Ці памерлі для грэху?



У шостым разьдзеле Пасланьня апостала Паўла да рымлянаў мы сустракаем даволі цяжкую для поўнага зразуменьня заяву: «Мы памерлі для грэху, як жа нам жыць у ім»?  Што апостал мае на ўвазе, карыстаючыся выразам «памерлі для грэху»? Ці гэта азначае, што веруючы чалавек калісьці ў сваім духоўным жыцьці цалкам перастае грашыць ды пачынае жыць маральна чыстым дасканалым жыцьцём? Каб адказаць на гэтае пытаньне, нам трэба, перш за ўсё, прыпомніць і кораценька пераглядзець тое, што да гэтага месца ў сваім пасланьні апостал піша пра нас людзей і пра Збаўцу нашага, Ісуса Хрыста. У пятым разьдзеле ён тлумачыць, што з прычыны непаслушэнства Богу першай шлюбнай пары, Адама зь Евай, усе людзі сталіся грэшнікамі, у тым ліку ты, паважаны слухач, і я. 


А можа ты пытаесься: як гэта можа быць, што я быццам бы стаўся грэшнікам на падставе таго, што нейкія асобы, якія існавалі тысячы і тысячы гадоў перад маім зьяўленьнем на сьвет, зграшылі і іхні акт непаслушэнства Богу неяк зрабіў і мяне грэшнікам? Якім чынам менавіта? Адказ мы атрымліваем ў далейшым тлумачэньні апостала Паўла, што Адам з жонкай парушылі Божы загад, сарваўшы забаронены фрукт з дрэва спазнаньня дабра і зла і пакаштаваўшы яго. Яшчэ дагэтуль Бог спэцыфічна забараніў ім браць з дадзенага дрэва і пакаштаваць ягоны плод. Трэба тут жа памятаць, што Эдэмскі сад, дзе знаходзіліся Адам зь Евай, быў пасаджаны напэўна сотнямі іншых дрэваў, зь якіх яны маглі свабодна браць плод і ім карміцца. У першай кнізе Бібліі Быцьцё пішацца, што «Паказаў Госпад Бог чалавеку, кажучы: “З кожнага дрэва ў садзе ты будзеш есьці, а з дрэва спазнаньня дабра і зла, ня еж зь яго, бо ў дзень, калі ты пакаштуеш зь яго, сьмерцю памрэш”».  І вось парушаўшы Божы загад, Адам і Ева памерлі, але не ў фізычным, а духоўным сэньсе. Тая блізкая сувязь і лучнасьць, што яны мелі з Богам дагэтуль, раптам тут жа і спынілася. Але што тут асабліва цікавае і важнае для нас цяпер – гэта тая схільнасьць, што была ў Адама і Евы да непаслушэнства Богу, перайшла ў іхніх дзяцей, якія таксама і перадалі яе сваім нашчадкам. Вось у гэтым сэньсе тая ўнутраная цяга да непаслухмянасьці Богу закранула кожнага з нас паасобку, што мы і праяўляем кожны раз, калі Бога ня слухаемся, таму і грашым. Дык вось апостал прыходзіць да высновы, што «празь непаслушэнства аднаго чалавека зрабіліся многія грэшнікамі». 
Але для вырашэньня чалавечай дылемы пачала дзейнічаць яшчэ іншая сіла, якая супраціўлялася ўсяму таму, што было зроблена першымі людзьмі. Бог зь цягам часу паслаў Свайго Сына Ісуса Хрыста на зямлю дзеля таго, каб Ён стаўся ахвяраю за людскія грахі. Не ўчыніўшы ніякага грэху, Ён нявінна памёр на рымскім крыжы за нас. Ягоная жыцьцё засталося поўнасьцю бязгрэшным, што значыць, Ягоная сьвятасьць і праведнасьць перадаюцца тым людзям, якія веруюць у Хрыста, прыняўшы Яго сваім асабістым Ратавальнікам ад грахоў і ад кары за грахі – вечнай загубы. У Пасланьні да рымлянаў апостал Павал піша, што «як празь непаслушэнства аднаго чалавека (Адама) зрабіліся многія грэшнікамі, так і праз паслушэнства аднаго (Ісуса Хрыста) стануцца праведнымі многія».  Паважаны слухач, ня ведаю, ці гэтая эвангельская праўда табе цалкам зразумелая або не, але ў гэтай ісьціне заключаецца сама сутнасьць Дабравесьця Хрыстовага. Ісус Хрыстос прыняў тую кару за нашую грэшнасьць і грахі на Сябе, каб праз увераваньне ў Яго мы маглі атрымаць дараваньне грахоў і абяцаньне шчасьлівага вечнага жыцьця пасьля нашага адыходу з гэтай зямлі. Зьвяртаючыся да вернікаў у Карынфе, апостал Павал згадвае крытычную важнасьць Хрыстовай ахвярнай сьмерці, кажучы: «Таго, Хто ня ведаў грэху (менавіта, Ісуса Хрыста), Ён (гэта значыць, Бог) зрабіў нам грэхам, каб мы ў Ім зрабіліся праведнымі перад Богам». 
