У шостым разьдзеле Пасланьня да рымлянаў апостал Павал піша гэтак: «Не аддавайце чэлесаў вашых грэху як прылады няправеднасьці, а аддавайце сябе Богу як паўсталых зь мёртвых, і чэлесы вашыя Богу як прылады праведнасьці». Пра што тут гаворыць апостал Павал? Перш за ўсё, трэба ўдакладніць, што слова «чэлесы» ў гэтым перакладзе Сьвятога Пісаньня тычыцца частак нашага чалавечага цела. Справа ідзе пра канцавінасьці або здольнасьці нашага цела, – такія рэчы як вочы, вусны, вушы, рукі і ногі, але таксама тутака маецца на ўвазе нашыя разумовыя або інтэлектуальныя здольнасьці. Адным словам, ўся нашая істота або асоба – вось гэта павінна быць цалкам прысьвечана Госпаду Богу.
Прыпамінаем, што Пасланьне да рымлянаў было напісана і накіравана нованаверненым хрысьціянам, якія жылі ў цэнтральным горадзе Рымскай імпэрыі, у самім жа Рыме. Тыя першыя рымскія хрысьціяне, відаць, мелі патрэбу ў настаўленьні пра тое, як трэба цяпер жыць па-хрысьціянску ў адрозьненьне ад таго, як яны жылі яшчэ да свайго ўвераваньня ў Ісуса Хрыста. Тут маецца на ўвазе той факт, што да навярненьня яны жылі, як ўсе пагане таго часу, задавальняючы свае уласныя грэшныя жаданьні і ня думаючы пра тое, ці гэта Богу падабаецца або не. Даю пару прыкладаў. У той час мужчына меў сваю жонку дома, якая даглядала дзяцей і служыла яму. Але з гістарычных крыніц мы таксама ведаем, што некаторыя мужы мелі сваіх наложніц, якія задавольвалі мужчынаў у іхніх грэшных фізычных жаданьнях. І гэта лічылася зусім нармалёвай зьявай. Да таго ж, многія пагане жылі для сваіх асабістых інтарэсаў і ня думалі пра абяздоленых людзей, якім трэба было б паслужыць дабрачыннымі дзеямі. І вось апостал Павал кажа тым першым рымскім пасьлядоўнікам Хрыстовым, што насуперак ранейшаму жыцьцю бяз Бога і Хрыста, калі жылі яны для сваіх уласных інтарэсаў, трэба цяпер павярнуцца ў супрацьлеглы бок і жыць праведна для Госпада Бога, дапамагаючы тым, хто меў патрэбу ў іхняй дапамозе.
У пачатку шостага разьдзела Пасланьня да рымлянаў апостал Павал падкрэсьлівае думку, што пры навярненьні да Хрыста тыя першыя хрысьціяне памерлі да старога грэшнага спосабу жыцьця. Яны прыйшлі да ўсьведамленьня і прызнаньня, што перад сьвятым і праведным Богам Творцам яны грэшнікі, вартыя вечнай кары. Ім было сказана пакаяцца ў сваёй грэшнасьці з просьбаю Гасподняй міласьці дараваць ім грахі. Далей, трэба было ім увераваць у Ісуса Хрыста як бязгрэшнага Сына Божага, ўкрыжаванага за іхнія грахі. Трэба было прызнаць, што Ён сапраўды памёр ахвярнай сьмерцю за іх, каб стацца іхнім адзіным Ратавальнікам ад грахоў, ад грэшнага вобразу жыцьця і будучага пакараньня за такое жыцьцё. Першыя хрысьціяне адкрыта вызнавалі сваю веру ў Ісуса Хрыста сваім Збавіцелем і Гаспадаром і гэта завяршалі прыняцьцем вядзянога хрышчэньня акунаньнем. У хрышчэньні, як далей тлумачыць апостал Павал, яны разам з Хрыстом былі пахаваныя ў духоўную смерць да таго ранейшага спосабу жыцьця ды падняліся да ўваскрэслага жыцьця разам з Хрыстом. У выніку таго яны атрымалі дар Сьвятога Духа, Які сышоў на іх і напоўніў іх Сабою. Рэч ў тым, што чалавек сам сабою ня можа жыць тым новым праведным жыцьцём. Яму неабходны Дух Сьвяты, Які дае верніку новую духоўную сілу жыць сьвятым жыцьцём. І апостал сказаў тым першым рымскім вернікам і сёньня кажа нам, сучасным пасьлядоўнікам Хрыстовым: «Вы лічэце сябе мёртвымі да грэху і жывымі да Бога ў Хрысьце Ісусе».
