Хрыстос панёс нашыя грахі на крыжы



Мы працягваем глядзець на словы апостала Пётры ў ягоным першым пасланьні. Спынімся крыху на вершах у другім разьдзеле, дзе пішацца, што Ісус Хрыстос пражыў Сваё зямное жыцьцё, не ўчыніўшы аніякага грэху. Значыцца, у маральным стане Ён застаўся той дасканалай асобай, пра якую мы людзі можам толькі марыць, але якой ніхто з нас не дасягне пры зямным жыцьці. Апостал Пётра цьвердзіць, што Хрыстос «не ўчыніў граху, і не было знойдзена падступства ў Ягоных вуснах... калі Яго лаялі, не адказваў лаянкаю. Пакутуючы, не пагражаў, а перадаваў Таму, Хто судзіць справядліва... Ён Сам узьнёс нашыя грахі ў Сваім целе на дрэва, каб мы, пазбавіўшыся ад грахоў, жылі дзеля праведнасьці. Ранамі Ягонымі вы былі вылечаны, бо вы былі як авечкі заблуканыя, але вярнуліся цяпер да Пастыра і Ахоўніка душ вашых».  
У іншых месцах Сьвятога Пісаньня пераказваецца, што Збаўца Ісус Хрыстос пражыў зямное жыцьцё, не зграшыўшы ані разу! Як прыгожа было б, калі хтосьці з нас мог бы засьведчыць, што ён або яна ніколі не грашылі. Аднак ўсе мы ведаем, што такога не бывае. Біблія пацьвярджае, што ўсе мы бяз вынятку калісьці і дзесьці зграшылі і, хочаш - ня хочаш, але мы час ад часу грашым. Калі так робім і Дух Сьвяты падказвае нашаму сэрцу, што зрабілі ня так, трэба тут жа сваю памылку прызнаць і пакаяцца ў ёй перад Богам, просячы дараваньня і дапамогі таго ў далейшым не паўтараць. Каяньне для верніка Хрыстовага аказваецца працяглым жыцьцёвым працэсам, і якраз да гэтага ж заклікае нас Слова Божае. Як пішацца ў Першым пасланьні Яна Багаслова: «Калі мы кажам, што ня маем граху, мы самі сябе ашукваем, і праўды няма ў нас. Калі мы вызнаём свае грахі, Ён, будучы верным і справядлівым, даруе нам грахі ды ачысьціць нас ад усялякай няправеднасьці».  
Выходзіць, што мы ўсе зьяўляемся грэшнікамі і нам патрэбны толькі што апісаны спосаб ачышчэньня. Біблія паведамляе, што Бог Творца сусьвету пажадаў стварыць чалавечы род і праявіў жаданьне ўсталяваць ды працягваць цесныя сувязі зь людзьмі. На жаль, таго не атрымалася з тае прычыны, што пачынаючы нават зь першых людзей, мы Госпада Бога не шанавалі, Яго не захацелі слухацца. Кожны з нас выступае на свой уласны шлях, што і прыводзіць нас да тых момантаў, калі мы парушаем Божы маральны кодэкс. Мы ўсе знаходзімся ў такім стане перад вялікім бязгрэшным і праведным Богам, нашым Творцам. І вось гэта стаецца істотнай праблемай для нас, калі мы думаем пра мажлівасьць спазнаваць Яго і быць у добрых адносінах зь Ім. Біблія вучыць, што Бог, будучы дасканалым ва ўсіх пытаньнях і дзеях, ня можа проста так нас прыняць у сям'ю Сваіх вернікаў, бо мы стаім забруджанымі перад Ім і таму ня можам увайсьці ў цесныя стасункі зь Ім. Што рабіць? Як выправіць сітуацыю?
Справа ў тым, што сітуацыю мы самі ня можам выправіць. Толькі Бог можа гэта зрабіць, і, слава і падзяка Яму, што Ён адкрыў шлях для любога чалавека, які шукае Яго, увайсьці ў цесную сувязь зь Ім. Гэты шлях, што прыводзіць чалавека да Бога, вызначаецца рознымі назвамі, але найчасьцей перадаецца беларускімі словамі «збаўленьне» або «ратаваньне». Бог Айцец ратуе нас ад нашых грахоў, калі мы прымаем вызначаныя ў Эвангельлі крокі да збаўленьня. Так і было сказана перад Ягоным прыходам на зямлю. Само імя «Ісус» нясе значэньне ратавальніка, што значыць, Ён адкрыў ды прыносіць нам сродак ратаваньня ад грахоў і іх наступстваў. 
