Згодна з тым, як вучылі Ісус Хрыстос і Ягоныя вучні, якія пазьней сталіся апосталамі, вернікі павінны жыць новым жыцьцём, што даецца ім Духам Сьвятым. Напэўна апостал Пётра меў гэта на ўвазе, калі ён пісаў сваё Першае пасланьне вернікам, якія ўжо ў той час былі параскіданы па ўсёй Рымскай імпэрыі. Прыгадаўшы ім пра тое, што яны атрымалі новае жыцьцё ад Бога, ён кажа: «Адклаўшы ўсялякую злосьць, і ўсялякую хітрасьць, і крывадушнасьць, і зайздрасьць, і ўсялякае ліхаслоўе, як нованароджаныя немаўляткі, прагнеце неразьведзенага слоўнага малака, каб на ім вы ўзгадаваліся для выратаваньня, калі вы паспыталі, што добры Госпад». Адмоўныя і дрэнныя якасьці, як злосьць, падманлівая хітрасьць, крывадушнасьць, зайздрасьць і ліхаслоўе, не павінны праяўляцца ў нашых дзеях і стасунках зь іншымі людзьмі. Чаму? Таму, што мы, пасьлядоўнікі Хрыста, цяпер належым Яму і павінны жыць пад Ягоным кіраваньнем і сілаю Духа Сьвятога, Які дзейнічае ў нас.
Замест таго пасьлядоўнікі Хрыста павінны праяўляць асобную любоў і схільнасьць да таго, што апостал называе «неразьведзеным слоўным малаком». Пра што ён тут жа гаворыць? Ён гаворыць пра Слова Божае, якое зьмяшчаецца цяпер у Бібліі. Так, у той час поўнай Бібліі першыя хрысьціяне ня мелі, але ўжо апосталы маглі ўказваць на Тору, кнігу Псальмаў і пісаньні старазапаветных прарокаў, што былі даступнымі першым пасьлядоўнікам Хрыста. Сёньня мы маем і можам карыстацца цэлай Бібліяй, якая прыйшла да нас пад Гасподнім кіраваньнем і кантролем. У Бібліі мы знаходзім тое неразьведзенае або чыстае слоўнае «малако», чым мы павінны карміцца, як корміцца немаўлятка малаком сваёй маці. Калі мы будзем зьвяртаць увагу на Гасподняе Слова, яго чытаць і слухаць з вуснаў здольных настаўнікаў і настаўніц, якія тлумачаць нам духоўныя ісьціны, то будзем расьці і ўмацоўвацца ў Гасподняй сьвятасьці і праведнасьці. Мы будзем паглыбляцца ў асабістай лучнасьці зь Ісусам Хрыстом і духоўна разьвівацца ды ўмацоўвацца ў жыцьцёвай праведнасьці. Аўтар пасланьня параўноўвае фізычнае малако з духоўнай ежай, што зьмяшчаецца на старонках Сьвятога Пісаньня.
І сапраўды мы, сучасныя пасьлядоўнікі Хрыста, павінны любіць, нават прагнуць, чытаць і чуць Слова Божае. Апостал кажа, што ў нас павінна праяўляцца жаданьне па Гасподнім Слове, і калі гэта будзе рэальнасьцю для нас, то мы будзем рэгулярна зьвяртацца да Гасподняга Слова для атрыманьня адпаведнага настаўленьня і духоўнага падмацоўваньня. Гэта паспрыяе нашаму росту ў біблійнай веры ды паглыбленьню ў персанальных стасунках зь Ісусам Хрыстом. Апостал Пётра раіць нам зьвяртаць поўную ўвагу на словы Гасподнія, проста над імі разважаць, каб гэтакім спосабам чуць Божыя ўласныя словы для нас. Усё гэта дапаможа нам расьці духоўна і разьвівацца ў хрысьціянскай сталасьці і мудрасьці. Навярнуўшыся да Госпада, чалавек выступае на шлях, што прывядзе яго да поўнага збаўленьня ў Божым нябесным Царстве. Так, у адным сэнсе пытаньне нашага збаўленьня акрэсьліваецца мамэнтальным рашэньнем, калі ўпершыню ўверавалі ў Хрыста, але ў іншым сэнсе яно таксама адправіла нас на працяглы жыцьцёвы працэс, што рыхтуе нас да вечнага жыцьця.