І ён далей падахвочвае чытачоў, што як яны да навярненьня свабодна аддавалі ўсе свае чэлесы цела на выконваньне ўсялякіх грэшных дзеяў у сваіх інтарэсах, так і цяпер, будучы ўжо вернікамі Божымі, хай аддаюць чэлесы Богу на выконваньне Ягонай волі для іх. Паводле ягоных словаў: «Вызваліўшыся ад грэху, вы зрабіліся рабамі праведнасьці... Як прадавалі вы чэлесы вашыя ў рабы нячыстасьці і беззаконьню на дзеі беззаконныя, так і зараз аддавайце чэлесы вашыя ў рабы праведнасьці на дзеі сьвятыя...Які ж плён мы мелі тады? Такія дзеі, якіх сёньня самі саромеецеся, бо канец іхні – сьмерць, а сёньня, калі вы вызваліліся з грэху і сталіся рабамі Богу, плён ваш ёсьць сьвятасьць, а канец – жыцьцё вечнае, бо расплата за грэх – сьмерць, а дар Божы – жыцьцё вечнае ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым». Як раней яны аддавалі свае чэлесы – вочы, рукі, ногі, розум – на служэньне сваім уласным жаданьням, павінны яны цяпер карыстацца ўсімі сваімі здольнасьцямі, каб выконваць Гасподнюю волю і гэтым чынам праслаўляць Ягонае імя перад неверуючымі. Раней, кажа апостал, яны былі рабамі грэху, а цяпер, стаўшыся паслухмянымі Богу, яны зрабіліся рабамі праведнасьці. Усё гэта мусіць праяўляцца ў нашым штодзённым жыцьці, незалежна ад таго, дзе мы бываем і з кім сустракаемся.
Якімі спосабамі паказваем мы, што памерлі да грэху і жывем для славы Гасподняй? Дазвольце мне прадставіць тры асноўныя крокі, якія мы можам прыстасаваць дзеля таго, каб жыць згодна з настаўленьнем апостала Паўла. Перш за ўсё, нам трэба мець і разьвіваць само жаданьне быць паслухмяным Госпаду Богу. Можа, паважаны слухач, табе гэта пакажацца зусім зразумелым. Чаму нават і падымаць гэтае пытаньне? Справа ў тым, што не заўсёды мы адчуваем у сабе жаданьне жыць сьвятым або праведным жыцьцём. Жыць праведным вобразам жыцьця нялёгкая справа. Куды лягчэй пра гэта нянадта рупіцца і замест таго – жыць так, як пападае. Але Госпад Бог хоча, каб мы думалі пра жыцьцё паводле Ягоных запаведзяў і намераў для нас. Калі ў каго з нас такога жаданьня не хапае, то будзьма прасіць у Госпада Бога, каб Ён надзяляў нас Сваімі жаданьнямі і памкненьнямі. Будзьма зьвяртацца да Госпада з такою простаю сумленнаю просьбаю, і я перакананы, што калі будзем прасіць у Яго адпаведнага жаданьня, Ён адкажа нам больш, чым мы нават думалі або чакалі. Ён будзе напаўняць нас глыбокім жаданьнем ісьці ўсьлед за Ім і выконваць Ягоную волю, пакуль мы тут на зямлі.
