Упэўненасьць у збаўленьні



Паважаны слухачу, ці калісьці падумаў ты над гэтым пытаньнем: у Бібліі часта гаворыцца, што, той, хто ўвераваў ды прыняў Хрыста як свайго Ратавальніка ад грахоў, можа быць ўпэўненым, што застаецца збаўленым ад сваіх грахоў, іх наступстваў і будучага пакараньня за іх. Ці яно так і ёсьць? Карацей кажучы, будучы веруючым, ці магу я быць упэўненым у сваім збаўленьні? Слова Божае ў шматлікіх месцах гаворыць, што веруючы жыве пад абяцаньнем шчасьлівага вечнага жыцьця пасьля ягонага адыходу зь зямнога існаваньня. Калі гэта так, то ці гэта дае яму поўную ўпэўненасьць у тым, што ён атрымае цудоўнае радаснае вечнае жыцьцё ў прысутнасьці Бога? Гэта слушнае пытаньне і заслугоўвае асаблівай увагі і перагляду.


Сапраўды мы знаходзім цэлы шэраг месцаў у Сьвятым Пісаньні, якія даюць нам прычыну верыць таму, што кожнаму, хто верыць у Збаўцу Хрыста, абяцаецца тая акалічнасьць, што зьявіцца ў Божай і Хрыстовай прысутнасьці ды будзе жыць пры вялікай радасьці і задаволенасьці на ўсю вечнасьць. Прыгадаем некалькі такіх месцаў. Напрыклад апостал Павал піша: «Калі ты вуснамі тваімі прызнáеш Ісуса Госпадам і ў сэрцы тваім будзеш верыць, што Бог уваскрэсіў Яго зь мёртвых, будзеш збаўлены, бо сэрцам верыцца дзеля праведнасьці, а вуснамі прызнаецца дзеля збаўленьня... Кожны, хто пакліча імя Гасподняе, будзе збаўлены». У гэтых словах падразумяваецца, што чалавеку трэба з каяньнем зьвярнуцца да Бога з просьбаю ўратаваньня ад грахоў і іх наступстваў ды зь вераваньнем у Хрыста як свайго асабістага Збаўцу і Госпада-Уладара. Але гэтую веру ў Хрыста трэба вуснамі выказаць перад іншымі людзьмі, кажа апостал. Ён таксама дадае, што верніку трэба быць перакананым ва ўваскрэсеньні Хрыста зь мёртвых. Вынікам таго будзе ўпэўненасьць ва ўратаваньні ад будучай кары за нашыя грахі. 


У іншым месцы Багаслоў Ян піша, што вера ў Хрыста дае верніку абяцаньне шчасьлівага вечнага жыцьця. Чытаем: «Калі мы прымаем сьведчаньне людзей, то сьведчаньне Божае большае, бо гэта ёсьць сьведчаньне Бога, якім Ён засьведчыў пра Свайго Сына. Хто верыць у Сына Божага, той мае сьведчаньне ў сабе самім. Хто ня верыць Богу, той зрабіў Яго лгуном, бо не паверыў у сьведчаньне, якім Бог засьведчыў пра Свайго Сына. А гэта ёсьць сьведчаньне, што Бог даў нам вечнае жыцьцё і гэтае жыцьцё ў Ягоным Сыне. Хто мае Сына, той мае жыцьцё; хто ня мае Сына Божага, ня мае жыцьця. Я напісаў вам гэта, каб вы ведалі, што вы маеце жыцьцё вечнае, – тым, хто верыць у імя Сына Божага». 