Дарагі браце або сястра ў Хрысьце, дазволь мне паставіць табе і самому сабе пытаньне: ці прагну я Слова Божага, ці штодня выдзяляю час спэцыфічна дзеля таго, каб адкрыць Біблію і з поўнай увагай перачытаць нейкую частку для свайго духоўнага настаўленьня і падмацоўваньня? Ці жадаю я пачуць ад Госпада, прачытаць частку зь Ягонага Слова і памаліцца Яму? Такая практыка павінна паўтарацца кожны дзень і, калі яе бракуе, то мы можам прасіць у Духа Сьвятога, каб Ён укладваў у нашае сэрца тое жаданьне па Богу. Калі будзем шчыра прасіць, Дух Сьвяты адкажа на гэтую малітоўную просьбу. І калі будзем аддзяляць асобны час для сустрэчы з Госпадам, то, як кажа апостал Пётра, мы будзем адчуваць, што Госпад сапраўды добры нам.
І тут жа апостал Пётра пераходзіць на новую тэму пра будаўніцтва Гасподняга духоўнага дому сярод вернікаў. Ён кажа, што яны зьяўляюцца жывымі камянямі ў Божым духоўным будынку. Паводле апосталавых словаў: «Вы і самі, як жывыя камяні, будуйце зь сябе духоўны дом, сьвятое сьвятарства, каб прыносіць духоўныя ахвяры, прыемныя Богу, празь Ісуса Хрыста». Большасьць вернікаў належыць да нейкай мясцовай суполкі біблійных хрысьціян, таму яны ня бачаць таго шырэйшага размаху ўсіх Хрыстовых вернікаў, параскіданых па ўсім сьвеце, а яны разам складаюць Гасподнюю сусьветную сям'ю. Бог ўсіх вернікаў бачыць і знае; Ён гатовы дзейнічаць ва ўсіх суполках Сваіх вернікаў. Спадзяюся, што ты, дарагі слухачу, можаш пацьвердзіць, што ў той суполцы, куды ты ходзіш, Дух Сьвяты сапраўды працуе. У якім сэнсе? У тым, што прыкладам вернікі адно аднаго любяць і шануюць. Калі так яно і ёсьць, то гэта сьведчыць усяму сьвету, што Бог знаходзіцца ў тым асяродзьдзі веруючых ды дзейнічае. Так сказаў Хрыстос і застаецца актуальным па сёньняшні дзень. Так, хаця мы ня ведаем усіх вернікаў, якія ўваходзяць у склад сусьветнай Царквы Хрыстовай, мы прынамсі ведаем тых веруючых, зь якімі мы сустракаемся і разам пакланяемся ды праслаўляем Бога. Будзьма цешыцца з таго, што маем іншых братоў і сёстраў, зь якімі мы можам мець блізкія стасункі і можам разам служыць Госпаду і іншым людзям.
У нашых суполках падставай і фундамэнтам нашай веры можа быць толькі адна асоба, - менавіта, наш Збаўца і Госпад Ісус Хрыстос. Апостал Пётра падчырквае гэтую думку, калі піша: «Бо сказана ў Пісаньні: «Вось Я кладу ў Сіёне камень вуглавы, выбраны, каштоўны, і хто веруе ў Яго, ні ў якім разе ня будзе пасаромлены» (верш 6-ы). Калі б не было Хрыста, дык і Царквы Хрыстовай не было б. Вось чаму ўсім лідэрам біблійных суполак трэба зьвяртаць засяроджаную ўвагу на тое, што пішацца пра Хрыста ў Сьвятым Пісаньні і гэта паўтараць ды растлумачваць сваім субратам і сёстрам. Асновай нашай веры заўсёды быў і застаецца Ісус Хрыстос, і ўсякі, хто веруе ў Яго, «ня будзе пасаромлены». У нашым сьвеце існуюць усялякія чалавечыя ідэалы, але для біблійнага верніка сапраўдным ідэалам можа быць толькі Хрыстос. Калі мы, Ягоныя дзеці, аказваемся жывымі камянямі ў духоўнай будоўлі Царквы Хрыстовай, таму наш Збаўца служыць тым вуглавым каменем, каштоўным для кожнага з нас, як кажа апостал.
