоў мы павінны праяўляць Яму.
Якімі ж наяўнымі спосабамі можам мы паказваць, што любім Хрыста больш за ўсіх і што Ён займае першае месца ў нашым жыцьці, што Ён – сапраўдны Уладар нашага жыцьця? Дзеля гэтага мы прапануем наступныя крокі:  
1. Рэгулярная сустрэча з Госпадам. Гэтае пытаньне мы ўжо абмеркавалі, але тут жа я хацеў бы паўтарыць думку, што мы паказваем сваю адданасьць Збаўцу Хрысту, калі штодня сустракаемся зь Ім чытаньнем Яго Слова і малітвай да Яго. Дзе толькі мы ні былі б, нам трэба прысьвяціць адпаведную частку дня асабістай сустрэчы з Госпадам. Падумайце толькі аб гэтым: калі б мы пакінулі есьці нармальна ці елі б замала, дык пачалі б страчваць вагу і фізычна слабець. Веруючы павінен расьці ў духоўным жыцьці, а гэта адбываецца праз штодзённае чытаньне Слова Божага і праз малітву Збаўцу. Аўтар Пасланьня да габрэяў заахвочвае чытачоў пакінуць пачаткі Хрыстовай навукі – такія пытаньні як: пакаяньне ў грэшных учынках, увераваньне ў Бога і Хрыста, вучэньне аб хрышчэньнях, ускладваньні рук на нованаверненых, уваскрэсеньні мёртвых і аб канчатковым Божым судзе. Ён кажа, што трэба ісьці далей. Тыя, хто пакаяўся, увераваў у Бога і Хрыста ды атрымаў настаўленьне ў гэтых справах, павінны цяпер імкнуцца да хрысьціянскай дасканаласьці, як сьцьвярджае аўтар пасланьня (Габр. 6:1–2). Інакш кажучы, мы не павінны заставацца духоўнымі малечамі, але разьвівацца і імкнуцца да духоўнай сьпеласьці і сталасьці. Гэта адбываецца ў нашым жыцьці, калі мы рэгулярна чытаем і вывучаем Слова Божае і сумленна молімся паводле Божай волі. Не забудзьмася, што недастаткова толькі чытаць і вывучаць зьмест Бібліі. Трэба прыстасоўваць вучэньне Сьвятога Пісаньня ў нашым штодзённым жыцьці, і з дапамогай Духа Сьвятога гэта магчыма, калі мы будзем прасіць ў Яго Гасподняй дапамогі і спадзявацца на Яго.
Сапраўдны пасьлядоўнік Ісуса Хрыста ўдзяляе адпаведную частку дня чытаньню Слова Божага і малітве. Але гэта ня нейкая фармальнасьць. Пры чытаньні Бібліі і малітве веруючы сустракаецца са сваім Збаўцам і Госпадам Хрыстом. У сшытку ён можа запісваць новыя праўды і настаўленьні, якія датычаць яго асабіста і якія трэба прыстасаваць да свайго жыцьця. Такая сустрэча можа працягвацца ад некалькіх хвілін да гадзіны ці нават даўжэй. У малітве веруючы дзякуе Богу за ўсе дабраславеньні, спавядаецца ў грахах і просіць Гасподняга кіраўніцтва і дапамогі ў тых справах, пра якія Бог загаварыў яму праз Сьвятое Пісаньне і Духа Сьвятога. Такім спосабам ён праводзіць час у прыемнай брацкай лучнасьці са сваім Збаўцам і Госпадам, Ісусам Хрыстом.
2. Разьвіцьцё ў жыцьцёвай праведнасьці. Чытаньне і вывучэньне Слова Божага неабходна нам таму, што яно вядзе нас да праведнага вобразу жыцьця. Як ужо было сказана, Ісус Хрыстос становіцца Уладаром нашага жыцьця тады, калі мы пачынаем слухацца Яго. Чытаючы Яго Слова, мы даведваемся, у якіх справах мы паступаем толькі так, як асабіста нам падабаецца, але гэта магчыма не адпавядае Хрыстовай волі. Праз Слова Божае і Духа Сьвятога ў нас Збаўца адкрывае нам, у чым мы не падпарадкуемся Ягонай волі. Даведаўшыся аб сваіх недахопах і правіннасьцях, мы мусім паспавядацца перад Збаўцам у грахах ды папрасіць Ягонай моцы, каб іх не паўтараць, а замест таго, слухацца Яго і выконваць Ягоную волю.
Чалавек, адроджаны Духам Сьвятым, праяўляе большую непрыхільнасьць да граху і грэшнага спосабу жыцьця, чымся няверуючы. Некаторыя старыя грэшныя пажаднасьці, магчыма, застаюцца ў нас, але з дапамогай Духа Сьвятога, Які жыве ў нашых сэрцах, мы можам іх пераадолець. Апостал Павал напісаў, што грэх не павінен панаваць над намі, бо мы жывём «пад Божай ласкай» (Рым. 6:14). Гэта значыць, што ў змаганьні з грахом Дух Гасподні нам дае сілу вытрымаць спакусу і не грашыць. Ласку мы тут жа прымаем у сэнсе Гасподняй дапамогі не паддавацца спакусам. У Пасланьні да Ціта апостал згадае Божую ласку і ейную ролю ў жыцьці веруючага такімі словамі: «Зьявілася ласка Божая, якая прыносіць збаўленьне ўсім людзям, навучаючы нас адцурацца бязбожнасьці і сьвецкіх пажадлівасьцяў ды жыць цнатліва, праведна і пабожна ў цяперашнім веку» (Ціт. 2:11 – 12). Сапраўдны вучань Ісуса Хрыста заўсёды імкнецца да пабожнага жыцьця. Мы ня можам сьцьвярджаць, што Ісус Хрыстос ёсьць Уладаром нашага жыцьця, і адначасова паўторна сьвядома грашыць. Чым больш мы знаёмімся са зьместам і навукай Слова Божага, тым больш разумеем, што іменна трэба рабіць, каб расьці ў духоўным жыцьці і ўзмацняцца ў Гасподняй праведнасьці.
Сваёй чалавечай моцай мы ніколі не дасягнем сапраўднай праведнасьці. Вось таму і трэба нам спадзявацца на Духа Хрыстовага, Які жыве і дзейнічае ў нас. У сувязі з гэтым апостал Павал растлумачвае нашую адказнасьць перад Духам Сьвятым, каб жыць праведна. А гэта адбываецца не праз нашую ўласную моц або мудрасьць, а праз Божую. У Пасланьні да эфэсянаў мы чытаем: «І не ўпівайцеся віном, бо ў ім распуста, а напаўняйцеся Духам, павучаючы саміх сябе псальмамі і гімнамі і песьнямі духоўнымі, пеючы і ўсхваляючы Госпада ў сэрцах вашых, дзякуючы заўсёды і за ўсё Богу і Айцу ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста» (Эфэс. 5:18–19). Што здараецца з чалавекам, які ўпіваецца віном? Ён страчвае ўладу над самім сабой. Ап’яненьне пераважна даводзіць да дрэнных вынікаў. Веруючаму забаронена гэтым займацца. Усё-такі паміж ап’яненьнем віном і напаўненьнем Духам Божым мы заўважаем падабенства. Як ап’янелы знаходзіцца пад уладай алькаголю, так і веруючы павінен быць пад кіраўніцтвам Духа Сьвятога. Зразумела, напаўненьне веруючага Духам Сьвятым прыносіць куды лепшыя вынікі: радасьць, удзячнасьць, спакой, мір, лагоднасьць і таму падобнае.