Перш за ўсё заўважаем, што гэтыя словы накіраваныя тым людзям, якія ўжо навярнуліся ды ўверавалі ў Хрыста, прыняўшы Яго сваім асабістым Збаўцам і Госпадам-Уладаром. Апостал Ян тут жа падбадзёрвае і тым больш упэўнівае іх у тым, што, увераваўшы ў Хрыста, іх чакае шчасьлівае вечнае жыцьцё ў Гасподняй прысутнасьці. Ён падкрэсьлівае думку, што вечнае жыцьцё сапраўды будзе дадзена тым людзям, але ён таксама падчырквае, што іхняя вера мусіць быць жывой і трывалай. У грэцкім арыгінале даволі ясна перадаецца дзеяслоўны час: вернік працягвае вераваць у Хрыста. Справа тут жа тычыцца нашай вернасьці Хрысту, што значыць, ад Яго мы не адступаемся. Замест таго мы моцна трымаемся Яго і так мусім рабіць да самой сьмерці. Той, хто мае і застаецца ў цеснай лучнасьці з Сынам Божым, знаходзіцца пад абяцаньнем, што будзе збаўлены ад кары за ягоныя грахі і зьявіцца ў нябесным прыстанішчы. Калі так станецца для верніка, то адмоўнае стаўленьне да Хрыста і Бога прывядзе чалавека да супрацьлеглага выніку. Хто ў Хрыста ўвераваў, але зь цягам часу перастаў трымацца Яго, такому вечнае жыцьцё не абяцаецца. Памятайма, што Хрыстос сказаў Сваім вучням: «Заставайцеся ўва мне і Я буду заставацца ў вас». Пакуль мы трымаемся Хрыста і Ён застаецца ў нашым сэрцы, Ён нас не пакідае і, калі мы прыйдзем да канца свайго зямнога жыцьця зь Ім у душы, то атрымаем тое радаснае вечнае жыцьцё зь Ім, што абяцалася ў Слове Божым, пакуль мы былі тут на зямлі. Мы можам быць упэўненымі, што як гаворыцца ў Слове Божым, так і здарыцца з намі.


Што трэба рабіць, каб заставацца ў Хрысьце? У Пасланьні да калясянаў апостал Павал узгадвае, што Бог цераз Хрыста далучыў калоскіх вернікаў да Сябе і вызваліў іх ад злых дзеяў, якімі яны займаліся да навярненьня. Ён кажа: «І вас, якія былі некалі адлучаныя і ворагі, разуменьнем зьвернутыя да злых учынкаў, цяпер прымірыў ва ўласным целе Яго (гэта значыць – Хрыста) празь сьмерць, каб паставіць вас сьвятымі, беззаганным, і бездакорнымі перад Сабою, калі вы сапраўды застаяцеся ў веры цьвёрда і непарушна і не адступаецеся ад надзеі Дабравесьця, якое вы чулі». Апостал тут жа прыгадвае каласянам, што яны раней былі адарваныя ад усякага кантакту з Богам. Прыйшоў той час, калі яны пачулі вестку пра Хрыста і Ягоную ахвярную сьмерць за іхнія грахі. Яны пакаяліся ў сваіх грахах і грэшнасьці перад Богам, навярнуліся да Хрыста, прыняўшы Яго за свайго Ратавальніка і Начальніка, і цяпер працягвалі жыць паслухмяна Яму і з поўнай надзеяй на Яго. Апостал падказвае, што тыя, хто верыць у Хрыста і ідзе ўсьлед за Ім, стаіць перад Богам Айцом сьвятымі, беззаганнымі і бездакорнымі. Гэта проста цудоўна! Сьвяты і дасканалы ва ўсім Бог Творца неба і зямлі дараваў і прыняў у Сваю духоўную сям’ю тых грэшных каласянаў і цяпер яны ў статусе аказваюцца перад Ім сьвятымі, пазбаўленымі ўсякіх заганаў і дакораў. Але тут жа таксама выказваецца яўная ўмова для таго, каб гэты стан заставаўся дзейсным перад Госпадам Богам. Ім трэба цьвёрда і непарушна трымацца той жывой веры, якую яны напачатку праявілі, калі навярнуліся да Хрыста, і не адступацца ад надзеі на Хрыста. Пакуль яны трымаліся Хрыста і веры ў Яго, яны маглі цешыцца з таго, што маюць гэты стан перад Богам. Адваротная мажлівасьць заключаецца ў супрацьлеглым: калі хто перастае вераваць або адступаецца ад Бога Айца і Хрыста, ён пазбаўляецца ўсякай пэўнасьці, што застаецца апраўданым перад Богам. Тут жа неабходная тая трывалая вера ў Хрыста і сталы рост у веры.


