Вера і надзея нашая на Бога!



У сваім Першым пасланьні апостал Пётра зьвяртаецца да вернікаў свайго часу з карысным настаўленьнем, каб яны зразумелі, ад чаго яны былі вызвалены і якою цаною. На гэты конт мы чытаем ягоныя словы гэтакія: «Калі называеце Айцом Таго, Які судзіць кожнага паводле ўчынкаў ягоных, не ўзіраючыся на аблічча, са страхам праводзьце час вандраваньня вашага, ведаючы, што не зьнішчальным срэбрам ці золатам выкуплены вы ад марнага жыцьця, перададзенага ад бацькоў, а каштоўнай крывёй Хрыста, як Ягняці беззаганнага і неапаганенага, прадвызначанага яшчэ да стварэньня сьвету, але зьяўленага ў апошнія часы дзеля вас, якія ўверавалі празь Яго ў Бога, Які ўваскрэсіў Яго зь мёртвых і даў Яму славу, каб вера вашая і надзея была ў Бога».

Як мы чулі, апостал Пётра піша, што Бог «судзіць кожнага паводле ўчынкаў ягоных, не ўзіраючыся на аблічча». Інакш кажучы, Бог фаварытаў або ўлюбёнцаў ня мае. Мы ўсе аднолькава стаім перад Ім на адным і тым жа ўзроўні. І Госпад судзіць нас, «паводле ўчынкаў нашых». Не забудземася, што апостал накіроўвае свае меркаваньні людзям, якія ўжо раней ўверавалі ў Ісуса Хрыста, прынялі Яго сваім асабістым Збаўцам і Гаспадаром. І Ён хоча, каб кожны вернік жыў сапраўдным хрысьціянскім жыцьцём згодна зь Ягонымі запаведзямі.

Памятайма, што дар збаўленьня даецца веруючаму на тым падмурку, што ён прызнаў сваю патрэбу ў дараваньні грахоў, пакаяўся ды ўвераваў у ахвярную сьмерць Хрыста на крыжы за яго. Тыя, хто так навярнуўся да Хрыста, цяпер называюць Бога Айцом, гэта значыць, сваім нябесным Бацькам, а любы бацька дбае пра жыцьцё свайго дзіцяці. Такім жа чынам і Госпад рупіцца пра нас. Гэта вялікая прывілея для верніка. Бог, Творца неба і зямлі, стаўся і застаецца маім нябесным Бацькам! Цудоўная думка! І апостал Пётра пазьней ў гэтым жа лісьце дапісвае, што вернікі Божыя могуць класьці ўсе свае клопаты на Бога, бо Ён сапраўды рупіцца па іх ды ім спачувае.

Апостал прыгадвае чытачам і нам сёньня, што мы, якія ўверавалі ў Збаўцу Ісуса Хрыста, ня прахлым срэбрам або золатам выкуплены ад таго, што ён называе марным жыцьцём, а Хрыстовай каштоўнай крывёй. Чаму жыцьцё без Хрыста марнае? Таму, што яно не дае чалавеку надзеі на слаўную будучыню ў Божай прысутнасьці. Яно таксама марнае з тае прычыны, што чалавек без Хрыста жыве ў асноўным для сваіх уласных інтарэсаў ды пра Бога і Ягоную волю ня дбае. Згодна з вучэньнем Бібліі, мы ўсе аднолькава аказваемся грэшнікамі перад сьвятым Богам і маем патрэбу ў дараваньні грахоў. Бог прымае нас у Сваю сям’ю вернікаў на той падставе, што мы прызнаём сваю грахоўнасьць перад Ім, каемся ды веруем у Ісуса Хрыста. Тым, хто такім спосабам навярнуўся да Бога і Хрыста, абяцаецца збаўленьне ад кары за грахі і будучае радаснае вечнае жыцьцё ў наступным сьвеце па-за магілай. Чалавек сам па сабе ня можа ўратавацца перад Богам. Нават добры чалавек, які робіць добрыя справы, перад Богам застаецца грэшнікам, бо дзесьці і калісьці ён зграшыў. Мы ўсе аднолькава маем патрэбу ў Гасподнім дараваньні, што даецца нам праз увераваньне ў ахвярную сьмерць Сына Божага, Ісуса Хрыста. Апостал Пётра кажа, што вернікі былі выкуплены ад грэшнага спосабу жыцьця каштоўнейшай крывёй Хрыстовай. Чаму яна каштоўнейшая за срэбра або золата? Таму, што сам Збаўца Хрыстос пражыў Сваё зямное жыцьцё, не зрабіўшы ніякага грэху – а ні разу! Ён застаўся поўнасьцю бязгрэшным, таму і беззаганным, маральна чыстым. На гэтай аснове Ягоная сьмерць пры ўкрыжаваньні сталася ахвярнай для дараваньня нам грахоў. Будучы маральна чыстай Асобай, Божы Сын памёр за нас, грэшных людзей, а Ягоная ахвярная сьмерць ачышчае нас ад грахоў, калі мы каемся ды веруем, ды пакрывае нас Хрыстовай сьвятасьцю і праведнасьцю.

