У першым пасланьні Багаслова Яна мы двойчы сустракаем выраз: «Бог ёсьць любоў». У ранейшых гутарках мы займаліся тлумачэньнем дадзенага выразу. Я выказаў думку, што існуе і дзейнічае тая частка Божае любові, якую мы маглі б назваць Ягонай агульнай літасьцівай або міласэрнай любоўю. Яна накіравана да ўсяго чалавецтва, ці верагодней, да кожнага чалавека паасобку з заклікам яму навярнуцца да Бога з прызнаньнем сваёй грэшнасьці перад Ім, зь вераваньнем і прыняцьцем Ісуса Хрыста сваім асабістым Збаўцам ад грахоў ды з намерам нованаверненага жыць паслухмяна Богу.
Але існуе і працуе другая частка Божай любові, якую я называю Гасподняй «умоўнай любоўю». Чаму ўмоўнай? Таму, што яна нясе спэцыфічныя ўмовы для нас людзей. Якія ўмовы менавіта? Розныя. Давайце перагледзем пару прыкладаў, якія мы знаходзім у Дабравесьці паводле Яна. У чатырнаццатым разьдзеле запісаны словы Хрыста гэтакія: «Хто мае запаведзі Мае і іх выконвае, той любіць Мяне; а таго, хто любіць Мяне, палюбіць Мой Айцец, і Я палюблю яго і зьяўлюся яму Сам... Калі хто любіць Мяне, ён будзе выконваць Маё слова, і Мой Айцец палюбіць яго, і да яго Мы прыйдзем ды жыльлё ў яго ўчынім Сабе. Хто ня любіць Мяне, той Маіх словаў не выконвае». З гэтых словаў прыходзім да высновы, што кожны чалавек павінен любіць Бога і Хрыста. Адказнасьць за гэта ляжыць на нас саміх. І калі любім Бога Айца і Ісуса Хрыста, дык гэта паказваем тым, што знаёмімся з Гасподнімі запаведзямі ды стараемся з поўнай надзеяй на Яго іх выконваць. У выніку таго мы атрымліваем асаблівае дабраславеньне, - Бог Айцец і Бог Сын у відзе Духа Сьвятога прыходзяць да нас і пасяляюцца ў нашых сэрцах. Усё гэта дзякуючы таму, што мы навярнуліся да Хрыста ды стараемся жыць згодна з патрабаваньнямі Божага закону. Той, хто на Бога і Ягоныя запаведзі не зьвяртае ніякай увагі, паказвае, што Бога і Хрыста ня любіць. Такая асоба ў сапраўднасьці парушае найвялікшую запаведзь, што выказваецца ў Сьвятым Пісаньні, - менавіта, «Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам сваім, усёю душой тваёй, усім разуменьнем тваім і ўсёю моцаю сваёю».
Крыху далей у Дабравесьці паводле Яна мы заўважаем яшчэ іншыя наказы Хрыста аб тым, што нам трэба рабіць, каб даведвацца пра Ягоную любоў і апеку над намі. Хрыстос сказаў, што Ён ёсьць вінаградная Лаза, а мы – галіны, якія вырастаюць зь Яго. Збаўца сказаў: «Хто ўва Мне застаецца, а Я ў ім, той прыносіць шмат плоду, бо безь Мяне вы нічога ня можаце рабіць. Калі хто не застаецца ўва Мне, ён будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне; і іх зьбіраюць і кідаюць у агонь і яны згараюць». Збаўца яшчэ дадае: «Як палюбіў Мяне Айцец, так і Я вас палюбіў: заставайцеся ў Маёй любові. Калі вы будзеце выконваць Мае запаведзі, вы застаняцеся ў Маёй любові, як Я запаведзі Майго Айца зьбярог і застаюся ў Ягонай любові». На падставе гэтых слоў мы мяркуем, што нам вернікам трэба заставацца ў Хрысьце. Гэты наказ мы самі захоўваем, што і спрыяе нашаму далейшаму прабываньню ў Хрысьце. Калі мы трымаемся Хрыста, нашая сяброўская лучнасьць зь Ім разьвіваецца і ўмацоўваецца.
Заставацца ў Хрысьце – што гэта ў сапраўднасьці значыць? У самым простым выглядзе гэта значыць, што мы спазнаѐм Божыя запаведзі ды іх выконваем. Калі хто ў Хрысьце не застаецца, Ягоных запаведзяў не выконвае, у ім Хрыстос не застаецца. Любоў Хрыста дзейнічае ў нас і Ён працягвае пражываць у нас дзякуючы таму, што мы зь Ягонай дапамогай робім усё магчымае, каб ад Яго не адступацца, а заставацца ў Ім. У шаснаццатым разьдзеле Дабравесьця паводле Яна мы чытаем словы Хрыста, што «Сам Айцец любіць вас, таму што вы Мяне палюбілі і ўверавалі, што Я ад Бога выйшаў» Значыцца, ня толькі павінны мы слухацца Хрыста, але таксама павінны верыць, што Ён быў пасланы ад Бога Айца. Менавіта ў гэтым заключаецца ўмоўная частка Хрыстовай любові да нас. Ці мы з табою, шаноўны слухачу, трымаемся Хрыста, ці Ён працягвае жыць у нашых сэрцах? Справа залежыць ад таго, ці паслухмяныя мы Яму абоѐ не? Са свайго боку магу сказаць, што я стараюся выконваць Гасподнія загады, што і дапамагае мне ў сваім жаданьні заставацца ў Хрысьце. Спадзяюся, што тое самае можаш сказаць пра сябе, шаноўны слухачу.