Для многіх нявернікаў, якія Бога не шукаюць, а жывуць толькі для сябе і сваіх эгаістычных інтарэсаў, наш Збаўца аказваецца «каменем спатыканьня і скала спакусы», як піша апостал. Чаму яно так? Таму, што «яны… не пакорлівыя Слову (Божаму), дзеля чаго і прызначаны». Не ва ўсіх зьмяшчаюцца вера і гатоўнасьць Бога слухацца і Яму служыць. Ад такіх людзей прыкладу мы ня бярэм. Замест таго, мы прызваны да пакланеньня, слуханьня і шанаваньня нашага Збаўцы і Госпада, як цьвердзіць апостал Пётра. Ён заяўляе: «Вы – выбраны род, царскае сьвятарства, сьвятое племя, народ, узяты ва ўдзел, каб абвяшчаць дасканаласьці Таго, хто заклікаў вас зь цемры ў Сваё дзівоснае сьвятло, якія некалі не народ, а цяпер жа народ Божы, некалі непамілаваныя, цяпер жа памілаваныя». Якія вялікія дабраславеньні мы маем ў нашага Госпада! Цудоўныя суцяшальныя дабраславеньні! Бог памілаваў нас, прыняў нас у Сваю сям'ю збаўленых чальцоў. Мы былі выбраны Госпадам для радаснага жыцьця тут на зямлі, таксама ў будучым сьвеце ў Ягонай прысутнасьці і тое на ўсю вечнасьць.
Мы таксама ўвайшлі ў склад Ягоных сьвятароў, што значыць, кожны з нас мае прамы доступ да Бога і Хрыста. Мы карыстаемся гэтай прывілеяй, таму можам зьвярнуцца да Яго ў любы час са сваімі выказваньнямі падзякі і хвалы Яму, але таксама са сваімі патрэбамі і жаданьнямі, на якія Ён адказвае, калі яны супадаюць зь Ягонай воляй для нас. Аўтар Пасланьня да габрэяў меў гэта на ўвазе, калі напісаў: «Маючы вялікага Першасьвятара, Які прайшоў нябёсы, Ісуса, Сына Божага, давайце будзьма цьвёрда трымацца нашага вызнаньня. Бо мы маем не такога першасьвятара, які ня можа спачуваць нашым слабасьцям, а выпрабаванага ва ўсім, як мы, але бяз грэху. Таму прыступаймася з адвагаю да трона ласкі Божай, каб нам атрымаць міласьць і знайсьці ласку дзеля часовай дапамогі». Наш Першасьвятар Хрыстос спазнаў усе тыя моманты спакусы, якія мы сустракаем ў жыцьці, і расчараваньні, якія час ад часу непакояць нас. Ён нас разумее, бо Сам перажыў усё тое самае, што мы перажываем, жывучы тут на зямлі.
Якая вялікая прывілея для кожнага з нас, Хрыстовых вернікаў, мець доступ да Яго! Гэта памагае нам спраўляцца зь жыцьцёвымі цяжкасьцямі, калі яны паяўляюцца і турбуюць нас. Хрыстос прыходзіць да нас у відзе Духа Сьвятога, Якога Ён назваў вялікім «суцешнікам». І мы належым да таго класа Гасподніх сьвятароў, якія таксама карыстаюцца прывілеяй расказваць іншым пра збаўленьне праз Хрыста і гэтым чынам прывесьці многіх да Збаўцы. Так і кажа апостал Пётра: «вы – выбраны род,...каб абвяшчаць дасканаласьці Таго, Хто заклікаў вас зь цемры ў Сваё дзівоснае сьвятло». Паважаны браце, паважаная сястра ў Госпадзе Ісусе, ці мы з вамі выконваем тую працу, якую Збаўца дае нам – быць Ягонымі сьведкамі і сьвятарамі, гатовымі пры любой магчымасьці засьведчыць іншым пра нашага вялікага Збаўцу і Госпада-Уладара? Кожны можа гэтым займацца. Гэтая прывілея даецца ня толькі духоўным супрацоўнікам, але таксама звычайным веруючым.
Будзьма прасіць у Госпада тых магчымасьцяў, і як толькі паявіцца нейкая, раскажам пра Хрыста, пра тое, як Ён падтрымлівае нас і кіруе нашым жыцьцём. Мы можам гэта рабіць з кімсьці з нашых сяброў, сваякоў або проста з тымі людзьмі, зь якімі мы сустракаемся на нашых жыцьцёвых скрыжаваньнях. Дух Сьвяты дапаможа нам.
Госпадзе Божа, дапамажы нам, Тваім вернікам, быць Тваімі добрымі сьведкамі. Амэн.