Лічэце сябе мёртвымі для грэху



У папярэдняй гутарцы мы закранулі пытаньне аб тым, што калі хто каецца ў грахох, веруе ў Хрыста, прымаючы Яго сваім Ратавальнікам, вызнае перад іншымі сваю веру ў Хрыста ды прымае сьвятое вадзяное хрышчэньне, ён атрымлівае сілу ад Духа Сьвятога жыць новым перамененым жыцьцём, што да моманту навярненьня да Хрыста адсутнічала ў ягоным жыцьці. Такое перажываньне далей пацьвярджаецца апосталам Паўлам у адным зь ягоных пасланьняў, дзе ён кажа: «Хто ў Хрысьце, той – новае стварэньне; старажытнае мінула, цяпер ўсё новае».  Аб гэтай перамене сьведчаць тыя вернікі, якія пры сваіх асаблівых абставінах даведаліся пра галоўныя духоўныя факты і ісьціны, якія выкладаюцца на старонках Бібліі, і адгукнуліся асабістым каяньнем, увераваньнем ў Хрыста ды далейшым паслушэнствам загадам Гасподнім. Можа ты, слухач, гэта сам перажыў і можаш пацьвердзіць, што пасьля ўвераваньня ў Хрыста жыцьцё сапраўды зьмянілася для цябе. Або калі пра такое перажываньне ты ня можаш засьведчыць, дык раю табе зьвярнуць сур’ёзную ўвагу на тое, што гаворыцца ў Новым Запавеце, асабліва ў Кнізе Дзеі сьвятых апосталаў. Але тут жа мы працягваем з таго, што мы чулі ў папярэднім казаньні.

Мы пазнаёміліся з тым, што апостал Павал кажа ў шостым разьдзеле Пасланьня да рымлянаў, дзе ён падкрэсьлівае думку, што вернікам, якія раней навярнуліся да Хрыста, была дадзена Гасподняя мілата, якая ачышчае іх ад грахоў і памагае ім жыць новым жыцьцём пад кантролем і кіраваньнем Духа Сьвятога. На падставе такога вучэньня напэўна ў той час ўзьнікла сярод некаторых меркаваньне, што дзякуючы Гасподняй мілаце, якая не спыняецца дзейнічаць, вернікі могуць ня надта турбавацца, калі грашаць, бо Госпад уся роўна даруе ім найноўшыя грахі. І вось апостал падымае пытаньне: «Што ж скажам? Ці заставацца нам у грэху, каб памножылася мілата?».  Адказ даволі выразны і ясны: «Зусім не»! У апошняй гутарцы мы закранулі апосталавае настаўленьне, што, прыняўшы вадзяное хрышчэньне, вернік памёр разам з Хрыстом да старога грэшнага жыцьця. Як Хрыстос памёр на крыжы, так і ў хрышчэньні вернік быў спушчаны ў ваду і памёр да старога грэшнага спосабу жыцьця і тут жа быў падняты з вады, што служыць сымбалем ягонага ўваскрэсеньня разам з Хрыстом да новага спосабу жыцьця, да праведнага спосабу жыцьця. Пра гэта ўсё мы чытаем ў першых вершах шостага разьдзела Пасланьня апостала Паўла да рымлянаў. 
І вось апостал працягвае тлумачыць, што мы, вернікі, павінны памятаць, што «даўні наш чалавек укрыжаваны зь Ім (гэта значыць, з Хрыстом), каб зьнішчылася цела грэшнае, каб нам ня быць ужо рабамі грэху».  Дух Сьвяты даецца кожнаму, хто прыходзіць да Хрыста, каецца ў грахох ды веруе ў Хрыста, прымаючы Яго сваім адзіным уласным Ратавальнікам. Гэта значыць, што нашае цела стаецца храмам, у якім пачаў жыць Дух Сьвяты, Які дапамагае верніку вызваляцца ад грэшнага спосабу жыцьця. У іншым лісьце апостал Павал так і кажа: «Хіба ня ведаеце, што вы – храм Божы, і Дух Божы жыве ў вас?».  І Дух Божы насамрэч цяпер займае асаблівае месца ў нашым сэрцы, калі мы па-сапраўднаму навярнуліся да Яго. І Ён, так кажучы, падштурхоўвае, падахвочвае нас імкнуцца да праведнага жыцьця і гэтым чынам пазьбягаць грахоўных рашэньняў і ўчынкаў. Ці гэта значыць, што мы вернікі заўсёды слухаемся Духа Сьвятога? Думаецца, што вы адкажаце са мною – не, неабавязкова! Само жыцьцё паказвае нам, што не заўсёды мы здаёмся ўказаньням Духа Сьвятога. Але з другога боку большасьць вернікаў можа засьведчыць, што з часу іхняга навярненьня да Хрыста яны пачалі слухацца ўказаньняў Духа Сьвятога, што і моцна зьмяніла іхнія паводзіны, якія павярнуліся да лепшага. Напрыклад, той муж, які раней злаваўся на сваю жонку, бо яна прасіла дапамогі ў звычайных хатніх занятках, цяпер знаходзіцца пад кантролем Духа Сьвятога, Які ў ягоным сэрцы падказвае яму, што ён, будучым мужам, не стаіць неяк вышэй над жонкай як нейкі начальнік і што яму быццам ня трэба займацца дробнымі хатнімі заняткамі. Дух Сьвяты адкрывае яму тую рэалію, што ён раўнапраўны партнэр з жонкай і павінен ёй дапамагаць у такіх справах. Можа ў ранейшым жыцьці бяз Бога і Хрыста той муж нават ня думаў аб неабходнасьці дапамагаць жонцы ў нудных хатніх працах. Чаму так здараецца? Бо веруючы муж памёр разам з Хрыстом да свайго эгаістычнага «я», да сваіх эгаістычных жаданьняў і прыярытэтаў. 
