Жыцьцё паводле Духа Сьвятога



Чытаючы Пасланьне апостала Паўла да рымлянаў, мы часта сустракаем фразу «жыць паводле Духа». Тут жа маецца на ўвазе праведнае жыцьцё пад кіраваньнем і ўмацоўваньнем Духа Божага, або як Яго найчасьцей завём –Духам Сьвятым. Карыстаючыся гэтакай тэрміналёгіяй, мы дапускаем дзьве асноўныя ісьціны, што датычацца любога пасьлядоўніка Ісуса Хрыста. Перш за ўсё, сапраўдны хрысьціянін калісьці ў мінулым пакаяўся ва ўласных грахах і ў сваім грэшным стане перад сьвятым Богам ды ўвераваў у Ісуса Хрыста, прыняўшы Яго сваім асабістым Ратавальнікам і Гаспадаром.

Па-другое, у выніку таго дзеяньня вернік атрымаў дар Духа Сьвятога, Які цяпер жыве ў ягонай душы і актыўна працуе у ім з тою мэтаю, каб перамяніць яго як ў характары, гэтак сама і ў паводзінах. Вернік з кожным днём павінен ўзрастаць у хрысьціянскай сьвятасьці і праведнасьці, стаючыся з кожным днём больш падобным да Ісуса Хрыста. Працэс гэты пачаўся з таго моманту, калі вернік упершыню навярнуўся да Збаўцы, і працягваецца аж да канца ягонага зямнога жыцьця. Маючы ўсё гэта на ўвазе, апостал Павал напісаў веруючым у Рыме: «Вы не паводле плоці жывяце, а паводле Духа, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. Калі ж хто Духа Хрыстовага ня мае, той не Ягоны. А калі Хрыстос у вас, дык цела мёртвае для грэху, а дух жывы для праведнасьці».1 
Аўтар гэтых словаў прыгадвае сваім чытачам, што пры навярненьні да Хрыста яны памерлі да мінулага грэшнага самавольнага жыцьця бяз Бога ды ўваскрэсьлі разам з Хрыстом да праведнага вобразу жыцьця. Гэта адпавядае таму, што Хрыстос сказаў фарысею Мікадэму: Дух Сьвяты адраджае таго чалавека, які наварочваецца да Бога з каяньнем ў сваіх грахах ды вераю. Трэба памятаць, гэта ня значыць, што пры навярненьні веруючы адразу ж мамэнтальна падымаецца да стану маральнай дасканаласьці або бязгрэшнасьці. Ня ў тым справа. У тым справа, што пры наварочваньні ягоныя грахі даруюцца і ён атрымлівае новую Гасподнюю натуру ды пачынае жыць пад кіраваньнем Духа Сьвятога. Так, гэта павінна праяўляцца бачнай зьменай ва ўчынках і развагах нованаверненага, але гэта не азначае, што вернік поўнасьцю перастае грашыць. 
Тут даводзіцца растлумачыць адну акалічнасьць. Калі чалавек чуе і разважае над ісьцінамі Дабравесьця Хрыстовага, якія знаходзяцца на старонках Бібліі, а потым адгукаецца малітвай каяньня і ўвераваньня ў Хрыста, ён перажывае тое, што Хрыстос назваў нараджэньне звыш, нараджэньне ад Духа Сьвятога. Дух Сьвяты прыходзіць да такой асобы, дае ёй новую боскую натуру і пачынае жыць у ейнай душы. Аднак у верніку застаецца ягоная ранейшая эгаістычная натура, але цяпер у прынцыпе не яна яго кантралюе, а Дух Сьвяты – прынамсі, так павінна быць. Уся справа цяпер залежыць ад таго, якой зь дзьвюх натураў нованавернены перадае перавагу і кантроль. З моманту навярненьня ў сэрцы верніка ўзьнікае духоўнае змаганьне паміж натурамі чалавечай старой грэшнай ды боскай новай праведнай. Часамі вернік паддаецца сваёй уласнай натуры і грашыць, калі іншым разам ён дае перавагу Гасподняй натуры і зьдзяйсьняе праведныя дзеі. Гэта таму, што ў ім цяпер працуе Дух Сьвяты. Ян Багаслоў закранае гэтую рэчаіснасьць, калі піша: «Калі кажам, што ня маем грэху, ашукваем самі сябе, і праўды няма ў нас... Калі кажам, што мы не зграшылі, дык робім зь Яго (гэта значыць, з Бога) падманшчыка, і слова Ягонага няма ў нас».2 
Што веруючаму ў Ісуса Хрыста трэба рабіць, калі грашыць? Ян Багаслоў адкрывае нам простую працэдуру. Ён кажа: «Калі ж вызнаём грахі нашыя, дык Ён (значыць, Бог) верны і справядлівы, даруе нам грахі нашыя і ачышчае нас ад усякай няправеднасьці».3 Значыцца, калі мы вернікі грашым і Дух Сьвяты адкрывае нам той факт, што мы ня так зрабілі, як трэба, дык тут жа мусім мы прызнацца ў сваім граху і папрасіць у Госпада дапамогі яго далей не рабіць. Хто з такім прызнаньнем і просьбаю зьвяртаецца да Госпада, таму даруецца грэх. Мы з кожным разам такім чынам павінны нанава каяцца ў тым граху, на які Дух Сьвяты ўказаў нам. Ад сваіх памылак мы спазнаём розьніцу паміж тым, што гэта значыць – жыць паводле плоці і жыць паводле Духа. Можна сказаць, што з моманту нашага навярненьня гэта стаецца працяглым жыцьцёвым працэсам, які спыняецца толькі пры пераходзе з нашага зямнога жыцьця ў замагільнае. 
