Час скарочаны!



Пераклад артыкулу Васіля Трубчыка

Найдаражэйшае, што мае чалавек – гэта жыцьцё. А жыцьцё вымяраецца часам і ўчынкамі чалавека. І ня так важна, колькі чалавек пражыў на зямлі, важна тое, што ён зрабіў за аддзеленыя яму гады. Улічваючы фактар часу, апостал Павал піша: «Вось што я кажу, браты; час скарочаны, надалей няхай і тыя, хто маюць жонак, будуць, як бы ня маюць, і тыя, хто плачуць, як быццам ня плачуць, і тыя, хто радуюцца, як бы ня радуюцца, і тыя, хто купляюць, як бы не набываюць, і тыя, хто карыстаюцца гэтым сьветам, як бы не карыстаюцца, бо праходзіць вобраз гэтага сьвету» (1 Карынф. 7:29-31).


Ня будзем спыняцца на складаных філязофскіх тлумачэньнях тэрміна «час». У сапраўднасьці кожны чалавек разумее, што значыць час. Ён вымяраецца сэкундамі, хвілінамі, гадзінамі, днямі, гадамі, вякамі, тысячагодамі. Час цячэ толькі ў адным кірунку зь мінулага празь цяперашняе прабываньне да будучага. Творцам часу ёсьць Бог: «Ён стварыў з аднаго кожны чалавечы народ, каб яны жылі на ўсім абліччы зямлі, вызначыўшы адкрэсьленыя часы і межы іхняга пражываньня» (Дзеі ап. 17:26).


Мы ведаем, што першапачаткова, асабліва да патопу, людзі жылі на зямлі сотні гадоў. Потым Госпад вызначыў ім кавалак жыцьця да 120-ці гадоў. Але праз Майсея сказана пра яшчэ большае скарачэньне чалавечага жыцьця на зямлі: «Дзён гадоў нашых – семдзесят гадоў; а пры большай моцы восемдзесят гадоў; а самая лепшая іх пара – праца і хвароба, бо праходзяць хутка, і мы ляцім» (Пс. 89:10). Гэта адна з прычынаў, чаму апостал Павал піша, што час кароткі. Кожны чалавек можа пацьвердзіць, што мы сапраўды ляцім па жыцьці.


Але Бог ведае, калі і дзе нешта рабіць. Ён вызначыў час першага прыходу Свайго Сына ў наш сьвет для ўратаваньня людзей. «Прыйшла паўната часу, Бог паслаў Свайго Сына, Які нарадзіўся пад законам, каб Ён выкупіў падзаконных, каб мы атрымалі ўсынаўленьне» (Галат. 4:4). Бог ня хоча, каб жыцьцё чалавечае канчалася трагічнай сьмерцю. Праз Свайго Сына Ён дае магчымасьць людзям перайсьці ў іншае пазачасавае, г. зн. вечнае становішча.


Некаторыя людзі не разумеюць важнай ісьціны, што ў іхным жыцьці трэба рабіць кожную справу ў свой час. Эклезіяст кажа: «Усё мае сваю пару, і гадзіна кожнае дзеі – пад небам. Ёсьць пара нарадзіцца, і пара памерці, пара насаджаць, і пара вырываць пасаджанае. Пара забойства, і пара гаеньня; пара разбураць, і пара будаваць; пара плачу, і пара весялосьці; пара бедаваць, і пара танцаваць; пара раскідаць камяні, і пара зьбіраць камяні; пара абдымаць, і пара ўхіляцца абдымкаў; пара шукаць, і пара губляць; пара ашчаджаць, і пара выкідаць; пара разьдзіраць, і пара зашываць; пара маўчаць, і пара прамаўляць; пара кахаць, і пара ненавідзець; пара вайне, і пара міру» (Экл. 3:1-8). 
Каб перакласьці на простую мову гэтыя словы, дык можна сказаць, што ўвосень бульбы ня садзяць, або што на паховінах людзі не танцуюць. Калі чалавек ўпусьціў час пасеву, то дагнаць яго ўжо немагчыма. У духоўным сэнсе трэба сеяць добрае насеньне, каб яно прарасло і дало добры плён. Калі гэта ня зроблена, то ў душы вырасьце «ўраджай» пустазельля. 


Па грэхападзеньні чалавек быў выгнаны з раю і страціў сувязь з Богам. Паміж Госпадам і чалавекам пралегла вялікая грахоўная прорва, але Бог даў чалавеку час і мажлівасьць знайсьці Яго. 