Усё гэта было прадбачана Богам, нават перад стварэньнем сьвету і чалавецтва. Апостал Пётра гэта разумеў, калі ў дзень сашэсьця Духа Сьвятога на першых пасьлядоўнікаў Хрыстовых у дзень Пяцідзясятніцы ён выступіў перад сабранымі паклоньнікамі са словамі: «Мужы Ізраільськія!.. Яго, паводле пэўнае рады і з прадбачаньня Божага выдадзенага, вы ўзялі і, прыбіўшы цьвікамі рукамі беззаконьнікаў, забілі, але Бог уваскрэсіў Яго... зрабіў Госпадам і Хрыстом (Месіяй) гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі».  Пазьней апостал Павал напісаў вернікам у Карынфе, што «Таго, Хто ня ведаў грэху (Хрыста), Ён (Бог Айцец) зрабіў за нас грэхам (у сэнсе ахвяраю за нашыя грахі), каб мы (вернікі) ў Ім зрабіліся праведнымі перад Богам». І яшчэ дагэтуль апостал Павал напісаў карынфскім вернікам: «Вы куплены каштоўнай цаной, таму услаўляйце Бога і ў целах вашых і душах вашых, якія Божыя». Часамі мы, якія ўверавалі ў Збаўцу Ісуса Хрыста, проста забываемся пра вялікую каштоўнасьць Ягонай ахвярнай сьмерці за нас. Трэба час ад часу прыгадваць самім сабе поўнае значэньне гэтай ісьціны і тым больш дзякаваць і славіць Бога за Ягоную вялікую міласьць і руплівасьць па нас. Апостал Пётра піша, што ўсё гэта было зроблена для нас з тою мэтаю, каб вера і надзея нашая заставаліся ў Бога, каб мы не хісталіся ў нашых жыцьцях, а жылі пад Ягоным кіраваньнем і са спадзяваньнем на Яго.

У сьвятле ўсяго дасюль сказанага мы вернікі павінны далей узрастаць і ўмацоўвацца ў нашай веры. Як ужо было сказана, Бог застаецца бесстароннім і аб'ектыўным да нас. Фаварытаў Ён ня мае, але аднолькава ставіцца да нас з тым жаданьнем, каб мы паглыбляліся ў веры і ўзрасталі ў лучнасьці з Хрыстом. Гэта значыць, што мы павінны заставацца вернымі Богу, ад Яго не адступацца, Яго слухацца і спадзявацца на Духа Сьвятога для далейшага кіраваньня ды ўмацоўваньня ў праведным жыцьці. Пётра кажа, што мы павінны «са страхам» праводзіць наш час тут на зямлі. Ці гэта значыць, што мы мусім жыць пад вялікім страхам перад Богам? З аднаго боку так, калі з другога – не. Слова Божае ўпэўнівае нас, што калі мы веруем у Хрыста, Яго не пакідаем і Яго слухаемся, Дух Сьвяты застаецца з намі, дапамагае нам жыць сьвятым вобразам жыцьця. Такім абяцаецца шчасьлівае вечнае жыцьцё пасьля іхняга адыходу зь зямнога жыцьця. Калі мы верна служым Богу, слухаемся Яго, нам няма чаго баяцца. Мы можам быць упэўненымі ў збаўленьні нашых душаў. Але з другога боку нам трэба таксама жыць пад нейкім страхам перад Богам. Бог бачыць, як мы праводзім час тут на зямлі. Гэта ж павінна падахвочваць нас заставацца абачлівымі, як жывём, чым займаемся. Здаровы страх перад Богам памагае нам асьцерагацца грэшнага вобразу жыцьця і дбаць пра тое, як мы ставімся да Бога і да іншых людзей. Вось у гэтым сэнсе няма нічога дрэннага ў праўленьні страху перад Богам. Такі страх нясе свае станоўчыя вынікі для нас цяпер.

