Бог ёсьць добры



У Бібліі мы часта чытаем пра тое, што Бог Творца неба і зямлі ёсьць добрым Богам. Сваю дабрыню Ён хоча выліваць на тых людзей, якія шукаюць Яго і праяўляюць жаданьне жыць згодна зь Ягонымі запаведзямі і воляй. У 18-ым разьдзеле Дабравесьця паводле Лукаша мы сустракаем здарэньне, калі да Хрыста падышоў малады чалавек з пытаньнем: што мне рабіць, каб успадкаваць вечнае жыцьцё? Калі прывітаўся з Хрыстом, то назваў Яго добрым настаўнікам. Хрыстос адказаў сваім пытаньнем яму: «Што ты называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, як толькі адзін Бог». І тут жа Збаўца пытаецца ў яго: ці можаш прыгадаць некаторыя запаведзі з Божага закону, на што ён пералічыў некаторыя ды дабавіў, што зь юнацтва іх выконвае. Калі Хрыстос, ведаючы, што ён заможны чалавек, папрасіў, каб ён прадаў свае рэчы, раздаў атрыманыя сродкі убогім і пайшоў усьлед за Ім, багач расчараваўся і адступіўся без далейшай размовы.

Хрыстос тут жа кажа, што цяжэй багатым людзям увайсьці ў Царства Божае, чым бедным, бо бедныя ведаюць, што маюць патрэбу ў Гасподняй дапамозе і падтрымцы, калі багатыя быццам бы могуць заставацца бяз гэтага, калі ў сапраўднасьці ня так яно і ёсьць. 
Чаму Хрыстос прыгадаў багачу, што Бог добры і якое значэньне гэта мае для цябе і мяне, дарагі слухач? Бог відаць хоча дзяліцца з намі тымі рэчамі, якія нас цешаць і радуюць. Але ці яно так і ёсьць у сапраўднасьці? У Сьвятым Пісаньні мы знаходзім нямала месцаў, дзе ўзгадваецца, што Бог сапраўды добры тым, хто слухае Яго і ідзе усьлед за Ім. Напрыклад, габрэйскі прарок Майсей пасьля сустрэчы з Богам напісаў: «Госпад, Госпад, Бог чалавекалюбны і мілажальны, доўгацярплівы, многаміласэрны і праўдзівы, Які захоўвае літасьць у тысячы родаў, даруе віну і злачынства і грэх, але не пакідае без пакараньня, карае віну бацькоў у дзецях і ў дзецях дзяцей да трэцяга і чацьвёртага роду». З аднаго боку мы чытаем, што Госпад праяўляе Сваю дабрыню людзям, бо Ён любіць кожнага зь іх, – ім міласьцівы і доўгацярплівы, калі з другога боку заўважаем, што Ён карае віну бацькоў нават у дзецях да трэцяга і чацьвёртага пакаленьня. Нам цяжка поўнасьцю зразумець Бога такім - і міласьцівым і каральным, але так сказана ў Сьвятым Пісаньні.

Гасподнюю любоў і прыхільнасьць да нас мы бачым у адным псальме, дзе аўтар прыгадвае, што Бог міласьцівы, цярплівы і даравальны. Чытаю з 102-га псальма словы гэтакія: «Шчодры і міласьцівы Госпад, вельмі цярплівы і шчодраміласьцівы: не да канца гневаецца і не навек абураецца. Не паводле злачынстваў нашых стварыў нам, і не паводле грахоў нашых аддаў нам: бо, як высока неба над зямлёю, так вялікая ласка Госпада да тых, хто баіцца Яго; як далёка ўсход ад захаду, так аддаліў Ён ад нас беззаконьні нашыя; як бацька даруе сынам, так даруе Госпад тым, хто баіцца Яго, бо Ён ведае склад наш, памятае, што мы – пыл». Так, гэта праўда, што Бог любіць кожнага з нас людзей і жадае, каб кожны зьвярнуўся да Яго з каяньнем і гатоўнасьцю слухацца Яго ва ўсіх справах жыцьця. 