У сувязі з гэтым пытаньнем адзначым яшчэ адну цікавую рэч. Дзеяслоў «напаўняйцеся» даецца ў загадным ладзе і незакончаным трываньні, а гэта сьведчыць, што веруючы напаўняецца Духам Божым ня толькі аднаразова, а шматразова як працяглы жыцьцёвы працэс. Інакш кажучы, мы штодня павінны прыходзіць да Духа Сьвятога, каб нанова напаўняцца Ім. Бяз Духа Сьвятога жыць праведным жыцьцём было б немагчыма. Вось чаму і павінны мы стала зьвяртацца да Яго. Калі мы будзем стала прыходзіць да Хрыста і прасіць, каб Ён напаўняў нас Сваім Духам, дык тое ж і будзе здарацца з намі.
Апрача таго, трэба і слухацца Духа Сьвятога. Пішучы да галацкіх веруючых, апостал Павал кажа: «Хадзеце Духам і пажадлівасьцяў цела вы ня будзеце выконваць» (Гал. 5:16). Што значыць «хадзіць Духам»? Гэта жыцьцё пад кіраваньнем Духа Сьвятога. Інакш кажучы, мы слухаемся Яго. У восьмым разьдзеле мы ўжо закранулі гэтае пытаньне, але тут жа добра толькі яшчэ раз запытацца ў сябе: ці я часта прашу ў Хрыста напаўненьня Духам? Ці я жыву пад кіраўніцтвам Духа Сьвятога? Калі не, дык трэба паспавядацца перад Богам і папрасіць Ягонага кіраваньня ў нашым жыцьці. Той, хто жыве пад кіраўніцтвам Духа Сьвятога ў паслухмянасьці Яму, праяўляе такія ўласьцівасьці характару як: любасьць, радаснасьць, памяркоўнасьць, доўгацярплівасьць, дабрыню, міласэрнасьць, даверлівасьць, ціхасьць, стрыманасьць. Апостал Павал называе такія якасьці характару плодам Духа (Гал. 5:22–23). А гэта нішто іншае, як праведнае жыцьцё паводле Божай волі.
3. Сьведчаньне пра Хрыста і збаўленьне у Ім. Ісус Хрыстос ня толькі заклікае няверуючых да ўвераваньня ў Яго і хаджэньня усьлед за Ім. Ён таксама заклікае нас, якія ўжо ўверавалі ў Яго і жывём зь Ім, быць гатовымі расказаць іншым пра Яго, асабліва тым, хто Яго ня ведае або пра Яго ня чуў. Большасьць няверуючых па розных прычынах Бібліі ня чытае, таму пра Ісуса Хрыста і збаўленьне ў Ім яны могуць пачуць толькі ад тых вернікаў, зь якімі бываць у кантакце. Адказнасьць за сьведчаньне пра Хрыста кладзецца на тых, хто спазнаў Яго і цяпер знаходзіцца ў блізкай лучнасьці зь Ім. Калі зьявіцца такая мажлівасьць, сур’ёзны пасьлядоўнік Хрыста заўсёды будзе гатовы засьведчыць пра свайго Збаўцу.
Якраз перад Сваім узьнясеньнем да Бога Айца ў неба Ісус Хрыстос сабраў вучняў і загадаў ім застацца ў Ерусаліме ды пачакаць прышэсьце Духа Сьвятога. «Вы прымеце сілу, калі зыдзе на вас Дух Сьвяты,– сказаў Хрыстос, – і будзеце Маімі сьведкамі і ў Ерусаліме і ва ўсёй Юдэі і Самарыі ды ажно па край зямлі» (Дзеі 1:8). І так сапраўды сталася. У дзень Пяцідзясятніцы Дух Сьвяты зышоў на апосталаў і іншых веруючых, якія былі зь імі, і моцай Духа яны пачалі расказваць пра Хрыста тым, хто амаль што нічога ня ведаў пра Яго. Апостал Пётра стаўся галоўным прапаведнікам і ў выніку ягонага казаньня пра Збаўцу Хрыста каля трох тысяч чалавек пакаяліся, уверавалі ў Яго ды прынялі сьвятое вадзяное хрышчэньне. Пасьля яны пачалі зьбірацца дзеля таго, каб слухаць тлумачэньні апосталаў пра Хрыста, маліцца і ўспамінаць Ягоную ахвярную сьмерць сьвяткаваньнем Вячэры Гасподняй. Як апосталы, так і нованаверненыя сьведчылі пра Хрыста і збаўленьне празь Ягонае імя тым, хто ня чуў пра Яго. За гэта тадышнія рэлігійныя ўлады пачалі прасьледаваць апосталаў. Яна забаранілі ім прапаведаваць пра Хрыста, а калі сьведкі Хрыста гэтай дзейнасьці не спынялі, дык апостал Пётра быў арыштаваны і пасаджаны ў турму. Бог праз анёла вызваліў яго, і ён зь іншымі працягваў душапастарскую службу сярод духоўна галоднага народа. Празь некаторы час улады зноў пачалі прасьледаваць ерусалімскіх хрысьціян і тое так, што многія веруючыя, апрача саміх апосталаў, перасяліліся ў іншыя мясцовасьці Юдэі і Самарыі.
Аўтар кнігі Дзеі сьвятых апосталаў, Лукаш, адзначае, што «тыя, што расьсеяліся, хадзілі і абвяшчалі Слова (Божае)» (Дзеі 8:4). Яны сталіся галоўнымі сьведкамі Ісуса Хрыста. Ня толькі апосталы і прапаведнікі абвяшчаюць Слова Божае і гэтым сьведчаць пра Хрыста і збаўленьне ў Ім, але і простыя звычайныя вернікі карыстаюцца гэтай прывілеяй. Словы Хрыстовы, запісаныя ў Дабравесьці паводле Мацьвея 28:19-20, датычаць ня толькі першых вучняў, але ўсіх пасьлядоўнікаў Ісуса Хрыста: «Ідзеце і навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа, навучаючы іх выконваць усё, што Я загадаў вам; і вось Я з вамі ва ўсе дні да сканчэньня веку». Мы, сучасныя пасьлядоўнікі Хрыста, паказваем, што Збаўца Хрыстос – Уладар нашага жыцьця, калі сьведчым аб Ім усім знаёмым, якія дагэтуль не навярнуліся да Яго для атрыманьня збаўленьня празь веру і паслухмянасьць Яму.