У шостым разьдзеле апостал Павал кажа, што «хто памёр, той вызваліўся ад грэху». Інакш кажучы, вернік ужо не знаходзіцца пад кантролем сваёй старой прыроды або натуры, а хутчэй за ўсё прабуе лічыцца з воляй Гасподняй, якая прыходзіць да яго цераз той ціхі голас Духа Сьвятога, Які падказвае верніку быць лагодным з жонкай. У гэтым сэньсе вернік з кожным разам тым больш, калі слухаецца Духа Сьвятога, вызваляецца ад панаваньня сваёй грэшнай натуры. І гэта толькі адзін прыклад таго, як Дух Божы дзейнічае ў верніку. Можна было б прад’явіць цэлы шэраг іншых сытуацыяў. Апостал Павал далей піша пра гэты дзейны духоўны прынцып, які павінен з кожным разам умацоўвацца ў нас, кажучы: «Калі ж мы памерлі з Хрыстом, дык верым, што і жыць будзем зь Ім, ведаючы, што Хрыстос, уваскрэсшы зь мёртвых, ужо ня ўмірае. Сьмерць ужо ня мае над Ім улады».  Гэта значыць, што мы веруючыя цяпер жывем з Хрыстом, Які жыве ў нашых душах у відзе Духа Сьвятога. Ён памагае нам жыць сьвятым вобразам жыцьця, пакуль мы тут на зямлі, але таксама пасьля нашага адыходу з гэтай зямлі, пасьля нашай фізычнай сьмерці, калі мы апынёмся разам зь Ім у небе. У замагільным жыцьці мы будзем разам з Хрыстом, але ня толькі зь Ім. Там ў нябесных прыстанішчах мы таксама сустрэнемся зь іншымі вернікамі, якія нам папярэднічалі ў сьмерці і цяпер знаходзяцца ў небе і радуюцца, будучы ў прысутнасьці нашага Збаўцы Ісуса Хрыста. 
Апостал працягвае настаўляць сваіх чытачоў і нас, сучасных вернікаў, словамі: «Што Ён (гэта значыць, Хрыстос) памёр для грэху, а што жыве, дык жыве дзеля Бога».  І як наш Збавіцель памёр для зьнішчэньня грэху ў нас, так і нам трэба жыць тым новым праведным жыцьцём. Мы павінны думаць аб тым, як нам жыць так, каб ўсё менш і менш грашыць. Дзе толькі можна, трэба мець адкрытыя вушы да ўказаньняў Духа Сьвятога. Гэта адбываецца тады, калі мы чытаем Слова Божае, Біблію, і просім Гасподняга кіраваньня. Трэба заўсёды мець на ўвазе, што мы па прынцыпе жывем не для сябе, не для сваіх эгаістычных і грэшных жаданьняў, а для Бога і для славы нашага Госпада. У адным месцы апостал Павал падчырквае гэтую праўду, кажучы, што ня Ён жыве цяпер, а Хрыстос Духам Сьвятым жыве ў ім і празь яго. Паводле ягоных словаў: «Я ўкрыжаваўся з Хрыстом, і ўжо ня я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос. А што цяпер жыву ў целе, дык жыву вераю ў Сына Божага, Які палюбіў мяне і аддаў Сябе за мяне».  Заўважма, што як раней пішацца ў Пасланьні да рымлянаў, апостал паўтарае тую праўду, што ён быў укрыжаваны з Хрыстом. І, як мы ўжо пачулі, тут маецца на ўвазе той факт, што веруючы памёр для грэху і цяпер жыве пад кіраваньнем Духа Сьвятога. У сапраўднасьці, як кажа апостал, ужо ня ён жыве, а на самай справе Ісус Хрыстос у відзе Духа Сьвятога жыве ў ім і дзейнічае, так што жыцьцё праводзіцца пад кіраваньнем і кантролем Духа Сьвятога. Калі апостал кажа, што ён цяпер жыве ў целе, але вераю ў Сына Божага, дык гэта азначае, што апостал жыў с поўным спадзяваньнем на Хрыста. Ягонае спадзяваньне разьлічвалася на Госпада Ісуса Хрыста. Хрыстос надзяляў апостала Паўла патрэбнай мудрасьцю і сілаю, каб быць паслухмяным ўказаньням Духа Сьвятога і выконваць тыя рэчы, якія Дух Сьвяты выдзяляў і паказваў яму. І сапраўды ў нашым жыцьці сёньня нам патрэбная Гасподняя мудрасьць, каб нам ведаць, што і як трэба рабіць, і патрэбная вышэйшая Гасподняя сіла, каб ня толькі думаць і гаварыць аб тым, што трэба рабіць, але таксама выконваць усе рэчы, якія ў нас просіць Дух Сьвяты. Ня я жыву, цьвердзіць апостал Павал, але жыве ўва мне Хрыстос і я спадзяюся на Яго і на Ягоную моц, якая прыходзіць да мяне і ўмацоўвае мяне так, каб ва ўсіх справах жыцьця я выконваў Гасподнюю волю.