Але гэта прыводзіць нас да наступнага пытаньня: ці бываюць тыя выпадкі, калі Бог кагосьці ня любіць, нават ненавідзіць? Даецца такі прыклад у дзявятым разьдзеле Пасланьня апостала Паўла да рымлянаў, дзе згадваюцца два браты – адзін, якога Бог палюбіў, і другі, якога Бог не палюбіў. Гаворка ідзе пра сыноў старазапаветных бацькоў Ісаака і Рэвекі: Якава і Ісава. Тлумачыцца, што нават перад тым, як у Рэвекі нарадзіліся сыны, - а яны былі блізьнятамі, Бог ужо рашыў, што старэйшы (гэта значыць, які выйшаў першы з улоньня Рэвекі) будзе служыць маладзейшаму, што супярэчыла звычаю таго грамадзтва, у якім яны нарадзіліся. Перадаюцца словы Самога Бога гэтакія: «Якава Я палюбіў, а Ісава ўзьненавідзеў». Вядома, што дзеяслоў «узьненавідзець» даволі моцны ў значэньні, асабліва тут жа, калі яно выказваецца Самім жа Богам. Выходзіць, што Бог можа, калі на гэта ёсьць прычына, кагосьці зь людзей узьненавідзець! Ён карыстаецца гэтым правам, ці ж яно ня так, дарагі слухачу! Прароку Майсею аднойчы Госпад выказаўся: «Памілую таго, каго памілую, і пашкадую таго, каго пашкадую»! - і гэта незалежна ад нашых людзкіх поглядаў. Я асабіста веру, што ў дадзеным выпадку Бог прадбачыў, што старэйшы Ісаў без усякай развагі здасьць сваё першародзтва за міску сачавіцы, таму Бог і ўзьненавідзеў Ісава і Сваю перавагу пераклаў на Якава. Такім жа самым чынам Бог зьвярнуўся да фараона ў Эгіпце. Госпад прадбачыў, што фараон Яго слухацца ня будзе, таму Госпад узьненавідзеў ды скарыстаў яго для Сваіх мэтаў у вызваленьні ізраільскага народа з-пад эгіпэцкага нявольніцтва.
І сапраўды, калі мы глядзім у іншыя месцы Сьвятога Пісаньня, мы бачым, што Бог ліхадзеяў ня толькі не недалюблівае, Ён іх проста ненавідзіць. Цар Давід напісаў пра гэта: «Ты, Божа, беззаконьняў ня любіш; ліхадзей пры Табе не аселіцца. Бязбожнікі прад вачыма Тваімі ня выстаяць, Ты ненавідзіш усіх ліхадзеяў. Ты загубіш усіх ашуканцаў; крыважэрцамі і падступнымі Госпад пагарджае». З гэтага даволі ясна, што Бог ненавідзіць тых, хто гвалтуе або ашуквае іншых. Дзясятая псальма гучыць гэтак: «Госпад выпрабоўвае праведніка, а бязбожніка і ліхадзея ненавідзіць душа Ягоная». Бог ненавідзіць тых, хто чыняць зло і крыўдзіць іншых сваімі зламыснымі намерамі і дзеямі. У Сьвятым Пісаньні нідзе не сказана, што Бог праяўляе любоў да такіх людзей. Сваю літасьцівую любоў Госпад вылівае на тых людзей, якія шукаюць Яго і Ягоны шлях праведнасьці. А гэта сваім часам вядзе чалавека да каяньня і перамены ў жыцьці, думках і паводзінах. Гэта праўда, што Гасподняя агульная літасьцівая любоў выліваецца на ўсё чалавецтва, але Ягоная асаблівая ўмоўная любоў даходзіць да тых, хто шукае Яго і праяўляе жаданьне жыць паводле Ягоных запаведзяў. Калі хто сьцьвярджае, што Бог моцна любіць зладзеяў незалежна ад іхніх ліхіх учынкаў, то як мне здаецца, ён памыляецца. Слова Божае вучыць, што нам ўсім, і ў тым ліку ліхадзеям, аднолькава трэба пакаяцца, каб атрымаць дараваньне грахоў і зьмяніцца Духам Сьвятым на лепшы лад жыцьця і апынуцца ў Царстве Гасподнім. А калі чалавек ведае, як ён павінен паводзіць сябе па-Божамцу, а таго ня робіць ды працягвае крыўдзіць іншых, ён за гэта будзе моцна пакараны. У кнізе Адкрыцьцё мы чытаем такія папераджальныя словы: «А баязьлівым і няверным, і паганым і забойцам, і любаблуднікам і чарадзеям, і ідаласлужнікам і ўсім ашуканцам - іхняя доля ў возеры, якое гарыць агнём і серкаю; гэта - сьмерць другая».
Пачуўшы пра Гасподнюю ўмоўную любоў, як павінны мы рэагаваць? Як заўжды, нам трэба зьвяртацца да Госпада Бога з пакорнасьцю і гатоўнасьцю Яго слухацца. А гэта значыць, што мы адкрываем Божую кнігу, Біблію, чытаем яе і робім тое, што ў ёй патрабуецца ад нас. Іншага падыходу няма і ня можа быць, калі мы хочам заставацца ў Ягонай любові ды пад Ягонай апекай. Верыць у Хрыста як свайго асабістага Ратавальніка ад грахоў і іх наступстваў – гэта адно, калі жыць у поўнай паслухмянасьці Яму ёсьць другая справа, якая патрабуе нашай самай сур’ёзнай увагі. Спадзяюся, што ты, паважаны слухачу, чытаеш Біблію з поўнай увагай і стараесься жыць паводле яе настаўленьняў. Рабі гэта далей і спадзявайся на Духа Сьвятога і Бог дапаможа табе жыць па Ягонай волі.