Я ўжо працытаваў словы апостала Паўла, дзе ён кажа, што Бог акрэсьліў часы і межы пражываньня народам. Але ж для чаго менавіта? «Каб яны шукалі Бога – ці не намацаюць яны Яго і ня знойдуць, – хоць Ён і недалёка ад кожнага з нас» (Дзеі ап. 17:27). Можна сказаць, што калі чалавек ў сваім жыцьці не знайшоў сувязі з Богам, не ўзнавіў адносінаў зь Ім, то ён не дасягнуў мэты, страціў кароткі час наўмысна. 


Апостал ўзгадвае зручны час, калі Бог чуе чалавека і адказвае яму: «Ён кажа: “У прыемны час Я пачуў цябе, і ў дзень уратаваньня Я дапамог табе. Вось цяпер прыдатны час, вось цяпер дзень уратаваньня”» (2 Карынф. 6:2). Мы можам з пэўнасьцю сказаць, што вось цяпер, дарагі сябар, калі ты чуеш гэтую гутарку, ёсьць самы зручны для цябе час і дзень для твайго збаўленьня. Вось цяпер праз гэтую гутарку Госпад зьвяртаецца да цябе. Час твайго навярненьня кароткі або ж абмежаваны, таму і гаворыцца: «Сёньня, калі пачуеце Ягоны голас, не давайце зрабіцца жорсткім вашым сэрцам, як падчас бунту» (Габр. 3:15). Не рабі так, як габрэі ў пустыні, якія страцілі мажлівасьць увайсьці ў абяцаную зямлю. Ты можаш адгукнуцца на заклік Божы, стацца дзіцём Ягоным і ўспадкаваць вечнае Царства Гасподняе. 


Ёсьць многія рэчы, да якіх людзі прывязаны і даражаць імі, пачынаючы зь нейкіх фатаграфіяў, кнігаў і канчаючы дарагакаштоўнымі аўтамабілямі і віламі. Але Слова Божае кліча нас зьвярнуцца да сапраўдных каштоўнасьцяў: «Дык глядзеце ўважліва, як вы жывяце, – не як нямудрыя, а як мудрыя, выкарыстоўваючы кожную хвіліну, бо дні ліхія» (Эфэс. 5:15-16). 


Калі для цябе не застаецца ні адной хвіліны на гэтай зямлі, то для цябе і не застанецца нічога, і табе ўжо не спатрэбіцца ні аўтамабілі, ні вілы, ні яхты.
Вось чаму кожны чалавек павінен стаяць на варце, каб наўмысна ня страціць часу. Апостал кажа, што дні нашыя «ліхія», г. зн. падманлівыя. Чаму? Таму што яны адыходзяць раптам, незаўважна і хутка, як скрозь пальцы вада. 


Многія маладыя людзі маюць хлусьлівае ўяўленьне, што яны карыстаюцца вялікай колькасьцю часу, але дні нашыя ляцяць! Гэта яшчэ адна прычына хлусьлівасьці нашых дзён. Людзі мяркуюць, што яны  маюць у запасе шмат часу, калі ў сапраўднасьці яго зусім мала.


Вызначаны час на зямлі для нас скончыцца. Тое, што мы сваімі вачамі бачым сёньня, пройдзе, таму што сказана: «Бо бачнае – часова, а нябачнае – вечна» (2 Карфын. 4:18). Хрыстос пацьвярджае гэтую думку, сказаўшы: «Неба і зямля мінуць, а Мае словы ня мінуць» (Маць. 24:35). Таму існаваньне зямлі і неба, якія бачныя нам вачамі сёньня, скончыцца. Што ж будзе пасьля?


У кнізе Адкрыцьцё мы знаходзім адказ на шматлікія пытаньні прышласьці. Адно зь іх тычыцца часу: «І пакляўся Тым, Хто жыве векі вечныя, Хто стварыў неба і тое, што ў ім, і зямлю і тое, што на ёй, і мора і тое, што ў ім, што часу больш ня будзе» (Адкр. 10:6). 


Значыцца, час скончыцца, Бог прабывае па-за часам, і мы праз Хрыста пападаем у вечнасьць. Толькі тады мы па-сапраўднаму адчуем самі для сябе, што значаць словы: «Бо перад вачамі Тваімі тысяча гадоў, як дзень учарашні, калі ён прайшоў, і як варта ў ночы» (Пс. 89:5). Апостал Пётар таксама выказвае складаныя для нашага зразуменьня слова: «Няхай адно гэта не застаецца схаваным ад вас, улюбёныя, што адзін дзень у Госпада – як тысяча гадоў, і тысяча гадоў – як адзін дзень» (2 Пятра 3:8). 
Нам гэта ня зусім зразумела, што значыць адзін дзень, як тысяча гадоў і, наадварот, тысяча гадоў, як адзін дзень. Але прыйдзе той момант, калі мы ўсе зразумеем! Вось у той час у вечнасьці мы ня будзем страчваць час і горка шкадаваць аб тым, таму што Бог праявіць нам міласьць жыць па-за часам і прасторай.
Давайце цяперака вернемся да першапачатковага тэксту гэтай гутаркі. Апостал Павал кажа, што, з тае прычыны, што мала часу засталося, то трэба нашае жыцьцё перабудаваць з пазыцыі іншых каштоўнасьцяў вечнасьці. 