Але Ягоная асаблівая любоў выліваецца на тых, хто, як тут гаворыцца, баіцца Яго. Баяцца Бога – ці гэта значыць, што нам трэба стаяць перад Ім зь вялікім страхам і трымценьнем? Я перакананы, што боязь перад Богам аказваецца някепскай, нават карыснай рэччу, бо гэта ўплывае на вобраз нашага жыцьця. Ведаючы, што Бог нас бачыць і заўважае, як мы сябе паводзім перад Ім і іншымі людзьмі, мы будзем тым больш асьцярожнымі ў сваіх думках, намерах і ўчынках. Але з другога боку, калі мы стараемся жыць паводле Ягонай волі, мы можам цешыцца з таго, што Бог сапраўды дбае пра нас і дапускае ў нашым жыцьці тыя рэчы і здарэньні, якія паслужаць Ягоным мэтам для нас асабіста. Апостал Пётар напрыклад піша на гэты конт: «Усе клопаты вашыя ўскладзеце на Яго, бо Ён рупіцца пра вас». Цудоўнае абяцаньне, на якое мы можам цалкам спадзявацца!


Аднак не забудземася, паважаныя слухачы, пра тое, што Бог праяўляе міласьць таму чалавеку, які зьвяртаецца да Яго са скрухай аб зробленых грахах і прызнаньнем, што яму патрэбная Гасподняя міласэрнасьць. Памятайма прытчу, расказаную Хрыстом пра двух мужчынаў. Адзін быў фарысэй, які зьвярнуўся да Бога ў малітве, але без усякай скрухі, а толькі з хвальбой пра свае дасягненьні і самаправеднасьць. Вось як гучала ягоная малітва: «Божа, дзякую Табе, што я не такі, як астатнія людзі – рабаўнікі, няправеднікі, чужаложцы ці нават як гэты зборшчык падаткаў». Але Хрыстос тут жа і перадае для нашага настаўленьня малітву таго мытніка, які нават не падняўшы вачэй да неба, біў сябе ў грудзі, кажучы: “Божа, будзь літасьцівы да мяне, грэшнага”. І тут жа Збаўца вучыць нас: хто з двух пайшоў дадому, атрымаўшы прабачэньне? Без усякага сумневу – мытнік! Бог даруе тым, хто прызнаецца ў сваіх грахах, правіннасьцях і слабасьцях ды просіць дараваньня. Ці так мы з вамі робім, дарагі дружа? 


Але, будучы добрым, ці Бог дае нам толькі тыя рэчы і дабраславеньні, якія нас цешаць і радуюць? Думаецца, што ўсе мы адкажам – не абавязкова. Часамі Ён пасылае нам такія моманты пакуты, што мы нават пытаемся ў Яго, а ці Ты, Госпадзе, сапраўды рупісься пра мяне? Чаму Госпад пасылае цяжкасьці і немачы ў маё жыцьцё? Ці Ён сапраўды любіць мяне? Ці гэтакім чынам Ён вылівае на мяне Сваю дабрыню? У адказ на такое пытаньне мы знаходзім цікавыя словы ў кнізе Ёва, дзе пішацца наступнае: «Шчасны чалавек, якога наводзіць на розум Бог, таму кары Усеўладнага не адхіляй, бо Ён спрычыняе раны і Сам перавязвае іх. Ён б’е, і Ягоныя ж рукі ацаляюць». Мы ўсе ведаем, што бацькам трэба час ад часу дысцыплінаваць сваіх сыноў і дачок, бо бяз гэтага дзіцё можа вырасьці зусім скажоным у сваім характары і асабістых жаданьнях. Нам трэба адвыкнуцца ад сябелюбства і эгаізму. Аўтар Пасланьня да габрэяў закранае гэтае пытаньне, калі піша, што Бог дысцыплінуе таго чалавека, якога любіць Яго і стараецца жыць па Ягонай волі. Чытаем: «Сыне мой, ня грэбуй караю Гасподняю і не зьнемагай, калі Ён выкрывае цябе, бо Госпад каго любіць, таго карае і бічуе кожнага сына, якога прымае». Аўтар працягвае тлумачыць, што Бог абыходзіцца з намі як з Сваімі сынамі і дочкамі, Мы ўсе ведаем, што бацькі караюць сваіх дзяцей, калі яны іх ня слухаюцца або учыняюць злыя або сябелюбныя справы. Каб Бог нічога не дысцыплінаваў Сваіх дзяцей, то яны лічыліся б незаконнымі дзецьмі, цьвердзіць аўтар Пасланьня да габрэяў. Мы ўсе мелі бацькоў, якія, калі трэба было, нас дысцыплінавалі і каралі сваімі асаблівымі сродкамі, што і працягвалася ўвесь час, калі мы жылі зь імі. Аўтар дадей кажа: «Яны ж каралі на некалькі дзён, як ім здавалася патрэбным, Ён жа (г. зн. Сам Госпад Бог) – дзеля нашай карысьці, каб нам прычасьціцца Ягонай сьвятасьці. Усялякае жа пакараньне ў цяперашні час здаецца ня радасьцяй, а смуткам. Але пасьля яно дае мірны плён праведнасьці тым, хто празь яго напрактыкаваліся».


