У Пасланьні да піліпянаў апостал Павал піша: «Завяршайце сваё ўратаваньне са страхам і трымценьнем». Добра, але ў іншым пасланьні ён піша, здавалася б, нешта зусім другое: «Ласкаю вы ўратаваны празь веру, і гэта не ад вас – гэта дар Божы, не ад учынкаў, каб ніхто не хваліўся». З аднаго боку ён раіць нам выконваць, вырабляць, завяршаць сваё збаўленьне, а ў іншым ён кажа, што мы нічога ня можам рабіць, каб атрымаць збаўленьне перад сьвятым Богам. Нам трэба толькі ўвераваць. Ці ж гэта не супрацьлегласьць, нейкі парадокс?
Калі пытаесься ў многіх людзей, што трэба рабіць, каб здабыць збаўленьне перад сьвятым Богам ды атрымаць шчасьлівае вечнае жыцьцё, яны ня раз адказваюць: “Трэба жыць добрым жыцьцём, пакуль мы тут на зямлі, рабіць іншым людзям дабро, і Бог напэўна заўважыць гэта. Ён убачыць, што я рабіў больш добрых учынкаў, чым благіх, і на гэтай падставе Госпад напэўна дасьць мне збаўленьне і месца ў Сваім нябесным царстве”. Сапраўды так, калі чытаеш Біблію, то ня раз напаткаеш на тыя месцы, дзе растлумачваецца, што нам трэба рабіць або не рабіць, каб Божую волю выконваць. Але для атрыманьня поўнага адказу на гэтае пытаньне нам таксама трэба пераглядзець тыя месцы, дзе гаворыцца пра збаўленьне, якое даецца нам як дар ад Бога.
У першым разьдзеле Пасланьня да рымлянаў апостал Павал піша: «Я не саромеюся Дабравесьця Хрыстовага, бо яно ёсьць сіла Божая да выратаваньня кожнаму верніку, юдэю па-першаму, і эліну, бо ў ім адкрываецца зь веры ў веру праведнасьць Божая, як напісана: “а праведны будзе жыць вераю”…але цяпер, незалежна ад закону, зьявілася праведнасьць Божая, пра якую сьведчаць закон і прарокі, а праведнасьць Божая празь веру ў Ісуса Хрыста для ўсіх і на ўсіх вернікаў. Бо няма розьніцы, бо ўсе зграшылі і пазбаўлены славы Божай, і апраўдваюцца дарма Ягонай ласкай праз выкуп, што ў Ісусе Хрысьце, Якога Бог паставіў у ахвяру прымірэньня ў Ягонай крыві празь веру, каб выявіць Сваю справядлівасьць праз дараваньне раней учыненых грахоў, у цярплівасьці Божай для доказу Сваёй справядлівасьці ў цяперашні час, каб быць Яму справядлівым і апраўдваць таго, хто веруе ў Ісуса».
З гэтых словаў мы разумеем, што нам трэба ўвераваць і працягваць вераваць ў ахвярную сьмерць Ісуса Хрыста за нашыя грахі. Вера тут жа зусім неабходная. Як кажа апостал: «праведны будзе жыць вераю». Апостал аргумэнтуе, што праз ахвярную сьмерць Хрыста на крыжы зьявілася і адкрылася для нас веруючых Гасподняя праведнасьць, якая даецца і нават выліваецца на нас на падставе Хрыстовай ахвярнай сьмерці і нашага ўвераваньня ў Яго. Ісус Хрыстос, пражыўшы бязгрэшным жыцьцём, нявінна пайшоў на крыжовую сьмерць, дзе Ён праліў Сваю чыстую кроў ды памёр як тая ахвяра за нашыя грахі. Ён прыняў на Сябе ўсе нашыя грахі і заплаціў праліваньнем Сваёй крыві і пасьлядоўнай сьмерцю. Ён іх, так кажучы, панёс, каб даць нам веруючым у Яго апраўданьне перад Ягоным нябесным Айцом. Бог паставіў Хрыста ў ахвяру прымірэньня, кажа апостал, што значыць, у сьмерці Хрыстовай гнеў Божы супроць чалавечай грэшнасьці і асабістых грахоў быў заспакоены. Патрэба расплаты за нашыя грахі была задаволена дзякуючы Хрысту, Які стаўся апошняй ахвярай за іх. Мы пры навярненьні да Хрыста атрымалі дараваньне грахоў ды былі прыняты ў Божую сям’ю. Усякага чалавека, які каецца ды веруе ў Хрыста, у Ягоную ахвярную сьмерць за ўчыненыя грахі, Бог апраўдвае і пакрывае Хрыстовай праведнасьцю. Толькі яна дае нам збаўленьне перад сьвятым Богам. За гэта вечная слава і падзяка Богу Айцу і Сыну Ісусу Хрысту!