Мабыць, слухач, ты пытаесься, чаму столькі трэба гаварыць пра чалавечую грэшнасьць? Таму, што да нашага навярненьня мы людзі, кожны паасобку, жывём так, як нам хочацца. Да Бога мы ўвогуле не зьвяртаемся, рашаем самі для сябе, што і як будзем жыць і ставіцца да іншых, нават да Бога. У сапраўднасьці мы з Гасподняй воляй ня лічымся, жывём для сябе і сваіх уласных інтарэсаў. Але я чую, што можа нехта з маіх слухачоў якраз і хоча выказацца прыкладна так: «Прабачце, спадару, а я не такі благі чалавек. Заўсёды імкнуся быць добрым або добрай іншым людзям, памагаць тым, хто знаходзіцца ў бядзе і мае патрэбу ў маёй дапамозе. Адным словам, я стараюся рабіць дабро ўсім. Чаму вы кажаце, што я нейкі грэшнік або грэшніца?»  Гэта нармальнае пытаньне і, як мы ўжо чулі, самы асноўны адказ ў тым, што мы зь першых дзён свайго існаваньня рашаем, што будзем рабіць і казаць, бяз Бога. Мы жывём для сябе без усякай кансультацыі з Госпадам Творцам сусьвету. Вельмі рана ў жыцьці Бог для нас стаецца непатрэбным, бо хочам мы жыць згодна са сваімі ўласнымі жаданьнямі. Слухаемся і пакланяемся ня вечнаму Богу Творцу, а самому сабе. Тое першае месца, якое належыць Яму, мы бяром для сябе і ў адным сэньсе мы самі стаёмся богам для сябе, што і супраціўляецца Божай волі для нас. Напрыклад у Бібліі мы чытаем: «Ты не павінен пакланяцца богу іншаму, апрача Госпада (Бога), бо імя Яго Руплівец; Ён Бог Руплівец!...Госпаду Богу твайму пакланяйся і Яму аднаму служы».4 А мы з пачатку жыцьця гэтага ня робім. Мы афармляем свае ўласныя пляны, якія найчасьцей служаць выключна нашым уласным пахаценьням і інтарэсам. Аднак яны ж часта супраціўляюцца Гасподнім намерам для нашага духоўнага росту. Калі мы жывём эксклюсіўна з тою мэтаю, каб задавольваць свае свавольныя пахаценьні, то Слова Божае называе гэта жыцьцём паводле плоці.
І да чаго гэта можа давесьці чалавека? У Пасланьні да эфэсянаў апостал Павал папярэджвае нас словамі: «Распуста і ўсялякая нечысьць і любазьдзірства не павінны нават напамінацца ў вас... таксама брыдкаслоўе і пустаслоўе і пакепства не да гонару вам... ніякі распусьнік, альбо нячысты, альбо любазьдзірца, які ёсьць ідаласлужэнец, ня мецьме спадчыны ў Царстве Хрыста і Бога. Хай ніхто ня зводзіць вас пустымі словамі, бо за гэта прыходзіць гнеў Божы на сыноў бунтоўных, дык жа ня будзьце супольнікамі іхнімі».5 Распуста, нечысьць, любазьдзірства – гэта можа быць усё, што людзі часта робяць, каб задаволіць свае грахоўныя жаданьні. Справа ў тым, што Бог глядзіць на ўсё, што мы робім цяпер, і калі ў сваіх рашэньнях і дзеях мы служым толькі сваім грэшным эгаістычным пахаценьням, то Бог і гэта заўважае. Выконваючы такія рэчы, мы фактычна жывём паводле плоці і за гэта мы калісьці ў будучым расплацімся. Бог хоча, каб кожны з нас шукаў і знаходзіў Яго ў асобе Ісуса Хрыста, Ягонага Сына. І калі мы чуем усё, што гаворыцца пра нашую патрэбу ў Ратавальніку Хрысьце і навяртаемся да Яго з каяньнем, увераваньнем і паслухмянасьцю Яму, Ён прыходзіць да нас у відзе Духа Сьвятога і пераменьвае нас, каб мы пачалі набліжацца да Яго, як ў характары, так і ў паводзінах. 