Я памятаю, калі жыў з бацькамі і яны мяне дысцыплінавалі. Сапраўды, гэта не было для мяне нешта прыемным або жаданым. Але цяпер ў старэчых гадах я прызнаюся у карыснасьці дысцыпліны, што спрычынялася мне бацькамі. Я прызнаюся ў тым, што яны глыбока любілі мяне і жадалі найлепшага, што жыцьцё можа і даць мне. Былі тыя моманты, калі я гэтага не разумеў і нават думаў, што яны наўмысна мяне абмяжоўваюць. Толькі зь цягам часу я паразумнеў і цяпер прызнаю іхнія добрыя намеры для майго разьвіцьця ў характары і паводзінах. Вось тое самае збываецца з намі ў нашай лучнасьці з Госпадам Богам. Ён ведае, што менавіта паслужыць нашаму разьвіцьцю ў духоўных і паслухмяных дзяцей Гасподніх, таму Ён і пасылае ў нашыя жыцьці тыя здарэньні і акалічнасьці, якія застаўляюць нас спыніцца і задумацца над тым, што трэба рабіць, як трэба рэагаваць на цяжкасьці і пакуты жыцьця. Калі пападаем у нейкую бяду, гэта прымушае нас зьвярнуцца да нашага Збаўцы з просьбаю Ягонай дапамогі і мудрасьці, калі ёсьць на гэта патрэба. 


У дачыненьні да пытаньня Гасподняй дабрыні да нас мы маглі б паставіць пытаньне: ці Бог робіць памылкі? Адказ на гэтае пытаньне мы знаходзім ў той рэчаіснасьці, што Бог ёсьць Богам праведным, а гэта значыць, Ён чыніць толькі праўду. Біблія заяўляе, што Ён валодае ўсімі ведамі і поўнай мудрасьцю, таму мы можам зьвяртацца да Яго з просьбаю, каб Ён дзяліўся з намі Сваімі парадамі і нашым жыцьцём кіраваў. Калі мы молімся ды просім у Яго мудрасьці і яснага накіраваньня аб тым, што трэба рабіць і як ўспрымаць любую цяжкасьць, Ён складзе абставіны так, што зь цягам часу станецца ясным, якім шляхам нам трэба ісьці. Апостал Павал жыў па такім прынцыпе і перад тым, як адчуваў, што ў хуткім часе пакіне зямное жыцьцё, ён напісаў свайму супрацоўніку Цімафею: «Я ўжо раблюся ахвярным узьліваньнем, і настае час майго адыходу. Добраю барацьбою я пазмагаўся, бег скончыў, веру захаваў, ад гэтага часу пакладзены для мяне вянок праведнасьці, які Госпад, праведны Судзьдзя, дасьць мне ў той дзень, і ня толькі мне, але і ўсім, хто палюбіў Яго зьяўленьня».


Дарагі слухач, Бог добры і жадае нам усяго найлепшага. Як радаснымі, так і смутнымі здарэньнямі Ён фармуе наш характар так, каб мы ўсё больш і больш ставаліся падобнымі Ягонага Сына Ісуса Хрыста. Будзьма і ў далейшым спадзявацца на Яго ва ўсіх справах жыцьця.