Сёньня мы зноў абмяркоўваем Божую любоў, якая праяўляецца і выліваецца на ўсё чалавецтва. Біблія сапраўды цьвердзіць, што Бог, Творца сусьвету, зямлі і ўсіх формаў жыцьця на зямлі, глыбока любіць Сваё тварэньне, што і значыць, што Ён хоць у адным сэнсе аднолькава любіць кожнага чалавека. У сваім першым пасланьні багаслоў Ян двойчы карыстаецца выразам, што «Бог ёсьць любоў».Я ўспрымаю гэта ў тым значэньні, што Бог мае ў Сабе і праяўляе найвялікшы выгляд любові да нас людзей. Вышэйшай любові няма і ня можа быць. Гэта таксама нясе тое значэньне, што чалавечая любоў павінна браць свой прыклад з Гасподняй любові. Божая любоў была бачна ў самога Божага Сына, Ісуса Хрыста. Як Ён праяўляў любоў да іншых людзей і да Свайго нябеснага Айца, так і нам трэба пераймаць Ягоную любоў ды яе праяўляць іншым людзям і Богу.
Гэта праўда, што Бог жадае кожнаму чалавеку найлепшае, што ён можа атрымаць тут на зямлі, але не забудземася таксама, што Ён больш думае пра нашае вечнае існаваньне з поўным шчасьцем, чым толькі пра прыемнае прабываньне тут на зямлі. Чаму гэта так? Таму, што кожны з нас пяройдзе ў іншы сьвет. Калі нашае цела памрэ, усё для нас не закончыцца. Нашае жыцьцё будзе працягвацца ў будучым сьвеце, хоць ужо ў іншым выглядзе. Дык вось тут жа мы напаткаем асноўную рэчаіснасьць, пра якую мы, будучы тут на зямлі, на жаль замала і зарэдка думаем, - менавіта, што нашае жыцьцё будзе працягвацца ў іншым сьвеце і будзе залежыць ад таго, як мы пражылі сваім жыцьцём тут на зямлі. Справа ў тым, што мы нараджаемся на сьвет і зь цягам часу грашым. На нас кладзецца адказнасьць падумаць аб тым, як мы цяпер жывем на зямлі і ці шукаем мы Бога і Ягонай волі для сябе? Апостал Павал піша ў адным месцы, што існаваньне Бога Творцы і Ягоная вечная сіла становяцца бачнымі кожнаму чалавеку з таго, што ён заўважае ў сьвеце і космасе, таму ніхто зь людзей ня можа неяк выбачацца і такім чынам вызваліцца ад сваёй адказнасьці перад Богам. Раз мы зразумелі, што існуе Бог, дык павінны Яго шукаць.
У шматлікіх выпадках было паказана, што, калі чалавек у малітве зьвяртаецца да Бога з просьбаю, каб Ён адкрываўся яму, Бог даводзіць такога да суполкі вернікаў або іншай крыніцы, дзе ён пачуе і даведаецца пра Бога і Ягоную волю аб тым, што трэба рабіць. У адным месцы Бібліі перадаецца наступныя запрашэньне і абяцаньне: «Шукайце Госпада, пакуль можна знайсьці Яго, прызывайце, пакуль Ён блізка. Хай бязбожны пакіне дарогу сваю, а нягоднік – намеры свае; і хай навернецца да Госпада, і Ён зьлітуецца над ім, і да Бога нашага, бо Ён шчодры на прабачэньне».
Можа, дарагі слухачу, ты пытаесься, а чаму тут гаворыцца, што Бог «шчодры на прабачэньне»? Наша бяда ў тым, што кожны з нас мае патрэбу ў Гасподнім прабачэньні. Мы ўсе аднолькава грэшнікі перад нашым Творцам, а Ён бязгрэшны і ва ўсіх дзеях праведны. Бог, любячы нас глыбока, хоча прыйсьці да кожнага чалавека ды ўказаць яму шлях збаўленьня. З дня нашага прыходу на зямлю мы застаёмся адарванымі ад Яго і Ягонай сьвятасьці. Госпад жадае, каб кожны з нас зразумеў, што безь Ягонага прабачэньня мы ўсе загінуўшыя людзі, дастойныя пакараньня за грахі і непаслухмянасьць Яму. Мы выбралі свой уласны шлях бяз Бога; мы пачалі жыць згодна са сваёй чалавечай воляй. Так, вельмі рана ў жыцьці мы сталіся грэшнікамі і працягваем парушаць патрабаваньні Гасподняга закону. Нам патрэбна прабачэньне і новае жыцьцё, што даецца любому, хто навяртаецца да Хрыста з каяньнем, вераваньнем і паслухмянасьцю.