Апостал Пётра напісаў, што веруючыя заўсёды павінны быць гатовымі даць прадуманы адказ людзям, якія пытаюцца пра іхнюю хрысьціянскую надзею. Ён піша гэтак: «Хрыста пастаўце за Госпада ў сэрцах вашых, з лагоднасьцю і глыбокай павагай заўсёды будзьце гатовымі даць адказ кожнаму, хто запытае вас пра вашу надзею» (1 Пётры 3:15). Мы можам быць гатовымі даць прадуманы адказ двума спосабамі: добрым асабістым сьведчаньнем аб дзеяньні Хрыста ў нашым жыцьці і падрыхтаваным тлумачэньнем сутнасьці Дабравесьця ды Гасподніх патрабаваньняў да любога чалавека, які жадае стацца Ягоным пасьлядоўнікам.
Першымі сьведкамі Ісуса Хрыста былі апосталы. Апостал Ян піша, што ён і іншыя жылі і бачылі Хрыста. Тое ж, што яны даведаліся аб Ім, яны перадалі і нам. Вось Янавыя словы: «Аб тым, што было спачатку, што мы чулі, што бачылі сваімі вачыма, што разглядалі і да чаго дакраналіся нашы рукі, аб Слове жыцьця... аб тым, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем вам, каб і вы мелі лучнасьць з намі, а нашая лучнасьць з Айцом і Сынам Ягоным, Ісусам Хрыстом» (1 Ян. 1:1-3). Апосталы перадавалі тое, што ведалі аб Хрысьце, ня толькі сваім сучасьнікам, але таксама і нам людзям 21-га стагодзьдзя. Хаця мы з Хрыстом не былі ў целе, мы маем ў Дабравесьці верагоднае і дакладнае апісаньне Ягонага жыцьця, словаў і характару. Да таго ж, Хрыстос адкрыўся нам, калі мы аддаліся ды ўверавалі ў Яго, прыняўшы Духа Сьвятога. Ён зьмяніў нашае жыцьцё Сваёй моцай, якая цяпер знаходзіцца і працуе ў нас. Інакш кажучы, мы знаёмімся зь Ім праз штодзённую лучнасьць зь Ім чытаньнем Ягонага Слова і малітвай. Таму, як апосталы, так і мы можам расказаць іншым, якія ня ведаюць Яго, усё, што Ён зрабіў і яшчэ робіць для нас асабіста і для тых, хто навярнуўся да Яго.
Мы можам засьведчыць іншым пра Хрыста, бо самі пазналі Яго ды адчуваем Ягоную дзейнасьць у нашых сэрцах і жыцьцях. Добра падрыхтаваць кароткае слова сьведчаньня аб тым, як мы спазналі Хрыста і як Ён зьмяніў нас і даў нам новае жыцьцё. Сьведчаньне аб дзейнасьці Збаўцы ў нашым жыцьці пакажа іншым, што мы гаворым не пра нейкія ўзвышаныя нерэальныя ідэалы, а пра надта практычныя і дзейсныя захады. Раскажэце няверуючаму, у якім духоўным стане вы былі перад тым, як сустрэліся з Хрыстом, як вы пачулі пра Яго і што здарылася з вамі, калі ўверавалі ды прынялі Яго за свайго асабістага Збаўцу і Уладара. Раскажэце пра вынікі вашага навярненьня да Яго. Што менавіта зьмянілася ў вашым жыцьці пасьля прыняцьця Яго? Якое значэньне Ён мае для вас сёньня? У якіх справах жыцьця адчуваеце вы Ягоную дапамогу і ўмацоўваньне? Падумайце над гэтымі пытаньнямі і складзеце зь іх кароткае слова сьведчаньня аб Хрыстовай дзейнасьці ў вашым жыцьці.
Затым, будзьце гатовы растлумачыць няверніку сутнасьць добрай весткі Хрыста аб збаўленьні празь Ісуса Хрыста. Найлепш падрыхтаваць кароткае тлумачэньне, у якім вы прыгадваеце такія пункты як Божую любоў да чалавека, нашу адарванасьць ад Бога з прычыны грахоў, ахвярную сьмерць і ўваскрэсеньне Хрыста зь мёртвых, неабходнасьць пакаяньня, увераваньня, прыняцьця Хрыста як свайго асабістага Збавіцеля, вызнаваньня Яго за Госпада Уладара, вадзяное хрышчэньне ды прыняцьце Духа Сьвятога. Для кожнага пункта давайце ключавыя біблейныя вершы, якія вылучаюць тое, што вы кажаце. Ужываць біблейны тэкст у сьведчаньні пра Хрыста і Ягонае збаўленьне зусім неабходна таму, што Дух Сьвяты карыстаецца Словам Божым як мячом (Эфэс. 6:17). У Пасланьні да габрэяў мы чытаем: «Слова Божае жывое і дзейснае ды вастрэйшае за ўсякі меч двухбаковавостры; яно пранікае нават да разьдзяленьня душы і духа, суставаў і мазгоў, і судзіць думкі і намеры сэрца» (Габр. 4:12).
Раю пераглядзець першы разьдзел гэтай кнігі, дзе даюцца самыя галоўныя пункты добрай весткі і патрабаваньні для атрыманьня збаўленьня празь веру і паслухмянасьць Хрысту. Варта было б і глыбей пазнаёміцца са зьместам другога разьдзела кнігі, бо ў ім падрабязьней растлумачваюцца тыя самыя пункты. Вядома заўсёды трэба быць гатовым да растлумачэньня добрай весткі. Таму раю вам або вывучыць на памяць галоўныя пункты зь іхнімі адпаведнымі біблейнымі тэкстамі, або запісаць іх на паперы і трымаць пры сабе, каб пры нагодзе перадаць іх тым, хто цікавіцца Дабравесьцем. Але перад тым, як гаварыць зь няверуючым аб Хрысьце і збаўленьні ў Ягонае імя, добра і карысна памаліцца, каб Дух Сьвяты ўжо загадзя дзейнічаў у сэрцы няверуючага. Хрыстос сказаў, што Дух Сьвяты адкрывае і абвінавачвае сьвет у граху, праўдзе і судзе (Ян. 16:9). Гэта Ягоная роля, дадзеная Богам Айцом, таму і павінны мы спадзявацца на Духа Сьвятога ў гэтай справе.
