ВЫ ПАМЕРЛІ ДЛЯ ЗАКОНА



Сардэчна вітаю вас, шаноўныя слухачы! Дазвольце мне запытацца – ці хтосьці з вас калісьці ў сваім жыцьці папаў у такую сытуацыю, што зрабіў нешта дрэннае альбо іншаму чалавеку пашкодзіў, а потым толькі, усьвядоміўшы аб памылцы, вы пачалі шкадаваць, што ня так зрабілі? Можа гэта неяк паўтараецца ў цябе, паважаны слухач. Хочаш рабіць адно, менавіта нейкую добрую і карысную рэч камусьці, а на самай справе выходзіць нешта зусім інакшае. Тое, чаго мы не хацелі, як раз і здараецца. Чым гэта растлумачыць? Чаму час ад часу, калі імкнесься рабіць камусьці дабро, атрымліваецца нешта прыкрае? 


У Бібліі мы чытаем, што апостал Павал сустракаўся з такою дылемаю, бо ў Пасланьні да рымлянаў ён адкрыта і кажа: «Ня тое раблю, што хачу, а што ненавіджу, вось тое раблю».  Значыцца, ён, будучы вялікім апосталам Паўлам, які столькі дабра зрабіў людзям, таксама перажываў тыя моманты, калі змагаўся са сваімі дрэннымі ўчынкамі. Не заўсёды рабіў тое, чаго хацеў, але так часамі і выходзіла ў яго. Думаецца, што бальшыня з нас згодзіцца з апосталам, што так час ад часу здараецца і з намі. У сёмым разьдзеле названага пасланьня апостал тлумачыць, што мы прыпамінаем Божы закон, прыкладам - нейкія загады зь Дзесяці Запаведзяў, стараемся выконваць іх, а ўся роўна прыходзяць тыя моманты, калі мы парушаем нейкі загад або загады ды прызнаём, што жыць заўсёды згодна з Гасподнім законам цяжка. Колькі б ні стараліся мы выконваць усе пункты Божага закона, парушаем некаторыя. 
Апостал Павал параўноўвае гэтую сытуацыю з тым, што замужняя жонка цесна зьвязаная з сваім мужам, які патрабуе дасканалых паводзінаў і ніякага адступленьня ад сваіх правілаў ёй не дазваляе. Аднак колькі б жонка ні старалася выконваць ўсе патрабаваньні мужа, яна мучыцца, будучы пад Ягоным строгім кантролем. З тым мужам бывае надта цяжка. У сапраўднасьці жыць з такім строгім мужам проста немагчыма! Што тут рабіць, каб вызваліцца ад яго? Выходзіць, што толькі сьмерць мужа можа яе вызваліць ад цяжкай ношы. Апостал Павал апісвае сытуацыю словамі: «Замужняя жанчына прывязаная законам да жывога мужа, а калі памрэ муж, яна вызваляецца ад закона замужжа».  І вось як жонка прывязаная да мужа, так і мы людзі адчуваем, што прывязаныя да Божага закона, але мы таксама ведаем, што мы заслабыя, каб выконваць усе запаведзі. Гэта асабліва так, калі мы знаёмімся з Божым законам, чытаючы Біблію, як Новы Запавет, так і Стары. З тае прычыны, што мы няздольныя ў дасканаласьці трымацца ўсіх Гасподніх запаведзяў, гэты закон пагражае нам пакараньнем за непаслухмянасьць Богу. У Эдэмскім садзе Адаму было сказана, што «з кожнага дрэва ты будзеш есьці, а з дрэва спазнаньня дабра і зла, ня еж зь яго, бо ў дзень, калі ты пакаштуе зь яго, сьмерцю памрэш».  І ў духоўным сэньсе Адам памёр, калі з жонкай пакаштаваў плод з таго дрэва. Апостал напісаў, што «расплата за грэх (гэта значыць, за непаслушэнства Божаму закону) – сьмерць». 