Але давайце крыху глыбей паразважаем над гэтым пытаньнем. Калі б зьявіўся чалавек, які мог бы дараваць людзям грахі, то гэта патрабавала б, каб ён, як ратаўнік, сам заставаўся на працягу ўсяго свайго жыцьця бязгрэшным. Каб ён, хаця б аднаразова, зграшыў, то гэта ўжо зрабіла б яго самога грэшнікам, таму і няздольным стацца ахвяраю за грахі іншых людзей. Апостал Пётра кажа, што Збаўца Хрыстос не ўчыніў аніякага грэху і ў ягоных вуснах не было падступства, значыцца, ніякага ашуканства або хлусьні. Збаўца тут жа параўноўваецца з тым ахвярным ягняткам, якім ахвяравалі старажытныя ізраільскія сьветары. У старажытнай гісторыі ізраільскага народу Бог увёў цэлую працэдуру, паводле якой першасьвятар раз у год уваходзіў у найсьвяцейшае месца ў скініі, а пазьней у пабудаваным храме, што называлася «Сьвятое сьвятых». Там жа на алтары першасьвятар разьліваў кроў забітага беззаганнага ягняці, а гэты акт перад Богам ставаўся тым момантам, калі Ён дараваў ізраільцянам грахі, ачышчаў і ратаваў іх ад грахоў і іх вынікаў. У Бібліі сказана: «Без праліцьця крыві, не бывае дараваньня».   Гэтая гістарычная працэдура апісваецца ў першых старазапаветных кнігах Майсеевых (у Торы)  і ўпамінаецца ў новазапаветным Пасланьні да габрэяў. Напрыклад, у пятым разьдзеле аўтар прыгадвае, што ў мінулым Бог выбіраў першасьветароў дзеля таго, каб яны служылі пасрэднікамі паміж людзьмі і Богам ды прыносілі ахвяру Яму, гэтым чынам змываўшы ізраільцян ад іхніх грахоў. Але аўтар Пасланьня да габрэяў таксама тлумачыць, што самі першасьветары выйшлі з грэшнага народу, таму і ім трэба было ачысьціцца ад сваіх грахоў перад тым, як стаць перад Богам з ахвяраю ды просьбаю дараваньня для свайго народу. Першасьвятар «і павінен як за народ, так і за сябе прыносіць ахвяры за грахі», сказана аўтарам Пасланьня да габрэяў.  
Такога ніхто з нас людзей ня скажа пра Хрыста, Які таксама быў выбраны Богам Айцом апошнім і заўсёдным Першасьветаром для ўсіх людзей. Будучы тут на зямлі, Ён ніякага граху не ўчыніў, таму Ягоная сьмерць на крыжы сталася сапраўды ахвярнай усім людзям, якія навярнуліся да Хрыста. Аднак гэтую ролю Ён прыняў зь вялікай цяжкасьцю і пакутай. Як піша аўтар Пасланьня да габрэяў: «Ён ў дні Свайго цела з моцным воклічам і са сьлязьмі ўзьнёс просьбы і малітвы Таму, Хто мог выратаваць Яго ад сьмерці (гэта значыць, Богу Айцу), і быў пачуты за Сваю богапашану, хоць Ён і Сын, навучыўся паслухмянасьці ад усяго таго, што перацярпеў, і, выканаўшы ўсё, Ён стаўся для ўсіх паслухмяных Яму крыніцаю вечнага выратаваньня, названы Богам Першасьветаром...».   Прыпамінаем той асаблівы момант, калі Збаўца Хрыстос вісеў і страшэнна пакутаваў на крыжы, і Ён раптам выкрыкнуў: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты пакінуў Мяне?». Што тут здарылася, што Ён з такім крыкам зьвярнуўся да Свайго нябеснага Айца? Відаць Бог Айцец адвярнуўся на нейкі час ад Бога Сына, Які ў той момант прыняў на Сябе ўсе нашыя чалавечыя грахі і іх панёс як тое ягнятка, якое першасьвятар забіваў і выліваў ягоную кроў на алтар для дараваньня людзкіх грахоў. Не без прычыны таму і Ян Хрысьціцель, аднойчы ўбачыўшы Хрыста, Які набліжаўся да яго, выказаўся: «Вось Ягня Божае, Якое бярэ на Сябе грэх сьвету». Бог праз Духа Сьвятога адкрыў Яну ўсю ісьціну пра будучую ахвярную сьмерць Божага Сына, якая адкрые шлях дараваньня для ўсіх, хто навернецца да Яго.
