Жывая трываласьць Божага Слова



­Мы, эвангельскія хрысьціяне, часта кажам, што Біблія зьмяшчае Слова Бога для ўсяго чалавецтва. Што гэтым сьцьвярджаем? Менавіта тое, што ўся Біблію нясе нам словы і ісьціны Бога-Творцы, перададзеныя для нашага настаўленьня і дабра. Біблія прыйшла да нас праз доўгую гісторыю і сёньня мы ня будзем займацца пытаньнем, як гэта адбывалася, хоць абмяжуюся тым, што мы эвангельскія вернікі перакананы, што Бог перадаў нам Свае праўдзівыя словы, думкі і загады цераз старазапаветных прарокаў і новазапаветных аўтараў. Усё было верагодна перададзена дзеля таго, каб мы маглі карыстацца словамі Бога, спазнаць Яго і Ягоную волю для нас ды ўвайсьці ў блізкую лучнасьць зь Ісусам Хрыстом. Бог клапаціўся і даглядаў цэлы працэс перадачы Сваіх слоў і намераў для нас, кіруючы ўсімі аўтарамі біблійных тэкстаў з удзелам Духа Сьвятога. Ён наўмысна абыходзіўся з усмім гістарычнымі падзеямі так, каб даць нам Біблію і ў ёй выказаць Свае думкі для кожнага з нас. Мы верым, што словы Гасподнія былі перададзены без памылак. Гэта значыць, што Біблія аказваецца сапраўднай крыніцай Гасподніх словаў для кожнага, хто зьвяртаецца да Яго, і яна тлумачыць, што нам трэба рабіць, каб навярнуцца да Бога і знайсьці збаўленьне ад грахоў і іх вынікаў па веры ў Хрыста.

Слова Божае ня толькі адкрывае нам шлях да збаўленьня, яно таксама падказвае нам, як трэба жыць цяпер у зямным жыцьці, каб расьці і разьвівацца ў хрысьціянскай праведнасьці і характары. У гэтым сэнсе Біблія зьяўляецца практычнай кнігай для нашага штодзённага пражываньня тут на зямлі. Вось у гэтым сэнсе Біблія ёсьць жывое Слова Бога да нас цяпер, але яно таксама зьяўляецца трывалым Словам Гасподнім, бо было падрыхтавана для ўсіх пакаленьняў чалавецтва, у тым ліку і для нашага. Напэўна апостал Пётра меў гэта на ўвазе, калі запісаў наступныя словы: «Ачысьціўшы вашы душы паслухмянасьцю праўдзе для некрывадушнага браталюбства, ад чыстага сэрца шчыра любеце адзін аднаго, бо вы адроджаны не ад тленнага насеньня, але ад нятленнага, праз жывое і трывалае навекі Слова Божае. Бо кожнае цела – як трава, і ўся слава яго – як кветка травы; засохла трава і кветка апала, а слова Гасподняе застаецца навекі. І гэта тое слова, якое дабравешчана вам». Чалавеку трэба пачуць або прачытаць Гасподняе Слова, каб атрымаць дар збаўленьня і атрымліваць практычную параду для штодзённага жыцьця тут на зямлі. Апостал Пётра прыгадвае чытачам пра той час, калі яны ўпершыню навярнуліся да Хрыста і атрымалі дараваньне грахоў. Яны ўверавалі ў ахвярную сьмерць Хрыстову і гэтым чынам іхнія душы былі ачышчаны ад грахоў, як ён кажа, цераз паслухмянасьць праўдзе. Ён мае на ўвазе праўду Гасподнюю, якая сталася вядомай ім, калі іншыя хрысьціяне прыйшлі да іх ды растлумачылі ім Божую праўду. Яны напэўна расказвалі пра чалавечую грэшнасьць перад сьвятым Богам і нашую патрэбу ў дараваньні грахоў, што стаецца мажлівым дзякуючы ўсяму таму, што ўчыніў Ісус Хрыстос для нас ахвярнай сьмерцю на крыжы. Апостал Пётра крыху пазьней ў Першым пасланьні нават і гэту ісьціну падкрэсьлівае, пішучы: «Сам [Хрыстос] панёс нашыя грахі ў Сваім целе на дрэва, каб мы, пазбавіўшыся ад грахоў, жылі для праведнасьці». Значыцца, даведаўшыся пра Бога і Ягоны плян збаўленьня, вернікі праявілі паслухмянасьць Хрысту тым, што пакаяліся ды ўверавалі ў Хрыста, Які стаўся для іх асабістым Збаўцам і Госпадам-Уладаром. Калі чалавек каецца ў грахах, ён павінен ад іх адмовіцца з поўнай надзеяй на Духа Сьвятога, Які паможа нованаверненаму перамагаць над ранейшымі грахамі. Каяцца ва ўласных грахах і вераваць у Хрыста – гэта нялёгкая справа і патрабуе рашучасьці з нашага боку, але таксама актыўнай дзейнасьці ад Духа Сьвятога, Які выкрывае нам нашыя памылкі і накіроўвае на шлях праведнасьці. Калі мы паслухмяны Хрысту, Дух Сьвяты дзейнічае ў нашых сэрцах і памагае нам жыць праведным жыцьцём па Гасподніх запаведзях.