Пры сустрэчы зь няверуючым папрасеце ў яго дазволу растлумачыць, што Біблія гаворыць пра Божае збаўленьне для чалавека і як яго можна атрымаць. Растлумачце яму галоўныя пункты Дабравесьця і патрабаваньні Слова Божага ў навярненьні чалавека да Хрыста. Згодна з наперад абдуманым вамі плянам растлумачце добрую вестку коратка, ясна і бязь лішніх затрымак. Не забывайце даць вашаму суразмоўцу магчымасьць зьвярнуцца да Хрыста ў малітве, калі вам ясна, што ён да гэтага гатовы і праяўляе жаданьне. Можна параіць тым, хто паказвае гатоўнасьць пакаяцца перад Богам і выказаць сваю веру ў Збаўцу Хрыста і Ягоную ахвярную сьмерць, зьвярнуцца з простай малітвай да Бога і Хрыста. Трэба падахвочваць такую асобу выказвацца Богу і Хрысту сваімі словамі раскаяньня ў сваіх грахах (можа такі чалавек называць вядомыя яму грахі перад Богам) і ўвераваньня ў Хрыста як свайго Збаўцу і Госпада-Уладара.
Што рабіць, калі няверуючы нейкім пытаньнем затрымае вас у тлумачэньні? Мая прапанова такая: ацанеце ягонае пытаньне, ці мае яно першараднае або другараднае значэньне для галоўных пунктаў Дабравесьця або шляху збаўленьня, які вы растлумачваеце яму. Калі значэньне пытаньня першароднага значэньня, дык пастарайцеся адразу адказаць на яго. А калі яно другараднае, дык папрасеце ў суразмоўцы дазволу адкласьці адказ на паднятае пытаньне да канца вашага тлумачэньня. Такім чынам вы перадасьце галоўныя пункты Дабравесьця і шляху збаўленьня. Скончыўшы тлумачэньне, трымайце дадзенае слова. Дайце суразмоўцы магчымасьць паставіць пытаньні адносна таго, што вы сказалі яму. Колькі зможаце, пастарайцеся адказаць на іх. Калі вы самі ня ведаеце, як правільна адказаць на пастаўленыя запытаньні няверуючаму, скажеце яму, што вы цяпер ня маеце адказу, але перадумаеце паднятую ім справу і ў свой час пастараецеся адказаць на яе.
Напрыклад, няверуючы можа задаць вам пытаньне пра тое, што вучоныя гавораць пра эвалюцыю і месца чалавецтва ў ім. У сапраўднасьці гэта другараднае пытаньне у дачыненьні да галоўных пунктаў Дабравесьця і шляху збаўленьня. Лепш адкласьці адказ да канца вашага тлумачэньня або пазьней.
Паўтараем тут жа, што ужо было выказана: растлумачыўшы шлях збаўленьня, веруючы можа і павінен даць суразмоўцы магчымасьць навярнуцца да Хрыста асабістай малітвай. Ён можа на гэта згадзіцца або не згадзіцца. Мы павінны быць чульлівымі да гэтага. Ці пажадае суразмоўца памаліцца ці не – гэта залежыць ад яго самога. Сваімі аргумэнтамі веруючы не павінен прымушаць няверуючага навярнуцца да Бога і Хрыста. Веруючы толькі можа запрасіць яго да малітвы і ўвераваньня ў Хрыста. Калі на гэта суразмоўца не згаджаецца, бо або ня хоча, або не гатовы памаліцца Богу, дык проста падзякуйце яму за ўвагу і скажэце, што вы будзеце ў далейшым маліцца за яго. А калі ён скажа, што гатовы навярнуцца да Бога і Хрыста, вы можаце дапамагчы яму ў выказваньні простай малітвы пакаяньня і ўвераваньня. Прыкладная малітва даецца ў канцы першага разьдзела гэтай кнігі. Пасля малітвы суразмоўцы вы самі таксама можаце зь ім памаліцца за яго.
4. Дапамога і служэньне іншым. Сталаму веруючаму даюцца магчымасьць і прывілея ня толькі прывесьці няверуючых да увераваньня ў Хрыста, але таксама дапамагчы нованаверненым у іхнім духоўным росьце. Мы памыляемся, калі лічым, што такая духоўная праца даручана толькі прапаведнікам і прасьвітарам. Хаця прапаведнікі і прасьвітары выконваюць вельмі важную ролю ў павучаньні нованаверненых, звычайныя сталыя вернікі таксама адказны перад Госпадам за такую працу. У апостальскіх часах ня толькі апосталы, але таксама і звычайныя веруючыя сьведчылі аб Хрысьце, заклікалі людзей да Яго і дапамагалі нованаверненым усталёўвацца і ўзмацняцца ў веры. Як было ў апостальскія дні, так павінна быць і ў нашыя часы: сталыя веруючыя абавязаны дапамагаць маладзейшым ўсталёўвацца ў веры ды расьці ў хрысьціянскай духоўнасьці.
Калі дзіця нараджаецца на сьвет, бацькі яго не пакідаюць, каб яно само па сабе расло і ўзмацнялася. Даглядаць само сябе нованароджанае дзіця ня можа, і калі бацькі не пачнуць яго карміць і апранаць, то яно ў хуткім часе памрэ. Больш-менш тое самае мы можам сказаць пра нованаверненага. Без заклапочанасьці сталых вернікаў-душаапекуноў, нованавернены можа духоўна памерці. Калі чалавек навярнуўся да Хрыста згодна з крокамі, выдзеленымі у Новым Запавеце, дык быў духоўна адроджаны Духам Сьвятым. Гэтым чынам ён стаўся дзіцём у Хрысьце і цяпер мае патрэбу ў клапатлівай дапамозе сталага веруючага ці веруючых. Нехта сярод старэйшых веруючых павінен узяць гэтую адказнасьць на сябе і дапамагаць нованаверненаму разьвівацца ды ўмацоўвацца ў веры. Прымаючы такую адказнасьць на сябе, душаапякун даказвае сваю паслухмянасьць Ісусу Хрысту і пацьвярджае, што Хрыстос сапраўды Уладар ягонага жыцьця.
Апостал Павал прадставіў, як добрая вестка пераходзіць з аднаго пакаленьня ў другое, калі напісаў да свайго маладога супрацоўніка, Цімафея, такія словы: «Сыне мой, узмацняйся ў ласцы, якая ў Хрысьце Ісусе, і тое, што ты чуў ад мяне пры многіх сьведках, перадай верным людзям, якія былі б здольны і іншых навучыць» (2 Цім. 2:1-2). 3 гэтых словаў відаць, што сталыя спрактыкаваныя вернікі павінны навучаць маладзейшых у веры. Мы ведаем, што ў апостальскія дні хрысьціяне мелі толькі старазапаветныя Сьвятыя Пісаньні, таму яны больш спадзяваліся на апосталаў і іхніх памочнікаў у спазнаньні добрай весткі і Хрыстовай навукі. Цяпер мы маем і карыстаемся апостальскімі запісамі, гэта значыць, Дабравесьцямі і Пасланьнямі апосталаў, і можа здацца, што ўсе веруючыя, у тым ліку і нованаверненыя, могуць самі разабрацца ў духоўных праўдах, чытаючы Біблію, і ў свой час такім спосабам дасягнуць хрысьціянскай сьпеласьці. Насамрэч выходзіць нешта зусім іншае. Асабліва для нованаверненага шмат што ў Бібліі тут і там застаецца незразумелым. Мабыць у яго ўзьнікаюць розныя пытаньні аб прачытаным і сталыя вернікі маглі б дапамагчы ў разумным тлумачэньні незразумелых для нованаверненага месцаў.