Вяртаючыся да напісанага апосталам ў Пасланьні да рымлянаў, ён далей раіць нам вернікам лічыць сябе сапраўды мёртвымі для грэху і жывымі для выконваньня Гасподняй волі. Мы чытаем: «Гэтак сама і вы лічэце сябе мёртвымі для грэху, а жывымі дзеля Бога ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым. Дык вось, хай не пануе грэх у сьмяротным вашым целе, каб вам слухацца яго ў пажадах ягоных, і не аддавайце чэлесаў вашых грэху як прылады няправеднасьці, а аддавайце сябе Богу як паўсталых зь мёртвых, і чэлесы вашыя Богу як прылады праведнасьці».  Лічыць сябе мёртвым для грэху – вось гэта лёгка казаць, а выконваць куды цяжэй. Тым ня менш, да гэтага заклікае нас Дух Сьвяты. Мы самі безь Яго ня можам гэта рабіць, але з поўным спадзяваньнем на Духа Божага, гэта стаецца цалкам рэальным і магчымым. Калі спакушаемся, мы якраз у такі момант мусім зьвярнуцца да Духа Сьвятога з малітваю, каб Ён пранік ў нашую сытуацыю, праявіўся Гасподняй сілай і даў нам перамогу над спакусай. Калі так мы зьвяртаемся да Духа Сьвятога, Ён прыходзіць і дапамагае. Часамі нашая галоўная бяда ў тым, што мы таго ня робім. Замест таго, мы здаёмся пачуцьцям нашай грэшнай плоці або прыроды і грашым. Але апостал Павал тут жа сьцьвярджае, што мы цяпер пад новым начальнікам і нам ня трэба здавацца сваім грэшным жаданьням. Мы можам прасіць дапамогі ў Госпада Бога праз Духа Сьвятога, Які жыве ў нас і гатовы дапамагчы дасягнуць поўнай перамогі над грэшнымі памкненьнямі, калі мы зьвяртаемся да Яго. Справа ў тым, ці так мы робім? 
Апостал таксама прыгадвае, што мы павінны аддаваць свае чэлесы Госпаду Богу – такія рэчы, як свой розум, рукі, ногі, вочы, – адным словам, ўсё цела мы павінны прысьвячаць Госпаду і Ягонай волі. Нашае цела і ўся нашая асоба мусяць быць цалкам аддадзеныя Госпаду Богу. Калі Ён указвае, што нам трэба так або так рабіць, ня будзем супраціўляцца, дарагія браты і сёстры ў Хрысьце. Замест таго, будзьма поўнасьцю аддаваць сябе на служэньне Яму і Ягоным справам тут на зямлі. Для кожнага з нас гэта будзе адрозьнівацца ад брата або сястры па веры, але самае галоўнае ў тым, што мы паслухмяныя Гасподнім указаньням. Апостал Павал піша, што «каму вы аддаяце сябе ў рабы на паслушэнства, таго вы і рабы. Каго слухаецеся, альбо рабы грэху сьмерці, альбо паслушэнства на праведнасьць».  
Госпадзе Божа! Мы просім у Цябе той здольнасьці быць адкрытым Твайму голасу праз Тваё сьвятое Слова і Духа Сьвятога, Які працуе ў нас. Памагай нам ува ўсіх справах жыцьця спадзявацца на Цябе, прасіць Твайго кіраваньня і ўмацоўваньня, каб выконваць Твае жаданьні для нас. Амэн.