Раз Збаўца Хрыстос ачысьціў нас ад грахоў першапачаткова, калі мы навярнуліся да Яго, то мы павінны і ў далейшым прасіць Ягонай дапамогі ў перамозе над спакусамі. Гэта факт нашага жыцьця, што спакусы нас не пакідаюць і мы мусім навучыцца, як з Божай дапамогай жыць праведна па Ягонай волі. Багаслоў Ян прыгадвае, што калі мы ходзім у Божым сьвятле, гэта значыць, калі чытаем Гасподняе Слова і прыслухоўваемся да таго, што гаворыць нам Дух Сьвяты, то застаёмся ў блізкай лучнасьці зь Ісусам Хрыстом і Ягоная кроў ачышчае нас ад ўсіх нашых грахоў. Багаслоў тут жа дадае, што «калі кажам, што ня маем грэху, самі сябе ашукваем і праўды няма ў нас». І што трэба рабіць, калі грашым? «Калі ж вызнаём свае грахі, дык Ён (гэта значыць, Бог), верны і праведны, даруе нам грахі і ачысьціць нас ад усякай няправеднасьці». Пакуль мы тут на зямлі і жывём для Госпада-Бога, нам трэба будзе ня раз зьвяртацца да Яго з каяньнем у грахах і просьбай аб Ягонай дапамозе, каб жыць праведна па Ягоных запаведзях.

Да чаго гэта ўсё вядзе нас? Да браталюбства, адказвае апостал Пётра. Бог зьмясьціў нас у асяродзьдзі іншых вернікаў, братоў і сясьцёр ў Госпадзе, і мы павінны пастаянна сустракацца зь імі, каб адно аднаго падбадзёрваць у хрысьціянскім жыцьці і служэньні. Гэта ўсё павінна збывацца ў кантэксьце мясцовай суполкі Хрыстовых вернікаў, а калі мы з такімі зьбіраемся на сумеснае пакланеньне Богу, то нам таксама і трэба будзе навучыцца, як адно аднаго паважаць і праяўляць адно аднаму сапраўдную любоў. Апостал Пётра кажа: «Ад чыстага сэрца шчыра любеце адзін аднаго». Любоў тут жа павінна быць чыстай і сумленнай. Ці гэта бачна ў нас? Ці мы прыходзім на набажэнства з радасным чаканьнем надыходзячай сустрэчы зь іншымі братамі і сёстрамі ў Госпадзе? Калі не, то трэба такую сітуацыю зьмяніць і папрасіць у Госпада дапамогі, мудрасьці і моцы на добрыя адносіны зь іншымі братамі і сёстрамі ў Госпадзе. Гэта асабліва важна для нас вернікаў, калі мы жадаем расьці ў хрысьціянскай духоўнасьці і мець добры ўплыў на іншых людзей згодна з Божай воляй. Калі вернікі Гасподнія жывуць у міры і еднасьці паміж сабою, Бог празь іх дзейнічае і заклікае іншых да Сябе.

Апостал Пётра пацьвярджае, што нам трэба любіць іншых вернікаў, што ўсе мы атрымалі новае духоўнае нараджэньне праз Слова Божае, якое апостал называе «нятленным нясеньнем». Чаму так? Ён падкрэсьлівае думку пра трываласьць Божага Слова ў параўнаньні з намі людзьмі. Слова Божае больш, чым толькі склад Гасподніх словаў, выказаных прарокамі і іншымі людзьмі для нашага дабра. Божыя словы надзяляюць тых, хто зьвяртае ўвагу на іх і слухаецца іх, новым жыцьцём ад Духа Сьвятога. У старазапаветнай кнізе прарока Ісаі мы сустракаем цікавыя словы, выказаныя Самім жа Богам: «Слова Маё, якое зыходзіць з вуснаў Маіх, - Ён кажа, - не вяртаецца да Мяне марным, а выконвае тое, што Мне заўгодна, і зьдзяйсьняе тое, на што Я паслаў Яго». Праз Слова Сваё Бог дзейнічае ў нашых душах і нас зьменьвае, каб мы ставаліся пабожнымі людзьмі. Вось у гэтым сэнсе Слова Гасподняе з удзелам Духа Сьвятога жыве і робіць сваю працу ў нашых душах.