Як душаапякун можа дапамагчы нованаверненаму ў зразуменьні біблейнай навукі і ў ягоным духоўным росьце? Ён можа гэта рабіць праз рэгулярныя сустрэчы з нованаверненым для сумеснага вывучваньня Бібліі, настаўленьня і малітвы. Часта так здараецца, што вернік прыводзіць кагосьці да Хрыста, а пасьля таго пакідае яго без далейшага духоўнага павучаньня і дапамогі ў хрысьціянскім росьце. Не забудзьмася, што нованавернены – гэта нованароджанае дзіця ў Хрысьце, якому патрэбны клапатлівы догляд старшымі вернікамі, больш вопытнымі вернікамі. Пры кожнай сустрэчы сталы веруючы можа задаваць нованаверненаму асаблівы біблейны тэкст для чытаньня і вывучэньня. Неабходна абодвум узгодніць, калі найлепш паўторна сустракацца. Упачатку можна спатыкацца раз у тыдзень ці часьцей, калі адчуваецца патрэба ў гэтым. Кожны раз нованавернены дома перачытвае і вывучае зададзены біблейны тэкст і пры сустрэчы са старшым веруючым ён абмяркоўвае прачытаны матэрыял. Старшы веруючы адказвае на пытаньні нованаверненага і яны разам моляцца адзін за аднаго. Яны вызначаюць да вывучэньня новы біблейны тэкст для наступнай сустрэчы. Вось такім спосабам душаапекуны могуць і павінны дапамагаць маладзейшым веруючым і нованаверненым. Можа, дарагі чытачу, ты ніколі ня думаў пра гэта і табе ўжо пара папрасіць у Госпада магчымасьці засьведчыць няверуючаму аб Хрысьце і, калі ён ўверуе і навернецца да Збаўцы Ісуса Хрыста, дык ці ж ня мог бы ты дапамагчы яму ў ягоным духоўным росьце? Калі мы жывём для іншых і дапамагаем ім разьвівацца ў хрысьціянскай духоўнасьці і у блізкай лучнасьці з Хрыстом ды зь іншымі вернікамі, дык гэта прынясе нам вялікую радасьць.
Справа ня толькі ў тым, што, калі мы дапамагаем і даглядаем іншых у іхнім духоўным росьце, мы служым ім, але таксама ў тым, што, робячы гэта, мы служым і ўсёй царкве. Калі мы служым іншым, дык робім так, як рабіў Сам Збаўца. Пра Сябе Ён сказаў: «Сын Чалавечы прыйшоў ня дзеля таго, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю дзеля адкупленьня многіх» (Марк. 10:45). Вернік Хрыстоў заўсёды павінен ужываць свае Богам дадзеныя здольнасьці ў служэньні іншым у царкве. Ці ты гэтак робіш, дарагі браце або сястра ў Хрысьце? Калі так, то слава Богу. А калі не, то ў малітве папрасі, каб Госпад адкрываў Сваю волю для цябе асабіста, маючы на ўвазе тваё духоўнае служэньне іншым вернікам. І калі станецца ясным, чым іменна ты павінен (-на) займацца ў Царкве Хрыстовай, дык слухайся Госпада ў тым пачуцьці, што ідзе ад Яго. Гэтым ты пакажаш, што тваім сапраўдным Уладаром зьяўляецца Ісус Хрыстос і што Ён ужывае цябе ў працы духоўнага падбадзёрваньня і росту іншых вернікаў. Карацей кажучы, ты выконваеш Гасподнюю волю і сам усталёўваесься і расьцеш ў хрысьціянскай духоўнасьці.
 

ЗАПЫТАНЬНІ:

1. Што значыць – прыняць Хрыста за Госпада-Уладара?
2. На якой падставе Ісус Хрыстос мае права заняць першае месца ў нашых сэрцах? 
3. На якой падставе можам мы казаць, што адзіным Збаўцам чалавека можа быць толькі Хрыстос?
4. Якое значэньне маюць словы Хрыста: «Няхай штодня возьме крыж свой і ідзе за Мною»?
5. Як веруючы павінен ставіцца да матэрыяльнага багацьця?
6. У чым зрабіў памылку малады багач, калі запытаўся ў Хрыста, як яму ўспаткаваць вечнае жыцьцё?
7. У гэтым разьдзеле прапаноўваюцца якія крокі, каб даказаць, што Ісус Хрыстос ёсьць наш Госпад-Уладар?
8. Як можна падрыхтавацца да засьведчаньня няверуючаму аб Ісусе Хрысьце і запрасіць яго навярнуцца да Хрыста і прыняць Яго за свайго асабістага Збаўцу і Госпада?
9. Як можна прывесьці чалавека, які жадае ўвераваць у Ісуса Хрыста і пайсьці ўсьлед за Ім, да малітвы пакаяньня, увераваньня ў Хрыста і прыняцьця Духа Сьвятога?
10. Якім спосабам старэйшыя веруючыя-душаапекуны павінны дапамагаць нованаверненаму узрастаць духоўна?
 
 
 
 
 
 

РАЗЬДЗЕЛ ДЗЯВЯТЫ:

ПЛЁННАСЬЦЬ У ХРЫСЬЦІЯНСКІМ ЖЫЦЬЦІ

 
У Бібліі мы часта чытаем, што веруючаму трэба расьці духоўна. Напрыклад, у шостым разьдзеле Пасланьня да габрэяў мы знаходзім такія словы: «Таму, пакінуўшы пачаткі Хрыстовага вучэньня, пасьпяшаймася да дасканаласьці, не кладучы зноў падставы для пакаяньня ад мёртвых учынкаў і веры ў Бога, навукі аб хрышчэньнях, і аб ускладаньні рук, і аб уваскрэсеньні мёртвых і аб судзе вечным» (Габр. 6:1–2). Увераваўшы ў Ісуса Хрыста як асабістага Збаўцу і Госпада, мы павінны імкнуцца да хрысьціянскай дасканаласьці і сталасьці. Бог хоча, каб мы ў духоўным жыцьці расьлі і сталелі. Ён заклікае нас умацоўвацца ў нашай лучнасьці з Госпадам Ісусам Хрыстом і паглыбляцца ў хрысьціянскім характары і паводзінах.