Аўтары кніг Новага Запавету паўторна раяць нам вернікам праяўляць любоў іншым, рабіць ім дабро і старацца жыць ў згодзе зь іншымі, нават калі нешта зь іхняга боку нам не падабаецца. Напрыклад, у Пасланьні да каласянаў апостал Павал кажа: «Дык апранецеся, як выбраныя Божыя, сьвятыя і ўлюбёныя, у міласэрнасьць, ласкавасьць, пакору, ціхасьць, доўгацярплівасьць, церпячы адзін аднаго і прабачаючы адзін аднаму. Калі хто на каго мае крыўду, як Хрыстос дараваў вам, гэтак і вы. А па-над ўсё апранецеся ў любоў, якая ёсьць вузел дасканаласьці... Усё, што вы робіце, словам або учынкам, усё рабеце ў імя Госпада Ісуса, дзякуючы празь Яго Богу і Айцу. Жонкі, падпарадкоўвайцеся мужам вашым... мужы, любеце жонак... дзеці, слухайцеся бацькоў... бацькі, не зьнеахвочвайце дзяцей вашых... слугі, ва ўсім слухайцеся паноў паводле цела. Усё, што робіце, рабеце ад душы, як для Госпада, а не для людзей, ведаючы, што ад Госпада атрымаеце ўзнагароду спадчыны, бо вы служыце Госпаду Хрысту». Вось у гэтым сэнсе мы ходзім «са страхам» перад нашым Богам і Ён усё гэта заўважае. Ён, бачачы нас цяпер, тым больш дабраслаўляе нашае цяперашняе жыцьцё, але таксама ўзнагародзіць нас асаблівымі дарамі ў будучым нябесным жыцьці. Нічога добрага, што мы вырабляем цяпер, не абмінае Гасподняй увагі. Ён усё бачыць і адзначае. Апостал Павал напісаў: «Будзьце непарушныя, непахісныя, у справе Госпадавай праяўляйце рупнасьць заўсёды, ведаючы, што праца вашая не дарэмная перад Госпадам».

Памятайма, што апостал Пётра пісаў гэтыя словы ў той час, калі веруючыя ў Хрыста пераносілі перажываньні ад няверуючых. Іх перасьледавалі як ўлады, так і звыклыя людзі, зь якімі яны жылі і працавалі. Пасьлядоўнікам Ісуса Хрыста было цяжка тады, але думаецца, што прачытаўшы напісанае апосталам Пётрам, многія зь іх падбадзёрваліся, чуючы ягоныя суцяшальныя словы. Ня ведаю, у якім становішчы ты, дарагі слухачу, знаходзісься цяпер, але на падставе прачытанага намі сёньня мы можам сказаць, што Бог ведае пра тваю сітуацыю і бачыць, што ты магчыма пакутуеш. Усё, што здараецца з табою, Гасподняй заўвагі не абмінае, а заўважаецца, і гэта паслужыць тваёй большай радасьці ў будучым існаваньні. Будзьма заставацца ў цеснай лучнасьці з Хрыстом, далей спадзявацца на Яго, прасіць у Яго ўнутранага духоўнага ўмацоўваньня. Я перакананы, што Бог будзе падмацоўваць цябе і мяне пры ўсякіх цяжкасьцях і складанасьцях нашага зямнога жыцьця. Будзьма рабіць усё намі магчымае ад душы дзеля Госпада, і Ён своечасова ўзнагародзіць нас Сваёй дабрынёй. Паводле апосталавых словаў: «ад Госпада атрымаеце ўзнагароду спадчыны, бо вы служыце Госпаду Хрысту». Дапамажы нам, Госпадзе Божа, выконваць Тваю волю і Табою суцяшацца! Амэн.