Апостал Павал напэўна гэта меў на ўвазе, калі ў лісьце напісаў вернікам у Карынфе наступныя словы: «Паведамляю вам, браты, Дабравесьце, якое я абвяшчаў вам, якое вы і прынялі, у якім вы і стаіце, празь якое вы ратуецеся, калі трымаецеся слова, якое я абвяшчаў вам, калі толькі нямарна ўверавалі». Заўважаем дапушчэньне апостала, што карынфскія вернікі працягваюць ратавацца ад грахоў і грэшных уплываў, значыцца, гэты працэс працягваецца, бо яны застаюцца ў цеснай лучнасьці з Хрыстом. Ад Яго не адступаліся, а моцна Яго трымаліся. Так, гэта працяглы працэс і спыніцца толькі ў той час, калі яны пакінуць зямное жыцьцё. Гэты працэс ратаваньня працягваецца дзякуючы таму, што яны трымаюцца і далей разьвіваюцца ў тым, што напачатку было выказана ім апосталам. Ён падказвае ім, што яны могуць быць упэўненымі ў сваім будучым збаўленьні з тае прычыны, што ўвераваўшы, яны застаюцца вернымі Хрысту, слухаюць Яго і стараюцца ва ўсім выконваюць Ягоную волю. 


Дык вось мы вяртаемся да пытаньня: ці веруючы ў Хрыста чалавек можа быць упэўненым у сваім будучым збаўленьні? Адказ – сапраўды так, але гэта залежыць ад таго, ці ён трымаецца Хрыста, ці ягоная вера ў Хрыста застаецца жывой і актыўнай, ці вернік застаецца верным Богу і Хрысту паслухмянасьцю Яму і з поўным спадзяваньнем на Духа Сьвятога, Які працуе ў ім? Калі так вернік жыве, то можа быць упэўненым ў сваім будучым уратаваньні ад грахоў і пакараньня за іх. А калі вернік пакідае Хрыста і перастае жыць пад Ягоным кіраваньнем, ён страчвае ўпэўненасьць у сваім збаўленьні. 


Дазволь мне запытацца ў цябе, паважаны слухач: ці ты навярнуўся да Хрыста, пакаяўшыся і ўвераваўшы ў Ягоную ахвярную сьмерць за твае грахі? Калі так, ці ты працягваеш жыць пад Ягоным кіраваньнем, чытаючы рэгулярна Ягонае Слова, каб гэтым чынам і малітвай заставацца ў цесным кантакце і лучнасьці зь Ім? Калі так жывеш, то можаш быць упэўненым, што пасьля твайго адыходу зь зямнога жыцьця, ты зьявісься ў Гасподняй прысутнасьці. А калі ты не навярнуўся да Хрыста, або навярнуўшыся да Яго, адвярнуўся ад Яго і перастаў сустракацца зь Ім, то ў такім выпадку ніякай пэўнасьці няма для цябе, што збавісься. Падахвочваю цябе навярнуцца да Хрыста, калі гэтага дасюль не зрабіў, або вярнуцца да Яго, калі у мінулым калісьці ўпершыню навярнуўся да Яго, але зь цягам часу блізкасьць з Хрыстом страціў. Бог дапаможа табе вярнуцца да Яго незалежна ад таго, у якім ты стане знаходзісься перад Ім цяпер. Калі папросіш, Ён Духам Сьвятым прыйдзе і дапаможа табе ва ўсіх пытаньнях цяперашняго жыцьця і сваім часам прывядзе цябе да радаснага вечнага жыцьця.