Што тут рабіць і якім спосабам перавярнуць гэтую сытуацыю да лепшага стану перад Богам? Апостал адказвае, што трэба вызваліцца ад закона і спазнаць Гасподнюю сілу, якая даецца нам як раз дзеля таго, каб мы маглі жыць згодна з Гасподнім законам і не адчуваць таго сталага прыгавору да кары і сьмерці. Паводле ягоных словаў: «Закон мае ўладу над чалавекам, пакуль чалавек жывы. Замужняя жанчына прывязана законам да жывога мужа; а калі памрэ муж, яна вызваляецца ад закона замужжа. А таму, калі пры жывым мужы яна выйдзе за другога, будзе называцца пералюбніцаю; а калі памрэ муж, яна вольная ад закона і ня будзе пералюбніцаю, як выйдзе за другога мужа».  Ча¬лаве¬ку, які хоча Богу служыць і задавольваць Яго ўчынкамі, відаць служыць таму строгаму настаўні¬ку, што называецца законам. Ён вызначае ўсе патрабаваньні для праведнага жыцьця, але таксама асуджае чалавека на кару за ягоную нямог¬ласьць тых загадаў трымацца, іх выконваць. Чалавек сваімі ўласнымі імкненьнямі і стараньнямі ня можа ў дасканаласьці трымацца Гасподніх запаведзяў; ён стала парушае Божыя загады. Часта людзі з добрымі намерамі прыходзяць да высновы, што дагаджаць Богу высокім маральным жыцьцём нерэальна і па-просту немагчыма, таму і перастаюць імкнуцца да гэтага. Яны могуць страціць усякую надзею на перамогу ў барацьбе за высокі ўзровень праведнага жыцьця. Што патрэбна тым людзям, якія хочуць Богу дагаджаць думкамі, намерамі і самімі ж дзеямі?
Трэба такім навярнуцца да Хрыста, прызнацца ў сваёй няздольнасьці жыць згодна з Гасподнімі запаведзямі. І калі чалавек веруе ў Хрыста, прымае Яго сваім адзіным Ратавальнікам ды просіць Ягонай дапамогі, Збаўца прыходзіць і адказвае на ягоную патрэбу. Як толькі чалавек навяртаецца да Хрыста, ён сапраўды памірае разам з Хрыстом да грэшнага спосабу жыцьця і ўваскрашае да новага вобразу жыцьця. Дух Сьвяты дзейнічае ў верніку і памагае яму жыць праведна. Інакш кажучы, вернік атрымлівае новую духоўную сілу карыстацца Гасподняй сілай, якая працуе ў ім. Веруючы пачынае спадзявацца на Духа Сьвятога ў выконваньні Божай волі. Зьвернем увагу на словы апостала Паўла, калі ён піша, што «гэтак і вы, браты мае, памерлі для закона Целам Хрыстовым, каб належаць Іншаму, Уваскрэсламу зь мёртвых, каб прынесьлі мы плод Богу».   Вызваленьне ад прыгнёту закона ажыцьцяўляецца толькі тады, калі мы па-сапраўднаму навяртаемся да Хрыста і ідзём усьлед за Ім. У Пасланьні да галятаў апостал далей растлумачвае гэтую рэчаіснасьць словамі: «Да прышэсьця веры, мы былі замкнутыя пад вартаю закона да таго часу, як мела адкрыцца вера. Дык вось закон быў для нас павадыром да Хрыста, каб нам апраўдацца вераю; а як прыйшла вера, мы ўжо не пад кіраваньнем павадыра. Бо ўсе вы сыны Божыя па веры ў Хрыста Ісуса; усе вы, хто хрысьціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся!».  Паважаныя прыяцелі, закон Божы быў дадзены нам дзеля асаблівай мэты, - каб мы спазнавалі, што такое грэх і як ён можа кіраваць намі, хоць нават гэтага мы ўпачатку не заўважаем і не ўяўляем сабе. Аднак маючы Хрыста ў сабе, мы раптам атрымліваем новую сілу, неабходную для практычнага праведнага жыцьця, якога Бог патрабуе ад нас. Будучы з Хрыстом, мы вызваляемся ад той ранейшай пагрозы, што мы прысуджаныя да грэшнага жыцьця і да ягоных нежаданых вынікаў. У Хрысьце мы атрымліваем і адчуваем свабоду і Ягоную сілу, каб жыць згодна зь Ягонымі запаведзямі пры дапамозе Духа Сьвятога. 