Але памятайма таксама, што калі мы гаворым пра неабходнасьць увераваць у ахвярную сьмерць Хрыста, гэта ня можа здарыцца без сапраўднага пакаяньня з нашага боку. Бог патрабуе з нас прызнаньня сваіх грахоў. Нам трэба спавядацца перад Ім, што значыць, у малітве Яму мы мусім вядомыя грахі назваць адзін за другім. Каяньне пачынаецца з нашага першапачатковага навярненьня да Хрыста, але яно павінна паўтарацца кожны раз, калі грашым. Выходзіць, што нам трэба спавядацца ва ўчыненых грахах перад Госпадам Богам на працягу ўсяго жыцьця аж да моманту сьмерці. Калі мы вызнаём свае грахі і просім дапамогі іх не выконваць, Бог даруе нам і Духам Сьвятым памагае нам у змаганьні супроць іх. Апостал Павал аднойчы расказваў пра сваё нечаканае спатканьне з Хрыстом рымскаму кіраўніку Агрыпу. Хрыстос раптоўна зьявіўся яму на дарозе да Дамаска ды паведаміў, што ён перасьледуе вучняў Хрыстовых, а цяпер яму трэба гэта спыніць і стацца адным зь іх ды заклікаць людзей да Хрыста, як і яны робяць. Якім спосабам? Апостал адказаў гэтакімі словамі: «Я не супрацівіўся нябеснай уяве, а… (усім) прапаведаваў, каб яны пакаяліся і навярнуліся да Бога, учыняючы дзеі, вартыя пакаяньня». Сапраўднае каяньне даказваецца тым, што мы робім добрыя рэчы іншым людзям, ім памагаем тым, чым можам.
Як каяньне, так і вераваньне праяўляецца добрымі ўчынкамі. Вера без учынкаў застаецца бескарыснай і мёртвай. Бог адраджае нас духоўна да новага жыцьця, каб мы жылі пад кіраваньнем і пры ўмацоўваньні Духа Сьвятога. А такое жыцьцё рэалізуецца толькі тады, калі мы Бога слухаемся і робім добрыя рэчы. Памятайма словы апостала: «Ласкаю вы ўратаваны празь веру, і гэта не ад вас – гэта дар Божы, не ад учынкаў, каб ніхто не хваліўся». А тут жа ён дадае: «Бо мы Ягонае (Божае) тварэньне, створанае ў Хрысьце Ісусе на добрыя учынкі, якія Бог загадзя падрыхтаваў, каб мы іх выконвалі». Як у выпадку каяньня, гэтаксама і ў выпадку ўвераваньня мы паказваем, што перажылі духоўнае адраджэньне тым, што пачынаем жыць чысьцейшым, больш дабрадушным і ласкавейшым вобразам.