Да таго ж, Бог шукае тых, празь якіх Ён можа праяўляць Сваю моц і ласку. У Старым Запавеце адзін прарок сказаў цару наступнае: «Вочы Гасподнія аглядаюць усю зямлю, каб падтрымліваць тых, чыё сэрца цалкам аддана Яму» (2 Лет. 16:9). Бог шукае мужчын і жанчын, якія давяраюцца Яму, ідуць усьлед за Ім і гатовыя аддаць сваё жыцьцё за Яго. Ён шукае тых, чыё сэрца поўнасьцю прысьвечана Яму,– тых, хто кажа: «Госпадзе, я гатоў (-ва) служыць Табе. Я хачу быць Тваім сапраўдным сьведкам і слугой сярод маіх суседзяў, супрацоўнікаў, аднакласьнікаў і г. д. Адкрывай мне Тваю волю, каб я мог яе выконваць».
Бог хоча, каб мы жылі плённым хрысьціянскім жыцьцём. Ён хоча карыстацца намі і дапамагаць нам у служэньні іншым людзям у імя Хрыстова. Ён хоча, каб нашае хрысьціянскае жыцьцё было мэтанакіраваным ды карысным Яму і іншым людзям. Калі чалавек ня жыве паводле Божай волі, гэтым не цікавіцца, дык гэта значыць ён страціць сапраўднае шчасьце, духоўную перамогу над грахамі і дабраславеньні, якія выцякаюць з поўнага і мэтанакіраванага хрысьціянскага жыцьця. Бог такім чалавекам ня можа карыстацца дзеля таго, каб выконваць Сваю волю, як прыкладам – заклікаць нявернікаў да Ісуса Хрыста. Бог хоча, каб усе пасьлядоўнікі Ісуса Хрыста былі ўдзельнікамі ў распаўсюджваньні Дабравесьця там, дзе знаходзяцца. А каб быць карыснымі вернікамі ў Царстве Гасподнім, трэба разьвівацца ў блізкай лучнасьці з Збаўцам Хрыстом. Вось чаму ў канцы свайго другога пасланьня апостал Пётра кліча вернікаў да духоўнага росту і сталасьці, каб яны узрасталі ў Гасподняй ласцы і ў пазнаньні Ісуса Хрыста (2 Пётры 3:18). Такое духоўнае ўзрастаньне неабходна дзеля таго, каб мы ставаліся ўсё больш карыснымі для Госпада і Ягоных намераў тут на зямлі.
Бог дае нам неабходную моц і мудрасьць для пабожнага жыцьця. Апостал Пётра цьвердзіць, што «Божай сілай дадзена нам усё патрэбнае для жыцьця і пабожнасьці праз пазнаньне Таго, Хто паклікаў нас Сваёй славай і дабрынёй» (2 Пётры 1:3). Пабожнасьць – гэта жыцьцё паводле Божай волі. Здольнасьць на такое жыцьцё даецца вернікам Духам Сьвятым. Ён дае веруючым, якія імкнуцца да стлелага жыцьця, неабходную моц і мудрасьць, каб яны сталелі ў хрысьціянскай духоўнасьці і сьведчылі аб прывілеях і дабраславеньнях нашага знаёмства са Збаўцам Ісусам Хрыстом.
Апостал Пётра піша далей: «Нам дадзены вялікія і каштоўныя абяцаньні, каб вы празь іх сталіся ўдзельнікамі Божае прыроды, ухіліўшыся ад тленьня ў пажаднасьцях, што ў сьвеце» (2 Пётры 1:4). Калі мы ўверавалі ў Хрыста, дык гэта зрабілі на падставе Ягоных абяцаньняў. Бог абяцае любому чалавеку дараваньне грахоў, калі ён гатовы пакаяцца ў сваіх грахах ды ўвераваць ў Ісуса Хрыста, у Ягоную ахвярную сьмерць за ягоныя грахі. Ён заклікае нованаверненага да прыняцьця сьвятога воднага хрышчэньня і абяцае яму дар Духа Сьвятога. Значыцца, Бог даў нам абяцаньні, каб мы, ведаючы іх, навярнуліся да Бога і Хрыста і атрымалі новае духоўнае жыцьцё ды пачалі жыць па Ягоных запаведзях. Такія абяцаньні мы знаходзім у шматлікіх месцах Сьвятога Пісаньня. Калі мы прымаем Божыя абяцаньні і ім давяраемся, то праз Духа Сьвятога яны стаюцца рэальнымі для нас ды падахвочваюць нас жыць праведным спосабам жыцьця.
Апостал Пётра прыгадвае вернікам, што «вы, прыкладаючы да гэтага ўсякую дбайнасьць, зьявеце ў веры вашай цноту, а у цноце – разуменьне, а ў разуменьні – стрыманасьць, а ў стрыманасьці – цярплівасьць, а ў цярплівасьці – пабожнасьць, а ў пабожнасьці – браталюбства, а ў браталюбстве – любоў. Калі гэтае ў вас ёсьць і памнажаецца, вы не застаняцеся бязьдзейнымі  і бясплоднымі ў пазнаньні Госпада нашага Ісуса Хрыста, бо хто ня мае гэтага, той сьляпы, невідушчы, забыўся, што атрымаў ачышчэньне даўнейшых сваіх грахоў» (2 Пётры 1:5-9).
Пётравыя словы сьведчаць нам, што Бог жадае, каб вернікі ўзрасталі і ўдасканальваліся ў хрысьціянскай духоўнасьці і праведнасьці. Ён дае ім ўсё патрэбнае, каб яны ў гэтым ўмацоўваліся. Да нашай веры Духам Сьвятым дадаецца якасьць сапраўднай пабожнасьці, што павінна зь цягам часу ўмацоўвацца і тым больш праяўляцца. І калі мы ідзём усьлед за Хрыстом ды ўзрастаем у лучнасьці зь Ім, Ягоныя абяцаньні праяўляюцца ў нас і мы з кожным разам атрымліваем усё больш і больш ад Яго сілу і здольнасьць жыць так, як Ён хоча, каб мы жылі. Як апостал Павал напісаў да вернікаў ў Калосе: «Бо ў Ім (Хрысьце) знаходзіцца ўся паўната Боства цялесна, і вы маеце паўнату ў Ім, Які ёсьць Галава ўсякага начальства і ўлады» (Калас. 2:9-10).
Мы, веруючыя, можам жыць на адной з трох стадыяў хрысьціянскай духоўнасьці: бясплённай, пасрэднай або плённай. Пры першай стадыі мы бескарысныя Богу. Перад тым, як мы сталіся вернікамі Хрыстовымі, мы былі бескарыснымі для Царства Божага. На жаль, у некаторых вернікаў па ўвераваньні ў Хрыста ніякага духоўнага росту не заўважаецца. Няма ў некаторых вернікаў таго духоўнага росту, чаго Бог жадае нам. У такіх, на жаль, адсутнічае паглыбленьне ў пабожнасьці. Яны застаюцца духоўнымі дзецьмі ў Хрысьце, таму і застаюцца бескарыснымі Госпаду.