Апостал Павал зразумеў, што мы людзі, хоць і маем добрыя намеры і імкнёмся рабіць дабро іншым людзям, ў сэрцы змагаемся з грэшнымі памкненьнямі, бо ў нас існуе і працуе грэшная натура. У восьмым разьдзеле Пасланьня да рымлянаў ён прызнае, што бяз Бога ён застаецца пад кантролем сваёй грэшнай натуры. На гэты конт апостал і піша: «Закон (Божы) – духоўны, а я плоцкі, прададзены грэху... ня тое раблю, што хачу... калі раблю тое, чаго не хачу, дык згаджаюся з законам, што ён добры, а таму ўжо ня я раблю тое, а грэх, які жыве ўва мне». Нарэшце ён прыйшоў да высновы, што бяз Бога ў ім жыве і дзейнічае тая цяга да грашэньня, што выходзіць зь ягонай грэшнай натуры. Яе апостал называе «грэхам» у адзіночым ліку. Гэта тая старая чалавечая натура, якая падбухторвае яго парушаць Гасподнія запаведзі. На гэты конт ён і піша: «Ва ўнутраным чалавеку я маю задавальненьне ад закону Божага, а ў чэлесах маіх бачу іншы закон, які ваюе супроць закону розуму майго і робіць мяне палонным закону грахоўнага, які ў чэлесах маіх». Прыйшоўшы да гэтай высновы, ён і заяўляе: «Няшчасны я чалавек! Хто вызваліць мяне ад гэтага цела сьмерці?» Адказ ён знаходзіць толькі ў адной асобе, сказаўшы: «Дзякую Богу майму – празь Ісуса Хрыста, Госпада нашага!».6
Перамога над цягай да грашэньня прыйшла для апостала Паўла толькі цераз асабістую сустрэчу і працяглыя зносіны зь Ісусам Хрыстом. Ён ўпачатку гэтага не разумеў, але пасьля сустрэчы з Хрыстом на шляху да Дамаска яму сталася ўсё ясна – кім зьяўляецца Ісус Хрыстос і чаго Ён патрабуе ад яго. У кнізе Дзеі сьвятых апосталаў мы даведваемся пра тое, як напачатку апостал Павал быў вялікім рупліўцам па габрэйскім юдаізьме. Ён лічыў, што Ісус Хрыстос падманваў сваіх суайчыньнікаў, што Ён быў ілжэпрарокам, таму Павал, які ў той час называўся Саўлам, супрацоўнічаў зь мясцовымі ўладамі з тою мэтаю, каб перасьледаваць першых пасьлядоўнікаў Хрыстовых. Шукаў і знаходзіў іх, потым адпраўляў у турму. І было здарылася, што аднойчы з такой мэтай ён накіроўваўся з супрацоўнікамі да Дамаска, каб і там знайсьці хрысьціянаў і іх пасадзіць, а на шляху Ісус Хрыстос раптам зьявіўся яму і загадаў яму болей не перасьледаваць хрысьціянаў. Гэтая падзея так моцна яго ашаламіла, што ён на некаторы час страціў зрок і трэба было яго давесьці да Дамаска, дзе ён спыніўся ў доме прыяцеляў, застаючыся ў даволі змрочным стане. Гэта трывала да таго часу, пакуль не прыйшоў да яго муж Божы Ананій, памаліўся над ім ды яго ахрысьціў у ваде. Тут жа ягоныя фізычныя і духоўныя вочы расплюшчыліся і з дапамогай Духа Сьвятога, Які ўвайшоў у ягонае сэрца, Саўл зразумеў, што Ісус Хрыстос сапраўды быў пасланы ад Бога для збаўленьня тых, хто быў гатовы пакаяцца ў сваіх грахах перад Богам і ўвераваць у Хрыста. 
Шаноўны слухач, калі ты хочаш жыць паводле Духа, як піша апостал Павал, – значыцца, згодна з Гасподняй воляй і пад Ягоным кіраваньнем і кантролем, то перш за ўсё мусіш навярнуцца да Хрыста, каючыся ў тваёй грэшнасьці перад сьвятым Богам ды прымаючы Хрыста сваім адзіным Ратавальнікам і Госпадам-Уладаром. Хто так робіць, атрымлівае Духа Сьвятога, Які дапамагае верніку Бога слухацца. Гэтая ж сіла ідзе ад Яго. Бяз Духа Сьвятога сапраўднае хрысьціянскае жыцьцё застаецца недаступным і немагчымым. Навярніся да Хрыста, пакаяйся перад Ім і папрасі Ягонага ўваходу ў тваё сэрца і душу. І пачні чытаць Біблію, асабліва новазапаветную частку з малітваю, каб Дух Сьвяты адкрываў табе Божую волю і тваім жыцьцём кіраваў. Дух Сьвяты насамрэч паможа табе жыць тым праведным Гасподнім жыцьцём, пра якое мы чытаем на старонках Бібліі. Зычу табе ўсякіх посьпехаў у духоўных зносінах з Духам Сьвятым. Амэн.