Калі падумаць сур’ёзна над гэтай духоўнай рэчаіснасьцю, мы можам і зьдзіўляцца таму, што Бог Творца сусьвету так паклапаціўся пра нас, маленькіх у Ягоных вачох грэшных людзей, у такой меры, што паслаў Сына Свайго да нас. Ён пражыў тут на зямлі, робячы людзям дабро, а потым памёр ахвярнай сьмерцю за нас на крыжы, і мы цяпер можам праз увераваньне ў Яго атрымаць дараваньне грахоў і абяцаньне шчасьлівага вечнага жыцьця. Апостал Павал тлумачыць, што ўсё гэта сталася магчымым дзякуючы Божай мілаце. Бог праявіў і яшчэ праяўляе Сваю мілату любому чалавеку, які гатовы навярнуцца да Ягонага Сына, увераваць у Яго ды пайсьці ўсьлед за Ім. У Пасланьні да рымлянаў апостал дадае: «Мілата запанавала праз праведнасьць дзеля жыцьця вечнага Ісусам Хрыстом, Госпадам нашым».  І вось тут жа ў далейшым выкладваньні гэтай духоўнай рэчаіснасьці апостал Павал ставіць пытаньне: у сьвятле таго, што Бог праяўляе нам Сваю мілату для нашага ўратаваньня ад грахоў і ад вечнай кары за іх, ці можам мы вернікі цяпер далей грашыць згодна са сваімі эгаістычнымі жаданьнямі? Паводле апосталавых словаў: «Ці заставацца нам у грэху, каб памножылася мілата?». Адказ зусім ясны – ні ў якім разе! Ён працягвае: «Мы памерлі для грэху, як жа нам жыць у Ім? Няўжо ня ведаеце, што ўсе мы, хрышчаныя ў Ісуса Хрыста, у сьмерць Ягоную хрысьціліся? Дык вось, мы і пахаваныя зь Ім хрышчэньнем у сьмерць, каб, як Хрыстос уваскрэс зь мёртвых славаю Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцьці».  Гэтымі словамі апостал расказвае пра перажываньне таго чалавека, які засьведчыў пра сваё каяньне ў асабістых грахах ды ўвераваў у Хрыста як свайго асабістага Ратавальніка і на гэтай падставе прыняў сьвятое вадзяное хрышчэньне. У апостальскія дні над тымі, хто прыняў узгаданыя крокі, прасьвітар або прасьвітары мясцовай суполкі вернікаў зьдзяйсьнялі малітву з ускладаньнем рук на яго, просячы ў Госпада Бога, каб Дух Сьвяты сапраўды закрануў і напоўніў нованаверненага Сабою і дапамагаў яму жыць новым зьмененым жыцьцём для славы Гасподняй. 
Вадзяное хрышчэньне выконвалася над тымі, хто пакаяўся ў сваіх грахах, увераваў у Хрыста як свайго ўласнага Збавіцеля і засьведчыў пра гэта. Цікава тут заўважыць, якім спосабам выконваўся акт хрышчэньня. У грэцкай мове гэта слова «баптыдзо», што літаральна азначае «акунаньне» або «апусканьне». Тут маецца на увазе акунаньне верніка ў ваду. Каб мы чыталі толькі што працытаваныя словы апостала Паўла ў грэцкай мове, дык гучала б значэньне наступнае: «Ня ўжо ня ведаеце, што ўсе мы, акунаныя (або: апусканыя) ў Ісуса Хрыста, у сьмерць Ягоную акунуліся? Дык вось, мы і пахаваныя зь Ім акунаньнем у сьмерць, каб, як Хрыстос уваскрэс зь мёртвых славаю Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцьці». Акт хрышчэньня служыць верніку тым момантам, калі ён разьвітваецца са старым грэшным жыцьцём бяз Бога і Ягонага кіраваньня. Як Хрыстос памёр на крыжы за нашыя грахі, так і мы разам зь Ім у пераносным сэньсе былі пахаваныя ў Ягоную сьмерць і вызваліліся ад таго ранейшага грахоўнага вобразу жыцьця, якім мы раней жылі. І ўсё гэта адбылося і адлюстроўваецца ў акце вадзянога хрышчэньня акунаньнем. Далей, як Хрыстос уваскрэс зь мёртвых, гэтаксама і мы сілаю Духа Сьвятога былі паднятыя да новага вобразу жыцьця згодна з Гасподняй воляй.