Пры другой стадыі вернікі задаволены тым, што ў нядзелю ходзіць на багаслужбу ў царкве, але ў хрысьціянскай духоўнасьці не растуць. Найчасьцей ў розных пытаньнях такія застаюцца непаслухмянымі Божаму Слову, таму і ў іх разьвіваюцца некаторыя духоўныя праблемы, якія ім немагчыма пераадолець. Можна сказаць, што ў Госпада яны вераць, але застаюцца духоўнымі малечамі, таму іхняе разьвіцьцё ў хрысьціянскай духоўнасьці і характары ня ідзе ўперад, а застаецца на адным і тым жа самым месцы. Такое становішча, як і першае, не самае ідэальнае
На трэцяй стадыі мы сустракаем сур’ёзных плённых веруючых. Бог можа карыстацца любым вернікам, які поўнасьцю адданы Яму, таму Ён можа зрабіць такіх цалкам дзейснымі і плённымі пасьлядоўнікамі Хрыстовымі. Хрыстос сказаў: «Гэтым праславіцца Мой Айцец, калі вы прынесяце багаты плён, гэтым паказваючы сябе Маімі вучнямі» (Яна 15:8).
Выбар за намі, паважаны чытачу. Мы штодня павінны ставіць сабе пытаньне: ці я сёньня буду цалкам адданы Хрысту і Ягонай справе тут на зямлі? Ці хачу я быць плённым хрысьціянінам або хрысьціянкай або не? Кожны з нас можа стацца плённым вернікам або верніцай, калі гэтага жадаем і выбіраем шлях поўнай паслухмянасьці Богу і Ягонаму Слову. Мы можам знаходзіць час на штодзённую сустрэчу з Хрыстом або яе прапускаць. Мы можам сказаць Госпаду: «Госпадзе, я хачу выканаць Тваю волю сёньня і жыць для Тваёй славы». 
Аб псальмасьпеваку Давідзе было сказана, што ён паслужыў свайму пакаленьню (Дзеі 13:36). Калі прыйдзе той момант, калі зямное жыцьцё для нас будзе набліжацца да скананьня, ці мы, браты і сёстры ў Хрысьце, зможам сказаць, што мы паслужылі свайму пакаленьню па Божай волі? Так можа стацца, калі на гэта мы згодзімся і будзем гэтак жыць, значыцца, у поўнай паслухмянасьці Богу на працягу таго часу, што Госпад Бог дасьць нам. Ісус Хрыстос часта гаварыў Сваім вучням аб тым, як трэба жыць і служыць Богу, пакуль мы тут на зямлі. У апостальскіх пасланьнях і Дабравесьцях даюцца і растлумачваюцца абавязкі вернікаў. Успомнім і коратка разгледзім самыя слушныя зь іх.
1) Нам трэба спазнаваць Бога і Хрыста штораз глыбей. 3 усіх абавязкаў гэты ж неабходны і надта важны. Хрыстос сказаў: «Гэта ж і ёсьць жыцьцё вечнае: каб спазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і Ісуса Хрыста, Якога Ты паслаў» (Яна 17:3). Вечнае жыцьцё даецца чалавеку ў выніку таго, што ён увераваў у Хрыста, Яго, так кажучы, спазнаў. Але гэта павінна было быць пачаткам. Пасьля ўвераваньня вернік павінен штораз глыбей знаёміцца са сваім Збаўцам і разьвіваецца ў хрысьціянскім характары. Сутнасьць сапраўднага хрысьціянства ня ў тым, што чалавек толькі выконвае вядомыя царкоўныя абрады, але ў тым, што ён знаходзіцца ў Хрысьце і расьце у лучнасьці зь Ім. У кнізе прарока Ярэмы запісаны наступныя словы Госпада Бога: «Той, хто хваліцца, няхай хваліцца тым, што разумее і ведае Мяне, што Я – Госпад (Уладар), Які чыніць міласэрнасьць, суд і справядлівасьць на зямлі, бо толькі гэта падабаецца Мне, кажа Госпад» (Яр. 9:24).
Калі мы ўверавалі, прыняўшы Хрыста Сваім Збаўцам і Госпадам, мы ўвайшлі ў цесныя стасункі зь Ім. Ён стаўся нашым дарагім Збаўцам і Прыяцелем. Чым больш мы пазнаём Яго, тым больш мы павінны ставацца падобнымі да Яго. Апостал Павал больш за ўсё хацеў спазнаць Хрыста і гэта паказваць ўчынкамі. Аб гэтым ён напісаў: «Усё лічу стратай для вышэйшага пазнаньня Хрыста Ісуса, Госпада майго... каб пазнаць Яго і моц уваскрэсеньня Яго і ўдзел у пакутах Яго, упадабляючыся сьмерці Ягонай» (Філ. 3:8—10). Хрыста і Бога мы спазнаём чытаньнем Ягонага Слова і малітвай. Хрыстос сказаў, што Сьвятое Пісаньне сьведчыць аб Ім. Ня можа быць сумневу ў тым, што Бог і Хрыстос гатовыя ўсё больш і больш адкрывацца нам і дабраслаўляць нас, але для гэтага мы мусім шукаць Госпада на старонках Сьвятога Пісаньня ды ў малітве. Бог праз Сваё Слова і Духа Сьвятога загаворвае да нас, а мы малітвамі выказваемся Богу. 
2) Нам трэба спадзявацца на Хрыста ды слухацца Яго. Мы ня толькі прынялі Духа Сьвятога, але таксама і павінны жыць вераю, гэта значыць поўным спадзяваньнем на Хрыста. У кнізе прарока Ісаі сказана, што бываюць тыя моманты, калі стамляюцца юнакі і падаюць, але Госпад падмацоўвае ды падбадзёрвае Сваіх стомленых вернікаў. «Тыя, хто спадзяецца на Госпада, абновяцца ў сіле; падымуць крылы, як арлы, пабягуць і ня зморацца, пойдуць і ня стомяцца» (Іс. 40:31). Мы самі па сабе ніколі не маглі б жыць хрысьціянскім жыцьцём. Толькі Дух Сьвяты можа даць нам неабходную Гасподнюю моц і мудрасьць жыць тым праведным Гасподнім жыцьцём. Нам трэба слухацца Госпада і спадзявацца на Духа Сьвятога, Які вядзе і падмацоўвае нас. Апостал Павал выказаў жаданьне для ўсіх вернікаў, каб тая ж бязьмерная ўнутраная Гасподняя магутнасьць дзейнічала ва ўсіх іх. І тут жа ён далей паведамляе, што гэта ёсьць тая самая моц, якою Бог Айцец ужыў для ўваскрэсеньня Хрыста зь мёртвых і падняцьця Яго па правы бок Сябе на нябёсах (Эфес. 1:19—20). Падумаць толькі, што тая самая Гасподняя сіла даецца нам сёньняшнім вернікам і пасьлядоўнікам Хрыста – вось гэта нешта сапраўды надзвычайнае і цудоўнае!
