Прымушаць маўчаць невуцтва



Мы працягваем знаёміцца са зьместам Першага пасланьня апостала Пётры, дзе ў другім разьдзеле мы чытаем з адзінаццатага верша гэтакія словы: «Улюбёныя, прашу вас, як вандроўнікаў і прышэльцаў, устрымлівацца ад пажадлівасьцяў цела, што змагаюцца супроць душы. Няхай вашыя паводзіны між язычнікаў будуць ўзорнымі, каб яны за тое, што абгаворваюць вас, як злачынцаў, бачачы вашыя добрыя ўчынкі, уславілі Бога ў дзень Ягонага наведаньня».  
Апостал тут жа другім разам у лісьце прыгадвае вернікам Хрыстовым, што яны, будучы тут на зямлі, застаюцца «вандроўнікамі і прышэльцамі», што значыць, мы павінны памятаць, што нашае жыцьцё тут часовае. Нашае прабываньне на зямлі толькі рыхтуе нас да вечнага існаваньня ў Божым будучым Царстве. Мы, так кажучы, цяперака трэніруемся і разьвіваемся ў практычнай сьвятасьці і праведнасьці. Дух Сьвяты быў дадзены кожнаму верніку Хрыстоваму, каб дапамагаць нам у духоўным росьце, што кранае і нашыя стасункі зь іншымі людзьмі. Жыць праведным або сьвятым спосабам жыцьця, канечне, не выконваецца нам неяк натуральна, бо мы знаходзімся пад уплывам сваёй грэшнай прыроды, якая хоць шмат размякчаная Духам Сьвятым, але ж пакуль ўсё-такі застаецца ў нас і час ад часу выяўляецца ў нас. Хрыстос пацьвярджае, што дрэнныя рэчы выходзяць з нашых грахом сапсутых сэрцаў. Ягоныя словы на гэты конт мы чытаем такія: «Тое, што з чалавека выходзіць, апаганьвае чалавека, бо зь сярэдзіны, з сэрца людзей ліхія намеры выходзяць, распуста, крадзеж, забойствы, чужаложства, хцівасьць, зласьлівасьць, подступ, распушчанасьць, ліхое вока, блюзьнерства, пыха, дурнота – вось усё гэтае ліха зь сярэдзіны выходзіць і апаганьвае чалавека».  Такія рэчы аказваюцца больш натуральнымі для нас, але, дзякаваць Богу, усё мяняецца для таго, хто наварочваецца да Бога, каецца ў сваёй грэшнасьці і грахах ды веруе ў Хрыста. Апостал Пётра напісаў гэтае пасланьне людзям, якія ўжо навярнуліся ды ўверавалі ў Хрыста. Яны прынялі Яго за свайго Збаўцу ад грахоў і грэшнага спосабу жыцьця ды выйшлі на новы шлях паслухмянасьці Яму. Таму і кажа апостал, што мы вернікі Хрыстовы мусім устрымлівацца ад пажадлівасьцяў. Але павінны былі яны перажыць духоўнае адраджэньне, што і зьмяніла іх ў стаўленьні да Бога і людзей. Яны сталіся новымі людзьмі з паводзінамі, якія апостал называе «ўзорнымі». Жыць узорным жыцьцём, падобным да жыцьця, пражытага Ісусам Хрыстом, - нялёгкая справа, але з дапамогай Духа Сьвятога яно зусім магчымае. Апостал кажа, што вернікі Хрыстовы павінны праяўляць добрасьць, лагоднасьць і цярплівасьць нават тады, калі бязбожныя людзі іх абгаворваюць, прыгнятаюць і ганьбяць, называючы іх злачынцамі цяпер. Прыйдзе той дзень Гасподні, калі бязбожнікі ўславяць Бога з тым прызнаньнем, што знаёмыя ім веруючыя былі сапраўды добрымі і ўзорнымі ў сваіх стасунках да іх і іншых. Гаворачы аб дні Божага наведаньня, апостал мае на ўвазе той час, калі Хрыстос вернецца на зямлю, каб усталяваць Сваё Царства і ўзнагародзіць верных Яму пасьлядоўнікаў.