І вось апостал Павал далей пацьвярджае, што, прайшоўшы ўсе згаданыя крокі навярненьня да Госпада Ісуса Хрыста, нам цяпер трэба жыць тым новым перамененым жыцьцём, паводле якога мы ўжо не знаходзімся пад кантролем сваіх грэшных жаданьняў і памкненьняў. Замест таго, мы ўжо жывем пад кіраваньнем Духа Сьвятога, Які памагае нам жыць новым праведным жыцьцём. Тыя грахі, які мы рабілі да навярненьня да Хрыста, павінны былі спыніцца і намі болей не паўтарацца. Калі глядзіш на жыцьцё многіх вернікаў, якія ў мінулым жылі для сваіх уласных інтарэсаў, але раптам па навярненьні да Хрыста  яны пачалі жыць больш лагодным і праведным жыцьцём, бо Дух Сьвяты падахвоціў іх Бога слухацца. Хаця гэтак здараецца са многімі нованаверненымі, бываюць і тыя выпадкі, калі нованаверненаму перамены прыходзяць, але павольней, чымся ў іншых. У аднаго адразу заўважаецца вялікая перамена ў паводзінах, калі ў другога яна не такая вялікая, але зь цягам часу вернік мяняецца ў характары і паводзінах. Самае галоўнае, – каб жыцьцёвая перамена ўсё-ж-такі пачалася і разьвівалася.
Калі чалавек веруе ў Хрыста, каецца ў грахох, прымае вадзяное хрышчэньне ды ідзе ўсьлед за Хрыстом, ён перастае рабіць тыя грэшныя дзеі, што рабіў да свайго навярненьня. Але ці азначае гэта, што ахрышчаны вернік перастае грашыць? Хоць Збавіцель Хрыстос жыве ў душы верніка, у большасьці выпадкаў вернік час ад часу грэшыць, але ўжо радзей, чым раней. Пакуль мы тут на зямлі, ў нашай душы застаецца тая цяга да грашэньня, бо дзейнічае тая старая натура, якую мы атрымалі ад сваіх бацькоў. Гэта праўда, што ў нас таксама жыве Ісус Хрыстос ў відзе Духа Сьвятога, і ўсё залежыць ад таго, каго з двух гаспадароў мы слухаемся: свайго эгаістычнага «я» або Духа Сьвятога. Часамі, на жаль, мы здаёмся нашаму эгаістычнаму «я», а іншымі часамі Духу Сьвятому. Рэч у тым, што, стаўшыся пасьлядоўнікам Хрыстовым, мы ўступілі ў духоўную бітву паміж грахом і Гасподняй праведнасьцю. Да таго ж, Біблія паказвае нам, што існуе і дзейнічае сатана і ягоныя памагатыя, дэманы, якія прыходзяць і нас турбуюць усялякімі спакусамі. Нам трэба змагацца супраць усякага віду зла і асабістага эгаізму, і гэтая духоўная барацьба працягваецца ў нашай душы аж да моманту нашай сьмерці. Дзякаваць Богу, што калі мы грашым, можам зьвярнуцца да Госпада Бога з вызнаньнем сваіх грахоў і просьбай дараваньня. Госпад Бог даруе нам, за што слава і падзяка Яму, але ніколі не забудземася, паважаныя ў Госпадзе браты і сёстры, што мы застаёмся ў поле жорсткай духоўнай бітвы і трэба заўсёды змагацца з грахом. Будзьма прасіць у Духа Сьвятога той сілы на перамогу над сваёй грэшнай натурай і хітрыкамі сатаны, бо цяпер, будучы дзецьмі Божымі, мы можам спадзявацца на Яго і атрымліваць неабходнае ўмацаваньне на перамогу. 
Госпадзе Божа, просім Тваёй духоўнай падтрымкі і дапамогі над грахом і злом. Нашае спадзяваньне толькі на Цябе! Амэн.