Вось чаму апостал Пётра і піша, што Хрыстос прыняў на сябе ўсе нашыя грахі і іх панёс, праліўшы Сваю чыстую кроў, і там жа на крыжы памёр, як тое старажытнае ягнятка. Дарагія сябры, памятайма, што Ісус Хрыстос стаўся тым апошнім ягнём для дараваньня нашых грахоў. Ён памёр для кожнага з нас, але Ягоная ахвярная сьмерць прыстасоўваецца намі, калі мы асабіста зьвяртаемся да Ісуса Хрыста каяньнем і вераваньнем у Яго, у Ягоную ахвярную сьмерць за нашыя грахі. У дзень Пяцідзясятніцы, калі апостал Пётра абвяшчаў богапаклоньнікам у Ерусаліме пра Хрыста, Ягоную ахвярную сьмерць і ўваскрэсеньне зь мёртвых, яны раптам запыталіся ў яго, што ім трэба зрабіць, каб стацца пасьлядоўнікамі Хрыста? Апостал адказаў: трэба, перш за ўсё, пакаяцца ў сваёй грэшнасьці, у асабістых грахах перад Богам. З гэтага пачынаецца і нашае навярненьне да Бога.
 Апостал Пётра адзначае, што мы ўсе аднолькава блукалі як тая заблудная авечка, што, звандраваўшы ад сваёй чарады, апынулася дзесьці на чужым ёй выпасе. Гэта нясе тое значэньне, што сваёй грэшнасьцю мы ўсе адправіліся на свой уласны шлях бяз Бога, у сапраўднасьці мы адступіліся ад Яго. Таму кожнаму з нас трэба прызнацца ў сваім непаслушэнстве Госпаду ды вярнуцца да Яго шляхам каяньня і вераваньня у Збаўцу Хрыста. Апостал Пётра кажа, што ранамі Хрыста пасьлядоўнікі Ягоныя былі вылечаны. Тут жа маецца на ўвазе тыя раны, якія былі накладзены на Яго падчас бічаваньня і ўкрыжаваньня Яго. Хрыстос ўсё гэта перанёс дзеля таго, каб мы маглі навярнуцца да Яго, атрымаць дараваньне грахоў ды ўвайсьці ў Ягоную сям'ю ўратаваных людзей. 
Апостал канчае меркаваньне пра Хрыста і нашае стаўленьне да Яго, прыгадваючы чытачам, што яны калісьці блукалі як тая заблуканая авечка, але «вярнуліся цяпер да Пастыра і Ахоўніка вашых душ».  З гэтага даволі ясна, што ён пісаў людзям, якія ўжо навярнуліся да Хрыста ды далей разьвіваліся ў хрысьціянскай веры. Ня ведаю, як ты, дарагі слухачу, глядзіш на выказаныя апосталам Пётрам словы. Калі яшчэ не навярнуўся да Хрыста з просьбаю дараваньня грахоў, дык можаш гэта зрабіць цяпер. Ісус Хрыстос гатовы прыняць тваю найпрасьцейшую сумленную малітву каяньня і вераваньня ў Яго. Ён жадае дараваць табе ўсе твае грахі і пасяліцца ў тваю душу ў відзе Духа Сьвятога. Зьвярніся да Яго і папрасі ў Яго дараваньня грахоў. І папрасі, каб Ён давёў цябе да суполкі Ягоных вернікаў, якія дапамогуць табе далей разьвівацца і ўмацоўвацца ў хрысьціянскай веры. Дух Сьвяты дапаможа, калі будзеш спадзявацца на Яго. А што тычыцца нас з тых, хто ўжо навярнуўся да Збаўцы Хрыста, праверым сябе, ці працягваем жыць у блізкай лучнасьці зь Ім, і ці вызнаём свае грахі, калі Дух Сьвяты падказвае, што мы зграшылі. Будзьма цесна трымацца нашага Госпада і Збаўцы Ісуса Хрыста! Амэн.