І вось апостал далей падахвочвае нас вернікаў практычнымі спосабамі праяўляць тое новае жыцьцё, што даецца нам Духам Сьвятым. Ён дадае: «Падпарадкуйцеся кожнаму чалавечаму ўладкаваньню дзеля Госпада; ці цару, як вярхоўнай уладзе, ці намесьнікам, як ад яго пасыланым дзеля пакараньня злачынцаў і дзеля пахвалы дабрачынцаў, бо такая Божая воля, каб дабрачынцы прымушалі маўчаць невуцтва людзей».  Нам трэба падпарадкоўвацца кожнай чалавечай уладзе дзеля Госпада. Праўда, не заўсёды гэта лёгка зьдзяйсьняць з тае прычыны, што некаторыя ўладальнікі з палітычнай сілай часамі дзейнічаюць ня згодна з Божымі запаведзямі, а згодна са сваімі несправядлівымі правіламі. Апостал Пётра кажа, што іхняя роля заключаецца ў тым, каб яны каралі злачынцаў і усхвалялі сумленных і паслухмяных грамадзян. У Пасланьні да рымлянаў апостал Павал піша, што «няма ўлады, калі не ад Бога, а тыя, што ёсьць, усталяваныя Богам. Так што той, хто супраціўляецца ўладзе, супраціўляецца Божай пастанове, а тыя, хто супраціўляецца, самі атрымаюць сабе прысуд».  Ён далей прыгадвае нам, што начальнікі аказваюцца страхам для тых, хто чыніць злачынства, а для тых, хто робіць дабро, няма ў самім прынцыпе ніякай боязі перад уладамі. У шматлікіх сітуацыях так яно і бывае, але часамі ўлады робяць дрэнныя рэчы супроць Гасподніх вернікаў і ў такія моманты ім даводзіцца перадумваць, ці тое, што робіцца ўладамі, супраціўляецца Божым запаведзям і падлягае непаслухмянасьці ім, нават пратэсту. Так здарылася ў першыя дні, калі ўсталёўвалася Царква Хрыстова, калі мясцовыя ўлады загадвалі апосталам і першым пасьлядоўнікам Хрыста не прапаведаваць пра Яго. Апосталы адказалі, кажучы, што «трэба слухацца Бога больш, чым людзей», калі ёсьць на гэта прычыны.  Вернікі Гасподнія ў прынцыпе павінны памятаць, што кожная палітычная ўлада існуе дзякуючы таму, што ёй Бог дазваляе існаваць і вернікам трэба ставіцца да яе з пашанай і паслухмянасьцю. Выходзіць на пратэсты мы, хрысьціяне, маем права, але гэта толькі пры тых выпадках, калі намеры і паводзіны палітычных лідэраў ясна супраціўляюцца Гасподняй волі. Так рабілі апосталы і першыя веруючыя, а за гэта заплацілі зьняволеньнем свабоды або нават стратай свайго жыцьця. Трэба сур'ёзна падумаць аб тым, ці магу я выступаць супроць уладаў або начальнікаў з тае прычыны, што яны працівяцца Гасподнім намерам і волі  або не. Мудрасьці на такое стаўленьне мы мусім прасіць у Духа Сьвятога, каб пачуць, як хоча Госпад кіраваць намі ў дадзенай справе або сітуацыі. Апостал канчае думку парадай, што мы вернікі павінны перш за ўсё шанаваць і любіць іншых вернікаў Хрыстовых, Бога баяцца ў станоўчым сэнсе і паважаць цара, інакш кажучы, тых, хто над намі ва ўладзе.
Чаму нам часамі трэба пакутаваць несправядліва і цярпець ад незычлівых людзей? Бо ў гэтым жа і заключаецца Гасподняя воля для нас. Апостал прыгадвае, што мы павінны так ставіцца да абражальнікаў і зьневажальнікаў дзеля самога Госпада і дзеля таго, каб «дабрачынцы прымушалі маўчаць невуцтва неразумных людзей». Прыйдзе той дзень, калі Госпад узнагародзіць нас за нашую цярпімасьць і нашыя прыгнятальнікі зразумеюць, што мы жылі для Бога і Ягонай справы тут на зямлі і самі ўславяць Бога за гэта. Паважаныя браты і сёстры ў Хрысьце, прымем гэтыя суцяшальныя словы і будзьма цярпець, калі іншыя нас будуць ганьбіць за нашую вернасьць і адданасьць Госпаду Богу. 