Па-другое, трэба заставацца ў цесных стасунках з Госпадам праз малітву і чытаньне Ягонага Слова. Як ў выпадку блізкай лучнасьці зь любым сябрам, так і з Госпадам Богам я мушу рабіць усё магчымае, каб заставацца ў цесных адносінах зь Ім. Галоўнае слова Гасподняе для нас вернікаў знаходзіцца на старонках Бібліі і мы павінны чуць Божы голас і настаўленьні, чытаючы Ягонае Слова, што і спрыяе нашаму далейшаму духоўнаму росту ў веры. Дух Сьвяты можа загаварыць нам праз нашую душу, – гэта праўда, але самыя галоўныя настаўленьні аб тым, як нам жыць і ставіцца да іншых, мы знаходзім у Бібліі. Калі мы перастаём чытаць Слова Божае, то перастаём чуць Ягоны голас, таму і забываемся, што рабіць і як жыць у цяперашнім грэшным сьвеце. Напрыклад, нам трэба чуць такія словы як: «Умярцьвеце зямныя чэлесы вашыя: распусту, нечысьць, юр, ліхую хцівасьць і любазьдзірства, якое ёсьць ідала¬служэньне... адкладзеце... гнеў, лютасьць, злосьць, ліхаслоўе, кляцьбу з вуснаў вашых. Не хлусеце адно аднаму... Апранецеся... ў міласэрнасьць, даброць, мудрую пакору, лагоднасьць, доўгую цяпрлівасьць... у любоў». Вось калі мы чуем такія павучальныя словы, Дух Сьвяты ўжывае іх, каб абуджаць нас да праведнага жыцьця. Апроч таго, калі мы чытаем гісторыі біблійных асобаў, гэта таксама служыць нам цудоўнымі прыкладамі таго, да чаго імкнуцца альбо чаго пазьбягаць.
Па-трэцяе, мы мусім прасіць у Духа Сьвятога духоўнага ўмацоўваньня і сілы жыць згодна са Словам Божым. Справа ў тым, што мы натуральна здаёмся такім пачуцьцям як гневу на іншага за тое, што ён робіць альбо ня робіць да нашай спадобы. Альбо, скажам, калі дазваляем сабе падарожнічаць па інтарнэце, то можам пападаць на такія вэбсайты, якія ўводзяць нас да нейкага грэху. Там жа мы спыняемся і глядзім альбо нешта чытаем, што адштурхвае нас ад Гасподніх намераў для нашага росту ў Ягонай сьвятасьці. Адным словам, у нас саміх нестае тое духоўнае сілы трымацца ў сьвятой чысьціні, да якой кліча нас Госпад Бог. Нашая адзіная надзея – гэта актыўная праца Духа Сьвятога, але каб гэта ставалася звыклай рэальнасьцю ў нашым хрысьціянскім жыцьці, нам трэба пастаянна зьвяртацца да Духа Сьвятога з просьбаю Ягонага ўдзелу ў нас у нашым жыцьці ды Ягонай сілы, каб не здавацца грэшным спакусам, а хутчэй за ўсё слухацца Гасподніх наказаў. Сатана прыходзіць да нас са сваімі хітрыкамі і спакушае нас прывабнымі рэчамі, стараючыся адбіваць нас ад Госпада Бога і прынесьці нас да таго, каб мы выбіралі Ягоны грахоўны шлях. Часамі гэта прыходзіць да нас толькі часьцюка, а зь цягам часу сатана ўцягвае нас ў вір сваіх намераў, што мы перастаём заўважаць. І прыходзіць той момант, калі ён нас падштурхоўвае рабіць тое, чаго мы раней не хацелі. Мы самі па сабе не карыстаемся той сілай, каб супрацьстаяць сатане і толькі Дух Сьвяты можа выцягнуць нас з д’ябальскіх кіпцюроў. Не забудземася, паважаныя слухачы, што Дух Сьвяты жыве ў душы сапраўднага сына або дачкі Божай, каб спрыяць нашаму духоўнаму росту, але справа залежыць ад нас, ці мы пры момантах спакусы сапраўды зьвяртаемся да Яго з просьбаю Ягонай дапамогі?
Калі нас непакояць ўсялякія спакусы ад сатаны і ад нашай грэшнай прыроды, ня без прычыны апостал Павал піша гэтак у дванаццатым разьдзеле Пасланьня да рымлянаў: «І вось, прашу вас, браты (і сёстры), міласэрнасьцю Божай, аддавайце целы вашыя ў ахвяру жывую, сьвятую, Богу спадобную: на разумнае служэньне вашае; і не прыстастоўвайцеся да веку гэтага, а пераўтварайцеся абнаўленьнем розуму вашага, каб вам спазнаваць што (ёсьць) воля Божая, добрая, прыемная і дасканалая». Гэта мы робім, калі праяўляем жаданьне па Богу, штодня чытаем Біблію і зьвятраемся з малітвамі да Яго ды просім у Духа Сьвятога сілы, каб жыць згодна з запаведзямі Слова Гасподняга.
Дапамажы нам у гэтых рэчах, Госпадзе Божа! Амэн!