У сапраўднасьці на зямлі сям’я для нас мае большую цэннасьць і мы, хрысьціяне, перш за ўсё цэнім нашых жонак, мужоў, дзяцей і бацькоў. І раптам апостал сьцьвярджае, што цяпер няхай і «тыя, хто маюць жонак, будуць, як бы ня маюць». Былі і ёсьць людзі, якія скажона разумелі гэтае сьцьвярджэньне, і стараліся жыць з жонкамі не як з жонкамі, а проста як зь сёстрамі, але гэта скажэньне. Павал мае на ўвазе адну важную думку, што, з тае прычыны, што час скарочаны, мы павінны разумець, што часовыя нашыя радасьці і смуткі, у тым ліку і радасьць шлюбнага жыцьця, аднімецца. Але хрысьціянін не павінен ад гэтага нудзіцца, пакутаваць і няўцешна плакаць, таму што яго чакае вечная радасьць у Госпадзе. 


Далей ён аб гэтым кажа, што «тыя, хто плачуць, як быццам ня плачуць». Найбольшая страта на зямлі – гэта страта нашых бліжніх. Але калі мы ў Госпадзе, то адыход з гэтага зямнога жыцьця для хрысьціяніна аказваецца пераходам у вечнасьць, дзе непараўнальна лепш прабываць. Таму ты, які плачаш, будзь такім, які ня плача!
Р. М. Макчын піша ў сваёй кніжцы: «Вы плачаце пра тых, хто памёр у Госпадзе? Правільна: Ісус таксама плакаў. Але плачце так, як быццам бы вы ня плачаце, бо «час ужо кароткі». Яны не загінулі, яны ж проста адышлі раней за нас. Калі заходзіць сонца, то яно не прападае, а ідзе асьвячаць тое другое поўшар’е. Гэтакім чынам яны пайшлі, каб сьвеціць у ярчэйшым сьвеце».


Апостал Павал далей кажа пра зямную радасьць і набыткі: «тыя, хто радуюцца, як бы ня радуюцца, і тыя, хто купляюць, як бы не набываюць, і тыя, хто карыстаюцца гэтым сьветам, як бы не карыстаюцца, бо праходзіць вобраз гэтага сьвету». 
Зразумела, што нават набыцьцё новай сукенкі або касьцюма радуе чалавека. Але па большым рахунку мы павінны разумець, што гэта ня тое, чаму мы сапраўды павінны радавацца або дзеля чаго жыць. Многія жывуць менавіта дзеля таго, каб прыгожа адзявацца і смачна есьці. Яны гэтаму радуюцца і нават узьнімаюцца перад іншымі людзьмі, якія ня могуць сабе дазволіць шматлікага. 


Мы, хрысьціяне, таксама дзякуем Госпаду, што мы маем смачную ежу або прыгожую адзежу, але ня ў гэтым сэнс нашага жыцьця. Мы да гэтага не павінны быць прывязаны. І калі раптам праліваецца напітак на новую сукенку, і гэта прыводзіць да непрыгоднасьці, то мы з гэтага ня робім трагедыі. Прынамсі, так яно павінна быць! Або калі за руль вашага новага аўтамабіля села жонка і абадрала яго, дык вы не выходзіце зь сябе. Вы не прывязаныя да зямнога, вы разумееце, што яно часовае і аднойчы ўсе радасьці і смуткі зямныя пройдуць. На самай справе час скарочаны і ўсё завяршаецца вельмі хутка. 


Дык вось, час каштоўнейшы за грошы і іншыя скарбы. За год жыцьця чалавек аддаў бы многія свае скарбы, калі даводзіцца яму паміраць. 
З гэтай гутаркі мы павінны зразумець адну ісьціну: час дадзены нам Госпадам Богам дзеля таго, каб мы знайшлі Яго і далучыліся да Яго. Але калі чалавек траціць час на нешта іншае і не дасягае праўдзівай мэты, ён страчвае найдаражэйшае, г. зн. вечнае жыцьцё. Вось чаму яшчэ раз хочацца сказаць ўсім людзям: даражэце часам і выкарыстоўвайце яго так, каб набыць сапраўдныя і вечныя мэты. Хай дапаможа нам Госпад Бог у гэтым, амэн!

Пераклад Юркі Рапецкага з расейскай на беларускую мову