Апостал Пётра працягвае вучыць падначаленых слуг падпарадкоўвацца сваім гаспадарам, што ў наш час мы маглі б параўноўваць са сваімі начальнікамі на месцах нашых прац. Ён піша: «Слугі, падпарадкуйцеся з усім страхам гаспадарам, - ня толькі добрым і лагодным, але і несправядлівым». З гэтага відаць, што Бог сапраўды заўважае, калі сумленныя веруючыя службоўцы выконваюць сваю працу так, як трэба, але часамі нейкія начальнікі таго не прызнаюць. Замест таго, каб пахваліць і падзякаваць слугам, яны іх ганьбяць. Апостал тлумачыць, што спакойнае стаўленьне слугі да несправядлівага начальніка Божай увагі не абмінае, ўсё гэта занатоўваецца і прыпамінаецца. Калі чалавек несправядліва пакутуе за нішто, гэта адпавядае Гасподняй ласцы і заўважаецца. Пётра піша: «Гэта ласка ў Бога, калі хто праз усьведамленьне Бога пераносіць пакуты, церпячы несправядліва, бо якая вам слава, калі вы церпіце, як вас б'юць за правіны? Але калі вы церпіце, творачы дабро і пакутуючы, то гэта ласка ў Бога».  Колькі такога ў сьвеце адбываецца ніхто з нас ня ведае, але думаецца, што несправядлівага пакутаваньня па ўсім сьвеце нават сёньня даволі шмат, і толькі Бог бачыць і ўяўляе ўсё дрэннае, што выконваецца супроць сумленных людзей. У іншых месцах Сьвятога Пытаньня мы чытаем, што Бог расплаціцца з крыўдзіцелямі, бо помста належыць Яму і Ён справіцца з такімі, калі на гэта прыйдзе час. А што тычыцца нас вернікаў Хрыстовых, то нам дадзена часамі пакутаваць па прыкладзе нашага Збаўцы. Так і піша апостал Пётра: «Да гэтага вы былі закліканы, таму што і Хрыстос пакутаваў за вас, пакідаючы вам ўзор, каб вы пайшлі Ягонымі сьлядамі».  
Калі чытаю гэтыя словы, мне прыгадваюцца сьведчаньні тых шматлікіх вернікаў, братоў і сёстраў у Хрысьце, якія ў былым Савецкім Саюзе столькі папакутавалі за сваю веру ў Хрыста і жылі па вучэньні Сьвятога Пісаньня. Многія страцілі само жыцьцё, будучы ў ссылцы, калі іншыя шмат чаго цяжкога пераносілі дзеля Хрыста ды вярнуліся дамоў пакалечанымі і духам паламанымі. Слова Божае для такіх мае нешта добрае і надзейнае сказаць. Іхнія моманты пакуты былі заўважаны Самім жа Госпадам Богам і за гэта яны атрымаюць цудоўную ўзнагароду ад Госпада. Ісус Хрыстос сказаў: «Шчасьлівыя вы, калі будуць вас ганьбіць, і гнаць, і хлусьліва казаць супроць вас усялякае ліхое з-за Мяне. Радуйцеся і весялецеся, таму што вялікая вашая ўзнагарода ў нябёсах: бо так гналі прарокаў, што былі перад вамі». Вялікая ўзнагарода чакае тых, хто пакутаваў з тае прычыны, што заставаліся вернымі Хрысту і ад Яго не выракліся. Нам вернікам сапраўды дадзена пакутаваць, як пакутаваў Хрыстос за нас. Ці мы гатовыя прыняць і засвоіць тыя моманты пакуты, калі яны прыйдуць? Толькі Дух Сьвяты можа дапамагчы нам у такія часы. І тут жа варта прыгадаць словы, выказаныя Збаўцам: «Я кажу вам – любеце сваіх ворагаў, дабраслаўляйце тых, хто праклінае вас, рабеце дабро тым, хто ненавідзець вас і малецеся за тых, хто крыўдзяць вас і гоняць вас... бо, калі вы будзеце любіць тых, хто любяць вас, якая вам узнагарода? Ці ж ня тое самае робяць і аборшчыкі падаткаў? І калі будзеце вітаць толькі вашых братоў, што асаблівага робіце? Ці ж ня тое самае робяць і язычнікі? Дык вось будзьце вы дасканалыя, як дасканалы ваш Бацька Нябесны». 
Паважаныя слухачы, браты і сёстры ў Хрысьце, гэта цяжкія для выконваньня словы, але яны былі выказаны нашым Госпадам і Збаўцам Ісусам Хрыстом. Толькі Дух Сьвяты, Які жыве ў нашых душах і сэрцах, можа дапамагаць нам іх выконваць. Будзьма слухацца Хрыста і спадзявацца на Духа Сьвятога, каб усё гэта адбывалася ў нашых жыцьцях.