Калі Бог хоча нешта зрабіць, то тут жа Ён выражае Сваю волю і Ягоныя словы выконваюць тое, чаго Ён пажадаў. Ягоная выказаная воля заўсёды выконваецца. Аўтар Пасланьня да габрэяў напэўна меў гэта на ўвазе, калі напісаў: «Вераю мы разумеем, што наладзіліся вякі словам Божым, так што зь нябачнага ўзьнікла бачнае». Сёньняшнія вучоныя сьцьвярджаюць, што сьведчаньні зь мінулых вякоў паказваюць, што быў такі час, калі ніякага сусьвету не існавала. Прыйшоў той момант, калі зь нічога бачнага нешта зьявілася. Цяперашнія вучоныя часта называюць гэта момантам стварэньня, момантам «вялікага выбуху» Зь нічога бачнага выйшла бачная матэрыя і тут жа нарадзіўся сусьвет. З таго часу новаствораныя нябесныя целы пачалі вылятаць з цэнтра выбуху ўва ўсе кірункі прасторы. Сусьвет і нават па сёньняшні дзень расшыраецца і ідзе ўсё глыбей ў прастору. Бог выказаў словы тварэньня і зьявіўся сусьвет і нашая сонечная сістэма, у тым ліку і нашая зямля. Значыцца, Слова Божае нясе з сабою творчую сілу і гэта можа паслужыць на дабро кожнаму з нас, нават і табе, дарагі слухачу. Ці мы з табою гатовыя праверыць гэта ў сваіх жыцьцях? Я лічу, што добра было б ня стрымлівацца нам у духоўных стараньнях!

У сваім Другім пасланьні апостал Пётра піша пра сілу Божага слова, якое дзейнічае нават і сёньня, калі мы адкрываем сэрцы Богу і знаёмімся зь Ягонай воляй. Пётра піша: «Мы маем наймацнейшае прарочае слова, і вы добра робіце, трымаючыся яго як сьветача, што зьзяе ў цёмным месцы, пакуль не пачне днець і не ўзыдзе заранка ў вашых сэрцах, ведаючы перш за ўсё, што ніводнае прароцтва ў Пісаньні не бывае ад чыйго-небудзь уласнага вытлумачэньня, бо ніколі прароцтва ня было выказана з волі чалавечай, а сьвятыя людзі, кіраваныя Сьвятым Духам, казалі яго ад Бога». Усё, што было сказана Богам і запісана ў Сьвятым Пісаньні, адбылося згодна з Божай воляй. Ягонае Слова можа закрануць кожнага з нас, калі мы зьвернем сур'ёзную ўвагу на яго. У Пасланьні да габрэяў мы чытаем пра дзейснасьць і сілу Гасподняга Слова, дзе пішацца: «Слова Божае жывое, і дзейнае, і вастрэйшае за ўсялякі двусечны меч. Яно пранікае нават да падзелу душы і духа, суставаў і мазгоў. Яно можа распазнаць думкі і намеры сэрца».

Словы, выказаныя Богам, нясуць сілу нават цяпер. Вось у гэтым сэнсе яны падобныя да насеньня. Калі Гасподнія словы ўпадаюць у нашую душу і мы прымаем іх як ад Яго, яны ператвараюць нас так, каб мы ставаліся новымі людзьмі зь Ягонымі пабожнымі жаданьнямі. У адным месцы апостал Павал кажа, што вера прыходзіць да чалавека тады, калі ён чуе Божыя словы, Інакш кажучы, ён чуе Божыя ісьціны пра сябе як чалавека, пра ягоную патрэбу ў духоўным умацоўваньні, што прыходзіць па веры ў Хрыста. І тое Божае Слова, якое ўжо дзейнічае стагодзьдзямі, працягвае рабіць сваю справу для кожнага, хто чытае і слухаецца яго. Мы сваім часам пакінем зямное жыцьцё, а Слова Божае будзе трываць і працягваць сваю справу ў людзей, якія прыйдуць на сьвет пасьля нас.

Паважаны слухачу, ці мы з табою зьвяртаем сур’ёзную ўвагу на Біблію, ці ўважліва і з паслухмянасьцю чытаем яе? Ці чуем мы голас Божы кожны раз, калі чытаем Божае Слова? Давайце будзем у далейшым зьвяртаць сур’ёзную ўвагу на яго, што і паспрыяе нашаму духоўнаму росту і разьвіцьцю ў хрысьціянскім характары! Дапамажы нам, Госпадзе Божа!