3) Каб атрымліваць такую моц ад Госпада Бога і карыстацца ёю, нам трэба жыць у паслухмянасьці Яму. У старазапаветныя часы Бог таго жадаў і чакаў ад ізраільскага народа. У першай кнізе Царстваў мы чытаем гэтакія словы на гэты конт: «Няўжо Госпад жадае ўсеспаленьні і ахвяры больш, чымся паслухмянасьць голасу Гасподняму? Паслухмянасьць лепшая за ахвяру і падпарадкаваньне лепшае за тук барана» (1 Цар. 15:22). У якой меры мы слухаемся Госпада, у той жа меры Ён дзейнічае ў нас і пераменьвае нас у вобраз Хрыстоў, што і праяўляецца ў нашым характары і паводзінах.
Бог заклікае нас да праведнага жыцьця і сапраўднае пабожнасьці. Апостал Павал напісаў пра тое, кажучы: «Ведаем, што любячым Бога, пакліканым па Ягонай волі, усё ідзе на дабро, бо каго Ён наперад пазнаў, тым прадвызначыў быць падобнымі да вобраза Сына Свайго» (Рым. 8:28—29). 3 таго моманту, калі мы ўпершыню ўверавалі ў Хрыста, Бог пачаў дзейнічаць у нас (нават раней), каб зрабіць нас больш падобнымі да Свайго Сына. Дух Сьвяты, Які жыве ў нашых душах, дапамагае нам прыпадабняцца да Сына Божага, а мы даведваемся, якім быў Ён у характары і паводзінах, чытаючы Дабравесьці і Пасланьні апосталаў. Бог карыстаецца таксама іншымі спосабамі ўзьдзеяньня на нашае жыцьцё, каб садзейнічаць нашаму духоўнаму росту. Цяжкасьці і непрыемныя абставіны часта прыбліжаюць нас да Хрыста. У такія моманты жыцьця мы хутчэй зьвяртаемся да Яго з просьбамі дапамогі і ўзмацненьня. Хаця жыцьцёвыя перажываньні мы лічым непрыемнасьцямі, Бог найчасьцей ужывае іх для нашага дабра. У Пасланьня да габрэяў мы чытаем: «Усякае ж караньне цяпер здаецца ня радасьцю, а смуткам, але пасьля дае навучаным празь яго мірны плод праведнасьці» (Габр. 12:11). Да Хрыстовай праведнасьці Дух Сьвяты нас кліча і вядзе, а і мы, са свайго боку, павінны ісьці насустрэчу Яму.
4) Мы абавязаны выконваць даручаную нам ролю ў Царкве Хрыстовай. Мы ўжо разглядзелі пытаньне Божага надзяленьня веруючых дарамі і гэтым падрабязна займацца тут ня будзем. Скажам толькі, што Дух Сьвяты дае кожнаму дзіцяці Божаму дар ці дары на служэньне іншым людзям у Царкве і ў сьвеце таксама.
Як можам мы распазнаць свае дары? Перш за ўсё малітвай. Трэба ў малітве прасіць, каб Госпад адкрыў нам, у чым заключаюцца нашыя дары служэньня. Апрача таго, пастарайцеся займацца людзьмі, гэта значыць дапамагаць тым, хто таго патрабуе. Гэта паможа вам даведацца, у якіх дарах служэньня вы наймацнейшыя. Затым прызнавайцеся, што вашыя дары і здольнасьці служэньня цесна зьвязаны з тым, што вас цікавіць і вам ня цяжка выконваць. Папрасеце знаёмых братоў і сёстраў, якія добра ведаюць вас, сумленна ацаніць вашыя здольнасьці служэньня. Як толькі станецца вам ясным, у якім дары ці дарах вы наймацнейшыя, ужывайце іх, служачы іншым.
5) Нам трэба заклікаць і прыводзіць іншых да Хрыста. Калі мы ўверавалі ў Хрыста і расьцём у Ім, дык кожны з нас павінен быць удзельнікам у справе евангелізацыі чалавецтва. Сваім першым вучням Хрыстос загадаў распаўсюджваць Дабравесьце сярод габрэйскага народа. Ён адпраўляў іх і яны вярталіся назад са сваімі расказамі аб тым, што здарылася. Пазьней Збаўца перадаў Сваім вучням тое, што мы называем «вялікае даручэньне» ісьці па ўсім сьвеце, прапаведуючы Дабравесьце і заклікаючы людзей з усіх народаў і плямёнаў да вераваньня і хаджэньня ўсьлед за Хрыстом. Кожны з нас ведае і бачыцца зь людзьмі, якія самі па сабе ніколі ня пойдуць у царкву, каб там жа пачуць Слова Гасподняе. Але яны ведаюць цябе, дарагі дружа, і толькі ты можаш расказаць ім пра Хрыста ды растлумачыць ім біблейскае вучэньне аб збаўленьні праз увераваньне ў Збаўцу Хрыста. А тых, хто пойдзе ўсьлед за Хрыстом ў выніку нашых словаў засьведчаньня, мы адказны таксама прывесьці да духоўнай сталасьці.
Такой жа духоўнай працай сучасныя вучні Хрыстовы павінны займацца. Ці ты, дарагі чытачу, браце ці сястра ў Хрысьце, выконваеш волю Божую? Будзьма ўсе разам прасіць у Госпада Бога Ягонай вышэйшай моцы і мудрасьці, каб жыць праведна ў цяперашнім сьвеце там жа, дзе знаходзімся, паказваючы сябе паслухмянымі дзецьмі Божымі і сьведкамі Хрыста перад тымі, хто пакуль што Яго ня знае. Хрыстос сказаў, што калі мы будзем накіроўваць увагу людзей да Яго і выкладваць такім Ягонае Слова, Ён будзе з намі і будзе нам дапамагаць аж таго часу, калі закончыцца нашае зямное жыцьцё. Паважаны чытачу, працягвай вучыцца ў Госпада, чытаць Ягонае Слова і моліцца Яму, але таксама прасі дапамогі ў Духа Сьвятога пры тваіх стараньнях дзяліцца Дабравесьцем зь іншымі людзьмі, зь якімі жывяце, працуеце і бачыцеся. Хай дапаможа Госпад кожнаму з нас, сёньняшніх пасьлядоўнікаў Хрыстовых, быць тымі добрымі сьведкамі нашага Госпада і Збаўцы перад тымі, хто Яго пакуль што ня ведае. 
Госпадзе Божа, мы просім Тваёй дапамогі і мудрасьці пры нашых стараньнях быць Тваімі добрымі сьведкамі і супрацоўнікамі ў Тваёй духоўнай ніве там, дзе знаходзімся. Дапажы! Амін.
 

ЗАПЫТАНЬНІ:

1. Якія абяцаньні Бог даў Сваім вернікам, каб яны маглі ўзрастаць духоўна і ў лучнасьці зь Ім?
2. Якія тры стадыі духоўнасьці даюцца ў гэтым разьдзеле? Запішы іх і растлумач іхняе значэньне.
3. Якія крокі згадваюцца ў гэтым разьдзеле для плённага хрысьціянскага жыцьця? Каротка растлумач кожны крок.