Старазапаветны ізраільскі народ даведаўся пра сваё нежаданьне і няздольнасьць жыць тым жыцьцём, якога патрабаваў Госпад Бог. Ён часта парушаў Гасподнія загады і за гэта нямала пакутаваў. Напрыклад, пра гэта мы чытаем ў кнізе Ераміі: «Так кажа Госпад Саваоф, Бог Ізраілеў: вы бачылі ўсё бедзтва, якое Я навёў на Ерусалім і на ўсе гарады Юдэйскія; вось, яны цяпер пустыя, і ніхто ня жыве ў іх, за бязбожнасьць іхнюю, якую яны чынілі, гневаючы Мяне, ходзячы кадзіць і служыць іншым божышчам, якіх ня ведалі ні яны, ні вы, ні бацькі вашыя. Я пасылаў да вас усіх рабоў Маіх, прарокаў, пасылаў з самае раніцы, каб сказаць: “не рабеце гэтае агіднае справы, якую Я ненавіджу”. Але яны ня слухаліся і не прыхілілі вуха свайго, каб адвярнуцца ад сваёй бязбожнасьці, не кадзіць іншым багам. І вылілася лютасьць Мая і гнеў Мой і разгарэлася ў гарадах Юдэі і на вуліцах Ерусаліма; і яны зрабіліся развалінамі і пустыняю, як бачыце сёньня».  Так, Бог караў старазапаветны народ за ягоную непаслухмянасьць Яму, але таксама Ён гаварыў пра той час, калі пашле Свайго Сына на зямлю, і Ён станецца тым Ратавальнікам, Які вызваліць людзей з-пад пагрозы Божага закона і ад кіруючай сілы чалавечай грэшнай натуры. 
У кнізе прарока Эзакііля мы знаходзім цікавыя прадказальныя словы, што непасрэдна тычацца ізраільскага народа, але таксама адносяцца да кожнага з нас, якія належаць да Хрыста. Гучаць яны гэтак: «Так кажа Госпад Бог: ня вам Я зрабіў гэта, доме Ізраілеў, а дзеля сьвятога імя Майго, якое вы зьняславілі ў народаў, куды прыйшлі. І асьвячу вялікае імя Маё, неславёнае ў народаў, сярод якіх вы зьняславілі яго, і ўведаюць народы, што Я - Госпад, кажа Госпад Бог, калі яўлю на вас сьвятасьць Маю перад вачыма іхнімі. І вазьму вас з народаў і зьбяру вас з усіх краін і прывяду вас у зямлю вашую. І акраплю вас чыстаю вадою, - і вы ачысьціцеся ад усіх пахібаў вашых, і ад усіх ідалаў вашых ачышчу вас. І дам вам сэрца новае і дух новы дам вам; і вазьму з плоці вашай сэрца каменнае і дам вам сэрца плацяное. Укладу ўсярэдзіну вас Духа Майго і зраблю так, што вы будзеце хадзіць ў запаведзях Маіх і пастановы Мае будзеце захоўваць і выконваць».  Ці заўважылі вы, слухачы, што Бог паабяцаў даць будучым пакаленьням вернікаў новае сэрца і новы дух, якія будуць ахвотна жыць у паслухмянасьці Богу і Ягоным запаведзям. Каменнае сэрца Ён зробіць мяккім, што і паможа верніку жыць новым перамененым спосабам, дзе будзе панаваць Госпад Бог, а не нашая грэшная прырода. 
Шаноўныя слухачы, сіла на праведнае жыцьцё даецца тым, хто шукае Бога і ідзе да Хрыста. Дух Божы пануе ў сэрцах тых, хто ідзе ўсьлед за Хрыстом з просьбаю Ягонага ўдзелу і дапамогі. Так і піша апостал Павал  у Пасланьні да рымлянаў: «Такім чынам - няма сёньня ніякай асуды тым, хто ў Ісусе Хрысьце жыве не паводле плоці, а паводле Духа, бо закон Духа жыцьця ў Хрысьце Ісусе вызваліў мяне ад закона грэху і сьмерці. Як закон, аслаблены плоцьцю, быў бясьсільны, дык Бог паслаў Сына Свайго ў падабенстве плоці грахоўнай у ахвяру за грэх, і асудзіў грэх у плоці, каб апраўданьне закона спраўдзілася ў нас, хто не паводле плоці жыве, а паводле Духа. Бо, хто жыве паводле плоці, пра плоцкае і думае, а хто жыве паводле Духа - пра духоўнае. Думкі плоцкія - сьмерць, а думкі Духа - жыцьцё і мір». 
Ці ты навярнуўся да Хрыста, шаноўны слухач? Калі не, то чым хутчэй прымяні тыя першыя крокі да Хрыста і рабі, што ў Слове Божым патрабуецца ад цябе. Калі ўжо навярнуўся да Хрыста, то працягвай узрастаць у лучнасьці з Госпадам Богам: чытай Ягонае Слова, стала маліся, хадзі на набажэнствы і сустракайся з тымі хрысьціянамі, якія прапаведуюць і растлумачваюць Гасподняе Слова. І кожны дзень прасі і спадзявайся на Духа Сьвятога, каб Ён дапамагаў табе ва ўсіх справах жыцьця. Ён табе будзе дапамагаць згодна з тваімі просьбамі.