У розных месцах Бібліі мы даведваемся пра наш грахоўны стан перад сьвятым Богам. Напрыклад, у кнізе прарока Ісаі сказана: «Рука Госпада не скарацілася, каб ратаваць, ані вуха Яго не ацяжэла, каб ня чуць, а беззаконьні вашыя аддзялілі вас ад Бога вашага, і грахі вашыя засланілі аблічча Яго ад вас, каб вас Ён ня чуў». У іншых месцах Бібліі сьцьвярджаецца, што ўсе людзі бяз вынятку сышлі з дарогі Божай праведнасьці. Мы ўвогуле робім тое, што нам падабаецца і Богу тут жа даём мала або ніякага месца. У выніку таго з Богам не бывае ніякага кантакту. Яшчэ да стварэньня чалавецтва Бог усё гэта прадбачыў і зразумеў, што людзі будуць мець патрэбу ў дараваньні грахоў, каб вярнуцца назад да Яго і атрымаць вечнае жыцьцё. Бог сваім часам праявіў Сваю нам вялікую любоў і працягвае запрашаць кожнага з нас да каяньня ды ўвераваньня ў Ягонага Сына Ісуса Хрыста. Гэтакім чынам мы атрымліваем прабачэньне і новае жыцьцё праз Духа Сьвятога, Які ўваходзіць і пачынае жыць у сэрца таго, хто навярнуўся да Хрыста. У кнізе Эзэкіля мы сустракаем даволі суцяшальныя Гасподнія словы: «Не хачу сьмерці бязбожніка, але каб адвярнуўся бязбожнік ад дарогі сваёй і жыў. Адвярнецеся, адвярнецеся ад ліхіх шляхоў сваіх, і навошта паміраць вам?». Значыцца, дзеля нас Бог Творца сплянаваў і выканаў шлях для нашага вяртаньня назад да Яго. Ён даказаў Сваю любоў нам, паслаўшы у сьвет Свайго Сына Хрыста, Які пражыў бязгрэшным жыцьцём і памёр ганебнай сьмерцю крымінальніка, хоць таго ні ў якім разе не заслужыў. Бог заплянаваў усё гэта, каб адкрыць для нас грэшнікаў дарогу прымірэньня зь Ім. Так ня раз і пацьвярджаецца біблійнымі аўтарамі. Прыкладам: «Бо так палюбіў Бог сьвет, што аддаў Сына Свайго адзінароднага, каб усякі, што верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае». У іншым месцы апостал Павал дадае: «Бог Сваю любоў паказвае нам тым, што, калі мы былі яшчэ грэшнікамі, Хрыстос памёр за нас».
І якім чынам сьмерць Хрыстова пераменьвае наш стан перад Богам? Менавіта тым жа, што Ісус Хрыстос, аддаўшы Сваё жыцьцё за нашыя грахі на Галгофскім крыжы, памёр ахвярнай сьмерцю для нашага апраўданьня. Сваёю сьмерцю Ён заплаціў цану за нашае адкупленьне ад грэшнага жыцьця, што значыць, Ён прыняў на Сябе ўсе нашыя правіннасьці ды панёс іх у той момант, калі паміраў на крыжы. Апостал Пётар аб гэтым піша кажучы: «(Хрыстос) Сам узьнёс нашыя грахі ў Сваім целе на дрэва, каб мы, пазбавіўшыся да грахоў, жылі для праведнасьці; Ягонымі ранамі вы аздароўленыя, бо вы былі як авечкі заблуканыя, але вярнуліся цяпер да Пастыра і Ахоўніка душ вашых... Каб прывесьці нас да Бога, Хрыстос аднаго разу пацярпеў за грахі нашыя, праведны за няправедных, быўшы забіты ў целе, але ж ажыўлены Духам (Божым)». Заўважма, сябры, што Бог праявіў любоў да нас людзей, - у тым ліку да цябе і да мяне асабіста, паважаны слухачу, і нам даецца мажлівасьць гэты дар або прыняць або ад яго адмовіцца. Бог вылівае Сваю любоў на кожнага чалавека у нашым цяперашнім сьвеце, але Ён патрабуе нашай асабістай акцыі, паводле якой мы добраахвотна прымаем Гасподні дар збаўленьня каяньнем у сваіх грахах, увераваньнем у Ісуса Хрыста як Свайго асабістага і адзінага Ратавальніка ад грахоў і грэшнага спосабу жыцьця ды трывалай паслухмянасьцю Яму. Справа заключаецца ў тым, ці мы асабіста гатовыя прыняць гэты дар збаўленьня пры выказаных умовах і пайсьці ўсьлед за Хрыстом або не? Рашэньне стаіць за кожным з нас асобна!
Тое, што Бог карыстаецца і праяўляе любоў да кожнага чалавека, каб уратаваць яго ад будучай пагібелі, вось гэта застаецца непарушнай і цьвёрдай ісьцінай Дабравесьця Хрыстовага. Апостал Пётар гэтую ісьціну падкрэсьлівае, калі піша: «Не марудзіць Госпад з абяцаньнем, як некаторыя лічаць гэта прамаруджаньнем, але доўга церпіць вас, ня хочучы, каб хто-небудзь загінуў, а каб усе прыйшлі да каяньня». Гэтая асноўная праўда падчыркваецца апосталам Паўлам, калі ён тлумачыць, што Бог «хоча, каб усе людзі былі збаўленыя і прыйшлі да пазнаньня ісьціны» Сапраўды так, Бог любіць кожнага з нас і жадае, каб мы ўсе навярнуліся да Хрыста для дараваньня нашых грахоў і збаўленьня ад іх вынікаў. Калі ты, дарагі слухачу, яшчэ не зьвярнуўся да Хрыста, зрабі гэта чым хутчэй. Ён гатовы прыняць цябе і дараваць табе грахі ды напоўніць Духам Сьвятым. Памятай, што Бог любіць цябе велізарнай любоўю і чакае твайго навярненьня да Яго, калі гэтага яшчэ не зрабіў.