Багаслоў Якаў тлумачыць, як мы даказваем, што перажылі духоўнае нараджэньне ад Духа Сьвятога, такімі словамі: «Якая карысьць, браты мае, калі нехта кажа, што мае веру, а ўчынкаў ня мае? Ці можа такая вера ўратаваць яго? Калі брат альбо сястра разьдзетыя і штодня маюць нястачу ў ежы, а нехта з вас скажа ім: “Ідзеце зь мірам, грэйцеся і кармецеся”, але вы не дасьце ім неабходнага для цела, - то якая ў тым карысьць? Так і вера, калі ня мае ўчынкаў, - мёртвая сама па сабе. Але хто-небудзь скажа: “Ты маеш веру, а я маю ўчынкі; пакажы мне тваю веру без учынкаў, а я пакажу табе маю веру з маіх учынкаў”. Ты верыш, што Бог адзіны? Добра робіш; і дэманы вераць і трасуцца. Але ці хочаш ведаць, о пусты чалавеча, што вера без учынкаў бескарысная? Аўраам, наш бацька, ці не ўчынкамі быў апраўданы, узьнёсшы Ісаака, свайго сына, на ахвярнік? Ты бачыш, што вера садзейнічала яго ўчынкам, і ўчынкамі вера была зроблена дасканалаю, і спраўдзілася Пісаньне, што кажа: “І Аўраам паверыў Богу, і гэта было залічана яму ў праведнасьць”, і ён быў названы сябрам Бога. Вы бачыце, што чалавек апраўдваецца ўчынкамі, а ня толькі вераю. Падобна ж і Рааў, распусьніца, ці не ўчынкамі была апраўдана, прыняўшы вестуноў і выпусьціўшы іх іншаю дарогаю? Бо як цела бяз духу мёртвае, гэтаксама і вера без учынкаў мёртвая».
Паважаныя слухачы, я працытаваў гэтае месца Сьвятога Пісаньня з тае прычыны, што яно служыць добрым тлумачэньнем таго паняцьця, што вера ніколі ня бывае бязьдзейнай. Жывая вера нешта робіць, камусьці памагае або служыць. Ці гэта значыць, што добрымі дзеямі мы неяк заслужваем сабе збаўленьня і месца ў Божым будучым нябесным царстве? Ня ў тым справа. Добрыя ўчынкі сьведчаць аб тым, што мы належым да Хрыста і імкнёмся выконваць Ягоныя запаведзі. Хрыстос сказаў: «Хто мае запаведзі Мае і іх выконвае, той любіць Мяне; а таго, хто любіць Мяне, палюбіць Мой Бацька, і Я палюблю яго і зьяўлюся яму Сам…Калі хто любіць Мяне, ён будзе выконваць Маё слова, і Мой Бацька палюбіць яго, і да яго Мы прыйдзем і жыльлё ў яго зробім Сабе. Хто ня любіць Мяне, той Маіх слоў не выконвае, а слова, якое чуеце, не Маё, а Бацькі, Які паслаў Мяне». Сапраўды так, хоць збаўленьне даецца нам дарам, гэта ня значыць, што мы толькі сядаем, склаўшы рукі, і нічога ня робім. О не! Мы ўсталёўваем і ўмацоўваем сваё збаўленьне, слухаючы Бога і выконваючы Ягоныя запаведзі. Без дапамогі Духа Сьвятога такое жыцьцё было б немагчымым. Нам патрэбна сіла Гасподняя, якая даецца нам і дзейнічае ў нас, калі мы, вернікі Гасподнія, яе просім у малітвах.
Памятайма, што мы, сучасныя пасьлядоўнікі Хрыстовы, яшчэ ня поўнасьцю збаўлены. Мы ратуемся цяпер, жывучы паслухмяна Хрысту, Які прывядзе нас да поўнага збаўленьня, калі па сьмерці пяройдзем да Яго і зьявімся ў Ягоную прысутнасьць. А для гэтага нам трэба заставацца вернымі Яму да канца жыцьця. Гэта магчыма, калі мы цяперака будзем чытаць Ягонае Слова, Біблію, маліцца Яму і выконваць Ягоную волю з дапамогай Духа Сьвятога. У гэтым сэнсе мы выковаем сваё збаўленьне. Будзьма ў далейшым імкнуцца да гэтага!